Гісторыя. Чашніцкі раён. Вялікая Айчынная вайна
- Подробности
- Створана 08.11.2017 08:40
- Адноўлена 19.12.2019 09:57
Ужо праз два тыдні пасля пачатку вайны 5 ліпеня 1941 года ўвесь Чашніцкі раён быў акупіраваны немцамі. Большую частку тэрыторыі раёна немцы занялі без баёў. Толькі каля вёсак Тоўпіна, Вялікія і Малыя Ліпавічы, Цотава, Горы праходзілі цяжкія баі часцей 17-й дывізіі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Ва ўсіх буйных населеных пунктах былі створаны нямецкія альбо паліцэйскія гарнізоны.
Паводле справаздачы пра баявыя дзеянні часцей 17-й дывізіі, 7 ліпеня 1941 года арганізаваны перадавы атрад пад камандаваннем маёра Міхайлоўскага. Перад атрадам была пастаўлена задача: рухацца па маршруце Сясна – саўгас «Беліца» – Вялікія Ліпавічы – Лепель, вечарам 7 ліпеня заняць Лепель і ўтрымаць яго да падыходу часцей дывізіі. Але атрад нечакана сустрэўся з праціўнікам у раёне вёсак Церабені, Горкі, Вялікія і Малыя Ліпавічы. Завязаўся бой. Раніцай 8 ліпеня атрад пад камандаваннем Міхайлоўскага, адкінуўшы праціўніка, заняў вёскі Церабені і Горкі. Але яго далейшы рух спыніў моцны кулямётна-артылерыйскі агонь немцаў, якія заселі ў вёсках Вялікія і Малыя Ліпавічы.
У напрамку Мялешкавічы – Васільеўскае да немцаў падыходзілі новыя батарэі дальнябойнай артылерыі і мотапяхоты. За 3 гадзіны прыбыло да 120 машын. Камандзір дывізіі вырашыў падмацаваць перадавы атрад. З гэтай мэтай у дапамогу ён выслаў 2-і батальён механізаванага стралковага палка, 1-ы і 3-і батальёны 33-га танкавага палка, 2-і дывізіён гаўбічна-артылерыйскага палка. Перад умацаваным перадавым атрадам камандаванне паставіла задачу: акружыць і знішчыць праціўніка. Пачатак атакі быў прызначаны на 9 гадзін раніцай 8 ліпеня 1941 года. Атака перадавога атрада была паспяховай. Немцы пачалі адступаць. Было захоплена ў праціўніка: 24 гарматы розных калібраў, 3 танкі, 4 трактары, 3 аўтамашыны і інш.
Але вечарам у 18 гадзін немцы пайшлі ў контратаку. Сілы праціўніка былі значнымі – да 60 танкаў і 600 матацыклістаў. Камандны пункт штаба дывізіі 1-га і 2-га батальёна 33-га танкавага палка былі акружаны. Адначасова з 18 да 21 гадзіны нямецкая авіяцыя бесперапынна бамбіла часці дывізіі ў раёне вёсак Церабені, Малыя і Вялікія Ліпавічы. У выніку гэтага вечарам 8 ліпеня танкавы полк быў адрэзаны ад часцей дывізіі і акружаны. У раёне вёскі Цотава танкавы полк перайшоў да кругавой абароны. Але з-за адсутнасці гаручага большасць машын не магла рухацца. З данясення камандавання дывізіі і ўспамінаў сведкаў танкавага бою бачны трагічны лёс 33-га танкавага палка. Толькі рэшткі палка на працягу 9–12 ліпеня 1941 года выходзілі з акружэння.
Адначасова цяжкія баі вёў 17-ы мотастралковы полк. Раніцай 9 ліпеня 1941 года полк у складзе 1-га і 2-га стралковых батальёнаў, дывізіёна 17-га гаўбічна-артылерыйскага палка, 2 гармат супрацьтанкавай артылерыі, 6 танкаў «ТБ-7» зрабілі налёт на нямецкія мотамехчасткі ля в. Тоўпіна. У выніку бою знішчана да 50 аўтамашын праціўніка. Мотастралковы полк страціў 5 танкаў. Але вечарам гэтага ж дня полк быў абстраляны моцным артылерыйскім агнём з вёсак Тоўпіна, Баяры, Бельнякі. У 22 гадзіны полк адышоў у паўночна-заходнім напрамку ад вёскі Вяцера ў лес.
10 ліпеня з 6 гадзін раніцы немцы ў складзе пяхоты, танкаў і артылерыі зноў павялі наступленне на вёскі Вяцера, Цотава з мэтай знішчэння мотастралковага палка. 1-ы стралковы батальён пры падтрымцы батарэі 17-га гаўбічна-артылерыйскага палка ўступіў у бой з праціўнікам. Адначасова 2-і стралковы батальён у складзе 4-й і 6-й рот таксама ўступілі ў бой ля в. Хотліна. У выніку бою знішчана да 40 аўтамашын, 200 немцаў, у іх ліку шмат афіцэраў.
У 13 гадзін немцы пачалі моцны артылерыйскі агонь па мотастралковым палку пры падтрымцы авіяцыі. Адначасова з раёна Вяцера – Аўсянікі яны пачалі абходзіць правы і левы флангі мотастралковага палка. З 10 па 20 ліпеня полк выходзіў з акружэння.
Акупацыйны рэжым уяўляў сабой сістэму палітычных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю сацыялістычнага грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне і знішчэнне беларускага народа. Былі ліквідаваны савецкія органы ўлады, насельніцтва пазбаўлена элементарных грамадзянскіх правоў і чалавечых свабод.
У Чашніках і буйных населеных пунктах існавала нямецкая камендатура. Былі прызначаны бургамістры, створаны паліцэйскія атрады. Грамадзянскую ўладу ў Чашніках напачатку ўзначальваў бургамістр Сарока, а пасля яго гібелі ў маі 1942 г. на гэтую пасаду прызначылі Гутнікава. Бургамістру была падначалена і зямельная ўправа. Галоўнай функцыяй грамадзянскай улады было ўсталяванне нямецкага парадку на падначаленай тэрыторыі. У гэтых мэтах вуліцы Чашнікаў былі падзелены на дзесяцідворкі, за якія адказвалі прызначаныя старасты. Праз іх перадаваліся патрабаванні бургамістра і нямецкай камендатуры, загады па выхадзе на работу, праводзіўся збор падаткаў. Земуправа зрабіла абмер зямлі, што прылягала да Чашнікаў, і падзяліла яе паміж жыхарамі. Кожны гаспадар павінен быў плаціць нямецкай уладзе падаткі натуральнымі прадуктамі – салам, мясам, яйкамі, зернем і інш.
Быў арганізаваны паліцэйскі атрад, у склад якога ўваходзілі каля 30 чалавек. Узначаліў яго С. Цяслёнак. Пад наглядам паліцэйскіх людзі выконвалі розную работу: капалі канавы, спілоўвалі дрэвы, расчышчалі дарогі ад снегу, узводзілі абарончыя збудаванні.
Асабліва жудаснымі былі падзеі канца 1941 – пачатку 1942 гг. За гэты перыяд было знішчана звыш 3 тысяч жыхароў раёна. 12 лютага 1942 года карнікі знішчылі каля 1800 яўрэяў у Чашніках.
Страх панаваў усюды. І вось на 1 мая 1942 года адбылося здарэнне, якое ўзрушыла ўсіх. Раніцай у цэнтры Чашнікаў людзі ўбачылі, што на слупе лунае чырвоны сцяг. Бургамістр Сарока, які стаў зрываць сцяг, загінуў ад выбуху міны, прымацаванай да сцяга.
Падпольныя групы ў раёне пачалі арганізоўвацца летам 1941 г. з чырвонаармейцаў, якія апынуліся ў акружэнні, кіраўнікоў раёна, камуністаў і камсамольцаў. Падпольныя групы вялі арганізацыйную і палітыка-выхаваўчую работу сярод насельніцтва, умацоўвалі веру людзей у перамогу над ворагам, узнімалі іх на падпольную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стваралі партызанскія фарміраванні, распаўсюджвалі праўдзівую інфармацыю.
Дакументы Чашніцкага падпольнага райкама партыі і камсамола даюць падставу зрабіць вывад пра тое, што ў раёне існавала не адна падпольная арганізацыя. Часта падпольныя групы дзейнічалі самастойна.
У ліпені 1941 г. у раёне была створана падпольная група Сяргея Емяльянавіча Папкова. На службу акупацыйным уладам перайшоў В. Я. Вашчанка – пачаў працаваць бургамістрам Дварэцкай воласці. Арганізацыйна падпольная група аформлена 17 жніўня 1941 года. У яе склад увайшло 12 чалавек. Былі акрэслены асноўныя задачы групы: дыверсійная работа на чыгунцы, шашэйных дарогах, знішчэнне тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, баз з боепрыпасамі, гаручым і харчовымі прадуктамі, арганізацыя партызанскага руху ў раёне.
На першым пасяджэнні групы «Цэнтр» зацвердзілі сетку канспіратыўных кватэр, сувязных, явачныя месцы, паролі і інш. Група ўстанавіла сувязь з камуністамі папяровай фабрыкі «Чырвоная зорка». Была арганізавана падпольная група. Падпольшчыкі фабрыкі дэманціравалі папераробчыя машыны.
У пачатку 1942 г. немцы амаль цалкам знішчылі кіруючае ядро групы «Цэнтр». Дзейнасць падпольнай групы спынілася. Члены групы, якія не трапілі ў рукі немцаў, уліліся ў партызанскія атрады. У раёне торфапрадпрыемства «1 Мая» дзейнічала падпольная група Д. Ц. Міцькаўца, якая была звязана з партызанскай брыгадай імя К. С. Заслонава.
Вядома таксама аб дзейнасці падпольнай групы пад кіраўніцтвам М. Р. Грышынай. У канцы 1943 г. пачаўся разгром Чашніцкага падполля.
Першыя партызанскія атрады на тэрыторыі Чашніцкага раёна ўзніклі ў канцы 1941 – пачатку 1942 гг. непадалёку ад вёскі Васькаўшчына. Узначальваў атрад У. Е. Лабанок. У жніўні 1942 г. была арганізавана партызанская брыгада «Дубава», у якую ўжо ўваходзілі некалькі атрадаў. Камандзірам брыгады стаў Ф. Ф. Дуброўскі, камісарам – У. Е. Лабанок. У жніўні 1941 г. у раёне пачаў дзейнічаць партызанскі атрад на чале з Ц. Я. Ермаковічам.
У верасні 1941 г. у лясах ля Чарэі арганізаваны партызанскі атрад з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне. Камандзірам атрада стаў лейтэнант Чырвонай Арміі Васіль Шчукін.
Восенню 1941 г. пры садзейнічанні падпольнай групы «Цэнтр» арганізоўваюцца невялікія партызанскія атрады, якія пазней уліліся ў Чашніцкую партызанскую брыгаду «Дубава», Сенненскую партызанскую брыгаду і інш. Так, пры дапамозе члена групы «Цэнтр» М. С. Марціновіча арганізаваны партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Сухушына, які пазней увайшоў у склад Сенненскай партызанскай брыгады.
У верасні 1941 г. у Кашчынскія лясы з «Вялікай зямлі» прыбыў атрад пад камандаваннем Г. М. Лінькова. Ён дзейнічаў у Кашчынскіх і Красналуцкіх лясах. Дапамогу яму аказвалі жыхары вёсак Забор'е, Пасынкі, Гілі, Сарочына, Маскоўская Гара, Сіманавічы, Гурэц і інш. Вясной 1942 г. у атрад улілося шмат новых байцоў. У маі 1942 г. атрад перамясціўся на тэрыторыю Заходняй Беларусі.
У гады вайны на тэрыторыі раёна дыслацыраваліся Чашніцкая брыгада «Дубава», 1-я Смаленская, 1-я Беларуская і 2-я Беларуская імя П. К. Панамарэнкі, 1-я і 2-я імя К. С. Заслонава, Багушэўская, «Граза» М. П. Гудкова, імя А. Ф. Данукалава, Лёзненская, Сенненская партызанскія брыгады, партызанскі полк Смаленскі і асобны партызанскі атрад Ц. Я. Ермаковіча. Брыгада «Дубава» вяла актыўныя баявыя дзеянні, неаднаразова праводзіліся дыверсіі на шашы Чашнікі – Бачэйкава і чыгунцы Орша – Лепель. Восенню 1942 г. у брыгадзе налічвалася ўжо 1700 чалавек, у ёй былі створаны артдывізіён і кавалерыйскі эскадрон. «Дубаўцы» пачалі выводзіць са строю чыгуначныя эшалоны з супрацьтанкавай гарматы. У студзені 1943 г. брыгада «Дубава» і іншыя партызанскія брыгады разграмілі нямецкі гарнізон у Чашніках. Вясной 1944 г. брыгада «Дубава» ўяўляла сабой буйное партызанскае злучэнне. У яе радах налічвалася звыш 2100 чалавек. Брыгада была добра ўзброена, мела дзве гарматы, 8 мінамётаў, 6 супрацьтанкавых ружжаў.
Фашысты арганізоўвалі супраць партызан шырокамаштабныя карныя аперацыі з выкарыстаннем тэхнікі і авіяцыі. Асабліва цяжка прыйшлося партызанам брыгады «Дубава» ў сакавіку 1944 г., калі фашысты прадпрынялі масіраванае наступленне. У жорсткіх баях брыгада «Дубава» згубіла трэць свайго саставу, але фашыстам не ўдалося яе разграміць, болей таго, «дубаўцы» самі пераходзілі ад абароны да наступлення і ў канцы сакавіка брыгада, прарваўшы акружэнне, з баямі выйшла ў больш бяспечнае месца. За ўмелае кіраванне і вялікі асабісты ўклад у арганізацыю і разгортванне масавага партызанскага руху камандзіру брыгады Фёдару Фамічу Дуброўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Чашніцкі раён вызвалялі войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 23–28 чэрвеня 1944 года пры ўзаемадзеянні з партызанамі Чашніцкай брыгады «Дубава». Баявыя дзеянні вялі войскі 43-й арміі генерала Белабародава, злучэнні 65-га і 72-га стралковых карпусоў 5-й арміі і 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса 2-га Беларускага фронту.
Чашнікі вызвалены 27 чэрвеня 1944 года часцямі 204-й і 357-й стралковых дывізій 43-й арміі пры ўзаемадзеянні з 9-й гвардзейскай механізаванай брыгадай 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса, Чашніцкай партызанскай брыгадай «Дубава» і 2-й партызанскай брыгадай імя К. С. Заслонава. 4 ліпеня Чашніцкі раён быў поўнасцю вызвалены ад фашыстаў.
ЛІТАРАТУРА
1. 1940-й. Все ещё живы / подгот. И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2016. – 20 верас. – С. 4.
2. 1941–1945 // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 213–408.
3. Вялікая Айчынная вайна // Іванск і ваколіцы : гісторыка-краязнаўчы нарыс / В. Грыбко. – Мінск : Медысонт, 2011. – С. 52–63.
4. Грыбко, В. В. Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – 228 с.
5. Жыць і помніць / подгот. И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2016. – 29 сак. – С. 5.
6. История района // Чашники : справочно-информационные материалы / отв. за вып. Т. В. Пчелкина. – Витебск : Витебская областная типография, 2008. – С. 4–5.
7. Не единожды воскресшие / подгот. И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2017. – 14 лют. – С. 5
8. Чашники // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 105–112. – (Беларусь историческая).
9. Чашникские бои 1943 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 578.
10. Чашніцкія баі 1943 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2003. – Т. 17 : Хвінявічы–Шчытні. – С. 269.