Гісторыя, г. Ушачы. Вялікая Айчынная вайна
- Подробности
- Створана 06.05.2017 08:40
- Адноўлена 08.11.2017 15:51
22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Жудасная вестка аб вайне хутка дайшла да сінявокай Ушаччыны. 25 чэрвеня 1941 года ў раён прыйшло распараджэнне аб эвакуацыі. Па распараджэнні Ушацкага РК КП(б)Б пад кіраўніцтвам загадчыка ваеннага аддзела Пятніцы быў сфарміраваны знішчальны батальён па барацьбе з дыверсантамі. Пагранатрад на чале з А. Я. Захаравым ахоўваў тылы арміі, падтрымліваў парадак, разбіраўся з падазронымі людзьмі.
3 ліпеня 1941 года ў г. п. Ушачы з’явіліся немцы. Знішчальны батальён адышоў да Вялікіх Лук. Фронт працягваў адступаць на ўсход. У жніўні 1941 года ва Ушачах пачало дзейнічаць падполле, якое ўзначаліў С. Я. Барадаўкін. Дзейнасць падполля пачала распаўсюджвацца на бліжэйшыя вёскі. У хуткім часе была створана другая падпольная група: Апанаскавічы – Янова. Падпольшчыкі праводзілі вялікую і актыўную палітычную работу сярод насельніцтва: распаўсюджвалі лістоўкі Савінфармбюро, збіралі трафейную зброю, шкодзілі немцам. Падпольныя групы напаўняліся ўсё новымі ўдзельнікамі: далучаліся мірныя мясцовыя жыхары, ваенныя, якіх камісавалі. З мая па жнівень 1942 года былі створаны партызанскія атрады «Дубава», «Смерць фашызму», партызанскія брыгады «Дубава», імя Чапаева.
3 ліпеня 1942 года пачалі дзейнічаць Ушацкія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ.
У верасні 1942 года партызаны вызвалілі г. п. Ушачы ад акупантаў. У верасні 1943 года ўтворана Ушацкая, пазней Полацка-Лепельская партызанская зона. Ушаччыну называлі «партызанскай рэспублікай». Са снежня 1943 па красавік 1944 года ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і БШПР, партызанскай брыгады імя Чапаева.
Вясна 1944 года стала новым выпрабаваннем для партызан. Да міжпартызанскай зоны было сцягнута каля 60000 карнікаў. Карнікі ставілі перад сабой задачу: акружыць і знішчыць партызан; ачысціць занятую імі тэрыторыю.
30 красавіка 1944 года баі ўжо ішлі пад Ушачамі, 230-ці кіламетровая лінія абароны партызанскай зоны скарацілася да 20-ці кіламетровай. Ад БШПР і ваеннага Савета 1-га Прыбалтыйскага фронту паступіў загад пачаць падрыхтоўку да прарыву, які планаваўся на 1 мая, але здзейснілі яго партызаны ў ноч з 4 на 5 мая 1944 года, разарваўшы варожае кальцо блакады каля вёсак Паперына і Новае Сяло. Загінула ў баях з карнікамі больш за 1500 партызан, сярод іх камбрыгі: А. Ф. Данукалаў, Дз. Ц. Караленка, П. М. Раманаў. Карнікі страцілі забітымі і параненымі больш за 20000 салдат, афіцэраў, 59 танкаў, 116 аўтамашын, 7 бронемашын, 22 гарматы і 2 самалёты.
На Ушаччыне памятаюць Герояў Савецкага Саюза, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта Данукалаў Аляксей Фёдаравіч, Дуброўскі Фёдар Фаміч, Кутрухін Канстанцін Пракопавіч, Лабанок Уладзімір Елісеевіч, Раманаў Павел Мінаевіч, Цімчук Іван Мацвеевіч, Юркін Барыс Іванавіч.
29 чэрвеня 1944 года Ушачы і Ушацкі раён былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
ЛІТАРАТУРА:
1. 1942–1943 // Патрыёт (Ушачы). – 2005. – 7 мая. – С. 4.
2. Блокада. Прорыв. Судьба / записал В. Степан // Советская Белоруссия. – 2010. – 3 авг. – С. 14–15.
3. Геройскі загінуўшыя / падрыхт. А. Пашковіч // Патрыёт (Ушачы). – 2008. – 24 верас. – С. 3.
4. Грэчка, І. Азёрны, партызанскі край / І. Грэчка // Настаўніцкая газета. – 2011. – 28 мая. – С. 12–13.
5. Ермашкевіч, П. Там, дзе ішлі на прарыў / П. Ермашкевіч // Віцебскі рабочы. – 1992. – 28 студз. – С. 3.
6. Жыві, памяць!: воіны, жыхары Кубліцага сельсавета, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў // Патрыёт (Ушачы). – 1991. – 5 сак. – С. 4 ; 6 сак. – С. 4 ; 14 сак. – С. 4.
7. Жыві, памяць!: жыхары Вяркудскага сельсавета, партызаны, удзельнікі камуністычнага падполля, асобы, якія садзейнічалі партызанскаму руху і камуністычнаму падполлю, члены іх сем’яў, жыхары партызанскіх зон і раёнаў, якія загінулі у перыяд фашысцкага тэрору // Патрыёт (Ушачы). – 1991. – 12 лют. – С. 4 ; 16 лют. – С. 4 ; 19 лют. – С. 4 ; 2 сак. – С. 4.
8. З успамінамі жыхароў Ушаччыны / запісаў С. Абара // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 21 чэрв. – С. 10.
9. Карпаў, Р. Вайны паганай чорны след / Р. Карпаў // Патрыёт (Ушачы). – 2005. – 7 мая. – С. 4.
10. Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – 640 с. : іл.
11. Тараткевіч, М. А. Партызанскія баі за райцэнтр / М. А. Тараткевіч // Патрыёт (Ушачы). – 2008. – 8 мая. – С. 2.
12. Чванаў, Л. І. Яны вызвалялі Ушаччыну / Л. І. Чванаў, П. М. Фралоў // Патрыёт (Ушачы). – 2008. – 8 мая. – С. 2.
13. Шлык, Ф. Озёрный бастион / Ф. Шлык, П. Шопа // Неман. – 1967. – № 12. – С. 126–153.
14. Яны вызвалялі Ушаччыну // Патрыёт (Ушачы). – 1981. – 27 чэрв. – С. 3.
15. Ярош, Г. Край сражений, доблести и славы / Г. Ярош // Телеком-экспресс (Орша). – 2011. – 11 авг. – С. 8.
16. Ястрабаў, М. Праз усе выпрабаванні / М. Ястрабаў // Віцебскі рабочы. –1988. – 30 снеж. – С. 3.
17. Яцкевич, Т. Прорыв в бессмертие / Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2005. – 4 июня. – С. 1–2.