Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Спорыцкая ледавіковая лагчына, заказнік. Пастаўскі раён

Ландшафтны геамарфалагічны заказнік прыроды. Знаходзіцца на адлегласці 6 км у напрамку на паўднёвы захад ад Паставаў паміж вёскамі Шыркі, Падаляны, Салаўі, Сіманькі, Вялікія Споры, Фалявічы, Яцавічы. Мае плошчу 14, 5 км2.

На тэрыторыі заказніка знаходзіцца ўнікальная лагчына, якая ўтварылася XX–XVII тыс. гадоў таму ў выніку разворвання ледавіком горных парод, па якіх ён рухаўся. У выніку гэтага ўтварылася тыповая ледавіковая лагчына шырынёй 1–1,7 км і даўжынёй больш 7 км. У параўнанні з навакольнымі ландшафтамі Спорыцкая лагчына апушчана на 25–30 м і аддзяляецца ад іх абрывістымі схіламі.

Паколькі цела ледавіка было неаднародным і мела шматлікія трэшчыны і пустоты, у якіх назапашваліся абломкавыя пароды, пасля яго таяння ўтвораныя суглінкі і супесі аселі на паверхню, сфармаваўшы неверагодна разнастайны і маляўнічы рэльеф. Найбольш глыбокія часткі лагчыны запоўнілі воды, утварыўшы такім чынам прыгожую групу азёр: Светлае, Чэцверць, Світа, Світка, Асцюцьева, Споры і некалькі невялікіх вадаёмаў. Па ніжняй частцы лагчыны цячэ рака Спорыца, якая злучае ўсе азёры і нясе ваду на поўнач у Мядзелку.

Асаблівую непаўторнасць ландшафту надаюць разнастайныя ўзгоркі, што ўзвышаюцца на дне Спорыцкай лагчыны і па яе схілах. Іх памеры 50 х 200 м, а адносная вышыня – да 35 м. Абсалютныя адзнакі паверхні тэрыторыі вагаюцца ў межах 137–199 м, вышыня ўзгоркаў дасягае 180,2 м. Самымі высокімі ўзгоркамі з'яўляюцца: гара Гарадзішча на заходнім беразе азёр Світа і Світка – 180 м, гара Гаёк – 165,4 м, гара Споркі на паўднёвым беразе возера Споры – 160 м. Узгоркі купала- і ўвалістападобныя з даволі абрывістымі схіламі да 25 градусаў. Складзены яны амаль поўнасцю з марэнных супесяў і суглінкаў. Дно лагчын і берагі азёр забалочаны, узгоркі пакрытыя лесам або занятыя лугамі.

Па меркаванні вучоных, Спорыцкая ледавіковая лагчына з'яўляецца эталоннай сярод падобных аб'ектаў Беларусі. Добрая захаванасць ландшафтаў і адносная экалагічная чысціня ваколіц стварае выдатныя магчымасці для арганізацыі зон адпачынку і развіцця турызму.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ахова прыроды // Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна : геаграфічнае даследаванне / І. Пракаповіч. – Мінск : Кнігазбор, 2007. – С. 93–100.

2. Поставский район // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 22.

3. «Спорыцкая ледавіковая лагчына» (ландшафтны геамарфалагічны заказнік прыроды) // Ваколіцы Паставаў: помнікі прыроды, гісторыі і культуры з маршрутамі краязнаўчых вандровак / І. М. Пракаповіч. – Паставы : Сумежжа, 2004. – С. 11–13.