Азёры Полацкага раёна
- Подробности
- Створана 06.06.2019 07:26
- Адноўлена 02.09.2020 08:50
Арлея – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,65 км2, найбольшая глыбіня 2,7 м, даўжыня 2,33 км, найбольшая шырыня 0,43 км, даўжыня берагавой лініі 6,2 км, плошча вадазбору 12,3 км2. Размешчана ў басейне р. Сосніца, за 43 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Арлея. Схілы катлавіны вышынёй да 2 м, на паўночным захадзе да 15 м, парослыя хмызняком, на паўночным ўсходзе разараныя. Берагі нізкія, на захадзе сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, каля ўсходняга берага да глыбіні 1,5 м – апясчаненным ілам. Слаба зарастае да глыбіні 1–1,5 м. Упадаюць 3 ручаі, выцякае з р. Дражбітка.
Арэхаўна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,46 км2, найбольшая глыбіня 0,8 м, даўжыня 1,1 км, найбольшая шырыня 0,66 км, даўжыня берагавой лініі 3,16 км, плошча вадазбору 178,4 км2. Размешчана ў басейне р. Нача (выцякае з возера), за 26 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Арэхаўна. Схілы катлавіны вышынёй да 5–10 м, разараныя, на паўднёвым усходзе невыразныя, на поўдні абразійны ўступ вышынёй 3–4 м. Берагі сплавінныя, нізкія. Востраў плошчай 0,5 га. Уздоўж берагоў і вострава дно пясчанае, глыбей сапрапелістае. Упадаюць 2 ручаі і меліярацыйны канал, злучана пратокай з возерам Забеліна.
Астроўна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,41 км2, найбольшая глыбіня 3 м, даўжыня 1,22 км, найбольшая шырыня 0,45 км, даўжыня берагавой лініі 4,26 км, плошча вадазбору 3,96 км2. Размешчана ў басейне р. Ушача, за 22 км на паўднёвы захад ад г. Полацка, за 1,5 км на ўсход ад в. Шандзялы. Берагі нізкія, забалочаныя, параслі хмызняком. 3 астравы агульнай плошчай 3,6 га. Упадае ручай з возера Блізніца, выцякае ручай у возера Расна.
Бабына – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,49 км2, найбольшая глыбіня 32,3 м, даўжыня 1,33 км, найбольшая шырыня 0,56 км, даўжыня берагавой лініі 3,64 км, плошча вадазбору 5,8 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 15 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Бабынічы. Схілы катлавіны вышынёй ад 7 да 40 м, пад пашай або лесам. Ніжняя частка схілаў амаль паўсюдна ўтварае стромкі абразіўны ўступ вышынёй ад 1 да 9 м. Берагі нізкія, пясчаныя і гліністыя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, глыбей 8–10 м – ілістае. Зарастае, шырыня паласы расліннасці месцамі да 70 м. Злучана пратокай з возерам Бабынічы, упадаюць 4 невялікія ручаі.
Бабынічы – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,6 км2, найбольшая глыбіня 5 м, даўжыня 1,87 км, найбольшая шырыня 0,43 км, даўжыня берагавой лініі 4,53 км, плошча вадазбору 67,5 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 15 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Бабынічы. Схілы катлавіны вышынёй да 30–40 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на паўночным захадзе і захадзе сплавінныя. Дно плоскае, мелкаводдзе пясчанае, глыбей сапрапелістае. Моцна зарастае да глыбіні 2,5 м. Праз возера працякае р. Быстрыца. Злучана пратокай з возерам Бабына.
Белае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,09 км2, найбольшая глыбіня 3,1 м, даўжыня 1,42 км, найбольшая шырыня 1,18 км, даўжыня берагавой лініі 5,13 км, плошча вадазбору 34,7 км2. Размешчана ў басейне р. Дахнарка, за 5 км на поўнач ад г. Полацк, каля в. Гендзікі. Схілы катлавіны спадзістыя, пясчаныя, на ўсходзе і захадзе пад лесам, астатнія разараныя. Берагавая лінія ўтварае некалькі заліваў і паўастравоў. Берагі сплавінныя, на поўначы высокія, разбураюцца хвалямі, на поўдні і паўднёвым усходзе нізкія, пясчаныя. Дно плоскае, мелкаводдзе пясчанае. Зарастае да глыбіні 2 м. Упадае канал Рабінаўка. Злучана пратокай з возерам Чорнае. З'яўляецца месцам адпачынку.
Белае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1 км2, найбольшая глыбіня 19,6 м, даўжыня 1,56 км, найбольшая шырыня 1,1 км, даўжыня берагавой лініі 6,2 км, плошча вадазбору 1,8 км2. Размешчана ў басейне р. Дрыса, за 14 км на паўночны захад ад г. Полацк, каля вёсак Цінаўка і Азіна. Схілы катлавіны вышынёй да 25 м. Берагавая лінія ў заходняй частцы ўтварае некалькі заліваў і паўастравоў. Берагі спадзістыя, пясчаныя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей заілены пясок і ілы. Вада празрыстая. Падводная расліннасць пашырана да глыбіні 8–12 м. Расце ахоўная расліна – палушнік азёрны. З'яўляецца месцам адпачынку.
Блізніца – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,23 км2, найбольшая глыбіня 17 м, даўжыня 1,12 км, найбольшая шырыня 0,34 км, даўжыня берагавой лініі 2,39 км, плошча вадазбору 0,71 км2. Размешчана ў басейне р. Ушача, за 20 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Блізніца. Схілы катлавіны разараныя, на паўночным усходзе і захадзе пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на захадзе ўчасткамі нізкія, забалочаныя. Злучана ручаём з возерам без назвы.
Болныра (Болнара) – возера ў Полацкім раёне. Плошча 2,64 км2, найбольшая глыбіня 2,9 м, даўжыня 2,15 км, найбольшая шырыня 1,79 км, даўжыня берагавой лініі 6,4 км, плошча вадазбору 64,6 км2. Размешчана ў басейне р. Сосніца, за 40 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 4 км на паўднёвы ўсход ад в. Труды. Схілы катлавіны амаль не выражаны, берагі нізкія, забалочаныя, параслі лесам. Дно плоскае, ілістае. Расліннасць утварае паласу шырынёй да 150 м. Праз возера працякае р. Дражбітка, сцёк таксама па канаве ў р. Свіна.
Братаўна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,35 км2, найбольшая глыбіня 7 м, даўжыня 1,32 км, найбольшая шырыня 0,46 км, даўжыня берагавой лініі 3,43 км, плошча вадазбору 12,45 км2. Размешчана ў басейне р. Альзініца, за 34 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, за 1 км на паўночны захад ад в. Лабецкі. Схілы катлавіны вышынёй 10–15 м, пясчаныя і супясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на захадзе месцамі сплавінныя. Дно плоскае. Падводная расліннасць пашырана да глыбіні 3–3,5 м. У возера упадаюць 5 ручаёў, на ўсходзе выцякае ручай у возера Жадунь.
Валова – возера ў межах г. Полацк. Плошча 0,04 км2, даўжыня 0,25 км, найбольшая шырыня 0,2 км, даўжыня берагавой лініі 0,88 км. Размешчана ў басейне р. Палата. Схілы катлавіны вышынёй да 2 м, пад жылой забудовай. Вакол возера забалочаная пойма шырынёй да 150 м.
Варонічы (Варонеч) – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,17 км2, найбольшая глыбіня 5,9 м, даўжыня 4,94 км, найбольшая шырыня 0,55 км, даўжыня берагавой лініі 13,12 км, плошча вадазбору 793,2 км2. Размешчана ў басейне р. Ушача (працякае праз возера), за 16 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Варонічы. Схілы катлавіны вышынёй 2–8 м (заходнія і паўднёва-заходнія 10–18 м), на ўсходзе і захадзе разараныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, на ўсходзе месцамі высокія, зліваюцца са схіламі, на поўначы сплавінныя (шырыня сплавіны 5–15 м). 2 астравы ў паўночнай і цэнтральнай частках. Больш за 60 % плошчы возера зарастае, шырыня паласы расліннасці 15–150 м да глыбіні 3–3,4 м.
Велле – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,95 км2, найбольшая глыбіня 6,5 м, даўжыня 1,7 км, найбольшая шырыня 0,75 км, даўжыня берагавой лініі 5,25 км, плошча вадазбору 4,2 км2. Размешчана ў басейне р. Заходняя Дзвіна, за 16 км на паўночны захад ад г. Полацк, каля в. Баравуха 1-я. Схілы катлавіны пад лесам, месцамі разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, параслі хмызняком, на ўсходзе і поўдні забалочаныя.
Вырвіна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,63 км2, найбольшая глыбіня 22 м, даўжыня 1,5 км, найбольшая шырыня 1,6 км, даўжыня берагавой лініі 9,45 км, плошча вадазбору 5,5 км2. Размешчана ў басейне р. Сосніца, за 34 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 5 км на захад ад в. Труды. Сярод невялікіх пясчаных узгоркаў, пакрытых рэдкім хмызняком і хвоямі. Берагі стромкія, месцамі спадзістыя. Ёсць 2 невялікія астравы.
Вядзета – возера на мяжы Расонскага і Полацкага раёнаў. Плошча 4,5 км2, найбольшая глыбіня 12,2 м, даўжыня 4,6 км, найбольшая шырыня 1,6 км, даўжыня берагавой лініі 15,3 км, плошча вадазбору 26 км2. Размешчана на водападзеле рэк Дрыса і Палата, за 45 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, сярод лясных масіваў. Схілы катлавіны вышынёй 4–7 м. Берагі месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. Востраў плошчай 3,6 га. На захадзе злучана ручаём з возерам Глыбочына, на поўдні выцякае р. Вядзеціца.
Вялікае Астравіта – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,48 км2, найбольшая глыбіня 6 м, даўжыня 1,22 км, найбольшая шырыня 0,57 км, даўжыня берагавой лініі 3,28 км, плошча вадазбору 1,1 км2. Размешчана ў басейне р. Заходняя Дзвіна, сярод маляўнічага хваёвага лесу, за 50 км на паўночны ўсход ад г. Полацк. Схілы катлавіны на поўначы і ўсходзе вышынёй 10–11 м, на захадзе 4–5 м, на поўдні да 3 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, паўднёвыя тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыбіні 2 м пясчанае. Вада вызначаецца нізкай мінералізацыяй (менш за 20 мг/л) і вялікай празрыстасцю (да 5,3 м). Арганічнае жыццё развіта слаба. Надводная расліннасць утварае паласу ўздоўж берага шырынёй да 10 м. Дно да глыбіні 5 м выслана палушнікам азёрным, які занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Возера і прылеглая тэрыторыя абвешчаны аднайменным гідралагічным заказнікам.
Вялікае Белае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,48 км2, найбольшая глыбіня 10,2 м, даўжыня 2,65 км, найбольшая шырыня 0,81 км, даўжыня берагавой лініі 7,5 км, плошча вадазбору 3,2 км2. Размешчана ў басейне р. Заходняя Дзвіна, за 50 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, на поўдзень ад в. Белая. Схілы катлавіны вышынёй 11–17 м, стромкія, пад хваёвым лесам. Берагі высокія, на поўначы сплавінныя. Дно да глыбіні 5 м выслана пяском, да 6–7 м ілам, глыбей сапрапелем. У паўночнай частцы востраў плошчай 0,1 га і пясчаная водмель глыбінёй 0,1 м. Расце ахоўны від – палушнік азёрны, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Злучана пратокай з возерам Гваздок.
Гваздок – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,1 км2, даўжыня 0,62 км, найбольшая шырыня 0,27 км, даўжыня берагавой лініі 1,55 км, плошча вадазбору 1 км2. Размешчана ў басейне р. Свіна, за 52 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, на паўднёвы ўсход ад гідралагічных заказнікаў Глыбокае-Чарбамысла і Вялікае Астравіта, каля в. Белая. Схілы катлавіны вышынёй да 25 м, пад лесам. Злучана ручаём з возерам Вялікае Белае.
Глыбачка – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,29 км2, даўжыня 0,88 км, найбольшая шырыня 0,45 км, даўжыня берагавой лініі 2,1 км, плошча вадазбору 7,5 км2. Размешчана ў басейне р. Нежлеўка, за 18 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, за 1 км на паўднёвы ўсход ад в. Вераб'і. Схілы катлавіны вышынёй да 5 м, пад лесам і хмызняком, на захадзе ўчасткамі разараныя. Выцякае ручай у р. Нежлеўка.
Глыбокае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,42 км2, найбольшая глыбіня 11,5 м, даўжыня 1,11 км, найбольшая шырыня 0,8 км, даўжыня берагавой лініі 3,36 км, плошча вадазбору 1,9 км2. Размешчана ў басейне р. Заходняя Дзвіна, за 47 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 6 км на ўсход ад в. Малое Світна, у межах гідралагічнага заказніка Глыбокае-Чарбамысла. Схілы катлавіны вышынёй 15–17 м, на поўначы да 2 м, пад хваёвым лесам. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, на поўначы тарфяныя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, з глыбіні 5,5 м сапрапелістае. Вызначаецца празрыстасцю і чысцінёй вады, а яе нізкая мінералізацыя і высокая кіслотнасць абмяжоўваюць развіццё расліннасці і іхтыяфауны (водзіцца пераважна акунь). Расце палушнік азёрны – рэдкі для Беларусі ахоўны від расліны, занесены ў рэспубліканскую Чырвоную кнігу. На глыбіні да 9 м растуць імхі.
Глыбочына – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,37 км2, найбольшая глыбіня 6,8 м, даўжыня 1,47 км, найбольшая шырыня 0,73 км, даўжыня берагавой лініі 4 км, плошча вадазбору 6,2 км2. Размешчана ў басейне р. Дрыса, за 21 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, на паўднёвы захад ад возера Вядзета. Схілы катлавіны вышынёй 5–8 м, на ўсходзе да 10 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі на ўсходзе ўчасткамі супадаюць са схіламі, паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, стромкае. Дно ў паўночнай частцы да глыбіні 4–5 м пясчанае, у цэнтральнай і паўднёвай – сапрапелістае. Упадае ручай з возера Бярэзінак, выцякае ручай у возера Вядзета. Зарастае слаба, шырыня паласы расліннасці да 10 м, пашырана да глыбіні 2 м.
Грыбна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,8км2, найбольшая глыбіня 1,2 м, даўжыня 1,83 км, найбольшая шырыня 0,7 км, даўжыня берагавой лініі 5,36 км, плошча вадазбору 19,6 км2. Размешчана ў басейне р. Обаль, за 46 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 6 км на ўсход ад в. Труды. Схілы катлавіны вышынёй 4–5 м (на поўначы да 11 м), параслі лесам і хмызняком, на паўночным захадзе разараныя. Берагі забалочаныя, сплавінныя, на поўначы пясчаныя. Пойма шырынёй да 200 м, забалочаная, тарфяністая, пад хмызняком, на поўдні разараная. Дно выслана сапрапелем. Упадае ручай з возера Званае, выцякае ручай у возера Клетнае. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю.
Дахнарскае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,47 км2, найбольшая глыбіня 1,7 м, даўжыня 0,89 км, найбольшая шырыня 0,7 км, даўжыня берагавой лініі 2,71 км, плошча вадазбору 73,8 км2. Размешчана ў басейне р. Дахнарка, за 14 км на поўнач ад г. Полацк, каля в. Рудня. Схілы катлавіны вышынёй 2–3 м, параслі лесам, на поўдні разараныя. Берагі пераважна сплавінныя, на поўначы забалочаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю.
Дзявічкі – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,18 км2, найбольшая глыбіня 2 м, даўжыня 0,64 км, найбольшая шырыня 0,38 км, даўжыня берагавой лініі 1,79 км, плошча вадазбору 2,12 км2. Размешчана ў басейне р. Палата, за 20 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Дзявічкі. Схілы катлавіны невыразныя. На паўночным усходзе з возера выцякае ручай у р. Палата.
Доўгае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,26 км2, найбольшая глыбіня 2,8 м, даўжыня 0,8 км, найбольшая шырыня 0,42 км, даўжыня берагавой лініі 2,67 км, плошча вадазбору 0,69 км2. Размешчана ў басейне р. Крашанка, за 20 км на поўдзень ад г. Полацк, за 1,5 км на ўсход ад в. Саламір'е. Схілы катлавіны вышынёй 5 м, пад лесам. Берагавая лінія звілістая, утварае некалькі заліваў. У цэнтры возера востраў плошчай 0,4 га. Дно на 80 % плошчы выслана сапрапелем (Доўгарскае радовішча сапрапелю). Злучана ручаём з возерам Уклеенка.
Драздова – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,16 км2, даўжыня 0,7 км, найбольшая шырыня 0,35 км, даўжыня берагавой лініі 1,65 км, плошча вадазбору 2,75 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 25 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, за 0,5 км на поўдзень ад в. Слабада. Схілы катлавіны вышынёй 4–5 м (на паўднёвым усходзе да 15 м), параслі хмызняком. На поўдні выцякае ручай у р. Нача.
Дрэтунь – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,28 км2, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня 0,84 км, найбольшая шырыня 0,44 км, даўжыня берагавой лініі 2,33 км, плошча вадазбору 14,8 км2. Размешчана ў басейне р. Палата, за 34 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля чыгуначнай станцыі Дрэтунь. Схілы катлавіны вышынёй 2–4 м, разараныя, на захадзе пад хмызняком. Дно плоскае, уздоўж берагоў выслана пяском і ілам, глыбей – сапрапелямі. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. У возера ўпадае ручай з возера Чармісца, выцякае ручай у р. Палата.
Дубок – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,38 км2, найбольшая глыбіня 7 м, даўжыня 1,12 км, найбольшая шырыня 0,43 км, даўжыня берагавой лініі 3,26 км, плошча вадазбору 1,5 км2. Размешчана ў басейне р. Заходняя Дзвіна, за 10 км на паўночны захад ад г. Полацк, каля в. Гваздова. Схілы катлавіны вышынёй да 5 м, парослыя лесам. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя, забалочаныя, пад хмызняком. Дно выслана сапрапелем, на ўсходзе мелкаводдзе пясчанае. Вада празрыстая да 4,3 м. Больш за 50 % плошчы возера зарастае (да глыбіні 4 м пашыраны імхі). На паўночным усходзе з возера выцякае ручай у р. Полюшка.
Жадунь – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,43 км2, найбольшая глыбіня 8,4 м, даўжыня 1,24 км, найбольшая шырыня 0,43 км, даўжыня берагавой лініі 3,1 км, плошча вадазбору 20,9 км2. Размешчана ў басейне р. Альзініца, за 32 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Вуглы. Схілы катлавіны вышынёй 5–16 м, пераважна разараныя. Берагі месцамі забалочаныя, пад хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці 10–100 м. Упадаюць 3 ручаі, у тым ліку з возера Братаўна. На ўсходзе злучана пратокай з возерам Ухвішча.
Жаночае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,13 км2, даўжыня 0,58 км, найбольшая шырыня 0,28 км, даўжыня берагавой лініі 1,38 км, плошча вадазбору 1 км2. Размешчана ў басейне р. Дахнарка, за 6 км на поўнач ад г. Полацк, сярод лесу. Злучана ручаём з возерам Чорнае.
Жужнева – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,13 км2, даўжыня 0,5 км, найбольшая шырыня 0,32 км, даўжыня берагавой лініі 1,58 км. Размешчана ў басейне р. Обаль, за 8 км на паўночны захад ад вусця р. Свіна, за 37 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, сярод лесу. На поўдні упадае ручай з возера Дабрынь, на ўсходзе выцякае ручай у возера Красамай.
Жураўна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,49 км2, найбольшая глыбіня 14 м, даўжыня 1,46 км, найбольшая шырыня 0,72 км, даўжыня берагавой лініі 5,76 км, плошча вадазбору 6,9 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 30 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Жураўна. Схілы катлавіны вышынёй да 20 м (на захадзе і паўднёвым захадзе 2–5 м), разараныя, месцамі парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на паўднёвым захадзе сплавінныя. Дно да глыбіні 5–6 м пясчанае, ніжэй ілістае. Злучана ручаямі з азёрамі Валынец і Сушына. Зарастае амаль палова плошчы возера да глыбіні 4,5–5 м.
Жэльцы – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,78 км2, найбольшая глыбіня 2,8 м, даўжыня 1,86 км, найбольшая шырыня 0,72 км, даўжыня берагавой лініі 5,02 км, плошча вадазбору 63,5 км2. Размешчана ў басейне р. Сосніца, за 38 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Жэльцы. Схілы катлавіны вышынёй да 7 м (на поўдні 15–20 м), пад лесам, на паўночным захадзе разараныя. Берагі нізкія. Дно плоскае, выслана пераважна пяском і ілам, у цэнтры – сапрапелем. Упадаюць р. Няклейка і ручай з возера Сіценец, выцякае р. Жэльцанка. Зарастае каля 2/3 плошчы возера да глыбіні 1,7–2 м.
Заазер'е – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,42 км2, найбольшая глыбіня 3,5 м, даўжыня 1,8 км, найбольшая шырыня 0,36 км, даўжыня берагавой лініі 4,22 км, плошча вадазбору 8 км2. Размешчана ў басейне р. Сомніца, за 10 км на поўдзень ад г. Полацк, каля в. Заазер'е. Схілы катлавіны вышынёй 3–5 м, пераважна пад хмызняком, месцамі на поўначы і поўдні разараныя. Злучана ручаём з возерам без назвы, на паўночным усходзе выцякае ручай у р. Сомніца.
Забеліна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,26 км2, найбольшая глыбіня 2 м, даўжыня 0,8 км, найбольшая шырыня 0,48 км, даўжыня берагавой лініі 2,21 км, плошча вадазбору 126 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 28 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, за 0,5 км на паўднёвы захад ад в. Арэхаўна. Схілы катлавіны вышынёй 5–8 м, разараныя, на поўдні пад хмызняком. Злучана пратокай з азёрамі Лесава і Арэхаўна.
Завелле – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,33 км2, найбольшая глыбіня 9,5 м, даўжыня 1,36 км, найбольшая шырыня 0,42 км, даўжыня берагавой лініі 4,01 км, плошча вадазбору 2,25 км2. Размешчана ў басейне р. Дахнарка, за 16 км на паўночны захад ад г. Полацк, каля в. Цінаўка. Схілы катлавіны вышынёй 2–5 м (на поўначы да 10 м), на ўсходзе і поўначы параслі лесам і хмызняком, на захадзе разараныя.
Зашчаты – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,83 км2, найбольшая глыбіня 5,9 м, даўжыня 2,1 км, найбольшая шырыня 0,6 км, даўжыня берагавой лініі 6,22 км, плошча вадазбору 660 км2. Размешчана ў басейне р. Тураўлянка, за 20 км на поўдзень ад г. Полацк, каля в. Гомель. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. На поўдні упадае р. Турэц, на захадзе выцякае пратока ў возера Гомель, на якой пабудавана плаціна.
Званае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,28 км2, найбольшая глыбіня 3 м, даўжыня 1,78 км, найбольшая шырыня 1,1 км, даўжыня берагавой лініі 5,13 км, плошча вадазбору 5 км2. Размешчана ў басейне р. Званіца (выцякае з возера), за 18 км на паўночны захад ад г. Полацк, каля в. Званае. Схілы катлавіны вышынёй 15–30 м (на захадзе і паўднёвым усходзе 8–9 м), пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, сплавінныя, вакол забалочаная, парослая хмызняком пойма. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае па ўсёй плошчы падводнай расліннасцю.
Званае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,35 км2, найбольшая глыбіня 5 м, даўжыня 1,06 км, найбольшая шырыня 0,52 км, даўжыня берагавой лініі 2,68 км, плошча вадазбору 13,4 км2. Размешчана ў басейне р. Обаль, за 48 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Званае. Схілы катлавіны вышынёй да 5–8 м, пад лесам, на захадзе і поўначы разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на поўдні забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыбіні 1–1,5 м пясчанае, ніжэй дно ілістае. На поўдні выцякае ручай у возера Грыбна. Зарастае слаба, паласа надводнай расліннасці да глыбіні 1,1–1,8 м, месцамі да 2 м.
Звярынае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,26 км2, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня 1,36 км, найбольшая шырыня 0,26 км, даўжыня берагавой лініі 4,77 км, плошча вадазбору 2,1 км2. Размешчана ў басейне р. Дрыса, за 32 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 12 км на паўночны захад ад в. Дрэтунь. Схілы катлавіны вышынёй 1–3 м, параслі лесам. Берагі пераважна пясчаныя, на поўначы сплавінныя. Пойма шырынёй 5–15 м, пад лесам. У паўднёвай частцы востраў плошчай 0,4 га. Дно сапрапелістае, мелкаводдзе пясчанае. На паўднёвым захадзе выцякае р. Звярынка. Зарастае ў прыбрэжнай зоне да глыбіні 1,5 м.
Зыкоўскае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,22 км2, найбольшая глыбіня 2 м, даўжыня 0,8 км, найбольшая шырыня 0,42 км, даўжыня берагавой лініі 2,18 км, плошча вадазбору 9,86 км2. Размешчана ў басейне р. Крашанка, за 22 км на поўдзень ад г. Полацк, каля в. Зыкова. Схілы катлавіны вышынёй 5–7 м (на поўдні 2 м), пад хмызняком, на ўсходзе разараныя. Зарастае. Злучана ручаямі з азёрамі Саламірскае і Адводы.
Ізмак (Немак) – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,13 км2, найбольшая глыбіня 2 м, даўжыня 1,8 км, найбольшая шырыня 1 км, даўжыня берагавой лініі 5,2 км, плошча вадазбору 179,3 км2. Размешчана ў басейне р. Палата (цячэ праз возера), за 44 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Малое Сітна, сярод ляснога масіву. Схілы катлавіны вышынёй 10–20 м. Берагі забалочаныя, месцамі сплавінныя, на паўночным захадзе высокія, пясчаныя. Дно сапрапелістае, на поўдні і паўднёвым усходзе ўздоўж берагоў пясчанае. Упадаюць 2 ручаі. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю.
Канашы – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,6 км2, найбольшая глыбіня 5 м, даўжыня 1,12 км, найбольшая шырыня 0,88 км, даўжыня берагавой лініі 4,16 км, плошча вадазбору 18,5 км2. Размешчана ў басейне р. Тураўлянка, за 16 км на поўдзень ад г. Полацк, каля в. Канашы. Схілы катлавіны вышынёй 6–14 м, разараныя, на поўдні параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно да глыбіні 2 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Упадае ручай з возера Усомля, выцякае ручай у возера Гомель. Зарастае падводнай расліннасцю да глыбіні 2–2,5 м.
Каравайна – возера ў Полацкім раёне, на мяжы з Глыбоцкім раёнам. Плошча 0,64 км2, найбольшая глыбіня 9,1 м, даўжыня 1,8 км, найбольшая шырыня 0,56 км, даўжыня берагавой лініі 6,17 км, плошча вадазбору 2,6 км2. Размешчана ў басейне р. Быстрыца, за 40 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, за 4 км на паўночны ўсход ад возера Шо. Схілы катлавіны вышынёй 7–10 м, параслі лесам, месцамі разараныя. Берагі пясчаныя, пад лесам, на поўначы і захадзе сплавінныя. На захадзе вялікі заліў акружаны вярховым балотам, злучаецца з возерам шырокай пратокай. Мелкаводдзе пясчанае, месцамі ілістае, глыбей дно сапрапелістае. Вада дастаткова празрыстая. Зарастае надводнай расліннасцю да глыбіні 1,6–2 м, падводнай – да 5 м. Возера – выток р. Быстрыца.
Клетнае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,28 км2, найбольшая глыбіня 2,1 м, даўжыня 0,77 км, найбольшая шырыня 0,47 км, даўжыня берагавой лініі 2,13 км, плошча вадазбору 21,9 км2. Размешчана ў басейне р. Обаль, за 47 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Дзюдзькі. Схілы катлавіны вышынёй да 2 м, пясчаныя, параслі лесам, на поўдні разараныя. Пойма вышынёй да 50 м. Дно плоскае, выслана сапрапелем. На поўначы упадае ручай з возера Грыбна, на поўдні выцякае ручай у возера Обалінец. Зарастае па ўсёй плошчы пераважна падводнай расліннасцю. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1,3 м.
Клешна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,57 км2, найбольшая глыбіня 1,8 м, даўжыня 1,11 км, найбольшая шырыня 0,74 км, даўжыня берагавой лініі 3,29 км, плошча вадазбору 4 км2. Размешчана ў басейне р. Дрыса, за 24 км на паўночны захад ад г. Полацк, каля в. Лісуны. Схілы катлавіны вышынёй 5–7 м, параслі хмызняком, на поўначы і захадзе лесам.
Крупань – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,33 км2, даўжыня 0,78 км, найбольшая шырыня 0,7 км, даўжыня берагавой лініі 2,42 км, плошча вадазбору 2,75 км2. Размешчана ў басейне р. Палата, за 37 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, на захад ад в. Нядружная. Схілы катлавіны вышынёй 2–3 м, параслі лесам.
Куравічы – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,28 км2, найбольшая глыбіня 3,6 м, даўжыня 0,76 км, найбольшая шырыня 0,49 км, даўжыня берагавой лініі 2,83 км, плошча вадазбору 3 км2. Размешчана ў басейне р. Нежлеўка, за 20 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, на паўднёва-ўсходняй ускраіне г. п. Ветрына. Схілы катлавіны вышынёй да 6 м, пераважна пад хмызняком.
Ласосна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,25 км2, даўжыня 1,053 км, найбольшая шырыня 0,62 км, даўжыня берагавой лініі 2,77 км. Размешчана ў басейне р. Свіна (цячэ праз возера), за 45 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Быхаўцы. Схілы катлавіны вышынёй да 4 м, пераважна пад хмызняком.
Лесава – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,91 км2, найбольшая глыбіня 4,9 м, даўжыня 2,38 км, найбольшая шырыня 0,81 км, даўжыня берагавой лініі 3,16 км, плошча вадазбору 120,3 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 28 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Лесава. Схілы катлавіны вышынёй 10–20 м, разараныя, на паўднёвым усходзе стромкія, параслі лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца з паўночнага плёса (дно плоскае, ёсць востраў плошчай 0,06 км2) і паўднёвага. Дно да глыбіні 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй – сапрапелем. Зарастае да глыбіні 2–2,6 м (найбольш паўночная частка). Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго з возерам Нявіда), на поўначы злучана пратокай з возерам Забеліна.
Лешна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,16 км2, даўжыня 0,7 км, найбольшая шырыня 0,32 км, даўжыня берагавой лініі 1,77 км. Размешчана ў басейне р. Палата, за 40 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 1,5 км на паўднёвы захад ад чыгуначнай станцыі Алёшча. Схілы катлавіны вышынёй да 10 м, параслі лесам. Берагі месцамі забалочаныя, пад хмызняком. Востраў плошчай 0,8 га. На паўднёвым усходзе выцякае р. Лешніца.
Лонна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,6 км2, найбольшая глыбіня 2,6 м, даўжыня 1,01 км, найбольшая шырыня 0,7 км, даўжыня берагавой лініі 2,83 км, плошча вадазбору 1,1 км2. Размешчана ў басейне р. Палата, за 18 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 1,8 км на паўночны захад ад в. Узніцы, на тэрыторыі біялагічнага заказніка Лонна. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі тарфяністыя, сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае. З возера выцякае ручай у р. Палата.
Лонне – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,26км2, найбольшая глыбіня 3,9 м, даўжыня 0,68 км, найбольшая шырыня 0,46 км, даўжыня берагавой лініі 1,91 км. Размешчана ў басейне р. Дрыса, за 23 км на паўночны захад ад г. Полацк, каля вёсак Лісуны і Кацельна. Схілы катлавіны вышынёй да 8 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Берагі забалочаныя. На поўначы злучана ручаем з р. Дрыса.
Лунічна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,47 км2, найбольшая глыбіня 3,7 м, даўжыня 1,02 км, найбольшая шырыня 0,65 км, даўжыня берагавой лініі 2,8 км, плошча вадазбору 10,5 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 32 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, за 1 км на ўсход ад в. Сяльцо. Схілы катлавіны вышынёй 1–4 м, забалочаныя, параслі лесам, на ўсходзе – да 10 м, разараныя. Берагі нізкія, на паўночным захадзе сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў на паўночным усходзе і паўднёвым захадзе – пясчанымі адкладамі. Зарастае падводнай расліннасцю да глыбіні 3 м. На паўднёвым захадзе з возера выцякае ручай у р. Нача.
Люхава – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,43 км2, найбольшая глыбіня 20,7 м, даўжыня 1,68 км, найбольшая шырыня 0,33 км, даўжыня берагавой лініі 4,78 км, плошча вадазбору 4,7 км2. Размешчана ў басейне р. Заходняя Дзвіна, за 10 км на паўночны захад ад г. Полацк, каля г. Наваполацк. Схілы катлавіны вышынёй 3–5 м,параслі лесам. Ёсць мноства заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пад хмызняком, на поўначы забалочаныя. Падводная частка катлавіны складаецца з паўночнага (глыбіня да 4,5 м) і паўднёвага (20,7 м) плёсаў, злучаных пралівам глыбінёй 3 м. Ложа да глыбіні 2 м выслана пяском, ніжэй – сапрапелем.
Ляшчынава – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,19 км2, найбольшая глыбіня 2,5 м, даўжыня 0,74 км, найбольшая шырыня 0,36 км, даўжыня берагавой лініі 1,85 км, плошча вадазбору 0,61 км2. Размешчана ў басейне р. Крашанка, за 22 км на поўдзень ад г. Полацк, каля в. Зыкова. Схілы катлавіны вышынёй 3–8 м, параслі лесам, на паўднёвым усходзе 15–18 м, разараныя. Берагі нізкія, на поўначы і паўночным усходзе сплавінныя, на ўсходзе зліваюцца са схіламі, усюды параслі хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Вада вызначаецца нізкай мінералізацыяй (каля 90 мг/л) і высокай колернасцю. Зарастае каля 40 % плошчы возера да глыбіні 1,5 м пераважна падводнай расліннасцю. На паўднёвым захадзе выцякае ручай у возера Саламірскае.
Малое Белае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,9 км2, найбольшая глыбіня 11,1 м, даўжыня 2,09 км, найбольшая шырыня 0,87 км, даўжыня берагавой лініі 6,36 км, плошча вадазбору 0,9 км2. Размешчана ў басейне р. Обаль, за 52 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Белая. Схілы катлавіны вышынёй 11–12 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, на паўднёвым усходзе тарфяністыя. На поўдні да возера прымыкае масіў вярховага балота. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыбіні 2,5–4 м пясчанае, ніжэй – сапрапелістае. Вада вызначаецца нізкай мінералізацыяй (60–80 мг/л), чысцінёй і высокай празрыстасцю. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй да 25 м, падводныя макрафіты пашыраны да глыбіні 5 м, імхі да 8 м. У возеры расце палушнік азёрны – рэдкі для Беларусі ахоўны від расліны, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Мярэдзеж – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,09 км2, найбольшая глыбіня 19 м, даўжыня 0,57 км, найбольшая шырыня 0,21 км, даўжыня берагавой лініі 1,35 км, плошча вадазбору 0,38 км2. Размешчана ў басейне р. Альзініца, за 32 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Ухвішча. Схілы катлавіны вышынёй 15–25 м, разараныя, на ўсходзе параслі лесам. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на поўдні вышынёй 1–1,5 м, на паўночным захадзе невялікімі ўчасткамі сплавінныя. Дно да глыбіні 5 м пясчанае, ніжэй – ілістае. Падводная расліннасць пашырана да глыбіні 5 м. Выцякае ручай у возера Ухвішча.
Мяшчэцкае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,7км2, найбольшая глыбіня 6,5 м, даўжыня 2,16 км, найбольшая шырыня 0,53 км, даўжыня берагавой лініі 5,56 км, плошча вадазбору 49,8 км2. Размешчана ў басейне р. Дрыса, за 26 км на поўдзень ад г. Полацк, каля в. Воранава. Схілы катлавіны вышынёй 6–8 м, разараныя, на поўдні параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на поўдні і паўночным усходзе зліваюцца са схіламі. Дно да глыбіні 1,5 м пясчанае, ніжэй – ілістае. Вада вызначаецца нізкай мінералізацыяй (да 90 мг/л) і празрыстасцю, высокай колернасцю. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці да глыбіні 1,4–2 м. Упадае ручай з возера Якаўскае, выцякае ручай у р. Дрыса.
Невежа – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,93 км2, найбольшая глыбіня 3 м, даўжыня 1,5 км, найбольшая шырыня 1 км, даўжыня берагавой лініі 4,55 км, плошча вадазбору 79,2 км2. Размешчана ў басейне р. Сосніца, за 35 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 5 км на паўднёвы захад ад в. Труды. Схілы катлавіны вышынёй да 13 м, пясчаныя, пад хмызняком. Упадае р. Жэльцанка, выцякае р. Невежа.
Нявіда (Нявідава) – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,09 км2, найбольшая глыбіня 9 м, даўжыня 1,9 км, найбольшая шырыня 0,82 км, даўжыня берагавой лініі 5,22 км, плошча вадазбору 78 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 28 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Бабынічы. Схілы катлавіны вышынёй 3–15 м, парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На ўсходзе, паўночным захадзе і поўдні пойма шырынёй да 400 м, парасла хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае. З глыбіні 4 м дно ілістае. Расліннасць пашырана да глыбіні 3–3,2 м. Праз возера цячэ р. Быстрыца (злучае яго з азёрамі Бабынічы і Лесава), упадае ручай з возера Вялікі Белянок. На заходнім беразе паляўнічая база.
Няклея – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,95 км2, найбольшая глыбіня 7,2 м, даўжыня 3,04 км, найбольшая шырыня 0,52 км, даўжыня берагавой лініі 9,18 км, плошча вадазбору 24,7 км2. Размешчана ў басейне р. Сосніца, за 37 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Труды. Складаецца з 2 плёсаў, злучаных пратокай. Схілы катлавіны вышынёй да 5 м, участкамі на паўночным усходзе, усходзе і поўдні да 10 м, параслі лесам. Берагі нізкія, на поўдні і ўсходзе зліваюцца са схіламі, да ўрэзу вады расце лес і хмызняк. Мелкаводдзе выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі, глыбей – сапрапелем. Зарастае да глыбіні 2,2 м. Упадаюць 2 ручаі, выцякае р. Няклейка (злучае яго з возерам Жэльцы). У возеры жывуць бабры.
Пушна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,34 км2, даўжыня 0,91 км, найбольшая шырыня 0,52 км, даўжыня берагавой лініі 2,36 км, плошча вадазбору 4,5 км2. Размешчана ў басейне р. Заходняя Дзвіна, за 12 км на паўднёвы ўсход ад г. Полацк, каля в. Пушна, сярод забалочанага лесу. Схілы катлавіны невыразныя, на паўднёвым усходзе вышынёй да 5 м. Берагі забалочаныя, участкамі сплавінныя. Выцякае р. Сомніца.
Саламірскае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,4 км2, найбольшая глыбіня 2,9 м, даўжыня 1,4 км, найбольшая шырыня 0,44 км, даўжыня берагавой лініі 4,01 км, плошча вадазбору 5,5 км2. Размешчана ў басейне р. Крашанка, за 20 км на поўдзень ад г. Полацк, каля в. Саламір'е. Схілы катлавіны вышынёй 3–6 м, параслі лесам і хмызняком, часткова разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, на поўначы, усходзе і паўночным захадзе сплавінныя. Пойма шырынёй да 10–300 м, забалочаная, пад хмызняком. Ёсць 3 вялікія залівы. Дно выслана сапрапелем, прыбярэжная зона да глыбіні 1–1,5 м пясчаная. Зарастае да глыбіні 2 м, шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці 30–75 м. Упадае ручай з возера Ляшчынава. Адзначаны пасяленні баброў.
Саланец – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,48 км2, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня 1,43 км, найбольшая шырыня 0,72 км, даўжыня берагавой лініі 4,22 км, плошча вадазбору 12,7 км2 Размешчана ў басейне р. Заходняя Дзвіна, за 20 км на захад ад г. Полацк, каля в. Ліцвінава. Схілы катлавіны вышынёй 2–5 м, на поўначы і паўночным усходзе тарфяныя, пад пашай, на паўднёвым усходзе разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, на поўдні сплавінныя. На поўначы і поўдні забалочаная пойма шырынёй 10–100 м, парослая хмызняком. Ва ўсходняй частцы востраў плошчай 0,2 га. Дно выслана сапрапелем, прыбярэжная зона каля заходняга і ўсходняга берагоў пясчаная. Зарастае да глыбіні 0,8 м, поўнасцю зараслі паўночны і паўднёвы залівы. На паўночным усходзе выцякае р. Валынка.
Сердава – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,1 км2, найбольшая глыбіня 9 м, даўжыня 2,92 км, найбольшая шырыня 0,7 км, даўжыня берагавой лініі 6,86 км, плошча вадазбору 3,6 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 24 км на паўночны захад ад г. Полацк, каля г. п. Ветрына. Схілы катлавіны вышынёй 10–25 м, на захадзе пад выганам, на ўсходзе пад агародамі. На вышыні 2–6 м абразійны ўступ. Ёсць 2 вялікія і некалькі меншых заліваў, 5 астравоў агульнай плошчай 0,09 км2. Берагі нізкія, часткова пад хмызняком, на поўначы і захадзе участкамі сплавінныя. На поўначы, паўднёвым усходзе і захадзе забалочаная, парослая хмызняком пойма шырынёй 20–30 м. Дно выслана пяском, глыбей за 4 м – ілам. Шырыня паласы надводнай расліннасці 2–10 м, пашырана да глыбіні 2,2 м; падводная расце да глыбіні 2,5–3,5 м. Злучана ручаём з возерам Рудзёнкава.
Сітна – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,83 км2, найбольшая глыбіня 7,5 м, даўжыня 2,82 км, найбольшая шырыня 0,97 км, даўжыня берагавой лініі 7,22 км, плошча вадазбору 8,5 км2 Размешчана ў басейне р. Сосніца, за 44 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля в. Вялікае Сітна. Схілы катлавіны вышынёй 8–9 м, параслі лесам і хмызняком, на поўдні вышынёй да 17 м, у верхняй частцы разараныя. Паўночныя берагі тарфяныя. Пойма шырынёй 10–40 м, пад хмызняком. У крайніх паўднёва-заходняй і паўночна-ўсходняй частках катлавіны з глыбінямі 1,2 м, 1,7 і 2,3 м. Дно да глыбіні 4 м выслана пяском і ілам, ніжэй – сапрапелем. Моцна зарастае. Шырыня паласы расліннасці да 200 м, пашырана да глыбіні 3,2 м. На поўдні выцякае ручай у возера Сіценец.
Скобрае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,54 км2, найбольшая глыбіня 4,3 м, даўжыня 1,7 км, найбольшая шырыня 0,45 км, даўжыня берагавой лініі 4,34 км, плошча вадазбору 5,4 км2. Размешчана ў басейне р. Палата, за 20 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, каля чыгуначнай станцыі Палата. Схілы катлавіны вышынёй 2–5 м, разараныя, на поўначы вышынёй 6–10 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя. Пойма шырынёй да 8 м, участкамі пад хмызняком. Дно выслана сапрапелем, уздоўж берагоў да глыбіні 1–2 м пяском і ілам. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці 10–100 м, пашырана да глыбіні 1,8 м. На паўднёвым захадзе злучана пратокай з р. Палата.
Страдань – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,57 км2, найбольшая глыбіня 2,9 м, даўжыня 1,07 км, найбольшая шырыня 0,76 км, даўжыня берагавой лініі 3,8 км, плошча вадазбору 2,5 км2. Размешчана ў басейне р. Дрыса, за 32 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 5 км на поўнач ад в. Конны Бор, сярод парослага лесам і хмызняком вярховага балота. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, пад лесам, месцамі сплавінныя. Дно выслана сапрапелем. Вада вызначаецца нізкай мінералізацыяй і высокай колернасцю. Зарастае да глыбіні 1,7 м. Шырыня паласы надводнай расліннасці 30–80 м. На поўначы выцякае р. Марынец.
Сушына – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,01 км2, найбольшая глыбіня 7,5 м, даўжыня 1,42 км, найбольшая шырыня 1 км, даўжыня берагавой лініі 4,24 км, плошча вадазбору 16,6 км2. Размешчана ў басейне р. Нача, за 28 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Падазер'е. Схілы катлавіны вышынёй 6–9 м, разараныя, на вышыні 0,5–1,2 м тэраса. На поўначы, паўночным усходзе і поўдні да возера прымыкае балота. Берагі нізкія, параслі водна-балотнай расліннасцю. На паўночным усходзе і поўдні забалочаная пойма шырынёй да 100 м, парослая хмызняком. Дно выслана пяском і ілам. Шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці да 10 м, пашырана да глыбіні 2,5–3,5 м. Злучана пратокамі з возерам Жураўна і ракой Нача. З возера выцякае Будзькоўшчынскі канал.
Туроўля (Тураўля) – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,9 км2, найбольшая глыбіня 0,8 м, даўжыня 3,21 км, найбольшая шырыня 0,5 км, даўжыня берагавой лініі 8,66 км, плошча вадазбору 803,5 км2. Размешчана ў басейне р. Тураўлянка, за 16 км на поўдзень ад г. Полацк, каля в. Емяльянікі. Схілы катлавіны вышынёй 10–18 м, пераважна пад хваёвым лесам, на поўначы месцамі разараныя, амаль на ўсім працягу вылучаецца абразійны ўступ вышынёй 3–6 м над узроўнем возера. Берагі высокія, месцамі забалочаныя. Дно сапрапелістае, вузкая паласа ўздоўж берага выслана апясчаненым ілам. Зарастае. Упадае пратока з возера Суя і ручай.
Улогава – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,46 км2, найбольшая глыбіня 3,9 м, даўжыня 1,49 км, найбольшая шырыня 0,39 км, даўжыня берагавой лініі 4,21 км, плошча вадазбору 7,4 км2. Размешчана ў басейне р. Палата, за 17 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 0,5 км на ўсход ад в. Сіценец. Схілы катлавіны вышынёй 4–5 м, пясчаныя, пад лесам або разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на захадзе і паўночным захадзе сплавінныя. Дно ўздоўж берагоў да глыбіні 1–1,5 м пясчанае, ніжэй – пясчана-ілістае і сапрапелістае. Зарастае ў прыбярэжнай частцы да глыбіні 2,4 м. Упадаюць 3 меліярацыйныя канавы, выцякае ручай у р. Палата.
Усомля – возера ў Полацкім раёне. Плошча 2,03 км2, найбольшая глыбіня 3,2 м, даўжыня 2,09 км, найбольшая шырыня 1,7 км, даўжыня берагавой лініі 7 км, плошча вадазбору 8,6км2. Размешчана ў басейне р. Тураўлянка, за 14 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, на ўсход ад в. Усомля. Схілы катлавіны вышынёй 7–9 м, разараныя, на поўдні, паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на ўсходзе і поўдні сплавінныя, на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе абразійныя. Дно да глыбіні 1,3–2 м пясчанае, месцамі ілістае, ніжэй сапрапелістае. Невялікі востраў плошчай 0,003 км2. Зарастае да глыбіні 1,4 м. Выцякае ручай у возера Канашы.
Ухвішча – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,57 км2, найбольшая глыбіня 23,5 м, даўжыня 2,64 км, найбольшая шырыня 0,46 км, даўжыня берагавой лініі 6,14 км, плошча вадазбору 24,4 км2. Размешчана ў басейне р. Альзініца, за 32 км на паўднёвы захад ад г. Полацк, каля в. Ухвішча. Схілы катлавіны вышынёй 5–8 м, пад лесам, на поўначы, паўночным усходзе і паўночным захадзе разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на поўдні забалочаныя, на ўсходзе і паўднёвым усходзе зліваюцца са схіламі, парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае і ілістае. Расліннасць пашырана да глыбіні 4,9 м. Злучана пратокай з возерам Жадунь, упадаюць 4 ручаі (у тым ліку з возера Мярэдзеж), выцякае ручай у р. Альзініца.
Чарбамысла – возера ў Полацкім раёне. Плошча 0,59 км2, найбольшая глыбіня 6,9 м, даўжыня 1,32 км, найбольшая шырыня 0,51 км, даўжыня берагавой лініі 3,2 км, плошча вадазбору 2 км2. Размешчана ў басейне р. Заходняя Дзвіна, за 48 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 4 км на паўночны ўсход ад в. Вялікае Сітна, у межах гідралагічнага заказніка Глыбокае-Чарбамысла. Схілы катлавіны на поўначы і захадзе вышынёй 15–20 м, на ўсходзе да 8 м, пад хваёвым лесам. На поўдні да возера прымыкае вярховае балота. Берагі высокія, на захадзе, поўначы і ўсходзе зліваюцца са схіламі, пясчаныя, на поўдні тарфяныя. Дно да глыбіні 1,5–2 м выслана пяском і апясчаненым ілам, ніжэй сапрапелем. На глыбіні да 2 м расце рэдкі ахоўны від – палушнік азёрны, да 4–4,5 м імхі. Ёсць пасяленні баброў, водзяцца ракі.
Чарвятка – возера ў Полацкім раёне. Плошча 4,25 км2, найбольшая глыбіня 2,6 м, даўжыня 2,55 км, найбольшая шырыня 2,35 км, даўжыня берагавой лініі 7,8 км, плошча вадазбору 13,7 км2. Размешчана ў басейне р. Палата, за 24 км на паўночны ўсход ад г. Полацк, за 1,5 км на поўнач ад в. Кулькі. Схілы катлавіны на поўначы і захадзе вышынёй 5–7 м, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, пад лесам і хмызняком. Дно сапрапелістае. Зарастае да глыбіні 0,7–1 м. Злучана пратокай з возерам Галовец, выцякае ручай у р. Палата.
Якаўскае – возера ў Полацкім раёне. Плошча 1,68 км2, найбольшая глыбіня 8,8 м, даўжыня 4,34 км, найбольшая шырыня 0,82 км, даўжыня берагавой лініі 12,03 км, плошча вадазбору 44,6 км2. Размешчана ў басейне р. Дрыса, за 26 км на поўнач ад г. Полацк, каля в. Рудня. Схілы катлавіны вышынёй 3–5 м, у ніжняй частцы пад хмызняком, у верхняй разараныя, на ўсходзе параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Дно ўздоўж берагоў да глыбіні 3–4 м пясчанае і пясчана-ілістае, у цэнтры сапрапелістае. Зарастае да глыбіні 1,9 м. Упадаюць р. Зверынка, 2 ручаі, выцякае ручай у Мяшчэцкае возера.