Глыбокае – Вялікае Астравіта, заказнік гідралагічны. Полацкі раён
- Подробности
- Створана 06.06.2019 09:48
- Адноўлена 16.01.2023 11:26
Катэгорыя | рэспубліканскі |
Тып | гідралагічны |
Раён | Полацкі |
Год утварэння/пераўтварэння | 2007 |
Нумар і дата пастановы аб утварэнні/пераўтварэнні | Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2007 г. № 1833 |
Рэспубліканскі гідралагічны заказнік «Глыбокае – Вялікае Астравіта» размешчаны на тэрыторыі Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Створаны ў 2007 годзе шляхам злучэння заказнікаў Глыбокае – Чарбамысла і Вялікае Астравіта. Мэта стварэння – захаванне ў натуральным стане ўнікальных азёрных экалагічных сістэм Глыбокае – Чарбамысла і Вялікае Астравіта, раслін і жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Плошча заказніка 1353,38 га.
Тэрыторыя заказніка ўваходзіць у склад Паазёрскай правінцыі азёрна-ледавіковых, марэнна- і ўзгоркава-марэнна-азёрных ландшафтаў. Размешчаны на мяжы двух ландшафтных раёнаў: азёрна-ледніковага з сасновымі і мелкаліставымі лясамі, а таксама камава-марэнна-азёрнага і водна-ледніковага з саснякамі. Распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя глебы.
Тэрыторыя заказніка адносіцца да падзоны шыракалістава-яловых (дубова-цемнахвойных) лясоў. Полацкі комплекс лясных масіваў адносіцца да Заходне-Дзвінскага лесарасліннага раёна. Асноўнай лесаўтваральнай пародай у заказніку з'яўляецца сасна. Найбольш распаўсюджанымі тыпамі лесу з'яўляецца мшысты, чарнічны, сфагнавы, кіслічны, верасовы. Лясы заказніка ў сувязі з іх размяшчэннем у паўночнай частцы рэспублікі маюць найбольш выяўлены выгляд таёжных лясоў. На тэрыторыі заказніка знаходзяцца азёры: Глыбокае, Чарбамысла, Вялікае Астравіта, Пустое, Падсіцішкі, Барсукі, Рыстунец, Рудзенькія, Малое Астравіта, Капаловішча. Флора тыповая для беларускага Паазер'я. Важнай асаблівасцю заказніка з'яўляецца невялікая колькасць пустазелля. У прыбярэжнай паласе возера Вялікае Астравіта растуць трыснёг, рагоз шыракалісты, шабельнік балотны, асака. Акрамя палушніка ў возеры сустракаецца яшчэ адзін ахоўны від – плюшчай злакападобны. Фауна заказніка налічвае 111 відаў наземных пазваночных, у тым ліку 7 відаў земнаводных, 4 – паўзуноў, 79 – птушак і 20 – млекакормячых, што складае каля 40 % іх відавой разанастайнасці ў Беларусі. У заказніку водяцца жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: гагара чорнаваллёвая, змеяед, каршачок, дзяцел трохпальцы.
ЛІТАРАТУРА
1. Вялікае Астравіта // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] – Мінск : БелЭн, 1999. – Т. 4 : Варанецкі–Гальфстрым. – С. 356.
2. Глубокое – Большое Островито // Заповедные территории Беларуси / сост. П. И. Лобанок. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 120–123.
3. Глубокое – Большое Островито // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 7.
4. Лобанок, П. И. Глубокое – Большое Островито / П. И. Лобанок // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.] – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 305–306.
5. Малашеня, Л. Сохранить для потомков / Л. Малашеня // Витебские вести. – 2015. – 13 авг. – С. 15.
6. Об оптимизации охранного режима заказников «Белозерские выдмы» и «Глубокое – Большое Островито» / А. Б. Торбенко [и др.] // Веснік ВДУ. – 2015. – № 5. – С. 31–36.