Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. г. Полацк. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

Пра перамогу рэвалюцыі ў Петраградзе ў Полацку стала вядома ўжо 28 лютага. Раней за ўсіх даведаліся салдаты лётнай часці, якая стаяла паблізу горада на аэрадроме. Назаўтра пра перамогу рэвалюцыі ведаў ужо ўвесь горад. 2 сакавіка ў Полацку адбылася масавая дэманстрацыя, у якой прынялі ўдзел рабочыя, салдаты, дэмакратычная інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь. Людскі паток запоўніў усе вуліцы. 3 сакавіка рабочыя горада пры падтрымцы салдат раззброілі паліцыю і жандармерыю, у гэтай акцыі ўдзельнічала і група агітатараў, якая прыбыла са сталіцы ў Полацк па даручэнню Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

У першыя дні рэвалюцыі ў Полацку праходзілі выбары ў Савет рабочых дэпутатаў. Ініцыятыва іх правядзення належала бальшавікам і рабочым, якія працавалі ў майстэрнях Усерасійскага земскага саюза. У самым пачатку сакавіка, адразу ж пасля паведамлення з Петраграда, рабочыя гэтых майстэрняў на сваіх сходах правялі выбары дэпутатаў у Полацкі Савет і даручылі ім звярнуцца да ўсіх рабочых горада з заклікам падтрымаць.

На працягу 2–3 дзён дэпутаты Савета былі абраны ад усіх прадпрыемстваў і ўстаноў горада, а таксама ад рабочых і служачых чыгункі. Затым на сходзе дэпутатаў быў абраны выканкам Савета. 15 сакавіка Полацкі Савет рабочых дэпутатаў прыступіў да работы. Некалькі раней у часцях Полацкага гарнізона прайшлі выбары ў Савет салдацкіх дэпутатаў і адбыліся выбары яго кіруючага органа.

У хуткім часе на агульным сходзе дэпутатаў абодвух Саветаў было прынята рашэнне аб іх аб'яднанні ў адзін савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выканкам аб'яднанага савета размясціўся ў цэнтры горада ў гасцініцы «Гранд-атэль». Большасць месц у полацкім Савеце захапілі эсэры, меншавікі, бундаўцы, якія заявілі пра неабходнасць падтрымкі Часовага ўрада. Адначасова з арганізацыяй Савета ўтварыліся прафсаюзы і фабрычна-завадскія камітэты. Было створана Цэнтральнае гарадское прафсаюзнае бюро.

2 сакавіка на пасяджэнні гарадской думы быў утвораны «гарадскі грамадскі камітэт». У хуткім часе пры ўдзеле «камітэта» і прадстаўнікоў губернскіх органаў Часовага ўрада былі ўтвораны гарадскі і павятовы камісарыяты як органы новай буржуазнай улады. Такім чынам, у Полацку ўзнікла двоеўладдзе. З 17 красавіка Полацкі Савет пачаў выдаваць свой друкаваны орган – газету «Революционный голос».

25 красавіка 1917 г. Полацкі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў абмеркаваў пытанне «Аб харчовым становішчы горада і павета» і прыняў рашэнне прыступіць да ўліку прадуктаў, якія маюцца ў прыватных гандляроў, а рэквізіцыю на вёсцы пачаць з буйных землеўладальнікаў.

Перад бальшавікамі Полацка паўстала задача аб'яднаць і ўмацаваць свае рады, узмацніць агітацыю і прапагандысцкую работу сярод працоўных горада і павета, салдат гарнізона. Трэба было вырваць іх з-пад уплыву згоднікаў і павесці за сабой на барацьбу за сацыялістычную рэвалюцыю.

Афармленне Полацкай арганізацыі РСДРП адбывалася ва ўмовах вострай палітычнай барацьбы. У 1905 г. арганізацыя налічвала больш за 150 членаў партыі, якія стаялі на бальшавіцкіх пазіцыях. У гады рэакцыі работа арганізацыі аслабла, у Полацку пашыралася дзейнасць Віцебскай арганізацыі РСДРП. Кадравых прамысловых рабочых у горадзе было нямнога, большасць працоўных складалі рамеснікі, занятыя ў дробных саматужных майстэрнях. Будучы раз'яднанымі па дробных прадпрыемствах, яны былі разгрупаваны таксама па нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці. У паравозным дэпо, чыгуначных майстэрнях, хлебапякарнях і ў будаўніцтве былі заняты амаль выключна беларусы і рускія, на іншых прадпрыемствах, у саматужных майстэрнях і ў гандлі былі пераважна яўрэі, якія складалі амаль палову насельніцтва горада.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі ў Полацку ішла барацьба за ўплыў сярод працоўных з боку розных дробнабуржуазных партый, якім да канца чэрвеня супрацьстаялі толькі бальшавікі-адзіночкі.

Полацкая арганізацыя РСДРП аформілася ў канцы чэрвеня 1917 г. Летам у яе сладзе было 30–40 чалавек з ліку салдат мясцовага гарнізона, мясцовых рабочых і інтэлігенцыі. Яна называлася «Полацкая арганізацыя РСДРП (аб'яднаных інтэрнацыяналістаў)» і толькі напярэдадні Кастрычніка стала называцца бальшавіцкай. Найбольш моцным уплывам арганізацыя карысталася сярод рабочых паравознага дэпо, рабочых-будаўнікоў, пекараў.

У канцы ліпеня Полацкая арганізацыя РСДРП вырашыла ўступіць у арганізацыйную сувязь з ЦК РСДРП(б). Ён, у сваю чаргу, накіроўваў Полацкай арганізацыі інструкцыйныя ўказанні, рэзалюцыі з'ездаў, дапамагаў у атрыманні партыйнай літаратуры.

У час карнілаўскага мяцяжу вырас уплыў бальшавікоў у Полацкім Савеце на працоўных горада. 1 кастрычніка 1917 г. адкрылася 1-я Віцебская губернская канферэнцыя бальшавікоў, у рабоце якой прымала ўдзел дэлегацыя з Полацка. Восенню 1917 г. у горад пераехаў штаб 3-й арміі, прыбылі новыя вайсковыя часці. Пачала працаваць моцная армейская бальшавіцкая арганізацыя. Барацьба за ўстанаўленне савецкай улады ў 3-й арміі, Полацку і павеце была жорсткая.

З канца лістапада 1917 г. армейская і гарадская бальшавіцкая партыйная арганізацыі, армейскі камітэт і Полацкі Савет наладзілі сумесную працу. Звесткі пра іх дзейнасць друкавала газета «Известия Военно-Революционного комитета 3-й армии».

2 снежня 1917 г. у Полацку ў будынку кадэцкага корпуса адкрыўся трэці надзвычайны з'езд салдацкіх дэпутатаў 3-й арміі. Ён праходзіў пад уплывам бальшавікоў. Абмеркаваў шэраг важнейшых пытанняў: аб бягучым моманце, аб дэмакратызацыі і дэмабілізацыі арміі і інш. У абраны з'ездам новы склад армейскага камітэта ўвайшлі 100 чалавек, з іх 75 былі бальшавікамі. З'езд даслаў прывітальную тэлеграму Савету Народных Камісараў.

У канцы снежня па ініцыятыве бальшавікоў адбылося аб'яднанне Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў з Саветам сялянскіх дэпутатаў у Полацкі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Старшынёй Савета быў абраны бальшавік І. Л. Коган, пасля яго змяніў Ф. П. Лук'янаў. У прэзідыум Савета, апрача іх, увайшлі члены армейскага камітэта М. С. Хамутоў, Дз. І. Яфрэтаў, І. Ф. Свадкоўскі і С. Н. Чудоўскі, некалькі сялян – прыхільнікаў бальшавікоў і 2 левыя эсеры.

У складзе Савета былі створаны секцыі і камісіі: фінансавая, прадуктовая, ваенная, аховы народнага здароўя і інш. Да работы па самакіраванню працягваліся члены Савета і актыў працоўных. Абапіраючыся на іх, Савет праводзіў мерапрыемствы па ўмацаванню савецкай улады.

Друкаваным органам стала газета «Известия армейского Совета солдатских депутатов 3-й армии, Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». У студзені 1918 г. у горадзе быў утвораны аб'яднаны рэўтрыбунал. Яго старшынёй быў абраны В. М. Вашчанка.

Пасля перамогі савецкай улады ў 3-й арміі аўтарытэт і ўплыў бальшавіцкіх арганізацый у горадзе яшчэ больш выраслі. Полацкі Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў згодна з дэкрэтам СНК нацыяналізаваў і ўзяў пад свой кантроль усе прадпрыемствы, маёмасць арганізацый. Дэкрэтам ад 14 студзеня 1918 г. былі нацыяналізаваны прыватныя тэатры і кінематограф. Савет прыступіў да наладжвання вытворчасці тавараў і прадуктаў, якія карысталіся найбольшым попытам. Сумесна з прафсаюзамі Савет ажыццявіў некаторыя мерапрыемствы па паляпшэнню ўмоў працы і быту рабочых: на прадпрыемствах быў уведзены 8-гадзінны рабочы дзень, многія сем'і рабочых пераселены з падвалаў і баракаў у добраўпарадкаваныя кватэры, якія належалі панам і капіталістам, а ўладальнікаў пацяснілі. Фінансавы аддзел Савета ўзяў пад свой кантроль банкі, друкарні, сталовыя і гасцініцы. Для ўсіх працоўных была ўведзена бясплатная медыцынская дапамога. Быў створаны аддзел народнай адукацыі, былі праведзены рэформы і ўведзена бясплатнае навучанне. Школа была адлучана ад царквы.

Устанаўленне савецкай улады і яе першыя крокі ў галіне эканомікі і культуры сустракалі процідзеянне з боку меншавікоў, эсэраў, бундаўцаў. У пачатку студзеня 1918 г. контррэвалюцыйныя элементы спрабавалі выклікаць беспарадкі і ўчыніць пагром ў горадзе. Былыя чыноўнікі арганізоўвалі сабатаж у сферы размеркавання. 26 снежня быў расфарміраванны ваенна-рэвалюцыйны камітэт 3-й арміі. Замест яго створаны прэзідыум Выканаўчага бюро армейскага Савета.

У Полацку пачалося фарміраванне рэвалюцыйнай арміі на Заходнім фронце. На базе існуючых часцей 3-й арміі былі створаны 2 дывізіі. 6 студзеня 1918 г. створаны Савет па фарміраванню чырвонагвардзейскіх часцей. 15 студзеня 1918 г. СНК выдаў дэкрэт аб утварэнні Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі.

У сакавіку 1918 г. у сувязі з набліжэннем да Полацка нямецкіх войск армейскі Савет 3-й арміі зноў утварыў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. ВРК прыняў рашэнне аб эвакуацыі з горада найбольш каштоўнай ваеннай маёмасці. У час наступлення нямецкіх войск развед-атрады чырвонаармейцаў пад камандаваннем А. А. Вашнёва, Д. І. Яфрэтава і інш. вялі разведку на чыгунках у бок Дзвінска і Маладзечна, узарвалі масты на чыгунцы, чым затрымалі рух праціўніка. Пасля заняцця немцамі Мінска і прасоўвання іх у напрамку Оршы і Віцебска над Полацкам навісла пагроза акружэння. ВРК прыняў рашэнне пра тэрміновую эвакуацыю. У ноч на 25 лютага 1918 г., калі немцы знаходзіліся ўжо на подступах да горада, адышлі апошнія эшалоны з ваеннай маёмасцю ў бок Невеля. 25 лютага ў тым жа напрамку адправіўся эшалон з чырвонаармейцамі і членамі армейскага Савета. У той жа дзень у Полацк уварваліся немцы. У горадзе для падпольнай работы засталася група бальшавікоў.

У Полацк па чыгунцы з боку Дрысы прыбылі платформы з пушкамі і кулямётамі і вагоны з салдатамі. Групай войск, якая захапіла горад, камандаваў палкоўнік фон Фюрстэнау. Ён стаў камендантам горада. У першыя дні акупацыі немцы ліквідавалі ў горадзе ўсе органы савецкай улады і ўстанавілі жорсткі акупацыйны рэжым. Былі заняты ўсе лепшыя дамы, захоплены інтэнданцкія склады былой 3-й арміі з маёмасцю, запасы розных матэрыялаў і прадуктаў харчавання, якія меліся ў горадзе. Нарабаванае цягнікамі адпраўлялася ў Германію. Акупанты ўчынялі расправы над былымі работнікамі савецкіх устаноў, членамі бальшавіцкай партыі, чырвонаармейцамі, мірнымі жыхарамі. Нямецкія акупацыйныя ўлады ўстанавілі ў горадзе ваенна-каланіяльны рэжым. З прыходам немцаў у Полацк вярнуліся «грамадскія дзеячы», якія пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былі арыштаваны або хаваліся. З'явіліся ранейшыя прыставы і гарадавыя. У горадзе спынілі работу амаль усе прадпрыемствы, саматужныя майстэрні, закрыліся ўстановы. Актыўна ў Полацку вялася падпольная барацьба з акупантамі. Паступова нямецкая ўлада пачала слабець.

Раніцай 21 лістапада 1918 г. у Полацк уступілі савецкія войскі. У той жа дзень у вызваленым горадзе быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны Савет, разгарнулі дзейнасць органы савецкай улады. Пачаў аднаўляцца чыгуначны вузел у Полацку. Павятовы Савет народнай гаспадаркі ўвёў кантроль за работай усіх прамысловых, гандлёвых і камунальных прадпрыемстваў. Аддзел народнай асветы ўзяў на ўлік і аб'явіў уласнасцю дзяржавы ўсе школьныя будынкі і іх маёмасць, правёў рэгістрацыю настаўнікаў і перапіс дзяцей школьнага ўзросту. Школу аддзялілі ад царквы. У канцы красавіка 1919 г. у Полацку было 11 школ. Аднавіла работу настаўніцкая семінарыя. Працавалі 4 дзіцячыя прыюты і 4 дзіцячыя сады. Вялася работа па ліквідацыі непісьменнасці. У студзені 1919 г. была адчынена цэнтральная бібліятэка, у чэрвені – павятовы музей. Уводзілася бясплатная медыцынская дапамога, стваралася і пашыралася сетка медыцынскіх устаноў. Былі нацыяналізаваны прыватныя аптэкі. 26 снежня 1918 г. лічыцца днём нараджэння Полацкай камсамольскай арганізацыі. У гэты дзень адбыўся мітынг. У ліку першых у камсамол былі прыняты найбольш актыўныя маладыя рабочыя друкарні, чыгункі, іншых прадпрыемстваў. Старшынёй камсамольскай арганізацыі быў абраны малады камуніст Н. Пруслін, яго намеснікам рабочы друкарні А. Гіндзін. 22 лістапада 1918 г. аднавілі работу прафсаюзы друкароў, будаўнікоў, рымараў, фатографаў, фармацэўтаў і інш., да канца года яны аб'ядналіся ў гарадскую прафсаюзную арганізацыю.

Далейшае ажыцяўленне сацыялістычных пераўтварэнняў у Полацку было спынена польскай акупацыяй часткі горада. У 2-й палове жніўня 1919 г. фронт наблізіўся да горада. 22 жніўня быў створаны павятовы рэвалюцыйны камітэт. Полацк быў аб'яўлены на асадным становішчы. 23 жніўня некаторыя ўстановы былі эвакуіраваны. Горад рыхтаваўся да абароны. Наступленне польскіх войск было спынена за 20–25 км ад горада. Увосень 1919 г. у сувязі з наступленнем польскіх войск на тэрыторыі горада і павета актывізавалася антысавецкая дзейнасць. У верасні 1919 г. над горадам навісла пагроза акупацыі. 20 верасня 1919 г. польскія войскі выйшлі на паўднёвую ўскраіну Полацка – Задзвінне. Пачалася пазіцыйная вайна, якая доўжылася 8 месяцаў і нанесла Полацку, падзеленаму лініяй фронту, велізарныя страты. Доўгі час абарону на тэрыторыі Полацкага павета трымалі часці 17-й пяхотнай дывізіі, штаб якой знаходзіўся ў Полацку. Горад жыў франтавым жыццём. Асноўная частка насельніцтва заставалася ў асаджанным горадзе, тут жа працаваў гарадскі рэвалюцыйны камітэт. Не хапала прадуктаў, паліва. Для абарончых работ былі створаны рабочыя дружыны, у якія ўключана ўсё працаздольнае насельніцтва. Акопы капаліся пераважна ўначы. Пад абстрэламі працавалі полацкія чыгуначнікі. У асаджаным горадзе дзейнічалі школы і медыцынскія ўстановы.

Вясной 1920 г. на Заходні фронт былі перакінуты новыя воінскія часці. У Полацку ствараліся камуністычныя атрады для барацьбы з ворагам. 14 мая 1920 г. войскі Заходняга фронту перайшлі ў наступленне. Пад ударамі Чырвонай Арміі польскія часці адступілі. 15 мая левабярэжная частка Полацкага павета была вызвалена. Пасля вызвалення горад стаў прыфрантавым. Тут размясціліся шпіталі, базы. Да канца ліпеня польскія акупанты былі выгнаны за межы Беларусі.

18 сакавіка 1921 г. быў заключаны Рыжскі мірны дагавор. Заходнія вобласці Беларусі адыйшлі да Польшчы. Полаччына ўвайшла ў склад РСФСР. Мяжа прайшла непадалёку ад Полацка, месцамі за 25–30 км ад горада. Полацк стаў прыгранічным.

У выніку нямецкай і польскай акупацый горад быў разбураны на 75%. Выведзены са строю амаль усе прамысловыя прадпрыемствы. Не было паліва. Сотні працоўных аказаліся беспрацоўнымі. У канцы 1920 г. у горадзе праведзены перапіс насельніцтва, усіх пабудоў. У лістападзе 1920 г. пачата будаўніцтва чыгуначнага маста праз Заходнюю Дзвіну. Былі выкананы самыя неабходныя работы па добраўпарадкаванню вуліц горада, адрамантавана камунальная лазня. У студзені 1925 г. вуліцы горада атрымалі электрычнае асвятленне. З 1920 г. па вул. К. Маркса пачаў дзейнічаць дом дзіцяці імя Самойлавай. У гэтым жа годзе быў адкрыты інвалідны дом на 15 чалавек. Але яго памяшканне не адпавядала свайму прызначэнню, таму ў 1925 г. ён быў рэарганізаваны ў інтэрнат для інвалідаў і пераведзены на самаабслугоўванне. У сакавіку 1922 г. пачаў дзейнічаць дзяржстрах. У 20-я г. у Полацку развівалася пераважна дробная прамысловасць і 197 некаапераваных саматужнікаў. У ліку першых была адноўлена электрастанцыя. У сакавіку 1921 г. электрастанцыя дала ток. Для аднаўлення эканомікі вялікае значэнне меў пуск цагельнага завода па Лагернай вуліцы. 15 лютага 1923 г. пастановай УЦВК было ўведзена новае раёнаванне Віцебскай губерніі. З 1924 г. Полацк увайшоў у склад БССР, стаў цэнтрам Полацкага павета Віцебскай губерніі. У жніўні 1924 г. Полацк стаў цэнтрам Полацкай акругі. У 1930–1935 гг. ў сувязі са скасаваннем акруг Полацк быў цэнтрам раёна, а пасля аднаўлення акружнога дзялення ў 1935 г. зноў стаў цэнтрам акругі. Гаспадарчым жыццём горада кіраваў Полацкі гарадскі Савет, выбраны ў студзені 1921 г. У яго складзе былі рабочыя, служачыя і чырвонаармейцы. З 15 жніўня 1924 г. у Полацку дзейнічаў Полацкі акруговы аддзел народнай асветы. 18 ліпеня 1920 г. арганізавана Полацкая павятовая камісія па ахове помнікаў даўніны і мастацтва. З 1924 г. у горадзе пачаўся буйны гандаль лесам, які плытамі сплаўляўся ў Рыгу. У лістападзе гэтага ж года было адчынена Полацкае агенцтва дзяржаўнага банка. У 1926–1927 гг. узведзены новы будынак электрастанцыі, пастаўлены новыя рухавікі. У сакавіку 1925 г. пачалі працаваць лесапільны завод і паравы млын. З 1925 г. пачалося аб'яднанне саматужнікаў і дробных арцеляў у больш буйныя. Былі арганізаваны арцелі швейна-трыкатажная, «Праўда» (аб'ядноўвала бляхароў і металістаў), «Харчавік», абутковая «Чырвоная Полаччына», меблевая «Парыжская камуна». Набіраў сілу кааператыўны гандаль.

Станоўчыя змены адбываліся ў культурным жыцці. Быў арганізаваны лясны тэхнікум. У канцы 1920 г. у Полацку працавала 6 клубаў, 4 хаты-чытальні, 8 бібліятэк. Пры клубах ствараліся калектывы мастацкай самадзейнасці, працаваў інтэрнацыянальны народны хор, духавы і струнны аркестры. Пачаў працаваць кінатэатр «Інтэрнацыянал». У 1923–1924 гг. пабудаваны Чырвоны мост праз р. Палата. У сярэдзіне 1920-х г. павялічыліся выдаткі дзяржавы на ахову здароўя і сацыяльнае забеспячэнне насельніцтва. Камісія па ахове гістарычных помнікаў узяла на ўлік помнікі гісторыі і архітэктуры. У 1925 г. адбылося першае пасяджэнне полацкай філіі «Маладняка». У канцы 1926 г. маладыя літаратары Полацка выпусцілі свой першы літаратурны альманах «Надзвінне». Багатае літаратурнае жыццё Полацка дало пуцёўку ў творчы шлях многім вядомым майстрам беларускай літаратуры.

У гады 1-й пяцігодкі пачалося будаўніцтва новых і карэнная рэканструкцыя старых прадпрыемстваў. У канцы 1929 г. пачалі працаваць сельскагаспадарчыя майстэрні, у 1930 г. – птушкакамбінат. Полацк паступова стаў буйным эканамічным цэнтрам, які забяспечваў раёны паўночна-заходняй часткі Беларусі будаўнічымі матэрыяламі, мэбляй, гаспадарчым інвентаром. З пачаткам калектывізацыі працоўныя Полацка дапамагалі сялянству ў калгасным будаўніцтве.

Значна змяніўся воблік Полацка, ён стаў прамысловым і культурным цэнтрам на паўночным захадзе рэспублікі. Да пачатку 1940 г. у Полацку было 90 прамысловых прадпрыемстваў, працавалі 3 электрастанцыі, 109 магазінаў і 43 ларкі, 11 сталовых і рэстаранаў, 16 буфетаў і кафэ. У горадзе была арганізавана лодачная станцыя, створаны парк культуры і адпачынку. У пачатку 1940 г. у горадзе было 2 бальніцы, 2 паліклінікі, 2 кансультацыі і некалькі медпунктаў на прадпрыемствах. У Полацку працавалі 6 дзіцячых ясляў і 12 садоў, 16 агульнаадукацыйных школ і дзве вячэрнія, 4 сярэднія навучальныя ўстановы. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў Полацку дзейнічалі 11 клубаў, Дом настаўніка, гарадскі тэатр, кінатэатр і 5 стацыянарных ведамасных кінаўстановак, 9 масавых бібліятэк, краязнаўчы музей. Амаль усё створанае гадамі напружанай працы было разбурана ў гады Вялікай Айчыннай вайны

 

ЛІТАРАТУРА

1. Гальпяровіч, Н. Я. Полацк– бацька гарадоў беларускіх / Н. Я. Гальпяровіч, Н. Г. Ваніна. – Мінск : Пачатковая школа, 2010. – 96 с. : іл.

2. Каліноўскі, І. І. Полацк і яго ваколіцы / І. І. Каліноўскі ; фота Э. Цецярэўскага; пер. на англ. мову С. І. Русанавай, Н. С. Царык. – Мінск : Вышэйшая школа, 2005. – 143 с.: іл.

3. На крутым павароце гісторыі // Памяць : Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 317–381.

4. Победа великого Октября и защита его завоеваний // Полоцк : исторический очерк / редкол.: П. Т. Петриков [и др.]. – Изд. второе, перераб. и доп. – Минск : Наука и техника, 1987. – С. 128–158.