Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Ельня, заказнік. Шаркаўшчынскі раён

 

Гісторыя, геамарфалогія і ландшафты

Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Ельня» ўтвораны ў 1968 годзе з мэтай захавання ў натуральным стане балотнага масіву Вялікі Мох, затым ён быў расшыраны ў 1981 годзе, а ў 2002-ім атрымаў статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (рамсарскай тэрыторыі).

Заказнік «Ельня» – спецыфічны ўнікальны тып водна-балотных угоддзяў. Гэта неасвоенае верхавое балота, якое іграе важную ролю ў падтрыманні гідралагічнага рэжыму рэгіёна і Дзвіны, аказвае істотны ўплыў на мікраклімат мясцовасці. Найбольшую небяспеку для яго ўяўляюць пажары, гідрамеліярацыйная дзейнасць, браканьерства і высечка лясоў. Агульная плошча заказніка 25758 гектараў, землекарыстальнікі – Мёрскае, Германавіцкае і Дзісенскае лясніцтвы Дзісенскага лясгаса.

Балотны масіў утварыўся на месцы возера на другой тэрасе ракі Дзісна, ён мае авальную форму, паверхня плоская, яго цэнтральная частка вельмі выпуклая і ўзвышаецца на 5–7 метраў над наваколлем. Агульная магутнасць тарфянога пласта дасягае 8,3 метра, а ў сярэднім – 3,8 м. Глеба тарфяная, верхавога тыпу, яна слаба раскладаецца. Грунтовыя воды паблізу паверхні і нават выступаюць над ёй. Максімальная вышыня цэнтральнай часткі масіву над узроўнем мора 145 м. Ландшафт адносіцца да падзоны падтаёжных (змешана-лясных), азёрна-ледніковых, марэнна-азёрных, пагоркава-марэнна-азёрных.


Гідралогія

У заказніку 35 азёр, рэкі Яльнянка, Бярэжа, Волта і іншыя, якія ўсе разам займаюць 4,4 % тэрыторыі. Запаўняюцца яны грунтовымі водамі і атмасфернымі ападкамі. Берагі пераважна забалочаныя. На асобных вадаёмах ёсць невялікія астравы ў асноўным сплавіннага тыпу. Большасць азёр мае плошчу менш гектара, размешчаны яны ў цэнтральнай і паўднёва-заходняй частцы заказніка. Іх узровень вагаецца ад адзнакі 137,9 м (возера Чорнае) да 144,4 м (Лапухі). Буйнейшы вадаём – Ельня, мелкаводны, алігатрофны, найбольшая глыбіня 3,5 м, воднае люстэрка плошчай 5,42 км2, плошча вадазбору 14,4 км2. Ён тыповы для тундравай зоны: мае нізкую мінералізацыю і кіслую рэакцыю, высокую каляровасць і нізкую празрыстасць вады, у ім утвараюцца торф, сапрапелі.

Балотны масіў з вадаёмамі мае агульны гідралагічны рэжым і функцыяніруе як адзіная сістэма.


Флора

Тэрыторыя заказніка адносіцца да падзоны дубова-цёмнахваёвых падтаёжных шыракаліста-яловых лясоў і адлюстроўвае структурныя асаблівасці леса-балотных і балотных комплексаў. 192 віды сасудзістых раслін адносяцца да 126 родаў, 62 сямействаў, 6 класаў, 5 аддзелаў. У іх ліку 177 кветкавых, 8 папаратнікаў, хвашчы. Выяўлена 12 відаў дрэў, 22 – хмызнякоў, 4 – паўхмызнякоў, 5 – хмызнячкоў, 134 віды травяністых раслін. Найбольш часта сустракаюцца 18 відаў асакі і 6 – лазы, што ўласціва паўночнаму ўсходу Усходне-Еўрапейскай раўніны. А мхоў нават 24 віды, сярод якіх пануюць сфагны, сустракаюцца вельмі рэдкія для Беларусі і Усходняй Еўропы сфагн мяккі і пячоначны мох. Лішайнікаў тут каля 50 відаў.

 

Лес

Лясы заказніка адрозніваюцца ад навакольных. Тут пераважаюць бяроза (38,4 % лясной плошчы) і сасна (19,4 %), менш ельнікаў (14,3 %), асіннікаў (12,9 %), чорнаальшаннікаў (8,2 %), ясеню (2,1 %). Сярэдні ўзрост дрэў – 42 гады, 57,7 % іх маюць сярэднюю і поўную спеласць, нават перастаяўшыя. Сухадольныя лясы займаюць 19,3 % лясной плошчы, пераўвільготненыя – 54,6 %, балотныя – 26,1 %. Больш палавіны сасоннікаў забалочаныя – багульнікавыя, асакова-сфагнавыя, 35,6 % – пераўвільготненыя (чарнічныя). Ельнікі ў асноўным сухадольныя. Заказнік адметны дубравамі часткова натуральнага паходжання ва ўзросце 65–75 гадоў, якія перамежваюцца вязам, ліпай, елкай і бярозай.

Сярод бяроз найбольшыя плошчы займаюць павіслая (75,6 %) і пушыстая. Бярэзнікі сталі вынікам чалавечай дзейнасці на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.

Асінавыя лясы растуць на дастаткова багатых і непераўвільготненых глебах. Чорная вольха займае невялікія ўчасткі на ўскрайках балотнага масіву. Але найбольш каштоўныя ўгоддзі размешчаны толькі на некалькіх кварталах.

 

Балотная расліннасць

Яна характарызуецца слаба выражаным рэльефам (курганы да 15–25 см) і двума ярусамі – дрэвы (пераважна карлікавая сасна) і мох. На мінеральных «астравах» лясная расліннасць: ельнікі сніткавыя, бярэзнікі вейнікавыя і інш.

На берагах азёраў Ельня, Доўгае, Плоскае, Яжгіня пануюць малінія блакітная, бяроза пушыстая і павіслая, асіна, ускраек вады займаюць імхі.

Рэдкія і знікаючыя расліны: бяроза карлікавая, маліна прыземістая, гімнакалея ўздутая, журавіны дробнаплодныя, сфагнум мяккі, увярэднік скіпетрападобны, зубніца клубяносная, вярба чарнічная, баранец звычайны, тайнік яйкападобны, чубатка прамяжуткавая, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік дрэмлік, цыбуля мядзведжая (чарамша), касач сібірскі. Для іх захавання дастаткова папярэджання пажараў і абмежавання збору.

На тэрыторыі заказніка выяўлена 10 катэгорый асабліва каштоўных раслінных супольнасцяў, агульная плошча якіх склала 18067 гектараў (69 % тэрыторыі). Гэта карэнныя плакорныя дубравы, ясеневыя і ліпавыя лясы, чорнаальшаннікі, асіннікі ўперамешку з шырокалісцёвымі дрэвамі, балотныя супольнасці з рэдкімі відамі раслін, у першую чаргу карлікавай бярозай, супольнасці адкрытых верхавых балот, ягаднікі (журавіннікі і бруснічнікі), участкі лекавай і тэхнічнай сыравіны.

 

Жывёльны свет

Заказнік з'яўляецца сховішчам для многіх насякомых, якія захаваліся з часін апошняга аледзянення. Па берагах азёр жыве 18 відаў жужаляў, сярод якіх рэдкія і малавядомыя. На масіве зарэгістравана 149 відаў матылёў. Тут выяўлена 117 відаў птушак, 31 – млекакормячых, 7 – земнаводных. Асаблівасцю з'яўляецца мноства гадзюк.

Сярод птушак большасць вадаплаўных і балотных. У параўнанні з іншымі верхавымі балотамі, найбольш шырока прадстаўлены віды паўночнага паходжання, большасць з якіх – рэдкія і якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе ў цэлым. У паслягнездавы перыяд тут канцэнтруюцца гусепадобныя (гуменнік, качка-свіязь, чырок-траскунок, белалобая гусь, піскулька – знікаючы від на планеце, шылахвостка, крахалі). Акрамя таго, на балоце ўтвараецца буйнейшы ў рэспубліцы (да 2–3 тысяч асоб) перадвырайны гурт шэрых журавоў. Большасць млекакормячых знаходзіцца на перыферыі балота. Сярод капытных толькі ласі і дзікі.

 

Рэдкія і знікаючыя

У межах заказніка выяўлена 27 рэдкіх і знікаючых відаў, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, сярод іх 8 відаў насякомых, 18 – птушак і 1 млекакормячы.

Сярод насякомых – жужаль залацістаямісты, жужаль menetriesi, жужаль бліскучы, жужаль шагрэневы, жужаль рашэцісты, аксамітніца юта, жаўтушка тарфянікавая, перламутраўка Фрыга. Птушкі: гагара чорнаваллёвая, піскулька, змеяяд, беркут, мышалоў палявы, дзербнік, сокал-каршачок, курапатка белая, журавель шэры, сявец залацісты, гаршнеп, кулон сярэдні, кулон вялікі, уліт вялікі, вераценнік вялікі, чайка шызая, пугач, сава балотная. Млекакормячыя – барсук.

 

Паляўнічы патэнцыял

На тэрыторыі заказніка знаходзяцца ўгоддзі Мёрскай і Шаркаўшчынскай (адпаведна 24 і 0,5 тыс. га) арганізацый таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Па выніках уліку 2006 года ў іх зарэгістравана 27 ласёў, 54 дзікі і 50 казуль. На балотах гняздуецца каля 100–200 асобін краквы, чырка і нырковых качак, а ў час выраю адпачывае 1–2,5 тысячы гусей і каля 500–1000 качак. Яшчэ выяўлены дзесяткі цецерукоў і белых курапатак. Сярод драпежнікаў – 30 лісіц, 25 янотападобных сабак і 7 ваўкоў, зайцоў-белякоў тут каля 70, баброў – з паўсотні.

3 2000 года паляванне на пералётных птушак на тэрыторыі заказніка забаронена.

3-за цяжкай даступнасці заказнік «Ельня» слаба выкарыстоўваецца ў рэкрэацыйных мэтах, але з'яўляецца перспектыўным для развіцця экатурызму і адукацыйна-асветніцкіх праектаў.

 

Шаркаўшчынскі раён. Гідралагічны заказнік «Ельня». Фотаздымак з сайта http://www.zakazniki.priroda-vitebsk.byШаркаўшчынскі раён. Гідралагічны заказнік «Ельня». Фотаздымак з сайта http://belpohod.byШаркаўшчынскі раён. Гідралагічны заказнік «Ельня». Фотаздымак з сайта https://www.interfax.byШаркаўшчынскі раён. Гідралагічны заказнік «Ельня». Фотаздымак з сайта http://wikimapia.orgШаркаўшчынскі раён. Гідралагічны заказнік «Ельня». Фотаздымак з сайта http://bahna.landШаркаўшчынскі раён. Гідралагічны заказнік «Ельня». Фотаздымак з сайта http://www.ptushki.org

 

ЛІТАРАТУРА

1. Авяр'янаў, Ю. Вялікі Мох ратуе ўсю Еўропу / Ю. Авяр'янаў // Беларусь. – 2008. – № 5. – C. 40–41.

2. Андреева, В. «Ельня» прекрасная и загадочная / В. Андреева // Народнае слова. – 2007. – 29 верас. – С. 4.

3. Антонов, А. Важна каждая капля / А. Антонов // Советская Белоруссия. – 2015. – 27 окт. – С. 10.

4. Антонов, А. Золото торфяных пластов / А. Антонов // Советская Белоруссия. – 2016. – 10 авг. – С. 13.

5. Багалый, П. Спасительный ландшафт / П. Багалый // Рэспубліка. – 2008. – 26 крас. – С. 10.

6. Балота Ельня // Скарбы прыроды Беларусі: тэрыторыі, якія маюць міжнароднае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці = Treasures of Belarusian nature: ares of International Significance for Conservation of Biological Diversity / аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш.]. – 2-ое выд, перапрац., дап. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 154–156.

7. Барк, І. І. Сцежка да таболак / І. І. Барк ; гутарыў Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2013. – 24 верас. – С. 3.

8. Барок, І. «Ельня» – гэта прыроднае багацце / І. Барок // Міёрскія навіны. – 2013. – 16 лістап. – С. 3.

9. Барыла, А. Ельня – маляўнічы куток Беларусі / А. Барыла // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2007. – 8 жн. – С. 4.

10. Волчков, В. Болото на миллион / В. Волчков // Рэспубліка. – 2016. – 30 ліп. – С. 5.

11. «Ельня» вачамі вучоных // Міёрскія навіны. – 2007. – 14 ліп. – С. 4.

12. Ельня // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 497–498.

13. Живая летопись природы // Родная прырода. – 2014. – № 6. – С. 28–29.

14. Жураўскі, В. Я. Сакрэт вечнай маладосці – у балотах Ельні / В. Я. Жураўскі ; гутарыў У. Сауліч // Віцебскі рабочы. – 2011. – 9 авг. – С. 6.

15. Заказник «Ельня» // Очарование Миорского края = Charm of Myory Region / подбор материала: В. А. Ермаленок, П. И. Боголей, Миорский районный исполнительный комитет ; лит. обраб. О. В. Молодечкин ; фото О. В. Молодечкин. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – С. 32–36.

16. Заказник «Ельня» [Электронный ресурс] // Жемчужины природы Витебщины. – Режим доступа: http://www.zakazniki.priroda-vitebsk.by/marshruty/zakaznik-elnya-/. – Дата доступа: 18.09.2017.

17. Кляшчук, А. Ёсць у Ельні свой чалавек / А. Кляшчук // Родная прырода. – 2014. – № 6. – С. 22–24.

18. Князева, Е. Прогулки по болоту / Е. Князева // Витебские вести. – 2014. – 29 июля. – С. 4.

19. Куркач, С. Жывая вада для Ельні / С. Куркач // Звязда. – 2010. – 6 лют. – С. 3.

20. Лукшиц, О. «Подлатали» плотины / О. Лукшиц // Народная газета. – 2010. – 2 чэрв. – С. 9.

21. Туриско-экологический маршрут по биосферному заповеднику «Ельня» // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism,sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 80.

22. Шайкин, Р. В. Ельня – крупнейший в Беларуси комплекс верховых болот / Р. В. Шайкин // Экалогія. – 2011. – № 2. – С. 14–19.

23. Шыманскі, М. Непаўторная Ельня / М. Шыманскі // Народная газета. – 2014. – 31 кастр. – С. 12.

24. Шымуковіч, Ф. Прырода ўтрымліваецца ў душы чалавека / Ф. Шымуковіч // Сцяг працы (Міёры). – 2001. – 6 сак. – С. 5.