Рамёствы. Чашніцкі раён
- Подробности
- Створана 28.11.2019 08:40
- Адноўлена 28.11.2019 11:16
Чашніцкая зямля багатая рамеснымі традыцыямі. Сама назва горада Чашнікі па адной з версій пайшла ад слова «чара», бо тут было шырока развіта ганчарнае рамяство. У канцы XIX – пачатку XX ст. працавала 25 ганчароў. Яны выраблялі гаспадарчую і дэкаратыўную кераміку – гаршкі, бабачнікі, макатры, збанкі, гарлачы, слоікі, міскі, чайнікі, кубкі, вазоны, букетнікі, цацкі і інш, а таксама менш пашыраную – чашкі, пасачнікі, рукамыйнікі. Посуду былі ўласцівы плаўныя абрысы і выразная перапрацоўка асобных дэталей, зграбны сілуэт. Былі распаўсюджаны ў раёне таксама ткацтва, разьба па дрэве, ганчарства, саломапляценне і шматлікія іншыя віды рамёстваў.
Змяняюцца часы і тое, што калісьці было жыццёва неабходна, сёння, з развіццём сучасных тэхналогій, стала забывацца. Для таго, каб не страціць гэтую злучную нітку пакаленняў, у Чашніках у 1995 годзе быў адкрыты раённы Дом рамёстваў, задача якога захоўваць і развіваць народныя традыцыі.
Чашніцкую зямлю сваёй самабытнай творчасцю праславілі імёны шматлікіх майстроў, якія вядомыя ў рэспубліцы і за яе межамі. Сярод іх – майстар-разьбар Асіпкова Ганна Савельеўна з Млына, якая стварыла цікавую калекцыю драўлянай скульптуры (68 скульптур 70-гадовай вясковай майстрыхі ўпрыгожваюць сёння Чашніцкі гістарычны музей). Жыве і працуе на Чашніччыне майстар Варчэня Валерый Анатольевіч, які вырабляе з дрэва велікодныя яйкі. Карабліну Валерыю Вячаслававічу належыць прыярытэт у адраджэнні дарожных абразоў, выкананых у тэхніцы плоска-рэльефнай разьбы па дрэве.
Лазовыя кошыкі Віктара Духовіча, драўляныя прылады працы Вячаслава Хаткевіча з Сяльца таксама занесены ў мастацкую скарбонку Дома рамёстваў.
Паступова была ўзноўлена традыцыя вырабаў мясцовых паясоў – па кавалачку, па фрагменціку, па вязанай акраўцы. З'явілася і «Кніга этнаграфічнай вышыўкі і ткацтва», з абавязковай пазнакай: дзе, калі і як выканана работа. Ашчадна збіраюцца, класіфікуюцца і аналізуюцца не толькі шматлікія матэрыяльныя праявы тутэйшага мастацтва, але і напаўзабытыя тэхналогіі ды арыгінальныя прыёмы самых розных рамёстваў – кшталту нарэзкі шкла ў вадзе ці вязання звычайнай іголкай.
У наш час на Чашніччыне развіваецца саломапляценне. Вялікая колькасць майстроў у гэтым накірунку з'явілася, дзякуючы Народнаму майстру Рэспублікі Беларусь Худзяковай Тэрэзе Альфонсаўне. Дырэктар Чашніцкага раённага Дома рамёстваў Варчэня Ларыса Міхайлаўна прафесійна займаецца саломапляценнем і батыкам.
Яркім прадстаўніком саломапляцення Чашніччыны з'яўляецца Елісеева Зінаіда Сяргееўна з Новалукомля. Ёй належыць прыярытэт у адраджэнні культавых прадметаў з саломкі.
Чашнікі – мястэчка адмысловае і надта прывабнае для аўтатурыстаў. Экспазіцыі Чашніцкага гістарычнага музея аздоблены работамі мясцовых майстроў, якія заўжды гатовы вучыцца, вучыць і здзіўляць сваімі прыгожымі творамі.
ЛІТАРАТУРА
1. Аляксандраў, Ю. Чашніцкія майстры межаў не прызнаюць / Ю. Аляксандраў // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2002. – 31 жн. – С. 2.
2. Голесник, С. Аура дерева / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2010. – 26 марта. – С. 6.
3. Живица, В. Золото Терезы Худяковой / В. Живица // Віцебскі рабочы. – 2006. – 4 лістап. – С. 4.
4. Пастернак, Т. В Чашниках таланты и традиции / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2011. – 3 сак. – С. 16.
5. Пастернак, Т. Оклады из соломки и золота души / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2007. – 20 снеж. – С. 7.
6. Стукалова, Н. Соломенных дел мастер / Н. Стукалова // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2016. – 6 жн. – С. 1–2.
7. Торбина, И. Благодать земли чашникской / И.Торбина // Белорусская нива. – 2009. – 6 июня. – С. 7.
8. Торбіна, І. Драўляная казка Ганны-ўмеліцы / І. Торбіна // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 15 студз. – С. 16.
9. Торбина, И. Млынская искусница / И. Торбина // Белорусская нива. – 2009. – 18 марта. – С. 4.
10. Торбина, И. Небесные гимны слагает соломка / И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2007. – 21 ліп. – С. 3.
11. Торбіна, І. «Незямная» саломка / І. Торбіна // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 19 сак. – С.16.
12. Торбіна, І. Прымушае ўсміхнуцца гліну / І. Торбіна // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 1 чэрв. – С. 24.
13. Торбина, И. Там, где счастье между сосен заблудилось... / И. Торбина // Алеся. – 2008. – № 12. – С. 54–55.
14. Торбіна, І. Як зацвітае саломка? / І. Торбіна // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 25 сак. – С. 16.