Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Пастаўскі раён.Вялікая Айчынная вайна

Вялікіх баёў на тэрыторыі Пастаўскага раёна не назіралася. У лакальных сутычках з гітлераўцамі фарміраваннямі Чырвонай Арміі было знішчана некалькі варожых аўтамашын, разбіта калона матацыклістаў, збіты адзін самалёт.

Першымі на Пастаўшчыне былі захоплены населеныя пункты Лынтупы, Палессе, Масленікі, Падзюткі, Камаі, Ярэва, Вярэнькі, Васіліны, Кураполле, Савічы, 6 ліпеня 1944 г. – Паставы, а праз дзень і ўся тэрыторыя раёна.

Восенню 1941 г. падзел часткова акупіраванай Беларусі быў у асноўным завершаны.

Пастаўскі раён увайшоў у Глыбоцкую акругу. Частка раёна – у Вілейскую акругу, а да генеральнай акругі Літвы адышлі тэрыторыі Лынтупскага і Камайскага сельсаветаў. Такое размежаванне значна ўскладніла і без таго складанае становішча жыхароў.
Адной з асаблівасцей акупацыйнага рэжыму на Пастаўшчыне была набліжанасць раёна да Вілейкі – абласнога горада, які стаў ваенным і палітычнам фарпостам германскіх войскаў у гэтым рэгіёне. Тэрыторыя раёна выкарыстоўвалася і для перападрыхтоўкі, часовага прыпынку перад адпраўкай на фронт шматлікіх вайсковых падраздзяленняў. Для выканання ваенна-аператыўных задач быў адноўлены аэрадром. Тут штодня рабілі пасадку 10–15 самалётаў. Для тэхнічнага забеспячэння палётаў каля Канстанцінава была ўстаноўлена радыёпеленгатарная станцыя.

Пры выкананні карных і ваенна-гаспадарчых задач на Пастаўшчыне часта з’яўляліся ваенна–паліцэйскія падраздзяленні. Пры фарміраванні акупацыйных органаў выкарыстоўваліся літоўскія паліцэйскія фарміраванні. Яшчэ адной асаблівасцю акупацыйнага рэжыму на Пастаўшчыне была наяўнасць на тэрыторыі раёна польскіх нацыянальных фарміраванняў Арміі Краёвай і спроба германскіх органаў выкарыстаць іх у сваіх ваенных і палітычных мэтах.

Для выканання планаў па забеспячэнні рабочай сілай прадпрыемстваў Германіі былі арганізаваны біржы працы. Была ўведзена каменданцкая гадзіна і ўсялякія перамяшчэнні абмежаваны. Патрабавалася здаць зброю, ваенную маёмасць, данесці ўладам на ваеннаслужачых, савецкіх актывістаў. За невыкананне загадаў акупантаў прадугледжвалася адзіная мера – расстрэл ці канцэнтрацыйны лагер для ўсіх членаў сям’і.

Неад’емнай часткай акупацыйнага рэжыму былі карныя экспедыцыі.

За гады вайны акупантамі было знішчана ў Пастаўскім раёне 3688 чалавек, вывезена ў Германію 1800 жыхароў. У час карных аперацый было спалена 77 вёсак, у тым ліку разам з жыхарамі вёска Альцы.

Для кіраўніцтва патрыятычным антыфашысцкім рухам былі створаны ў верасні 1943 г. Дунілавіцкі і ў кастрычніку 1943 г. Пастаўскі падпольныя райкамы КП(б)Б на чале з Уладзімірам Нічыпаравічам Дорменевым і Іванам Максімавічам Яўмененкам. Іх асноўным месцам дыслакацыі стала партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава.

Моцным сродкам мабілізацыі мас на барацьбу з ворагам з’яўляўся падпольны партыйны друк. З восені 1943 г. у зоне дзеяння брыгады Ф. Р. Маркава дзейнічала друкарня Вілейскага падпольнага абкама партыі. Тут набіраліся і друкаваліся Пастаўская раённая газета «За победу», шматлікія лістоўкі.

Важным момантам для разгортвання барацьбы з акупантамі стала рашэнне Вілейскага абкама партыі аб стварэнні ў тыле ворага партызанскага атрада «Смерць фашызму» ў колькасці 50 чалавек, прынятае ў пачатку ліпеня ў раёне Полацка. Большасць байцоў атрада складалі выхадцы з Пастаўскага раёна. Камандзірам быў прызначаны старшыня Пастаўскага райвыканкама Ф. Н. Нагорны, а камісарам – першы сакратар Пастаўскага райкама партыі А. А. Манахаў. Аснову патрыятычных груп складалі мясцовыя актывісты, былыя дзеячы КПЗБ, члены КСМЗБ, воіны і афіцэры Чырвонай Арміі, якія аказаліся ў акружэнні ці збеглі з фашысцкага палону.

Асобую ролю ў разгортванні партызанскага руху адыгралі вопытныя партыйныя, савецкія і камсамольскія работнікі, якія пасылаліся ў тыл ворага па заданні партыі. Яскравым прыкладам гэтага можа служыць дзейнасць вядомага арганізатара і кіраўніка партызанскага руху на Пастаўшчыне, нашага земляка, Героя Савецкага Саюза Фёдара Рыгоравіча Маркава. Трапіўшы ў акупіраваны Пастаўскі раён, ён падабраў надзейных людзей, устанавіў сувязі з дробнымі партызанскімі групамі і на іх базе стварыў партызанскі атрад імя А. В. Суворава. Таксама на тэрыторыі Пастаўскага раёна дзейнічалі атрады: «Знішчальнік», «Слава», «Перамога» і інш.

Партызанская вайна набывала ўсенародны характар. Насельніцтва, ратуючыся ад фашыстаў, цэлымі сем’ямі ішло ў партызаны, падтрымлівала народных мсціўцаў, як магло. На вызваленай партызанамі тэрыторыі дзяржаўная ўлада ажыццяўлялася партызанскім камандаваннем і Пастаўскім падпольным райкамам партыі. Партызанскія фарміраванні прымалі ўдзел у вызваленні раёна разам з часцямі Чырвонай Арміі, пасля чаго многія народныя мсціўцы ўліліся ў франтавыя часці.

4 ліпеня 1944 г. войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем І. Х. Баграмяна пасля вызвалення Віцебска, Полацка, Лепеля, Глыбокага пачалі наступленне ў напрамку Паставаў.

Праціўнік аказваў моцнае супраціўленне, але воіны 145-й Віцебскай стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра П. А. Дзіброва рашучымі дзеяннямі ачысцілі Варапаева і некаторыя іншыя населеныя пункты ад гітлераўцаў.

Асабліва жорсткія баі разгарнуліся ў ваколіцах вёсак Лучай, Савічы, Манькавічы, але найбольш вораг супраціўляўся ў в. Юнькі, якая знаходзілася побач з Паставамі.

5 ліпеня 1944 г. Паставы быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першым уварваўся ў райцэнтр танк Т–34, які гусеніцамі раздавіў варожую гармату, аўтамашыну, некалькі матацыклаў, але і сам трапіў на процітанкавую міну. Лёс гэтага экіпажа невядомы, пасля вайны танк быў дастаўлены ў ваенны гарадок і ўстаноўлены на пастаменце.

 

ЛІТАРАТУРА

1. 1941–1945 // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 201–454.

2. Анішкевіч, А. Паважаць, не забываць, шанаваць / А. Анішкевіч // Пастаўскі край. – 2015. – 16 мая. – С. 2, 6.

3. Бандарэнка, І. Не скарыліся перад ворагам / І. Бандарэнка // Пастаўскі край. – 2004. – 2 ліп. – С. 6.

4. Бурак, А. Ахвяры вайны / А. Бурак // Пастаўскі край. – 2003. – 8 мая. – С. 2.

5. Курыловіч, П. Вечны боль – Альцы / П. Курыловіч // Пастаўскі край. – 2003. – 1 лют. – С. 3.

6. Лабуць, А. Кіпела рака, а вада была чырвонай... / А. Лабуць // Пастаўскі край. – 2005. – 30 сак. – С. 2.

7. Латыш, А. Мая зямля, вайной абпалёная... / А.. Латыш // Пастаўскі край. – 2004.– 14 крас. – С. 2.

8. Лаўданская, Г. Ішла вайна па Свіранах... / Г. Лаўданская // Пастаўскі край. – 2005. – 2 ліп. – С. 3.

9. Маразюк, М. Вызваляючы Пастаўшчыну / М. Маразюк // Пастаўскі край. – 2005. – 2 ліп. – С. 2.

10. Пастаўскі раён // Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 200–203.

11. Паставы = Postavy : [фотаальбом] / склад. С. І. Міхайлава ; аўт. тэксту І. М. Пракаповіч ; фота Ю. Г. Осіпава [і інш] ; пер. на англ. мову Дз. У. Людчыка. – Мінск : Беларусь, 2009. – 72 с.

12. Поставский район / ред. Л. М. Дработович [и др.]. – Минск : Белта, 2006. – 21 с.

13. Поставы // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 221–222.

14. Пракаповіч, І. Паставы : гістарычная хроніка горада / І. Пракаповіч. – Мінск : Кнігазбор, 2007. – 80 с.

15. Пракаповіч, І. М. Храналогія гісторыі Пастаўскага раёна. Каляндар памятных дат 2012–2021 / І. М. Пракаповіч, П. М. Баразна. – Паставы : Пастаўская друкарня, 2012. – 60 с.

16. Тэма II. Мінулае і сучаснасць // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2–е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 150–172.

17. Цыбульский, А. Врагу не покорились / А. Цыбульский // Белорусская нива. – 2005. – 2 апр. – С. 12.

18. Шыман, З. Стыла кроў у жылах... / З. Шыман // Пастаўскі край. – 2005. – 23 сак. – С. 2.

 

СПАСЫЛКІ

19. История [Электронный ресурс] // Поставский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: http://postavy.vitebsk-region.gov.by/ru/new_3/. – Дата доступа: 08.11.2017.