Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Расонскі раён
- Подробности
- Створана 06.09.2017 11:38
- Адноўлена 31.03.2020 09:29
Паверхня Расонскага раёна пераважна плоская, забалочаная, з асобнымі ўчасткамі марэнных град. Большая частка Расонскага раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны, на ўсходзе Нешчардаўскага ўзвышша. Нахіл паверхні з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. 65 % тэрыторыі ніжэй за 150 м, у т. л. 50 % – да 125 м, 30 % на вышыні 150–170 м, 5 % вышэй за 170 м. Найвышэйшы пункт – 224 м (на захад ад в. Забор'е), найбольш нізкая адзнака (112 м) – урэз р. Дрыса пры сутоку з р. Нішча. Глыбіня расчлянення рэльефу на ўсходзе да 30 м/км2, на Полацкай нізіне да 2,5 м/км2.
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Латвійскай седлавіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў магутнасцю ад 25 да 70 м; ніжэй дэвонскія да 350–400 м, тры кембрыйскія да 100 м і ардовікскія да 30 м, паўсюдна верхнепратэразойскія да 250–300 м адклады. Пароды крыштальнага фундамента на глыбіні 600–700 м ніжэй узроўню мора.
Вядомы 78 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 47,5 млн. т (найбольшыя Заборскі Мох, Юхавіцкі Мох, Расонскі Мох, Бродна, Вялікі Мох); 5 радовішчаў пяскоў з запасамі 1,2 млн. м3 (найбольшыя Альбрэхтаўскае, Азярцоўскае); 4 радовішчы глін і суглінкаў з запасамі 4,2 млн. м3 (найбольшыя Сяляўшчынскае 2-е, Азярцоўскае); Нізінкаўскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу.
Глебы раёна адносяцца да Сенненска-Расонска-Гарадоцкага аграглебавага раёна, невялікі ўчастак на захадзе адносіцца да Полацкага аграглебавага раёна. Глебы сельгасугоддзяў (%): дзярновыя і дзярнова-карбанатныя – 0,1, дзярнова-падзолістыя – 55,4, дзярнова-падзолістыя забалочаныя – 19,6, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя – 11,8, поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя – 2,2, тарфяна-балотныя – 10,9; паводле механічнага складу (%): сугліністыя – 50,7, супясчаныя – 30,6, пясчаныя – 7,8, тарфяныя – 10,9. Плоскасная эрозія на 16,3 % плошчы ворных зямель, у тым ліку на 10,8 % слабая; 17,9 % плошчы ворных зямель завалунена.
Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкага агракліматычнага раёна, крайні ўсход у межах Гарадоцка-Віцебскага агракліматычнага раёна. Сярэдняя тэмпература ў студзені – 7,5, ліпені – 17,4 °С.
Выпадае 583 мм ападкаў за год.
Вегетатыўны перыяд складае 182 сутак.
ЛІТАРАТУРА
1. Дзяменцьеў, В. А. Прырода Беларусі: (фізіка-геаграфічны агляд) / В. А. Дзяменцьеў, А. Х. Шкляр, О. Ф. Якушка. – Мінск : Дзяржаўнае вучэбна-педагагічнае выдавецтва Міністэрства асветы БССР, 1959. – 315 с.
2. Карысныя выкапні // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 21–41.
3. Качкоў, Ю. П. Сенненска-Расонскі аграглебавы раён / Ю. П. Качкоў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – Т. 4 : Недалька–Стаўраліт. – С. 486.
4. Мишурный, А. Край лесов и озер / А. Мишурный // Віцебскі рабочы. – 2002. – 5 студз. – С. 2.
5. Прырода роднага краю // Голас Расоншчыны. – 2008. – 3 чэрв. – С. 2.
6. Расонскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – Т. 4 : Недалька–Стаўраліт. – С. 366–367.
7. Расонскі раён // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 154–156.
8. Россонский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 413–417.
9. Россонский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 146–157.
10. Рэльеф і прыродныя раёны // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 42–78.