Народная творчасць. Талачынскі раён
- Подробности
- Створана 04.02.2020 12:23
- Адноўлена 04.02.2020 14:18
Багатая Талачыншчына на народную песенную творчасць. Гэта каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя песні.
Надыход вясны спрадвечна інтэнсіфікаваў працоўную дзейнасць і духоўнае жыццё чалавека. Чалавек, адчуваючы магутнае стымулюючае ўздзеянне вясны на навакольны свет, прыроду, прыдаваў вялікае значэнне сімвалічным дзеянням, каб выклікаць яе прыход. Вясной, напрыклад, у в. Райцы спявалі:
Весна-красна да нас прышла,
Ясна сонца ў ваконца!
Многа добрага нам прынісла.
Вісна прышла з цёплай вадзіцай,
З цёплай вадзіцай, сярэбранай расіцай.
Вісна прышла з зялёнай травіцай,
З зялёнай травіцай, з яснам сонцам,
Усю прыроду абудзіла,
Пахара ў поля пазвала:
– Выхадзі, пахар, землю пахаці,
Землю пахаці, зярно сеяці,
Каб наша ніва добра радзіла,
Каб у закрамах многа хлеба была.
Глыбокім духоўным сэнсам напоўнены святочныя рэлігійныя абрады (Каляды, Вадохрышча, Вялікдзень, Юр'я, Тройца, Купалле, Дзяды, Пакровы). Здаўна ў Талачынскім раёне адзначаецца Масленіца. Масленічны перыяд з'яўляецца прамежкавым часам паміж сезонамі зімы і вясны, што і вызначае ў святочным комплексе спалучэнне зімовых і веснавых абрадаў.
У в. Райцы на Масленіцу спявалі:
На вуліцы дзеўкі гуляюць, гуляюць,
Мяне, маладую, гукаюць, гукаюць.
У мяне, маладзенькай, муж ліхі, муж ліхі,
На вулку гуляць не пусціў, не пусціў
І вароцікі зачыніў, зачыніў.
А хоць пусціць позненька, позненька,
Усе дзевачкі – розненька, розненька.
Выйду на вулку – запяю, запяю,
Усех дзевачак сабяру, сабяру.
Дамоў іду – стучуся, стучуся,
У дзівяратунькі прашуся, прашуся:
– Дзівіратунька, родны брат, родны брат,
Пусці мяне дадому, дадому,
Пашыю рубашку да полу, да полу.
Праводзяць Масленіцу i сустракаюць вясну як у вёсках, так i ў райцэнтры. Наладжваюць народныя гулянні (катанне на конях, гушканне на арэлях, катанне з ледзяных горак, спальванне чучала 3імы і інш.).
Самым яркім, прыгожым і адказным рытуалам лічыцца вяселле. У Талачынскім раёне распаўсюджаны «стаўбавы» абрад, які адкрываў вяселле і абавязковым удзельнікам якога быў «стаўбавы», або «запявала». Ён узлазіў на ўзвышша (звычайна на пячны стоўб – адсюль і назва абраду), прамаўляў адтуль спецыяльныя арацыі і выконваў асобую песню.
Другі дзень вяселля быў амаль цалкам гульнявы. Такім ён застаецца і ў побыце сучаснай вёскі. Так, у в. Звянячы «ганялі сучку»: «Нявеста ці матка нявесціна далжна ў шкаф паставіць гарэлкі, закускі, тарты – усяго. Тады выварачываюць кажушок і надзяюць як сучку (сабачку) жэншчыну ілі мушчыну. Усе за сталом сядзяць, а сучка палезець пад стол і будзець за ногі нявесту гэту ўжо грыбаць там. А яна далжна вылязці і ўсё са шкафа сваё паставіць на стол. А тады ўжо ўгашчаюцца».
Праз тыдзень адбываюцца «перазовы» – наведванне маладымі і сваякамі зяця бацькоў сваёй жонкі. Згодна са звычаем, «нявеста не прыходзіць к мацеры, патаму што ўжо ў мужа жывёт і не імеет права ісці ў свой дом, пака перазовы не пагуляюць». У перазовы маглі ехаць і тыя, хто па той ці іншай прычыне не быў на вяселлі. Гасцей сустракалі і частавалі. На гэтым вясельныя ўрачыстасці заканчваліся.
Святкаванне хрэсьбін было важнай падзеяй у жыцці сям'і. На хрэсьбіны прыходзілі толькі па запрашэнні. Калі збіраліся ўсе госці і кумы вярталіся разам з дзіцем з царквы, гаспадар запрашаў усіх прысутных за стол. Спецыяльнай стравай на хрэсьбінах з'яўлялася «бабіна каша», якую гатавала бабка. Падавалася гэта рытуальная страва ў канцы свята і дзялілася паміж гасцямі. Пры падзеле кашы ў в. Райцы спявалі:
– Адкуль ты, бабка? – З Магілева.
– Чаму ты бабка, не калела?
– Адкуль ты, бабка? – Із Расна.
Нашто брахалі напрасна?
– Як твая каша без масла,
Каб табе ў грудзях захрасла.
Асаблівае месца ў святочных звычаях займалі варожбы. Так, у в. Малое Высокае прымячалі на ацёл каровы: «хто первы на Раждзяство прыдзець у хату, мужчына ці жанчына. Калі мужчына – чакалі бычка, калі жанчына – цёлачку».
Танцавальная традыцыя характарызуецца наяўнасцю карагодаў, танцаў абрадавых, танцаў, прымеркаваных да абрадаў, танцаў пазаабрадавых.
У раёне распаўсюджаны дзве жанравыя разнавіднасці карагодаў: гульнявыя і танцавальныя. Абедзве маюць пераважна зімовую (да Каляд) прымеркаванасць. Сярод гульнявых вылучаюцца такія карагоды, як «Мядзвежка», «Хаджу я, гуляю ўдоль па карагоду», «Заінька», «А хадзіў жа Барыс»; сярод танцавальных – «Завіўся, завіўся пляцень», «Каб мне чарачку гарэлкі», «Мая Марусенька маленька».
У групе абрадавых танцаў асноўнае месца займаюць калядныя: «Казёл», «Лявоніха» ў зімовай гульні «Жаніцьба Цярэшкі», «Крыжачок». Існуюць таксама купальскія («У казла»), жніўныя («Малацьба») і льняныя («Каза») танцы.
Да абрадавых можна аднесці: вясельны танец маладых («Вальс»), танцы сватоў і гасцей (разнастайныя полькі) і іншыя.
Да пазаабрадавых танцаў адносяцца кадрылі, полькі, вальсы, лявоніхі і іншыя побытавыя танцы.
У Талачынскім раёне распаўсюджаны кадрылі на 4 калены (в. Абольцы, Кісялева, Крывыя), полькі «Чыжык», «Тройка» (в. Рамашкава), «Вальс з адбоем» (в. Серкавіцы), аднапарныя танцы «Полька», «Месяц», «Каробачка» (в. Рамашкава).
Народная творчасць раёна вывучаецца і распаўсюджваецца работнікамі культуры. Дзякуючы ім, мы больш даведваемся пра звычаі нашых продкаў, захоўваем нашу нацыянальную беларускую культуру.
ЛІТАРАТУРА
1. Народная лирика Витебского Поозерья : антология / ред.-сост. В. Н. Поклонская. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2007. – 256 с.
2. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / Т. Б. Варфаламеева [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – Т. 2 : Віцебскае Падзвінне. – 910 с.