Уніяцкія школы. Полацкі раён.
- Подробности
- Створана 24.06.2019 08:40
- Адноўлена 24.06.2019 09:25
Побач з езуітамі, хаця і ў меншых маштабах, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі ўніяты.
З мэтай пашырэння і ўмацавання ўніяцкай царкоўнай ідэалогіі каталіцкая царква выкарыстала ордэн базыльян. Базыльяне – манахі каталіцкага ордэна. Для падрыхтоўкі кадраў сваіх прапаведнікаў базыльяне адкрывалі ў Беларусі навіцыяты. Адным з вядомых навіцыятаў быў Полацкі.
Пры манастырах базыльянамі адкрываліся элементарныя манастырскія школы двух тыпаў: падрыхтоўчыя і павышаныя. Падрыхтоўчыя школы рыхтавалі юнакоў і навіцыят. Гэтыя школы давалі элементарную пачатковую адукацыю.
У школах павышанага тыпу вывучаліся рыторыка, права, філасофія і багаслоўе. Вучні атрымлівалі некаторыя веды па гісторыі.
Базыльянскія школы былі арганізаваны ў асноўным па ўзоры езуіцкіх. У ХVII–XVIII стст. існавала Полацкая філасофска-багаслоўская школа. Базыльянскія школы былі ліквідаваны пасля ўз'яднання Беларусі з Расіяй.
Вялікую ролю ў развіцці педагагічнай думкі ў Беларусі і Расіі адыграў Сімяон Полацкі – выдатнейшы беларуска-рускі мысліцель ХVII cтагоддзя, пісьменнік і публіцыст, педагог, перакладчык і выдавец (1629–1680). З другой паловы ХVII стагоддзя ў развіцці беларускай культуры і асветы пачаўся асабліва складаны перыяд. Феадальны і нацыянальны прыгнёт, войны, каталіцкая экспансія і ўнутраная палітыка ўніяцкай і праваслаўнай цэркваў перашкаджалі развіццю беларускай школы і асветы. Гэта асабліва адчувалася ў працэсе выцяснення беларускай мовы з усіх сфер пісьменнасці. У гэты перыяд узмацніўся націск рэлігійных інстытутаў на ўсе праявы ўсходнеславянскай культуры, у тым ліку і на асвету.
Неабходна адзначыць, што ўзмацненне каталіцкай экспансіі выклікала супраціўленне беларускага народа і яго перадавых мысліцеляў. Вялікую ролю ў развіцці беларускай свецкай культуры, філасофскіх і рацыяналістычных канцэпцый, у пашырэнні прыродазнаўча-навуковых ведаў адыгралі такія выдатныя асветнікі, як Сімяон Полацкі, Ілля Капіевіч і інш.
У другой палове ХVII стагоддзя ў Беларусі набылі больш шырокае распаўсюджанне ідэі Асветніцтва, прагрэсіўныя канцэпцыі прыродазнаўства, філасофіі, грамадска-палітычнай думкі.
ЛІТАРАТУРА
1. Дубянецкі, С. Ф. Беларуская грэка-каталіцкая царква / С. Ф. Дубянецкі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 2 : Аршыца–Беларусцы. – С. 409–410.
2. Грыгор'ева, В. Уніяцтва на Беларусі ад Полацкага сабора 1839 г. і да нашых дзён / В. Грыгор'ева // Беларускі гістарычны часопіс. – 1996. – № 2. – С. 45–57.
3. Сцебурака, А. М. Развіццё адукацыі ў Беларусі ў другой палове XVI – першай палове XVII стагоддзяў: этнаканфесійны і сацыяльны аспекты : аўтарэферат дысертацыі на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук / А. М. Сцебурака. – Мінск, 2011. – 20, [1] c.