Бібліятэка імя М. Горкага – філіял № 2, г. Орша. Аршанскі раён
- Подробности
- Створана 18.04.2017 08:40
- Адноўлена 19.04.2017 08:04
Па рашэнні гарадскога выканаўчага камітэта ў снежні 1949 г. у Оршы адкрылася другая па ліку бібліятэка, якой было прысвоена імя М. Горкага.
Першапачаткова бібліятэка размяшчалася ў будынку Дома будаўнікоў (зараз касцёл святога Язэпа). Увесь кніжны фонд змяшчаўся ў трох шафах і налічваў крыху больш дзвюх тысяч экземпляраў. У штаце было ўсяго два чалавека.
У 1961 годзе бібліятэка пераехала ў новае памяшканне па праспекце Тэкстыльшчыкаў, дзе знаходзіцца і сёння. Рост гіганта ільнокамбіната паспрыяў і на рост чытачоў, з якімі вялікую палітыка-масавую работу праводзілі і бібліятэкары. Напрыклад, у 70-х, за 9 гадоў, кніжны фонд вырас больш чым на 20 тысяч тамоў, а колькасць чытачоў з 4582 да 5200.
Старанні калектыву работнікаў бібліятэкі, каля вытокаў якой стаялі Ніна Дзям'янаўна Краснова і Марыя Паўлаўна Максімава, прынеслі адчувальныя вынікі.
Установа неаднойчы ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі і дыпломамі. За вялікую культурна-асветніцкую дзейнасць ёй было прысвоена званне «Бібліятэка выдатнай працы».
Штогадовая выдача літаратуры складае каля 80 тысяч. Разам з бясплатнымі паслугамі, бібліятэка аказвае і платныя: бібліятэчны маркетынг, камп'ютарная прававая праграмма «Эталон» і іншае. З першага дня свайго заснавання бібліятэка засяроджвае ўвагу на прапагандзе беларускай літаратуры і народных традыцый, з'яўляючыся актыўным удзельнікам рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры», за што была адзначана спецыяльным прызам Беларускага фонду культуры.
Шмат гадоў калектыў працаваў па мэтава-тэматычнай праграме «Наша спадчына», накіраванай на эстэтычнае, прававое і гісторыка-патрыятычнае выхаванне. Актыўна папулярызуюцца праграммы: «Бібліятэка і школа», «Увайдзі ў свет мастацтва», «Абрады нашых продкаў» і г. д.
Бібліятэка выхавала і добрыя кадры бібліятэчных работнікаў. У свой час тут працавалі: дырэктар ЦБС Г. Самарукава, інспектар ЦБС па кадрах Г. Ваднеўская, загадчыца бібліятэкі СШ № 11 А. Шылко, ветэраны працы Н. Манш, А. Колышкіна, І. Міхневіч і іншыя.
Шмат сіл і творчай энергіі аддае рабоце з рознаўзроставай катэгорыяй чытачоў сучасны калектыў бібліятэкі. Загадчыца ўстановы Валянціна Лукашава працуе тут больш 20 гадоў. Значны працоўны вопыт у рабоце з чытацкай аўдыторыяй маюць В. Бірыла, Л. Канавалава, Г. Севасцьянава і К. Цярэшчанка.
У зоне абслугоўвання бібліятэкі імя М. Горкага знаходзіцца некалькі ўстаноў адукацыі. Гэта СШ № 6, 7, 9, ліцэй харчовай прамысловасці, АГМЭК, а таксама экалагічна-біялагічны Цэнтр па працы з цяжкімі падлеткамі.
У бібліятэцы імя Горкага праходзіць мноства тэматычных вечароў і выстаў, дзе збіраюцца аматары кніг. Асноўная мэта – духоўная адукаванасць чалавека. Мерапрыемстваў у бібліятэцы вельмі шмат, да кожнага свята ўпарта рыхтуюцца. Тут ёсць і свой лялечны тэатр «Батлейка», дзейнічае клуб «Дамавічок». Кожны можа знайсці нешта для сябе.
Адрас: г. Орша, праспект Тэкстыльшчыкаў, 10.
ЛІТАРАТУРА
1. Гатоўская, Л. Заўсёды на інфармацыйнай хвалі / Л. Гатоўская // Аршанская газета. – 2005. – 13 студз. – С. 1.
2. Готовская, Л. Энтузиасты книжного дела / Л. Готовская // Аршанская газета. – 2010. – 16 верас. – С. 4.
3. Исаенко, В. «Написано с божьей искрою» / В. Исаенко // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 9 апр. – С. 3.
4. Лукашова, В. Адно, але палымянае захапленне / В. Лукашова // Аршанская газета. – 2013. – 2 лют. – С. 6.
5. Лукашова, В. Истоки духовности / В. Лукашова // Аршанская газета. – 2013. – 2 лют. – С. 6.
6. Лукашова, В. В. Истоки духовности и добра / В. В. Лукашова // Тэлеком-экспресс (Орша). – 2012. – 1 марта. – С. 23.
7. Лукашова, В. В. Кніга прыводзіць да храма / В. В. Лукашова ; гутарыў Я. Відус // Аршанская газета. – 2007. – 31 сак. – С. 3.
8. Лукашова, В. Книги для Оршанцев от Ольги Дубовской / В. Лукашова // Аршанская газета. – 2013. – 16 сак. – С. 6.
9. Лукашова, В. Край, імёнамі слаўны / В. Лукашова // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 23 сак. – С. 21.
10. Лукашова, В. Край, імёнамі слаўны / В. Лукашова // Аршанская газета. – 2012. – 25 лют. – С. 6.
11. Матох, М. «Величайшее сокровище – хорошая библиотека» / М. Матох // Телеком-экспресс (Орша). – 2013. – 19 сент. – С. 3.