Спіс помнікаў археалогіі. Талачынскі раён
- Подробности
- Створана 20.01.2020 09:34
- Адноўлена 20.01.2020 09:08
Гарадзішча за 0,8 км ад в. Кісялі
Мясцовая назва – Дымакуры. Знаходзіцца за 0,8 км на захад ад вёскі. Умацавана валам вышынёй да 1,5 м. Абследавалі Л. А. Міхайлоўскі (1950) і В. М. Ляўко (1981). У 1956 годзе раскопкі праводзіў Л. В. Аляксееў. Выяўлены тры культурныя пласты: ніжні з рэчамі (абломкі штрыхаванага і гладкасценнага посуду, прасліца, бронзавы наканечнік стралы і інш.) штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культур; сярэдні (кераміка і ліцейная форма для адліўкі бронзавай падвескі) культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (VI–VIII стст. н. э.), верхні (абломкі ганчарных пасудзін) раннефеадальнага часу (X–XIII стст. н. э.).
Гарадзішча за 2 км ад в. Козкі
Знаходзіцца за 2 км на захад ад вёскі, у лесе, каля дарогі на вёску Стуканы. У плане яйцападобнае, памерам 57x43 м, умацавана 2 валамі. Адкрыў Д. 3. Васілеўскі (1925), абследаваў А. Р. Мітрафанаў (1972). Раскопкі не праводзіліся.
Земляны вал ля в. Козкі
Мясцовая назва – Пагранічны вал (граніца першага падзелу Рэчы Паспалітай). Побач з гарадзішчам, пачынаецца каля вёскі і цягнецца ў паўночна-заходнім напрамку ў бок г. п. Халопенічы больш за 40 км. Шырыня да 1,5 м, вышыня 1 м. У 1772–1793 гг. з'яўляўся часткай мяжы паміж Рэччу Паспалітай і Рускай дзяржавай. Абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў.
Курган за 0,5 км ад в. Козкі
Знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад вёскі. Дыяметр 7,5 м, вышыня 1,1 м. Адкрыў і абследаваў у 1951 годзе Л. В. Аляксееў. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і В. М. Ляўко (1981).
Курганны могільнік у в. Багрынава
Знаходзіцца абапал дарогі на Варанцэвічы. Захавалася 6 насыпаў (раней было 12) вышынёй 1,5–2 м, дыяметрам 10–12 м. Абследавалі: Л. В. Аляксееў (1959), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ш. I. Бекцінееў (1981). У 1967 годзе 3. М. Сяргеева раскапала 4 курганы. Пахавальны абрад – трупапалажэнне на гарызонце. Знойдзены бранзалетападобныя скроневыя кольцы з пазалочанымі шклянымі і сердалікавымі прызматычнымі пацеркамі. У 1969 годзе даследаваны яшчэ 2 насыпы. У адным выяўлены мужчынскае і жаночае пахаванні галавою на захад, знойдзены 6 скроневых кольцаў з сярэбранага дроту, 4 арабскія дырхемы дынастыі Саманідаў з адтулінамі для падвешвання, пацеркі, бронзавы пласціністы пярсцёнак, жалезны нож з рэшткамі драўляных тронкаў, віты сярэбраны бранзалет з завязанымі канцамі, жалезны абруч і дужка ад драўлянага вядра, білонавая падковападобная фібула, баявая сякера, невялікі бронзавы пласціністы бранзалет з канцамі ў выглядзе звярыных галовак, 2 пасудзіны. У другім кургане выяўлены тры пахаванні: у насыпе, на мацерыку, на пясчанай падсыпцы. Могільнік датуецца ХІ ст., належаў крывічам.
Курганны могільнік за 0,2 км ад в. Воўкавічы
Знаходзіцца за 0,2 км на поўнач ад вёскі, на беразе ракі Крывая. Захавалася 18 насыпаў (раней было больш за 30) дыяметрам 5–12 м, вышынёй 1–3 м. Абследавалі: Л. В. Аляксееў (1958), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ш. I. Бекцінееў (1981). У 1971 годзе 3. М. Сяргеева раскапала 2 курганы. У першым пахавальны абрад – трупапалажэнне. Парнае пахаванне (мужчынскае і жаночае) арыентавана галавой на паўднёвы захад. Знойдзены рэшткі жалезных абручоў ад драўляных вёдзер, жалезныя нажы (тронак аднаго меў абмотку з бронзавага дроту), віты бронзавы бранзалет з завязанымі канцамі, бронзавы пярсцёнак, сярэбранае скроневае кольца, 85 бісерных пацерак, сіняя зонная, сіняя цыліндрычная і лімонападобная пацеркі. У другім пахавальны абрад – трупаспаленне. Выяўлена вогнішча памерам 4x4 м з попелам, вуголлем, перапаленай зямлёй і мноствам дробных кальцыніраваных касцей. Частка спаленых касцей – конскія. Знойдзены ганчарны гаршчок з лінейным арнаментам і кляймом, жалезны нож. Могільнік датуецца ХІ ст., належаў крывічам.
Курганны могільнік за 0,3 км ад в. Воўкавічы
Знаходзіцца за 0,3 км на паўднёвы захад ад вёскі, абапал лясной дарогі. 21 курган дыяметрам 6–8 м, вышынёй 1–2 м, адзін дыяметрам 10 м, вышынёй 2,5 м. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе Ш. I. Бекцінееў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік за 0,6 км ад в. Воўкавічы
Знаходзіцца за 0,6 км на паўднёвы захад ад вёскі, абапал лясной дарогі. 22 курганы дыяметрам 4–10 м, вышынёй 0,5–2 м. Два насыпы вышынёй 3 і 5 м. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе Ш. I. Бекцінееў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік у в. Галошава
Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі. 5 курганоў: 4 каля дарогі на г. п. Коханава (па 2 абапал дарогі) і 1 на могілках дыяметрам 7–10 м, вышынёй 0,8–2 м. Адкрыў і абследаваў у 1885 годзе М. М. Турбін. Абследавалі: Л. В. Аляксееў (1956), А. Р. Мітрафанаў (1972), В. М. Ляўко (1981). Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік за 0,4 км ад в. Дроздава
Знаходзіцца за 0,4 км на поўнач ад вёскі, на полі, злева ад дарогі на вёску Скавышкі. Захаваліся 2 курганы (было 7) дыяметрам 6 м, вышынёй 1,5 м. У 1970 годзе З. М. Сяргеева даследавала 5 насыпаў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне ў труне. У жаночых пахаваннях знойдзена 39 цыліндрычных і бочкападобных пазалочаных шкляных пацерак, пярсцёнкі (2 срэбныя пласціністыя з арнаментам і 1 драцяны з патоўшчанай сярэдзінай і звужанымі канцамі). Датуецца ХІ ст.
Курганны могільнік за 1,5 км ад в. Дроздава
Знаходзіцца за 1,5 км на поўнач ад вёскі, у лесе, злева ад дарогі на вёску Скавышкі. Складаецца з 2 груп курганоў (у першай – 13 насыпаў, у другой – 24), размешчаных на адлегласці 50 м адзін ад аднаго. Насыпы паўсферычныя, дыяметрам 7–9 м, вышынёй 1,7–1,8 м. Адкрыў у 1925 годзе Д. 3. Васілеўскі. Абследавалі Л. В. Аляксееў (1959) і А. Р. Мітрафанаў (1972). У 1987 годзе групу з 13 курганоў цалкам раскапала В. М. Ляўко. Пахавальныя абрады – трупаспаленне, трупапалажэнне галавой на захад і пераходны (часткова спаленыя шкілеты на гарызонце ці ў насыпе). Знойдзены фрагменты кругавых гаршкоў, дужка і 3 абручы ад драўлянага вядра, жалезныя нажы з драўлянымі ручкамі, сярэбраная падковападобная і бронзавыя фібулы, пярсцёнкі і бранзалеты. У 2 курганах вылучаюцца мужчынскія пахаванні (трупапалажэнне) з інвентаром, на падсыпцы. У адным з іх нож, сякера, крэсла з крэменем, у іншым – набор гірак для ўзважвання. Не адзін з курганоў пахаванняў не ўтрымліваў. Датуецца Х–ХІ стст.
Курганны могільнік ля Друцкага гарадзішча
На поўначы ад Друцкага гарадзішча і вакольнага горада. Выяўлены ў 2008 годзе В. М. Ляўко і П. М. Кянько. У 2008–2009 гг. В. М. Ляўко даследавала 3 курганы. У 2 курганах вышынёй 0,7 м, дыяметрам каля 3 м. Трэці курган меў памеры 18,5х11,5 м, вышыню каля 2 м. На гарызонце і ў насыпе выяўлены 38 пахаванняў, арыентаваных галавой на захад. Знойдзены жалезны нож, фрагменты костак, шылападобныя наканечнікі стрэл, абломкі посуду. На некаторых касцяках знойдзены фрагменты каўняроў і тканіны з залатым шыццём візантыйскага ўзору, грушападобныя гузікі з пазалотай, 1 гузік з срэбра. Датуецца ХІІ ст.
Курганны могільнік на левым беразе р. Друць
Знаходзіцца на левым беразе ракі Друць, насупраць гарадзішча на паўночнай ускраіне Друцка. У 1873 годзе налічвалася 48 курганных насыпаў. У 1960-х гг. даследавалі Л. В. Аляксееў і З. М. Сяргеева. Раскапаны тры курганы, з якіх адзін пусты, у двух выяўлены пахаванні па абрадзе крэмацыі ў чугунах-скрынях, пастаўленых на падсыпцы ў драўляным зрубе. Датуецца ІХ–Х стст.
Курганны могільнік на правым беразе р. Друць
Знаходзіцца на правым беразе ракі Друць у напрамку вёскі Дубовае. У 1930-я гг. налічвалася 20 насыпаў. У 2009 годзе абследавалі В. М. Ляўко і П. М. Кянько. Выяўлены 2 курганы ў полі і адзін у лесе. Вышыня больш за 2 м, дыяметр 12–14 м.
Курганны могільнік за 0,3 км ад в. Загараддзе
Знаходзіцца за 0,3 км на ўсход ад вёскі, у лесе. Больш за 40 курганоў. Некаторыя дыяметрам 7–10 м, вышынёй 1–1,5 м, астатнія адпаведна 11–14 м і 2 м. У 1888 годзе Е. Р. Раманаў налічыў тут 50 курганоў, 2 з іх раскапаў. У адным пахавальны абрад трупаспаленне, у другім – трупапалажэнне. Знойдзены гаршчок з рэшткамі крэмацыі, жалезны нож, каменная клінападобная сякера. Абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. Могільнік датуецца Х–ХІІ стст., належаў крывічам.
Курганны могільнік за 0,2 км ад в. Замошша
Знаходзіцца за 0,2 км на поўдзень ад вёскі, на полі. 13 насыпаў дыяметрам 5–15 м, вышынёй 1,5–5 м. Абследавалі Г. В. Штыхаў (1967) і А. Р. Мітрафанаў (1972). У 1972 годзе З. М. Сяргеева раскапала тры курганы. Пахавальныя абрады – трупапалажэнне і трупаспаленне. Знойдзены фрагменты масіўнага жалезнага прадмета, бронзавыя накладкі на пояс, глінянае вядро, кераміка, косці каня і дробных жывёл. Датуецца Х–ХІ стст.
Курганны могільнік у в. Канапельчыцы
На сучасных могілках. 6 насыпаў дыяметрам 7–8 м, асобныя 10–12 м, вышынёй да 2 м. Абследавалі: Г. В. Штыхаў (1967), А. Р. Мітрафанаў (1972), В. М. Ляўко (1981). Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік у в. Катужына
На паўднёвай ускраіне вёскі. 2 курганы вышынёй 1,5 м, дыяметрам 8–10 м. Адкрыў і абследаваў у 1959 годзе Л. В. Аляксееў. У 1972 годзе абследаваў А. Р. Мітрафанаў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік у в. Ляўкова
Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі, у лесе, за 0,1 км злева ад дарогі Коханава – Орша, на сучасных могілках. 7 курганоў дыяметрам 5–8 м, вышынёй 1–1,6 м. Адкрыў у 1959 годзе Л. В. Аляксееў. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і В. М. Ляўко (1981). Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік за 3 км ад в. Мураўнічы
Знаходзіцца за 3 км на паўночны ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Змееў Бор, у лесе. 6 курганоў. Два з іх падоўжаныя: адзін даўжынёй 30 м, шырынёй 10–12 м, вышынёй 2,2 м. 3 заходняга і ўсходняга бакоў яго захаваліся раўкі глыбінёй да 0,5 м; другі даўжынёй 15 м, шырынёй 10 м, вышынёй 1,5 м. Чатыры курганы круглыя, дыяметрам 8–10 м, вышынёй 1–1,5 м. Абследавалі Л. В. Аляксееў (1956) і Г. В. Штыхаў (1981). Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік за 2 км ад в. Навінка
Знаходзіцца за 2 км на поўнач ад вёскі, у лесе. 20 моцна аплыўшых курганоў дыяметрам 3,5–10 м, вышынёй 0,5–1,5 м. Дзесяць з іх у аснове абкладзены камянямі. Абследавалі Л. В. Аляксееў (1949) і А. Р. Мітрафанаў (1972). У 1973 годзе 3. М. Сяргеева раскапала тры курганы: першы аказаўся пусты; у другім было пахаванне па абраду трупапалажэнне ў яме пад насыпам; у трэцім побач з рэшткамі нябожчыка, арыентаванага галавой на захад, з правага боку каля пояса знойдзены падковападобная спражка, бронзавая фібула з аграненымі канцамі, бронзавае кольца з дроту з замкнёнымі канцамі, на галаве бронзавая бляшка з рэшткамі эмалі. Могільнік належаў крывічам, датуецца ХІІ–ХІІІ стст.
Курганны могільнік паміж вёскамі Навінка і Ельнік
Знаходзіцца ў хваёвым лесе. 50 насыпаў дыяметрам 3–7 м, вышынёй 0,3–1 м. Асобныя курганы ў аснове абкладзены камянямі і абкружаны раўкамі. Адкрыла і даследавала ў 1973 годзе 3. М. Сяргеева. Раскапана 12 насыпаў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. У 6 курганах пахаванні на гарызонце, у 3 – пад насыпам у ямах і ў 3 – у насыпе. У 5 курганах нябожчыкі арыентаваны галавой на захад, у 4 – на ўсход, у 2 – на поўдзень і паўднёвы ўсход, у 1 – на паўночны ўсход. У 2 курганах, акрамя шкілетаў, знаходак не было. У 2 жаночых і 1 дзіцячым пахаваннях знойдзены бронзавае скроневае кольца, бронзавыя драцяныя кольцы з замкнёнымі канцамі ў выглядзе спіралі ў 4–5 абаротаў, пласціністыя з замкнёнымі канцамі, віты бронзавы з завязанымі канцамі бранзалеты, круглая грыўня, бразготкі з крыжападобнай прораззю, падковападобныя спражкі, крыжападобная падвеска з эмаллю, рэшткі галаўнога венчыка, шматлікія спіралькі, шкляныя пазалочаныя і пасярэбраныя пацеркі, жалезныя нажы і наканечнік кап'я, шыферныя прасліцы, тачыльны брусок. Могільнік адносіцца да ХІ – пачатку ХІІІ стст., належаў крывічам.
Курганны могільнік у в. Сенчукі
Знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне вёскі. 2 насыпы паўсферычнай формы. У 2007 годзе абследавала В. М. Ляўко. Адзін курган вышынёй 2 м і дыяметрам 7–8 м, другі – адпаведна 2 м і 6 м. Адзін з курганоў часткова разбураны (у падставы выяўлены косткі пахавання па абрадзе інгумацыі). Датуецца ХІ–ХІІ стст.
Курганны могільнік у в. Скавышкі
Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Прасёлачнай дарогай падзелены на 2 групы. Адна мае 16 насыпаў і часткова занята сучаснымі могілкамі, другая – 29, знаходзіцца за 50 м на захад ад могілак, за дарогай. Вышыня курганоў 1–1,5 м, дыяметр 5–12 м. Абследавалі Л. В. Аляксееў (1959) і А. Р. Мітрафанаў (1972). У 1973 годзе тры курганы раскапала 3. М. Сяргеева. Адзін насып быў пусты, у другім – астанкі нябожчыка, арыентаванага галавой на захад (абрад трупапалажэнне), у трэцім – пахаванне па абраду трупаспалення. Знойдзены абломкі ганчарнага посуду, 5 пярсцёнкападобных скроневых кольцаў, ажурная металічная пацерка, невялікі жалезны нож. Могільнік належаў крывічам, датуецца ХІІ–ХІІІ стст.
Курганны могільнік каля в. Слаўнае
Знаходзіцца за 1,5 км на поўнач ад станцыі Слаўнае, за 2 км ад чыгункі Мінск – Масква, на беразе ракі Маляўка (каля моста). Захаваліся 2 курганы. Вышыня першага 3,5 м, дыяметр 17 м, другога – адпаведна 2,2 м і 10 м. Адкрыў і абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік за 0,5 км ад в. Стары Талачын
Знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад вёскі. 2 курганы дыяметрам 8 м, вышынёй 1 м (раней было 20 курганоў). Адкрыў і абследаваў у 1929 годзе А. Д. Каваленя. У 1972 годзе абследаваў А. Р. Мітрафанаў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік за 0,5 км ад в. Сурнаўка
Знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад вёскі, у лесе, за 0,3 км злева ад дарогі на вёску Сельцы. 35 насыпаў дыяметрам 6–12 м, вышынёй 1–2,5 м. Вядомы з 1969 года. Абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік у в. Узноснае
Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі. 4 насыпы вышынёй 1–3 м, дыяметрам 6–7 м, дрэннай захаванасці. Па звестках мясцовых жыхароў курганоў было болей. Адкрыў у 1956 годзе Л. В. Аляксееў, абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік за 1,5 км ад в. Яскаўшчына
Знаходзіцца за 1,5 км на поўнач ад вёскі, на краі поля, на невысокім узгорку, які зарос густым хмызняком. 25 курганоў добрай захаванасці, большая частка дыяметрам 5–6 м, вышынёй да 1,5 м. На паўночна-ўсходняй ускраіне могільніка ёсць курганы дыяметрам 10 м, вышынёй 2–2,5 м. За дарогай, каля лесу, адзіночны курган дыяметрам 8 м, вышынёй 1,5 м, яшчэ адзін знаходзіцца каля могілак. Адкрыў і абследаваў у 1959 годзе Л. В. Аляксееў. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і В. М. Ляўко (1981). Раскопкі не праводзіліся.
Пасад каля аг. Друцк
Знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне Друцка. Прымыкаў да дзяцінца і вакольнага горада старажытнага Друцка, значна перавышаючы іх па плошчы. У 1999–2000 гг. і 2008–2009 гг. даследавала В. М. Ляўко. Выяўлены рэшткі кузні, каменных ачагоў. Знойдзены шматлікія прадметы матэрыяльнай культуры XI–XVII стст., бытавы гліняны посуд (у тым ліку амфары кіеўскага тыпу, белагліняная глазураваная кераміка, усходнія гаршкі і амфары з Крыма), вырабы з каляровых металаў (ліравідная арнаментаваная спражка, плоскія падвескі-канькі, кропляпадобная, з крыжападобным арнаментам падвескі, пярсцёнак з манаграмай), шкло (золата- і срэбрашкляныя каралі, бранзалеты), камень-устаўка з горнага крышталя, пломбы, манеты, кулі, жалезныя наканечнікі стрэл і іншыя. На дне 2-х гаршкоў канца Х ст. выяўлена кляймо ў выглядзе трызубца кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча. Выяўленыя пабудовы XІV–XVII стст. сведчаць аб існаванні на тэрыторыі старажытнага пасада мястэчка, якое прымыкала да замка, пабудаванага на месцы гарадзішча і вакольнага горада. Некаторыя рэчы (металічны кацялок, керамічныя вырабы) паказваюць на магчымую прысутнасць на пасадзе татараў або калмыкаў.
Селішча каля аг. Друцк
У раёне Друцкага гарадзішча і вакольнага горада, каля Друцка. Выявілі В. М. Ляўко і П. М. Кянько ў 2008–2009 гг. Знойдзены ляпная кераміка 2-й паловы I тыс., вырабы з каляровага металу (бранзалет з пашыранымі канцамі, фрагмент шыйнай грыўны, накладка), сляды бранзалетнай вытворчасці.
Селішча каля аг. Друцк
Размешчана на захадзе ад Друцка. Змяшчае матэрыялы 3-й чвэрці I тыс. і эпохі Кіеўскай Русі. У 1999 годдзе абследавала В. М. Ляўко. Выяўлены культурны пласт (0,2 м) паселішча племянной эпохі.
Селішча за 0,1 км ад аг. Друцк
Знаходзіцца на левым беразе ракі Друць за 0,1 км ад паўднёвай ускраіны аг. Друцка, ва ўрочышчы Выган. Змяшчае матэрыялы III–VIII стст.
Стаянка за 3 км ад в. Загацце
Знаходзіцца за 3 км на поўнач ад вёскі, на краі тарфянога балота, ва ўрочышчы Гасцінец. Выявіў і абследаваў у 1979 годзе Э. М. Зайкоўскі. Сабраны крамянёвыя нуклеусы, адшчэпы, пласціны, разец з рэтушаванай выемкай, скрабкі на адшчэпах, абломкі ляпной керамікі.
ЛІТАРАТУРА
1. Аляксееў, Л. В. Горад на Друці / Л. В. Аляксееў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1988. – С. 34–40.
2. Бірукоў, В. Замошша / В. Бірукоў // Наша Талачыншчына. – 2005. – 18 чэрв. – С. 3.
3. Бірукоў, В. Літоўскі вал / В. Бірукоў, Л. Спаткай // Наша Талачыншчына. – 2009. – 1 жн. – С. 3.
4. Бірукоў, В. Свае таямніцы Друцк толькі пачынае адкрываць / В. Бірукоў // Наша Талачыншчына. – 2008. – 22 кастр. – С. 3.
5. Бирюков, В. Друцк вновь изумляет редчайшими находками / В. Бирюков // Наша Талачыншчына. – 2013. – 10 жн. – С. 4.
6. Кавалевский, С. В городе-фантоме раскопки продолжаются... / С. Кавалевский // Витебские вести. – 2013. – 13 авг. – С. 5.
7. Крупица, Н. Тайны Друцкого кургана / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 22 окт. – С. VII.
8. Левко, О. Н. Волковичи / О. Н. Левко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 271.
9. Левко, О. Н. Дроздово / О. Н. Левко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 389.
10. Левко, О. Н. Друцкие могильники / О. Н. Левко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 392–393.
11. Левко, О. Н. Друцкие некрополи / О. Н. Левко, А. В. Войтехович, П. М. Кенько // Друцк / О. Н. Левко [и др.] ; редкол.: А. А. Коваленя [и др.]. - Минск : Беларуская навука, 2014. –. С. 143–157. – (Древнейшие города Беларуси).
12. Левко, О. Н. Друцкие селища / О. Н. Левко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 393.
13. Левко, О. Н. Друцкий посад / О. Н. Левко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 393.
14. Левко, О. Н. Замошье / О. Н. Левко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 442.
15. Левко, О. Н. Кисели / О. Н. Левко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 487.
16. Левко, О. Н. Новинка / О. Н. Левко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск :БелЭнімя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 187.
17. Левко, О. Н. Скавышки / О. Н. Левко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск :БелЭнімя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 466–467.
18. Левко, О. Ольга Левко «окопалась» на Толочинщине / О. Левко ; беседовала Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2000. – 19 верас. – С. 5.
19. Марчук, Р. Каралі з... пяску / Р. Марчук // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 21 снеж. – С. 22.
20. Мікулевіч, С. Пад Друцкам знайшлі пахаванне сярэднявечнага спецназу / С. Мікулевіч // Вольнае Глыбокае. – 2009. – 1 кастр. – С. 4.
21. Мітрафанаў, А. Р. Зямля нашых продкаў / А. Р. Мітрафанаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1988. – С. 21–29.
22. Орловский, А. Древний ритуал / А. Орловский, С. Иванов // Наша Талачыншчына. – 2009. – 5 верас. – С. 4.
23. Пастернак, Т. Из глубины веков / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2009. – 17 кастр. – С. 8.
24. Серада, А. Без гісторыі не бывае будучыні / А. Серада // Наша Талачыншчына. – 2017. – 11 лістап. – С. 7.
25. Серада, А. Курганны могільнік / А. Серада // Наша Талачыншчына. – 2009. – 22 жн. – С. 4.
26. Снараў, І. Гарадзішча / І. Снараў // Наша Талачыншчына. – 2009. – 26 верас. – С. 4.
27. Талачынскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 409–420.
28. Цуприянович, М. Заповедные уголки моей маленькой Родины / М. Цуприянович // Наша Талачыншчына. – 2007. – 22 верас. – С. 4.