Брацкія школы. Полацкі раён
- Подробности
- Створана 20.06.2019 08:40
- Адноўлена 20.06.2019 13:52
Брацкія школы, якія ўзніклі ў канцы ХVI – першай палове ХVII стагоддзяў, былі найбольш распаўсюджаным тыпам навучальных устаноў на тэрыторыі Беларусі. Брацкія школы кіраваліся статутам брацтва і статутам школ.
У брацкіх школах яшчэ ў перыяд іх узнікнення ўжываліся элементы класна-ўрочнай сістэмы. Распарадак у брацкіх школах быў такі: вучні прыходзілі ў школу да дзевяці гадзін раніцы (у зімовы час, у халодныя дні – некалькі пазней) і займалі замацаванае за кожным у адпаведнасці з поспехамі месца.
Заняткі пачыналіся з малітвы, пасля якой кожны вучань расказваў падрыхтаваны ўрок і паказваў дамашняе пісьмовае заданне. Затым настаўнік тлумачыў новы матэрыял, для замацавання якога вучні выконвалі практыкаванні. Звычайна яны спісвалі заданне на наступны дзень і вучылі ўрокі, правяралі адзін аднаго пад кантролем настаўніка або пратасхолаў. Заняткі заканчваліся малітвай. Дома вучні павінны былі расказваць бацькам або гаспадарам кватэры вывучаны ўрок і паказаць выкананае пісьмовае заданне. У суботу, як правіла, паўтаралі ў школе ўсё, што праходзілі за тыдзень. У суботу і ў святы асаблівая ўвага ўдзялялася рэлігійнаму выхаванню.
Дысцыпліна ў брацкіх школах была строгай. Пропуск заняткаў на працягу двух дзён без уважлівых прычын з'яўляўся дастатковай падставай для выключэння са школы.
У скарбніцу перадавой педагагічнай думкі ў ХVI – першай палове ХVІІ стагоддзяў шмат унеслі прадстаўнікі рэфармацыйна-гуманістычнага руху Беларусі. Развіццё рэфармацыйна-гуманістычнай думкі на Беларусі звязана з імем Францыска Скарыны, які стаяў ля вытокаў беларускага гуманістычнага і рэфармацыйнага руху.
Францыск Скарына не быў прадстаўніком рэфармацыі. Скарына выказаў шэраг прагрэсіўных педагагічных ідэй, якія мелі непасрэднае значэнне для развіцця асветы (свабода асобы і самастойнасць мыслення, кніга і школа для ўсіх, абавязак чалавека служыць сваёй радзіме). Асветнік аказаў пэўны ўплыў на стварэнне пратэстанцкіх і брацкіх школ.
Для пашырэння асветы, развіцця школ, адукацыі і педагагічнай думкі на Беларусі велізарнае значэнне мела кнігадрукаванне. У канцы ХVI стагоддзя на тэрыторыі ВКЛ была значная колькасць друкарняў (у тым ліку адна ў Полацку).
У першай палове ХVII стагоддзя на Беларусі працягвалі развівацца традыцыі рэнесанснай культуры. Яны праявіліся ў пашырэнні свецкай гуманістычнай навукі, што засноўвалася на антычнай спадчыне, і ў развіцці лацінскай паэзіі, у настойлівых спробах стварыць славяна-беларускую сістэму вершаскладання (творчасць С. Полацкага).
ЛІТАРАТУРА
1. Батвінік, М. Брацкія школы / М. Батвінік // Полымя. – 1970. – № 9. – С. 248–252.
2. Брич, С. Деятельность православных братств на территории Беларуси: XVI–XVII века / С. Брич // Праблемы выхавання. – 2008. – № 2. – С. 40–43.
3. Голубев, В. Л. Красноречие в просветительстве и образовании Беларуси в XVII-XVIII веках: особенности организации образовательного процесса в иезуитских коллегиумах и братских школах / В. Л. Голубев // Народная асвета. – 2018. – № 4. – С. 82–85.
4. Резько, П. Н. Становление высшего образования на территории Великого княжества Литовского / П. Н. Резько // Адукацыя i выхаванне. – 2006. – № 9. – С. 82–87.
5. Самусік, А. Ф. Зараджэнне патрыятычнага выхавання ў сістэме айчыннай адукацыі ў XIV – пачатку XVII ст. / А. Ф. Самусік // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Серыя 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2014. – № 4. – С. 7–10.
6. Самусік, А. Ф. Спецыфіка выкладання «septem artes liberalis» у айчынных брацкіх школах у канцы XVI – першай трэці XVII ст. / А. Ф. Самусік // Вышэйшая школа. – 2016. – № 2. – С. 57–60.