Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. г. Полацк. Дарэвалюцыйны перыяд

 

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Полацк згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г. у сувязі з раздачай Рурыкам гарадоў сваім дружыннікам і васалам. Яго летапісныя назвы Полотеск, Полотьск, Полтеск, паводле скандынаўскіх саг – Pallteskiuborg, Раlteskia. Горад узнік на рацэ Палаце, адсюль яго і назва. З найменнем гэтай ракі, прытока р. Заходняя Дзвіна, звязваецца і паходжанне назвы «палачане», якія пасяліліся ў Падзвінні, утварыўшы самастойнае племянное «княжанне». У сапраўднасці ж палачане – заходняя галіна крывічоў. Полацкія крывічы сфарміраваліся ў VI–IX ст. у выніку рассялення славян на тэрыторыю, занятую лета-літоўцамі (балтамі), што ўстаноўлена навуковымі даследаваннямі. У летапісах Полацк згадваўся і пад 865 г., у час вайны з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам, і ў 907 г. у дагаворы князя Алега з Візантыяй.

У апошняй трэці Х ст. у горадзе-дзяржаве Полацку сядзеў незалежны ад Кіева і Ноўгарада Князь Рагвалод. У 980 г., паводле іншых звестак у 970 або 975 гг., ён быў забіты ў час паходу на Полацк наўгародскага князя Уладзіміра Святаславіча. Дачка Рагвалода, Рагнеда Рагвалодаўна, стала жонкай вялікага князя кіеўскага Уладзіміра. З Х і да ХІІІ ст. Полацк быў у складзе Кіеўскай Русі.

Полацк – цэнтр буйнога Полацкага княства, якое належала прадстаўнікам мясцовай дынастыі князёў. Зручнае геаграфічнае становішча горада на гандлёвых шляхах – заходне-дзвінскае адгалінаванне вялікага воднага шляху «з варагаў у грэкі» – садзейнічала хуткаму яго эканамічнаму, палітычнаму і культурнаму развіццю. Ужо з ІХ ст. тут развіваліся ювелірнае, кавальскае, ганчарнае, шавецкае і іншыя рамёствы. У 1105 г., а магчыма, з 992 г. тут існавала епіскапская кафедра.

У 988 г. полацкім князем стаў сын Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч, які памёр у 1001 г. У 1003 г. полацкі прастол заняў Брачыслаў Ізяславіч. Пры ім межы Полацкай зямлі пашыраліся на ўсход, да Полацка былі далучаны землі паміж Заходняй Дзвіной і Дзісной. Пасля смерці Брачыслава ў 1044 г. трон у Полацку заняў яго сын Усяслаў. Пры князю Усяславу Брачыславічу Полацкае княства дасягнула найбольшага росквіту. Асноўная частка Полацкага княства размяшчалася на тэрыторыі паўночнай Беларусі, якая ахоплівала Падзвінне і шэраг раёнаў Верхняга Падняпроўя. Уладанні полацкіх князёў прасціраліся па ніжняму цячэнню Заходняй Дзвіны, дзе былі Кукенойс і Герцыке, да Рыжскага заліву.

У ХІ ст. Полацкая зямля сфарміравалася як моцная дзяржава ва Усходняй Еўропе. Полацк быў стольным горадам гэтага буйнога княства, якое мела сваю княжацкую дынастыю, моцнае войска, даволі развітую гаспадарку і значныя дасягненні ў галіне культуры. У гэты час умацаваны дзядзінец горада быў перанесены на ўзвышша пры ўпадзенні Палаты ў Заходнюю Дзвіну, месца, якое пазней атрымае назву Верхні замак. Тут у 1050-я г. быў пабудаваны Сафійскі сабор. У саборы прымалі паслоў, захоўвалася дзяржаўная казна, была бібліятэка. Гэта быў духоўны сімвал горада.

У ХІ – ХІІ стст. горад займаў плошчу каля 80 га, у ім было каля 8 тыс. жыхароў. У пачатку ХІІ ст. Полацкая зямля пачала падзяляцца на больш дробныя тэрытарыяльныя ўтварэнні, удзельныя княствы-воласці. Аднак Полацк заставаўся буйным палітычным цэнтрам і галоўным канкурэнтам Кіева. У 1127 г. кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўднёва-рускіх князёў на князёў полацкіх. Ён захапіў іх і ў 1129 г. выслаў у Візантыю. Пасля вяртання войска полацкіх князёў на радзіму барацьба працягвалася. У 1-й чвэрці ХІІ ст. вялікую ролю ў гарадскім жыцці адыгрывала веча. Ад імя веча («мужоў палачан») падпісваліся дагаворы з Рыгай і ганзейскімі купцамі, вырашаліся пытанні вайны і міру, судовыя спрэчкі і інш. У 1161 г. полацкім князем стаў Усяслаў Васількавіч.

У ХІІ – ХІІІ стст. горад меў развітую планіровачную структуру. Ён складаўся з пасялення на беразе Палаты (першапачатковае гарадзішча і паселішча), паселішча на правым беразе Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе Палаты, Вялікага пасада на правым беразе Заходняй Дзвіны і Запалоцця, якое знаходзілася за ракой Палата. У ХІІ ст. у культавым будаўніцтве на аснове традыцый візантыйскай і кіеўскай архітэктуры і пад уплывам першага на Беларусі манументальнага збудавання Полацкага Сафійскага сабора сфарміравалася самабытная Полацкая школа дойлідства, якая ў сваю чаргу зрабіла ўплыў на будаўніцтва ў Гродне, Смаленску, Ноўгарадзе, Пскове. Найбольш вядомы прадстаўнік гэтай школы – дойлід Іаан. У Полацку былі ўзведзены княжацкія храм і палаты. На востраве Заходняй Дзвіны пастаўлена Прадцечанская царква, у прадмесці Полацка, Бельчыцах, пабудаваны Барысаглебскі манастыр.

ХІІ ст. – час росквіту пісьменства і адукацыі ў Полацку. Пры манастырах перапісваліся кнігі, вяліся летапісы. У гэты час вядома дзейнасць полацкай князёўны, асветніцы Ефрасінні Полацкай – дачкі малодшага сына князя Усяслава Брачыславіча і, магчыма, Сафіі, дачкі Уладзіміра Манамаха. Адмовіўшыся ад дынастычнага шлюбу, Ефрасіння пайшла ў манастыр. Пасля 1116 г. пасялілася ў келлі Сафійскага сабора, дзе ў яго скрыпторыі перапісвала і, відаць, перакладала кнігі. На свае сродкі заснавала 2 манастыры: у Сяльцах пад Полацкам жаночы манастыр святога Спаса (цяпер Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр) з саборным храмам – Спаса-Праабражэнскай царквой, а таксама мужчынскі манастыр, для якога набыла абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская» – выдатны твор візантыйскага мастацтва. Манастыры сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве. Тут былі вучыльні, скрыпторыі, бібліятэкі, магчыма, іканапісная і ювелірная майстэрні. Па заказе Ефрасінні Полацкай полацкі ювелір Лазар Богша ў 1161 г. зрабіў унікальны крыж, аздоблены перагародчатымі каляровымі эмалямі з выявамі святых, каштоўнымі камянямі, арнаментальнымі кампазіцыямі. Крыж з'яўляўся ўнікальным помнікам старабеларускага эмальернага мастацтва. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён быў страчаны. Дзейнасць князёўны была апісана ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай», створаным да 1187 г. – помніку беларускай біяграфічнай літаратуры ХІІ–ХІІІ стст. Яна – першая жанчына, кананізаваная рускай праваслаўнай царквой (у 1547 г.), у 1984 г. прылічана да Сабора Беларускіх святых.

3 канца ХІІІ – пачатку ХІV стст. з правамі поўнай аўтаноміі Полацк увайшоў у склад ВКЛ. У ХІV ст. заселены левы бераг Заходняй Дзвіны. Полацкія харугвы ў 1410 г. удзельнічалі ў разгроме крыжакоў пад Грунвальдам. У ХІV– ХVІ стст. Полацк – самы вялікі горад ВКЛ. Ён меў асобныя прывілеі. 3 1392 г. Полацкам кіравалі намеснікі, а з 1504 – ваяводы. Намеснікаў прызначаў вялікі князь ВКЛ або выбірала гарадское веча. Надзвычай моцнай і ўплывовай групоўкаю ў горадзе былі баяры і мяшчане. Важную ролю ў жыцці і кіраванні Полацкам адыгравала царква, адзін з буйнейшых землеўладальнікаў у ХІV– ХVІ стст. У гэты час у горадзе існавала 13 манастыроў і кляштараў, 20 цэркваў і касцёлаў, кальвінскі збор. Большасць жыхароў горада складалі вольныя людзі – рамеснікі, дробныя гандляры, якія валодалі невялікай маёмасцю. Да найбольш беднай катэгорыі палачанаў адносіліся: наёмныя рабочыя, чаляднікі, прыслуга.

Каля 1490 г. тут нарадзіўся беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, вучоны-медык, асветнік і дзеяч культуры эпохі Адраджэння Францыск Скарына, які стварыў у Празе першае ў гісторыі беларускае выдавецтва. У 1517–1519 гг. ён пераклаў, пракаменціраваў і надрукаваў 23 кнігі Бібліі.

У 1498 г. Полацк атрымаў грамату на магдэбургскае права – самакіраванне. 3 ХVІ ст. горад меў свой герб: у блакітным полі трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі, вада сярэбраная. Права выканаўчай улады ў горадзе перайшло да магістрата, рэзка абмяжоўвалася роля намесніка. Магістрат складаўся з 20 радцаў, бургамістраў і лаўнікаў-суддзяў. У ХІV– ХVІ стст. плошча горада складала каля 120 га, колькасць жыхароў – каля 20 тыс. чалавек. Горад складаўся з Верхняга і Ніжняга замкаў, 6 пасадаў: Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага, Якіманскага, Крыўцова, Слабадскога, было каля 80 вуліц і завулкаў. Як важны стратэгічны пункт Полацк меў развітую сістэму абарончых умацаванняў. Дзякуючы славутай рацэ, Полацк быў звязаны гандлёвымі шляхамі з усім тагачасным светам. Праз горад праходзілі важнейшыя транзітныя шляхі з Еўропы на Ноўгарад і Маскву, з Масквы на Царград (Канстанцінопаль). Полацк меў сваю гандлёвую спецыялізацыю. Двойчы на год у горадзе праводзіліся ярмаркі, кожная па 2 тыдні.

У пачатку ХVI ст. усё часцей і нахабней станавіліся напады на Полацк з боку Маскоўскай дзяржавы. Каб выстаяць, горад павінен быў увесь час клапаціцца пра надзейнасць сваёй абароны. У 1552 г. адбылася рэвізія месца Полацкага, дакументы якой дайшлі да нашага часу. Горад дзяліўся на 6 пасадаў, або канцоў. Насупраць Сафійскага сабора на Дзвіне існаваў востраў даўжынёю каля вярсты, дзе знаходзіўся манастыр Іаана Прадцечы. Замак быў вырублены з хваёвага бярвення і налічваў 9 вежаў. У сутоку Дзвіны і Палаты стаяла Вусценская вежа з уздымным мастом на ланцугах. Крыху пазней на Верхнім замку паўстала магутная мураваная вежа, вядомая пад назвай Каралеўская, або Красная. Абнесеныя ровам і валам замкавыя ўмацаванні цягнуліся на 1400 м, агульная ж даўжыня гарадскіх сцен складала на той час 4,8 км. Полацк усё болей і болей пачынаў нагадваць пагранічную крэпасць. Аднак у час Лівонскай вайны (1558–1583 гг.) горад у 1563 г. занялі войскі Івана IV. Полацк быў разбураны, а ўсіх палачан абвясцілі палоннымі. На месцы спаленага полацкага пасада заваёўнікі рукамі гараджан збудавалі Ніжні замак. У замку жылі толькі царскія ваякі, ад чаго паходзіць іншае яго найменне – Стралецкі. Страта Полацка і жорсткая расправа з яго абаронцамі выклікала гучны рэзанас у многіх краінах. Менавіта гэта падзея прыспешыла заключэнне Люблінскай уніі ў 1569 г. У 1579 г. горад быў адваяваны войскамі Стэфана Баторыя.

У 1580 г. у Полацк запрошаны прадстаўнікі ордэна езуітаў. У тым жа годзе тут былі закладзены драўляныя будынкі езуіцкага касцёла і кляштара, а ў 1-й палавіне ХVIII ст. пастаўлены мураваныя будынкі калегіума (у 1812 г. калегіум пераўтвораны ў езуіцкую акадэмію). Тут выкладалі граматыку, рыторыку, паэтыку, лацінскую і старажытнагрэчаскую мовы, філасофію, фізіку, астраномію. Першым рэктарам калегіума быў царкоўны і палітычны дзеяч, пісьменнік Пётр Скарга. У 1618–1621 гг. і 1626–1627 гг. лекцыі чытаў паэт-гуманіст Мацей Казімір Сарбеўскі. Пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр, былі друкарня, бібліятэка, карцінная галерэя, музей. З прыняццем Брэсцкай уніі ў 1596 г. Сафійскі сабор стаў кафедральным уніяцкім саборам. У 1601 г. у Полацку ўзніклі рамесніцкія цэхі кавалёў, слесараў, мечнікаў, кацельшчыкаў, залатых спраў майстроў і інш.

З-за бясконцых цяжкіх войнаў ХVII ст. таксама прынесла Полаччыне шмат стратаў. Пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667 гг.) Полацк у 1654 г. быў заняты рускімі войскамі. Шмат полацкіх майстроў, пісьменнікаў, працавітых людзей было вывезена ў Маскву. Туды ж выехаў і беларускі і рускі паэт, драматург, педагог, рэлігійны і грамадскі дзеяч Сімяон Полацкі. 3 1664 г. ён жыў у Маскве, заснаваў там незалежную ад патрыяршай цэнзуры друкарню, быў выхавацелем дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча. У 1667 г. Полацк быў вернуты Рэчы Паспалітай.

У Паўночную вайну 1700–1721 гг. Полаччына зноў стала тэатрам вайсковых дзеянняў. Каля Полацка стаялі рускія войскі. У чэрвені 1705 г. іх наведаў цар Пётр І і правёў тут месяц. Гэтыя гасціны прынеслі гораду адны няшчасці. Цар неспрыяльна ставіўся да ўніятаў, якіх у гэты час у Полацку было вельмі шмат. Па яго загаду Сафійскі сабор, галоўны храм беларускіх уніятаў, быў ператвораны ў вайсковы склад, дзе трымалі амуніцыю і коней, а ў сутарэннях – парахавыя запасы. Гэта было небяспечна для святыні. У 1710 г., напярэдадні адыходу з Полацка расійскіх войск, магутны выбух ператварыў Сафійскі сабор у руіны. Нялёгкі клопат аднаўлення старажытнага храма ўсклаў на сябе полацкі ўніяцкі арцыбіскуп Фларыян Грабніцкі. Адбудова доўжылася з 1738 да 1750 г.

У выніку 1-га і 2-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 г. да Расійскай імперыі адышла правабярэжная, а ў 1793 г. – левабярэжная часткі горада. У 1772–1776 гг. Полацк быў цэнтрам Полацкай правінцыі, у 1776 г. ён стаў цэнтрам утворанай Полацкай губерні, а ў 1778–1796 гг. – Полацкага намесніцтва. З 1796 г. – павятовы горад Беларускай, з 1802 г. – Віцебскай губерняў. У 1778 г. для правабярэжнай часткі горада быў распрацаваны рэгулярны план забудовы. Уздоўж Заходняй Дзвіны па галоўнай вуліцы (сучасны праспект К. Маркса) запланаваны 3 плошчы, адна з іх галоўная, другая – гарадскога магістрата, а таксама 3-я плошча – гандлёвая. На галоўнай плошчы (пазней названа Параднай, потым Корпуснай) у канцы ХVIIІ – пачатку ХІХ стст. былі пабудаваны адміністрацыйныя будынкі. У Запалоцці таксама былі запланаваны 3 плошчы.

У 1780 г. Полацк наведала Кацярына II.

У 1781 г. горад атрымаў новы герб: на сярэбраным полі выява конніка са шчытом і ўзнятым мячом. У 1786 г. Полацк налічваў 746 двароў, 5326 жыхароў, 222 дзесяціны і 1508 сажняў зямлі. Сярод насельніцтва горада – купцы-хрысціяне, мяшчане-хрысціяне, купцы-яўрэі, мяшчане-яўрэі. У горадзе дзейнічалі каталіцкі кляштар, 2 уніяцкія царквы, 2 яўрэйскія малітоўныя школы, піваварня, 9 казённых дамоў, 12 гарбарных заводаў, 56 гандлёвых лавак. Харчовы гандаль праводзіўся 3 разы на тыдзень.

У вайну 1812 г. 26 ліпеня Полацк захапілі французскія войскі. 7 кастрычніка 1812 г. горад вызвалілі рускія войскі, апалчэнцы і партызаны. У выніку ваенных дзеянняў 1812 г. Полацк значна пацярпеў. Многія будынкі яго былі спалены ці разбураны. Вайна шмат загубіла гарадскога насельніцтва, цяжка адбілася на развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

У ХІХ ст. у горадзе пераважала рамесная вытворчасць. У 1818 г. праз Полацк праходзілі 3 паштовыя тракты: пецярбургскі, рыжскі і віцебскі разам з магілёўскім. 5 купецкіх трактаў: віленскі, лепельскі і бешанковіцкі з левага боку Дзвіны, дзісенскі і невельскі – з правага боку. 3 разы на тыдні ў Полацку праводзіліся таргі, а 2 разы на год – кірмашы, якія называліся Краснік і Збор. Горад у гэты час падзяляўся на часткі: Прыдзвінне, Задзвінне, Запалоцце, Верхні і Ніжні замкі.

У 1835 г. на базе езуіцкай акадэміі і піярскага вучылішча быў адкрыты кадэцкі корпус, які рыхтаваў для вайсковай службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў.

У 1838 г. распрацаваны праект плана забудовы для ўсяго горада. Паводле гэтага плана рэгулярная сістэма планіроўкі развівалася і ў Задзвінскай частцы. У яе цэнтры была запраектавана прамавугольная плошча. Новыя жылыя кварталы забудаваны ў паўночна-ўсходняй частцы горада. У 1839 г. у Полацку адбыўся царкоўны сабор, на якім была прынята пастанова аб далучэнні ўніяцкай царквы да праваслаўнай. У 1840–1850 гг. у горадзе працавала да 9 гарбарняў, 3–5 цагельняў, 2–3 піваварні, 8–10 ганчарняў. У 1860 гг. тут была тытунёвая фабрыка, гарэлачны завод. Даволі прыкметна развіваўся гандаль. У 1866 г. адкрыты рух на ўчастку Дынабург–Полацк Рыга–Арлоўскай чыгункі. Гэта паспрыяла яшчэ большаму развіццю ў горадзе гандлю. У 1872 г. была адкрыта настаўніцкая семінарыя. Паводле перапісу 1897 г., у горадзе 20 294 жыхары.

У пачатку ХХ ст. Полацк размяшчаўся на абодвух берагах Заходняй Дзвіны і Палаты. У гэты час у Полацку працавалі жаночая дзяржаўная гімназія, 6 вучылішч, 5 царкоўнапрыходскіх школ, яўрэйская рэлігійная школа. У 1903–1904 гг. налічвалася 288 рамесных майстэрняў. Даведнік, выдадзены ў 1910 г. з нагоды вяртання на радзіму мошчаў святой Еўфрасінні, паведамляе пра 3 манастыры і больш за 2 дзесяткі храмаў розных канфесій. У горадзе ўсё больш адчуваецца подых новага часу. Падарожнік мог спыніцца ў адной з 3 полацкіх гасцініц: «Віленскай», «Славянскай» ці ў «Гранд-гатэлі», або ў мэбляваных пакоях, якіх было 12. На вуліцах горада ў 1915 г. з'явіўся першы аўтамабіль. На два гады раней дала ток першая электрастанцыя. Напярэдадні Першай сусветнай вайны горад меў 3 кінатэатры, самы вялікі з якіх «Эдэм». У Полацку часта гастралявалі тэатральныя трупы, а ў 1910 г. упершыню з поспехам выступіў першы прафесійны беларускі тэатр Ігната Буйніцкага.

У 1-ю сусветную вайну Полацк зрабіўся прыфрантавым горадам. Многія прадпрыемствы горада былі ваенізаваны. На патрэбу фронта пачалі працаваць многія рамесныя майстэрні. У 1915 г. з горада пачалася паспешлівая эвакуацыя. У першую чаргу эвакуіравалі розныя ўстановы, у тым ліку навучальныя. Горад запоўніўся войскамі і бежанцамі з заходніх раёнаў краіны. У прыфрантавым Полацку было разгорнута больш 10 шпіталяў. На вялізным полі за заходняй ускраінай горада быў пабудаваны аэрадром. У горадзе размясцілася авіяцыйная часць.

У 1916 і пачатку 1917 гг. у горадзе нелегальна працавалі 2 бальшавіцкія палітычныя гурткі. У іх уваходзілі некалькі рабочых і салдат. У 1917 г. некаторыя члены гэтых гурткоў уступілі ў бальшавіцкую партыю. Кіравала гэтымі гурткамі работніца-швяя Е. А. Волкінд, член партыі з 1912 г.

 

 

Полацк. Вид на горад. 1890. Фотаздымак з сайта http://www.etoretro.ru/Полацк. Вид на горад.1910. Фотаздымак з сайта http://www.etoretro.ru/Полацк. Кадецкі корпус. 1904. Фотаздымак з сайта http://www.etoretro.ru/Полацк. Вид на Ўсходнюю старану. Фотаздымак з сайта http://orda.of.by/

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ад Полацка пачаўся свет / тэкст У. Арлова ; маст. З. Герасімовіч. – Мінск : Рыфтур, 2005. – 141 с.

2. Алексеев, Л. В. Полоцкая земля / Л. В. Алексеев ; [вст. ст. Л. Ф. Данько, А. И. Судника]. – Полоцк : Полоцкое книжное издательство, 2010. – 50, [2] c. – (Наследие Полоцкой земли).

3. Беларускі горад у часе і прасторы: 500 гадоў Полацкай магдэбургіі : зборнік навуковых прац / рэдкал. Г. В. Штыхаў, Э. Р. Іофе, В. І. Шайкоў. – Наваполацк : ПДУ, 2001. – 292 с.

4. Варонін, В. Полацк / В. Варонін // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; маст. З. Э. Герасімовіч. – Мінск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : К–Я. – С. 443–445.

5. Гальпяровіч, Н. Я. Полацк – бацька гарадоў беларускіх / Н. Я. Гальпяровіч, Н. Г. Ваніна ; [рэдкал.: Н. Г. Ваніна (і інш.) ; фота З. Э. Герасімовіч (і інш.)]. – Мінск : Пачатковая школа, 2010. – 95 с. – (Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі).

6. Данилевич, В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца ХIV столетия / В. Е. Данилевич. – Киев : Типография Императорского университета Св. Владимира В. И. Завадзкаго, 1896. – 80 с.

7. Зорин, Н. Минувшее и настоящее г. Полоцка (К торжеству перенесения мощей пр. Евфросинии из Киева в Полоцк) : краткий исторический очерк / Н. Зорин. – Полоцк : Типография Х. В. Клячко, 1910. – 36 с.

8. Каліноўскі, І. І. Полацк і яго ваколіцы / І. І. Каліноўскі ; фота Э. Цецярэўскага; пер. на англ. мову С. І. Русанавай, Н. С. Царык. – Мінск : Вышэйшая школа, 2005. – 143 с.: іл.

9. Мацук, А. Полацкае ваяводства ў XVIII ст.: ваявода, шляхецкая эліта, соймікі / А. Мацук. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – 233 с.

10. Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – 912 с.: іл.

11. Плавинский, Н. Полоцкое княжество в Х–ХI веках / Н. Плавинский // Полоцкое войско времен первых князей / Н. Плавинский. – Минск : Издатель А. Н. Вараксин, 2013. – С. 4–12.

12. Полоцк // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / ред. совет: Т. В. Белова [и др.]. – 2-е изд. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – С. 250–255.

13. Полоцк : [монография] / О. Н. Левко [и др.]. – Минск : Беларуская навука, 2012. – 743 с.

14. Рэвізія Полацкага ваяводства 1552 года / уклаў і аўт. прадмовы Васіль Варонін. – Менск, 2011. – 271 с.

15. Черемин, А. А. Полоцкое княжество (IX–XIV века) : [монография] / А. А. Черемин. – Минск : Белорусский Дом печати, 2013. – 272 с.

16. Штыхов, Г. В. Старший город Полоцк / Г. В. Штыхов // Города Полоцкой земли (IX–XIII вв.) / Г. В. Штыхов. – Минск : Наука и техника, 1978. – С. 26–31.

17. Янушкевич, А. Начало широкомасштабной войны. Полоцкая кампания 1563 г. / А. Янушкевич // Ливонская война 1558–1570 гг. и Великое княжество Литовское / А. Янушкевич. – Минск : Медисон, 2013. – С. 56–79.