Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Спіс помнікаў археалогіі. Шумілінскі раён

arrow  Гарадзішча за 0,5 км ад в. Галі

Знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадзішча, на ўзгорку. Пляцоўка дыяметрам 50 м з поўначы і поўдня ўмацавана ровам глыбінёй 1,8 м і валам вышынёй 3 м, з захаду і ўсходу мае стромкія схілы. Выявіў Л. В. Аляксееў (1951), абследавалі М. М. Чарняўскі (1972) і Э. М. Зайкоўскі (1981). На краях умацаванай пляцоўкі культурны пласт 0,2 м. Раскопкі не праводзіліся. Адносіцца да перыяду ранняга жалезнага веку (V ст. да н. э. – V ст. н. э.).

arrow  Гарадзішча за 1 км ад в. Галі

Вядома пад назвай Гарадок. Знаходзіцца за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадок. Пляцоўка круглая, дыяметрам каля 60 м. Умацавана валам вышынёй 2–2,5 м, з паўночнага боку 2 валамі, ровам і дадатковым валам, якім, відавочна, прыкрываўся ўваход на гарадзішча. Вышыня валоў 2–3 м, глыбіня рова 2 м. На гары, што знаходзіцца непадалёку, таксама ёсць сляды ўмацаванняў. Выявіў Л. В. Аляксееў (1955), абследаваў М. М. Чарняўскі (1972). Раскопкі не праводзіліся.

arrow  Гарадзішча за 1 км ад в. Гарадзішча (злілася з в. Ставіца)

Знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі, у лесе. Пляцоўка прадаўгаватая, памерам 45х22 м. Умацавана кальцавым валам вышынёй 3 м і ровам глыбінёй 2 м. Гарадзішча зарасло лесам і хмызняком, узвышаецца над наваколлем на 7 м. Культурны пласт каля 0,5 м. Абследавалі Л. В. Аляксееў (1959) і А. М. Гутоўскі (1981). Раскопкі не праводзіліся.

arrow  Гарадзішча за 0,3 км ад в. Гародна

Знаходзіцца за 0,3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, паміж азёрамі Гародна і Сасна, на ўзгорку. Вышыня над узроўнем вады 16 м. Памер 100х30 м. Па краі пляцоўкі прасочваюцца рэшткі вала. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе А. М. Гутоўскі. У паўднёва-заходняй частцы ў агаленнях культурны пласт 0,4 м. У ім знойдзены рэшткі ляпной керамікі ранняга жалезнага веку. На паверхні трапляюцца абпаленыя камяні. Раскопкі не праводзіліся. Адносіцца да перыяду ранняга жалезнага веку (I тыс. н. э.).

arrow  Гарадзішча ля в. Кардон

Знаходзіцца на правым беразе р. Заходняя Дзвіна, пры ўпадзенні ў яе безыменнага ручая. Зафіксавана яго разбурэнне Заходняй Дзвіной. Яго плошча была каля 0,5 га, да нашага часу захавалася прыкладна трэцяя частка былога гарадзішча, астатняе разбурана ракой. Уяўляе сабой вузкую пляцоўку шырынёй каля 16–25 м, выцягнутую з усходу на захад, даўжынёй да 200 м і ўзвышаецца над узроўнем ракі больш чым на 15 м. Выявіў і абследаваў у 1993 годзе А. Н. Ляўданскі. Былі выяўлены сляды паўзямлянкі, датаванай VIII–IX стст. У ёй выяўлены ляпная і ганчарная кераміка, косткі хатніх жывёл, косці і луска рыб і інш. Кераміка адносіцца да днепра-дзвінскай, банцараўскай і старажытнарускай культур.

arrow  Гарадзішча ў в. Сінякова

Знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад вёскі. Уяўляе сабой пляцоўку 100х60 м, умацавана ровам. Адносіцца да перыяду ранняга жалезнага веку (V ст. да н. э. – V ст. н. э.).

arrow  Замчышча за 2 км ад в. Красамай

Знаходзіцца за 2 км на поўнач ад вёскі, у лукавіне правага берага р. Обаль. Вядома з 1837 года. У 1972 годзе абследавала В. Б. Караткевіч. На прадаўгаватым мысе, выцягнутым з захаду на ўсход, захаваліся рэшткі земляных валоў, якія абкружаюць пляцоўку трохвугольнай формы (50х120х110 м). 3 захаду відаць рэшткі рова. Тут у 1563 годзе рускія войскі збудавалі ўмацаваны «гарадок» Казьян, які меў 3 вежы. У гады Лівонскай вайны ўмацаванне разбурана (1579). Гіперспасылка на Замак Казьян

arrow  Курган у в. Ілава

Мясцовая назва – Французская гара. На ўсходняй ускраіне вёскі, справа ад дарогі на в. Кардон. Вышыня 4 м, дыяметр 8 м. Выявіў Г. В. Штыхаў (1965), абследаваў А. М. Гутоўскі (1981).

arrow  Курган ля в. Ілава

Размешчаны на паўднёва-заходнім краі селішча ля в. Ілава. Дыяметр – 20 м, вышыня – 3 м. Культурны слой невялікі (40–60 см), але вельмі насычаны прадметамі IX–X стст.

arrow  Курган за 3 км ад в. Лескавічы

Знаходзіцца за 3 км на паўночны ўсход ад вёскі, справа ад дарогі ў г. п. Шуміліна. Даўжыня 8 м, шырыня 4,5 м, вышыня 0,9 м. Абследавалі Л. В. Аляксееў (1959), А. М. Гутоўскі (1981).

arrow  Курган за 0,7 км ад в. Сосніна

Знаходзіцца за 0,7 км на паўднёвы захад ад вёскі, злева ад дарогі ў в. Горкі. Вышыня 1 м, дыяметр 6 м. Захаванасць добрая. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе А. М. Гутоўскі.

arrow  Курганны могільнік за 1,2 км ад в. Войлавічы

Мясцовая назва – Французскі склад. Знаходзіцца за 1,2 км на поўдзень ад вёскі. 15 насыпаў вышынёй 0,5–0,7 м, дыяметрам 15 м. Частка курганоў пашкоджана. Выявіў і абследаваў у 1959 годзе Л. В. Аляксееў, абследаваў у 1981 годзе А. М. Гутоўскі. Раскопкі не праводзіліся.

arrow  Курганны могільнік ля в. Красамай

Адносіцца да перыяду ранняга феадалізму ІХ–ХІІІ стст., размешчаны побач з замчышчам XV ст., у лесе, абапал палявой дарогі. Больш за 40 насыпаў вышынёй 1,5–4 м, дыяметрам 10–15 м, вакол падножжа – раўкі. Насыпы пясчаныя, параслі лесам. Размешчаны блізка адзін да аднаго. Абследавала ў 1972 годзе В. Б. Караткевіч. Раскопкі не праводзіліся. Ёсць меркаванне, што ён мог належаць крывічам.

arrow  Курганны могільнік за 1,2 км ад в. Парэчча

Знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Пабядзінец (побач працякае аднайменны ручай). 2 курганы вышынёй 1,5 м, дыяметрам 8 м. Выявіў у 1981 годзе А. М. Гутоўскі. Раскопкі не праводзіліся.

Курганны могільнік ля в. Узрэчча

Знаходзіцца за 0,5 км на паўночны захад ад вёскі.

arrow  Селішча ля в. Ілава

Знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад вёскі. Працягласцю каля 300 м. Выяўлены розныя археалагічныя артэфакты IX–XI стст.

arrow  Селішча ля в. Кардон

Прымыкае да гарадзішча. Выявіў і абследаваў у 1993 годзе А. Н. Ляўданскі. Выяўлена кераміка, якая адносіцца да банцараўскай культуры і эпохі Старажытнай Русі.

arrow Селішча ля в. Слудашы

Знаходзіцца ля вёскі на беразе р. Заходняя Дзвіна. У 2015 годзе раскопкі праводзілі студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Менавіта тут знаходзілася старажытнае паселішча ХІ–ХІІ стст., значная частка яго была разбурана пры будаўніцтве Полацкай ГЭС, калі ўмацоўвалі бераг ракі.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Зайцава, Л. Археалагічныя раскопкі ў Слудашах / Л. Зайцава // Герой працы (Шумiлiна). – 2015. – 14 ліп. – С. 4.

2. Левко, О. Н. Кордон – ключевой объект предгосударственной истории Белорусского Подвинья / О. Н. Левко // Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Шумілінскі раён : зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: В. В. Даніловіч [і інш.] ; навук. рэд. В. М. Ляўко. – Мінск : Беларуская навука, 2018. – С. 87–103.

3. Пахомава, Н. Памяць зямлі – памяць вякоў / Н. Пахомава // Герой працы (Шумiлiна). – 2008. – 22 крас. – С. 5.

4. Шумілінскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 464–475.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (Віцебская вобласць)