Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 18.03.2021 08:40
- Адноўлена 18.03.2021 10:43
Доўгія гады днём заснавання абласной бібліятэкі лічылі 14 кастрычніка 1925 года, калі на пасяджэнні Прэзідыума Віцебскага акруговага выканаўчага камітэта было прынята рашэнне аб адкрыцці ў г. Віцебску аддзялення Дзяржаўнай бібліятэкі. Але толькі нядаўна былі выяўлены архіўныя дакументы, якія сведчаць пра тое, што адкрыццё бібліятэкі адбылося 1 студзеня 1929 года і было прымеркавана да 10-гадовага юбілею адукацыі Беларусі.
Першапачаткова бібліятэка размяшчалася па вуліцы Валадарскага 1/3. Аснову яе фондаў складалі кніжныя зборы бібліятэк аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, Інстытута народнай адукацыі і кніжныя зборы, сабраныя пры Віцебскім аддзяленні Дзяржаўнага музея. На момант адкрыцця бібліятэкі яе фонд налічваў каля 35 тыс. кніг. Для чытачоў былі арганізаваны наступныя аддзелы: агульны, беларускі, яўрэйскі, замежных і старадрукаваных кніг, перыядычнай літаратуры. Таксама мелася чытальная зала і зала для навуковай працы. Штат супрацоўнікаў складаўся з 3-х чалавек. Бібліятэка мела статус навуковай і папаўнялася паступленнямі з Кніжнай палаты (г. Мінск).
У сярэдзіне 30-х гадоў у рэспубліцы пачалася арганізацыя сістэмы МБА. Віцебскае аддзяленне таксама актыўна ўключылася ў гэтую работу. Бібліятэка набывала ўсё большую папулярнасць, павялічваўся бібліятэчны фонд. Паступова павялічвалася і колькасць чытачоў. Так, у 1934 годзе іх налічвалася ўжо 558. У 1937 годзе быў праведзены рамонт будынка і пашыраны плошчы бібліятэкі. Штат бібліятэчных работнікаў павялічыўся да 4 чалавек.
У 1938 годзе, у сувязі з увядзеннем на тэрыторыі Беларусі абласнога дзялення, Віцебскае аддзяленне Дзяржаўнай бібліятэкі імя У. І. Леніна было пераўтворана ў абласную бібліятэку імя У. І. Леніна. Бібліятэка атрымала функцыі метадычнага цэнтра. У сакавіку 1939 года было прынята рашэнне аб арганізацыі метадычнага кабінета. Аднак забяспечыць гэты накірунак работы бібліятэка не магла з-за адсутнасці прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Так, у маі 1941 года штат бібліятэкараў налічваў 9 чалавек, але ніхто з іх не меў спецыяльнай адукацыі.
На жаль, іншых звестак пра работу бібліятэкі ў перадваенныя гады не захавалася.
У гады Вялікай Айчыннай вайны лёс бібліятэкі супаў з лёсам горада: яе будынак цудам уцалеў, але кніжны фонд быў цалкам знішчаны або вывезены. 26 чэрвеня 1944 года г. Віцебск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам з горадам аднаўлялася і бібліятэка. Ужо праз месяц пасля вызвалення горада, з 1 жніўня 1944 года, бібліятэка пачала абслугоўваць чытачоў. Калектыву з 3-х чалавек выдзелілі два пакойчыкі ў даваенным памяшканні бібліятэкі. Гараджане прыносілі сюды свае кнігі, якія цудам захаваліся, і гэта стала тым вытокам, адкуль абласная бібліятэка пачала сваё другое нараджэнне. Вялікую дапамогу ў аднаўленні кніжных фондаў аказалі Дзяржаўны фонд літаратуры Масквы і Ленінграда, бібліятэкі Расійскай Федэрацыі і Казахстана. Вельмі своечасовай была і пастанова Саўнаркама БССР «Аб аднаўленні кніжнага фонду Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна, абласных, гарадскіх і раённых бібліятэк». Першую партыю кніг у колькасці 900 экз. бібліятэка атрымала адразу.
Наступныя гады сталі перыядам хуткага росту як кніжнага фонду, так і колькасці чытачоў, гадамі развіцця ўсёй бібліятэчнай працы. У 1950 годзе кніжны фонд бібліятэкі складаў ужо больш за 132 тыс. экз. Каб наблізіць кнігу да чытача, былі арганізаваны перасоўныя бібліятэкі непасрэдна на прадпрыемствах горада, у рабочых інтэрнатах. У сузязі з вострым недахопам кваліфікаваных кадраў бібліятэка стала таксама і цэнтрам навучання. На яе базе ў 1953 годзе былі арганізаваны курсы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі бібліятэкараў вобласці.
З 1967 года пачалася новая старонка ў гісторыі бібліятэкі: яна пераехала ў новы, больш прасторны, тыпавы будынак плошчай каля 5000 м2 з вялікім кнігасховішчам і чытальнымі заламі на 500 месцаў. Былі створаны ўсе ўмовы для таго, каб бібліятэка ў поўнай меры стала інфармацыйным, адукацыйным і метадычным цэнтрам, сапраўдным культурным асяродкам горада.
У сакавіку 1968 года ў бібліятэку быў перанесены кансультацыйны пункт абласнога савета Усесаюзнага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў, традыцыйнымі сталі Дні інфармацыі і Дні спецыяліста, праводзіліся абласныя чытацкія канферэнцыі. Для інтэлігенцыі горада цэнтрам творчых зносін стаў аддзел літаратуры па мастацтве. Стварэнне аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры стала пачаткам развіцця краязнаўства, больш шырокай прапаганды беларускай мовы і культуры. Супрацоўнікі аддзела з энтузіязмам узяліся за фарміраванне фонду і даведачна-бібліяграфічнага апарата. Усё гэта станоўча адбілася на асноўных паказчыках дзейнасці бібліятэкі. Ужо за 1968 год колькасць чытачоў павялічылася на 10 тыс. і склала больш за 24 тыс. карыстальнікаў.
Важным крокам у жыцці бібліятэк Віцебшчыны стала цэнтралізацыя бібліятэчнай сеткі ў 1975–1978 гг. Істотна павялічылася роля абласной бібліятэкі як навукова-метадычнага цэнтра. Значнае месца ў яе дзейнасці займала метадычнае кіраўніцтва бібліятэкамі вобласці, якое ажыццяўлялася шляхам арганізацыі розных форм павышэння кваліфікацыі, падрыхтоўкі метадычных і бібліяграфічных матэрыялаў, каардынацыі дзейнасці бібліятэк розных сістэм і ведамстваў, вывучэння і абагульнення вопыту работы. Эфектыўна працавалі абласныя школы перадавога вопыту.
У 1994 годзе, з мэтай аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў і пашырэння інфармацыйных паслуг, бібліятэка прыступіла да ўкаранення аўтаматызаванай інфармацыйнай бібліятэчнай сістэмы (АБІС). Дзякуючы гэтаму, яна стала звяном агульнанацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры.
Значнай падзеяй у жыцці бібліятэкі стала адкрыццё ў 1998 годзе нямецкай чытальнай залы пры садзейнічанні нямецкага культурнага цэнтра імя Гётэ. У 1999 годзе быў створаны афіцыйны сайт бібліятэкі, на якім размешчана ўся неабходная інфармацыя. Падзеяй міжнароднага ўзроўню стала адкрыццё грамадскага Internet-цэнтра пры бібліятэцы ў лістападзе 2001 года. Каб забяспечыць даступнасць чытачоў усіх катэгорый да прававой інфармацыі, 17 студзеня 2002 года адчыніў свае дзверы Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ). У 2010 годзе была адкрыта электронная чытальная зала.
Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна сёння – гэта сучасны інфармацыйны, метадычны і культурны цэнтр рэгіёна, які паспяхова рэалізуе свае творчыя планы і праекты.
У структуру бібліятэкі ўваходзяць 5 функцыянальных аддзелаў: рэгістрацыі і кантролю, бібліятэказнаўства, камплектавання фонду і апрацоўкі дакументаў, аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, сацыякультурнай дзейнасці і маркетынгу; 14 аддзелаў абслугоўвання: аддзел абанемента і «МБА», дзіцячай літаратуры, краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, літаратуры па мастацтве, эканамічнай, тэхнічнай і сельскагаспадарчай літаратуры, каталогаў, перыядычных выданняў, інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел, нямецкая, агульная і электронная чытальныя залы, захоўвання асноўнага фонду, сектар замежнай літаратуры, Публічны цэнтр прававой інфармацыі.
Бібліятэка дынамічна развіваецца як сацыяльны інстытут, які з'яўляецца не толькі інфармацыйнай, але і культурнай прасторай, цэнтрам творчых і інтэлектуальных зносін. Бібліятэка супрацоўнічае з творчымі саюзамі, установамі культуры і адукацыі, грамадскімі аб'яднаннямі, арганізацыямі і прадпрыемствамі горада, прымае актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных праектах.
Сёння бібліятэка валодае ўніверсальным фондам, які, у асноўным, прадстаўлены выданнямі пасляваенных гадоў на рускай, беларускай і замежных мовах, што дае магчымасць амаль поўнасцю задавальняць запатрабаванні самых розных катэгорый чытачоў. Фонд бібліятэкі налічвае больш за 690 тыс. экз. Вялікую цікавасць для чытачоў уяўляе фонд рэдкіх дарэвалюцыйных выданняў краязнаўчага зместу. Сярод іх «Памятныя кніжкі Віцебскай губерні», «Полацкія епархіяльныя ведамасці» 1872–1914 гг., «Віцебская даўніна» А. П. Сапунова, працы П. Шэйна, Я. Нікіфароўскага і многіх іншых выдатных гісторыкаў, літаратараў, краязнаўцаў.
Штогод бібліятэка абслугоўвае больш за 44 тыс. чытачоў, а кнігавыдача складае больш за 856 тыс. экз.
Дырэктар бібліятэкі – Адамян Таццяна Мікалаеўна.
Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, вуліца Леніна, д. 8а.
ЛІТАРАТУРА
1. Адамян, Т. Ад збору езуітаў да электронных каталогаў / Т. Адамян ; гутарыў А. Пукшанскі // Літаратура і мастацтва. – 2016. – 16 верас. – С. 11.
2. Адамян, Т. «Будущее библиотек – в обновлении фонда и преобразовании пространства» / Т. Адамян ; беседовала Т. Соловьева // Твой Город ( Витебск). – 2015. – 19 марта. – С. 22.
3. Адамян, Т. Н. «Бумажная книга по-прежнему востребована» / Т. Н. Адамян ; беседовала Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2017. – 14 сент. – С. 5.
4. Адамян, Т. Н. На службе книге и читателю / Т. Н. Адамян ; беседовала Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2019. – 14 сент. – С. 6.
5. Адамян, Т. Н. Система социального партнерства: опыт Витебской областной библиотеки им. В. И. Ленина / Т. Н. Адамян // Вестник Библиотечной Ассамблеи Евразии. – 2013. – № 3. – С. 9–11.
6. Алимова, Е. Дорогу – правовым знаниям / Е. Алимова // Витебские вести. – 2019. – 7 марта. – С. 6.
7. Библиотечные связи // Твой город (Витебск). – 2016. – 7 апр. – С. 3.
8. Будкевич, М. «Белорусские смоляне, смоленские белорусы» / М. Будкевич, Т. Лузан // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 28 янв. – С. I. – (Прил.: Вечерний Витебск).
9. Витебская областная библиотека имени В. И. Ленина : путеводитель / сост. О. Я. Ноткина. – Минск : Полымя, 1987. – 31 с.
10. Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна 80 гадоў / склад. Л. С. Гудзелева. – Наваполацк : А. У. Маладзечкін, 2009. – 109 с.
11. Гвоздь, А. Прикоснуться к истокам / А. Гвоздь // Витебские вести. – 2017. – 24 янв. – С. 7.
12. Дроздова, Н. «Ленинка» как храм книги / подгот.: Н. Дроздова [и др.] // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 10 окт. – С. VI. – (Прил.: Вечерний Витебск).
13. Дулаў, А. З досведу рэалізацыі краязнаўчага праекта «Віцебск: гісторыя рэальная і папулярная» / А. Дулаў, Д. Юрчак // Краязнаўчая газета. – 2020. – № 21–22 (чэрв.). – С. 5.
14. Зигуля, Н. Имена, которые нас объединяют / Н. Зигуля // Звязда. – 2017. – 25 июля. – С. 6.
15. Конохов, Д. Книги, обожженные войной / Д. Конохов // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 26 июня. – С. III. – Прил.: (Вечерний Витебск).
16. Крупица, Н. От виртуального общения – к реальному опыту / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 7 апр. – С. 11.
17. Курс на мультызадачнасць: кнігалюб, эрудыт, менеджар, псіхолаг, экскурсавод у адной асобе / падрыхт. Н. Святлова // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 30 лістап. – С. 10–11.
18. Лузан, Т. Ближе к читателю / Т. Лузан // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 1 марта. – С. 2.
19. Лузан, Т. За компьютерной грамотностью – в библиотеку / Т. Лузан // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 11 февр. – С. 2.
20. Лузан, Т. От книжного собрания... / Т. Лузан // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 16 марта. – С. 6.
21. Лузан, Т. С «домашкой» – в библиотеку / Т. Лузан // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 9 марта. – С. VI. – (Вечерний Витебск).
22. Лузан, Т. Энциклопедия подвига... / Т. Лузан // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 13 июня. – С. 11.
23. Наваренко, И. Н. «Светлое, доброе, вечное» / И. Н. Наваренко // Бібліятэчны свет. – 2020. – № 4. – С. 16–17.
24. Найперш практыка // Літаратура і мастацтва. – 2017. – 15 снеж. – С. 10.
25. О нашей родной Беларуси / падрыхт. Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2020. – 11 апр. – С. 11.
26. Пастернак, Т. С. Мост памяти провели сотрудники Витебской и Астраханской областных библиотек и назвали встречу накануне Дня Победы «От Бреста до Волги – от Астрахани до Берлина» / Т. С. Пастернак // Витебские вести. – 2018. – 8 мая. – С. 5.
27. Пастернак, Т. С. Праздник в храме книги / Т. С. Пастернак // Витебские вести. – 2020. – 17 сент. – С. 1, 6.
28. Рогачева, Л. Все данные в одном ресурсе / Л. Рогачева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 19 мая. – С. 5.
29. Салаўёва, Т. «Мастакі...» – у базе даных / Т. Салаўёва // Культура. – 2016. – 30 крас. – С. 3.
30. Самотой, А. На самоизоляции: не скучать, а читать / А. Самотой // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 21 апр. – С. 4.
31. Соловьева, Т. Библиотека преображается / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 18 сент. – С. 1.
32. Соловьева, Т. Впереди – масштабные проекты / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 25 февр. – С. 5.
33. Соловьева, Т. За вклад в развитие культуры / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 23 окт. – С. 2.
34. Соловьева, Т. Хранилище человеческой мысли / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 29 окт. – С. 1, 3.
35. Тры падзеі [2016] года па версіі Таццяны Адамян, дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна // Звязда. – 2016. – 31 снеж. – С. 13.
36. Шпаковская, Г. Большой праздник в большой библиотеке / Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2019. – 26 окт. – С. 12.
37. Шпаковская, Г. Книга – лучший презент / Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2018. – 16 авг. – С. 14.
38. Шпаковская, Г. Нерушимая связь времен / Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2019. – 19 февр. – С. 7.
39. Шпаковская, Г. О людях-лауреатах / Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2018. – 28 апр. – С. 4.
40. Шпакоўская, Г. І пра Віцебшчыну таксама / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2019. – 24 авг. – С. 11.
41. Шпакоўская, Г. Кнігі пра Айчыну / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2018. – 29 нояб. – С. 6.
42. Шпакоўская, Г. Ёсць што пачытаць / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2017. – 12 янв. – С. 23.
43. Шпакоўская, Г. У глыбокім рэчышчы гісторыі / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2018. – 18 авг. – С. 11.
СПАСЫЛКІ
Афіцыйны сайт Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна