Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 20.06.2019 08:40
- Адноўлена 22.07.2019 08:49
Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча было адкрыта ў 1822 годзе пасля выгнання езуітаў з Полацка і закрыцця іх навучальных устаноў. У 1830 годзе ў піярскім вучылішчы налічвалася 308 вучняў. Прэфектам вучылішча быў ксёндз піяр Лашкевіч.
У вучылішчы было тры аддзяленні: першае складалася з чатырох ніжэйшых класаў (уключаліся ўсе вучэбныя прадметы курса гімназіі 2-га разраду). У гэтым аддзяленні курс гімназічных навук быў значна шырэйшым, набліжаным да курса ліцэя. Аднак выкладанне вялося на польскай мове. Другое складалася з чатырох класаў і прыблізна адпавядала ўзроўню гімназіі 2-га разраду. На трэцім аддзяленні былі тры гадавыя класы, якія называліся «курсы вышэйшых навук».
Толькі ў адным вышэйшым курсе абавязковых прадметаў было 20, і большасць з іх выкладаліся на польскай мове (археалогія і славеснасць на лацінскай). Вывучаліся лацінская, грэчаская, нямецкая, французская і руская мовы. Каталіцкае духавенства не ўдзяляла належнай увагі выкладанню рускай мовы.
Выкладчыкамі ўсіх прадметаў з'яўляліся манахі ордэна піяраў. Нямецкую мову, музыку, маляванне выкладалі свецкія настаўнікі, якія прызначаліся правінцыялам без згоды дырэктара Віцебскіх вучылішчаў Палянскага. Аднак царскі ўрад дазволіў піярам мець школы і выдзяляў для іх сродкі.
Вучылішча мела свае будынкі, музей, кабінеты (фізічны, мінералагічны, астранамічны), калекцыі карцін, бібліятэку, якая налічвала 24 тысячы тамоў, перададзеных вучылішчу пасля езуіцкай акадэміі. У вучылішчы праводзіліся пазнавальныя заняткі, аматарскія спектаклі, канцэрты, экскурсіі, што адпавядалі мэтам і задачам ордэна піяраў.
Толькі ў 1826 годзе пасля рэвізіі вышэйшага Полацкага піярскага вучылішча і іншых школ каталіцкіх ордэнаў прафесарам Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Сянкоўскім былі прыняты меры, якія адыгралі пэўную ролю ў паляпшэнні навучання ў вучылішчы (у двух вышэйшых класах было ўведзена выкладанне на рускай мове, палепшылася яе вывучэнне, экзамены пачалі праводзіцца па білетах, адменена лекцыйная сістэма). Аднак пералічаныя меры не маглі змяніць рэакцыйны змест каталіцкіх школ. Патрэбна была карэнная рэарганізацыя навучальных устаноў у краі. Пасля рэвізіі школ, а таксама запіскі папячыцеля Беларускай вучэбнай акругі Г. І. Карташэўскага міністру народнай асветы ад 2 мая 1830 года рымска-каталіцкія школы былі рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі, а некаторыя з іх былі закрыты. У 1831 годзе Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча было закрыта (будынкі, маёмасць перададзены Полацкаму кадэцкаму корпусу). Піяраў перавялі ў Вільню.
ЛІТАРАТУРА
1. Арлоў, У. Забытая alma-mater / У. Арлоў // Навiны. – 1999. – 26 сак. – С. 6.
2. Самусік, А. Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча / А. Самусік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя Петруся Броўкі, 1999. – Т. 5 : М–ПУД. – С. 525.
3. Самусік, А. Ф. Піярскае вышэйшае вучілішча ў Полацку / А. Ф. Самусік // Народная асвета. – 1998. – №4. – С. 141–146.
4. Самусік, А. Ф. Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча / А. Ф. Самусік // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 287–288.
СПАСЫЛКІ