Бібліятэка УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт». г. Віцебск
- Подробности
- Створана 22.03.2021 08:40
- Адноўлена 22.03.2021 09:26
Гісторыя бібліятэкі непарыўна звязана з гісторыяй Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Яна бярэ пачатак з 1 верасня 1965 года, калі быў адкрыты Віцебскі дзяржаўны інстытут лёгкай прамысловасці.
Ужо 2 студзеня 1966 года бібліятэка адкрылася для наведвальнікаў. Аснову бібліятэчнага фонду складалі кнігі, перададзеныя з фондаў Маскоўскага інстытута лёгкай прамысловасці, Іванаўскага і Кастрамскога тэкстыльных інстытутаў, кнігі з асабістых калекцый выкладчыкаў.
Першапачаткова супрацоўнікаў было 3 чалавекі, фонд бібліятэкі налічваў 10414 экз., колькасць карыстальнікаў – 1116 чалавек.
У наступныя гады павялічваўся план прыёму студэнтаў, пашыраўся профіль падрыхтоўкі спецыялістаў, ствараліся новыя кафедры, лабараторыі, кабінеты. Расла і бібліятэка: пашыраўся штат і рэарганізоўвалася яе структура. У 1968 годзе бібліятэка пераехала ў новы, больш прасторны будынак.
Канец XX ст. адзначыўся ўкараненнем новых інфармацыйных тэхналогій, пашырэннем бібліятэчных паслуг, з'яўленнем новых носьбітаў інфармацыі. У 1994 годзе ў бібліятэцы пачалося стварэнне электроннага каталога, а ў 1998 годзе быў створаны аддзел аўтаматызацыі бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў.
Набыццё ў 2004 годзе сеткавай версіі аўтаматызаванай бібліятэчна-інфармацыйнай сістэмы дало магчымасць працягваць працу па пашырэнні лакальнай сеткі, стварэнне якой пачалося ў 2001 годзе. Гэтая сістэма забяспечыла комплексную аўтаматызацыю ўсіх бібліятэчных працэсаў, дазволіла эфектыўна арганізаваць працаёмкія тэхналагічныя працэсы, звязаныя з апрацоўкай першакрыніц.
З 2013 года функцыянуе афіцыйны сайт бібліятэкі – найбольш поўная крыніца інфармацыі пра бібліятэку, яе інфармацыйныя прадукты і паслугі. Супрацоўнікі бібліятэкі вядуць шэраг бібліяграфічных баз дадзеных уласнай генерацыі, а таксама з'яўляюцца ўдзельнікамі праектаў па стварэнні карпаратыўных электронных інфармацыйных рэсурсаў.
З 2016 года на базе бібліятэкі створаны рэпазіторый адкрытага доступу. У гэтым жа годзе была створана база дадзеных «Персанальныя старонкі навукоўцаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта», якая размешчана на сайце.
Акрамя штодзённага абслугоўвання карыстальнікаў супрацоўнікі бібліятэкі ладзяць розныя мерапрыемствы: тэматычныя выставы, літаратурныя вечарыны, творчыя сустрэчы, значную ўвагу ўдзяляюць духоўна-маральнаму выхаванню моладзі.
У структуру бібліятэкі ўваходзяць: аддзел абслугоўвання, які ўключае ў сябе абанемент і 4 чытальныя залы, аддзел камплектавання і каталагізацыі дакументаў, інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел. Кніжны фонд бібліятэкі налічвае каля 470 экз. выданняў на розных носьбітах. Штогод бібліятэка абслугоўвае каля 26 тыс. чытачоў.
Бібліятэка УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» сёння – элемент інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, які функцыянуе на скрыжаванні навукова-даследчых інтарэсаў і адукацыйных тэхналогій, якія рэалізуюцца ў навучальнай установе.
Дырэктар бібліятэкі – Радаева Тамара Сцяпанаўна.
Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, Маскоўскі праспект, д. 72.
ЛІТАРАТУРА
1. Быцкая, Л. И. Листая прошлого страницы ... / Л. И. Быцкая // Бібліятэчны свет. – 2015. – № 6. – С. 25–26.
2. Быцкая, Л. И. Платные услуги библиотеки: реальность сегодняшнего дня / Л. И. Быцкая // Вести ВГТУ (Витебск). – 2008. – № 16 (окт.). – С. 3.
3. Витебский государственный технологический университет = Vitebsk state technological university : [альбом] / сост.: Б. Е. Рыклин, И. А. Дорофеева. – Витебск : [Б. и.], 2013. – 67 с.
4. Ерашова, В. «Пока земля ещё вертится...» / В. Ерашова // Наше православие. – 2016. – № 3 (март). – С. 2.
СПАСЫЛКІ
Афіцыйны сайт бібліятэкі УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт»