Раслінны і жывёльны свет. Чашніцкі раён
- Подробности
- Створана 25.11.2019 07:26
- Адноўлена 19.12.2019 09:51
У старажытныя часы ў раёне было шмат лясоў, аб чым сведчыць нават і тое, што каля 20 назваў вёсак звязаны з лесам: Бор, Бараўцы, Забор'е, Дуброва, Дуброўкі, Залессе і інш. Зараз колькасць лясоў у раёне скарацілася. Гэта звязана з тым, што ў пачатку XX ст. у Чашніках пачала працаваць папяровая фабрыка. Асноўнай сыравінай для вытворчасці паперы служыць драўніна. Шмат лесу сплаўлялася ў Рыгу па Бярэзінскай воднай сістэме. Сёння пад лесам у раёне знаходзіцца 34284 га (24 % тэрыторыі), з іх 964 га балоты. Прадстаўлены лясы елкай і сасной, якія займаюць 60 % усяго лесафонду. Ліставыя лясы займаюць 10 %. Гэта бяроза, асіна, вольха шэрая і чорная. Астатняя тэрыторыя – змешаныя лясы. На тэрыторыі раёна ў міжрэччы Лукомкі і Усвейкі раскінулася Карнілаўская пушча, плошча якой каля 800 га. У мінулым – буйны масіў шыракаліста-цёмнахваёвых лясоў. Пераважаюць кіслічныя ельнікі, асіннікі і шэраалешнікі, невялікія плошчы заняты дубровамі, паніжаныя месцы – чорнаалешнікамі.
У лясах ёсць дзялянкі ягаднікаў: бруснічніку – 27 га, журавінніку – 285, малінніку – 617, чарнічніку – 2709 га і інш. У лясах раёна растуць усе вядомыя на тэрыторыі Беларусі грыбы – баравік, асавік, падбярозавік, махавік, ваўнянка, грузд, лісічка, сыраежка, свінушка, страчок звычайны, смаржок, апенька, рыжык, курачка, чага і інш.
На прасторах раёна расце вялікая колькасць траў, многія з якіх з'яўляюцца лекавымі.
Ёсць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу: званочак шыракалісты, белы гарлачык, вадазбор звычайны, купальніца еўрапейская, венерын чаравічак, сон-трава, чарамша, ветраніца лясная, каменяломнік зярністы, гарачаўка вясенняя, наперстаўка буйнацвятковая і інш.
У лясах раёна можна сустрэць лася, дзіка, казулю, ваўка, лісіцу, куніцу, гарнастая, вавёрку, зайца-беляка і зайца-русака, норку еўрапейскую, бабра, выдру, андатру, вожыка, янотападобнага сабаку, барсука, ласку і інш.
Мноства птушак: шэрыя і белыя курапаткі, глушцы, рабчыкі, качкі, гусі, цецярукі, слонкі, бакасы, совы, сарокі, вароны, буслы, вераб'і, жаваранкі, сойкі, удоды, дразды-рабіннікі, чорныя дразды, сівагракі, салаўі, сініцы, малінаўкі, крумкачы, ястрабы-перапёлачнікі, канюкі, скапы.
Маюцца птушкі, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гэта чорны бусел, які селіцца ў асноўным у Чашніцкім і Красналуцкім лясніцтвах, чапля шэрая – чарада на сажалках Новалукомскага рыбгаса і на прыбярэжжы Лукомскага возера ля в. Сіманавічы.
Маецца каля 80 відаў качак, 12 відаў вялікіх і малых стракатых дзятлаў, а таксама дзяцел зялёны.
У апошнія гады павялічылася колькасць лебедзяў-шыпуноў, занесеных у Чырвоную кнігу. У рэках і азёрах Чашніччыны жывуць: сом, шчупак, лешч, лінь, галавень, вугор, карась, платва, акунь, налім, краснапёрка, сазан, карп і інш.
ЛІТАРАТУРА
1. Бышнёў, І. Terra vita. Паазер'е – краіна жыцця = Terra vita. Paazerye – the land of life / І. Бышнёў ; пераклад на анг. мову А. І. Казекі. – Мінск : Беларусь, 2005. – [258 с.].
2. Дорофеев, А. М. Зимовка водоплавающих птиц на озере Лукомское / А. М. Дорофеев // Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта. – 1999. – № 2. – С. 92–95.
3. Кіндзяева, Н. Багатыя флора і фауна раёна / Н. Кіндзяева // Чырвоны прамень. – 1994. – 17 верас. – С. 3.
4. Красная книга Республики Беларусь. Животные: редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды диких животных / редкол.: И. М. Качановский [и др.]. – 4-е изд. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – 320 с. : ил.
5. Красная книга Республики Беларусь. Растения: редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды дикорастущих растений / редкол.: И. М. Качановский [и др.]. – 4-е изд. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – 448 с. : ил.
6. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: В. Ю. Александров [ и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 3 : Растения, грибы, животные. – 464 с. : іл.