Сіньша, заказнік ландшафтны. Расонскі раён
- Подробности
- Створана 06.06.2019 09:48
- Адноўлена 07.05.2020 11:25
Катэгорыя | рэспубліканскі заказнік |
Тып | ландшафтны |
Раён | Расонскі |
Год утварэння/пераўтварэння | 1996/2014 |
Нумар і дата пастановы аб утварэнні/пераўтварэнні | Пастанаўленне Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 сакавіка 1996 г. № 202 |
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Сіньша» размешчаны на тэрыторыі Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Утвораны ў 1996 годзе. У 2014 годзе пераўтвораны (плошча – 12877 га).
Заказнік – унікальны лесаазёрны комплекс, які ўключае вытокі р. Дрыса і каля 20 азёр, сярод якіх найбольш буйныя (Дрысы, Валоба, Сіньша) аб'яднаны ў адзіную водную сістэму.
Тэрыторыя заказніка з'яўляецца эталонам геамарфалагічнага комплексу Паазерскага абледзянення са шматлікімі камавымі і озавымі пагоркамі, складанымі тэрмакарставымі катлавінамі і лагчынамі. Паміж в. Грышына і в. Мамолі размешчаны ўнікальны па ўзгоркавасці ўчастак (больш за 20 пагоркаў на км2). Розныя па форме, будове, паходжанні пагоркі чаргуюцца з азёрнымі катлавінамі. Самы высокі пагорак на Расоншчыне – гара Гваздіха (224 м) – з'яўляецца геалагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.
Гідраграфічная сетка заказніка «Сіньша» прадстаўлена азёрамі, рэкамі, ручаямі і меліярацыйнымі каналамі. Асноўныя вадаёмы – р. Дрыса з прытокамі Нешчарда, Нішча і інш. Адметнай асаблівасцю прыроднага комплексу заказніка з'яўляюцца шматлікія азёрныя катлавіны, якія ўтвараюць дзве паралельныя паласы, выцягнутыя з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Азёры злучаны паміж сабой пратокамі і ўтвараюць агульную сістэму, якая дрэнажуецца р. Дрыса. Нягледзячы на невялікую глыбіню азёр, вызначаецца значная вышыня схілаў, разнастайнасць і маляўнічасць берагавой лініі.
У тэрыторыю заказніка ўключаны акваторыі 23 азёр: Валоба, Ямна, Глыба, Дрысы, Опціна, Ножніцы, Сіньша, Язьменка, Чорнае, Белае, Карэчна, Кожкі, Плішчана, Чорненькае, Янаўскае, Плеса, Астраўцы, Пралобна, Бродна, Браданок, Шчучае, Соміна і інш.
На тэрыторыі заказніка пераважае лясная расліннасць (больш за 80 % плошчы), якая прадстаўлена пераважна хваёвымі лясамі. Яловыя лясы сустракаюцца мазаічна, буйных масіваў не ўтвараюць. Вялікае распаўсюджванне атрымалі другасныя ліставыя лясы – бародаўчатабярозавыя, асінавыя, шэраальховыя, якія з'явіліся на месцы карэнных хвойных і хвойна-шыракаліставых лясоў. У межах заказніка прадстаўлены нізінныя, пераходныя і верхавыя балоты.
У складзе флоры адзначана 497 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, сярод якіх пераважаюць барэяльныя віды. На тэрыторыі заказніка расце 13 відаў сасудзістых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу РБ. Флора налічвае значную колькасць гаспадарча каштоўных відаў раслін: лекавых (святаяннік прадзіраўлены, сухацвет пясчаны, чараўнік, буквіца лекавая, рачыкі і інш.), харчовых (маліны, брусніцы, буякі, чарніцы, суніцы), дэкаратыўных (гваздзік, усе віды архідных, званочак разгалісты, кольнік каласісты, казялец, пералеска высакародная і інш.), меданосных.
Віды раслін, уключаныя ў Чырвоную кнігу РБ:
сасудзістыя расліны – меч-трава звычайная, наяда марская, наяда вялікая, хамарбія балотная, гідрыла кальчаковая, падвей стройны, лінея паўночная, аднацветка аднакветкавая, гарлачык белы, вадзяны арэх плывучы, баранец звычайны, касачык сібірскі, сон лугавы.
У межах заказніка адзначана 168 відаў наземных пазваночных жывёл: 9 земнаводных, 5 паўзуноў, 122 птушкі, 32 млекакормячыя. Сярод іх выяўлена 20 відаў жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу РБ: 3 насякомыя, 13 птушак, 4 млекакормячыя.
Фаўна заказніка рэпрэзентатыўна адлюстроўвае жывёльны свет лясоў паўночнай Беларусі, якая знаходзіцца ў паўднёвых межах еўрапейскай тайгі, дзе перакрываюцца арэалы многіх ўсходне-еўрапейскіх і сібірскіх відаў. Асаблівасць заказніка – вялікая ўдзельная вага відаў, уласцівых цёмнахваёвым лясам тайговага тыпу, плошча якіх у Беларусі няўхільна скарачаецца. На абмежаванай тэрыторыі дастаткова поўна прадстаўлены тайговы комплекс відаў фаўны Беларусі.
Лясы заказніка насяляюць буры мядзведзь, рысь, заяц-бяляк, глушэц, рабчык, махнаногі сыч, даўгахвостая няясыць, кедраўка, трохпальцы дзяцел, снягір, чыж, малая мухалоўка, чорная сініца, жоўтагаловы каралёк.
Адным з індыкатараў добрай захаванасці лясоў з'яўляецца наяўнасць глушца. Сумарная колькасць дасягае 100 асобін – адзін з самых высокіх паказчыкаў у РБ. На тэрыторыі заказніка вялікая колькасць паляўнічых відаў жывёл: цецярук, рабчык, слонка, казуля, лось і інш.
У рэках і азёрах заказніка жыве 27 відаў рыб. У азёрах Валоба, Глыба, Дрысы, Ножніцы, Опціна найбольш разнастайна прадстаўлена большасць абарыгенных відаў рыб басейна р. Заходняя Дзвіна (лешч, шчупак, плотка і інш.). У вадаёмах Белае, Бродна, Браданок, Кожкі, Плеса, Плішчана (акунь, плотка і інш.) і Карэчна, Чорнае, Янаўскае (карась, лінь) колькасць відаў рыб зніжаецца да 7–10 відаў.
Віды жывёл, уключаныя ў Чырвоную кнігу РБ:
– насякомыя (жужаль менетрые);
– птушкі (чорнаваллёвая гагара, вялікі бугай, чорны бусел, вялікі савук, чорны каршун, арлан-белахвост, малы арлец, скапа, каршачок, шэры журавель, шызая чайка, вераб'іны сыч, беласпінны дзяцел);
– млекакормячыя (гарнастай, барсук, еўрапейская рысь, буры мядзведзь).
ЛІТАРАТУРА
1. Высоцкий, В. Когда щедрость не воздравие / В. Высоцкий // Белорусская лесная газета. –1998. – 5 марта. – С. 7.
2. Зелёное море Россонской тайги: заказники «Красный Бор» и «Синьша» / [отв. за вып. О. В. Молодечкин]. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2012. – 14 с.
3. Синьша // 50 уникальных заповедных территорий Беларуси [Изоматериал] = 50 unique reserved natural territories of Belarus / Н. А. Юргенсон [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2017. – С. 310–317.
4. Синьша // Заповедные территории Беларуси / сост. П. И. Лобанок. – Минск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 350–353.
5. Синьша // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [инф. сб.] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 6.
6. Синьша // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 517.
7. Высшая растительность озера Глыба / Л. М. Мержвинский [и др.] // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2013. – № 3. – С. 68–74.
8. Высшая растительность озера Ножницы / Л. М. Мержвинский и [др.] // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2013. – № 2. – С. 60–66.
9. Высшая растительность озера Синьша / В. П. Мартыненко и др. // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2012. – № 5. – С. 55–60.
10. Гончаров, С. Заказник «Синьша» / С. Гончаров // Голас Расоншчыны. – 2006. – 29 жн. – С. 4.
11. Дединкина, С. Чистые росы Россонского края / С. Дединкина // Родная прырода. – 2010. – № 5. – C. 17–20.
12. Ивченко, Л. Сияют, как алмазы, капли утренней росы... / Л. Ивченко // Віцебскі рабочы. – 2012. – 22 снеж. – С. 7.
13. Морозов, В. «Синьша» – край медведей и редких птиц / В. Морозов // Экологический вестник. – 1998. – 5 мар. – С. 5.
14. Пастернак, Т. К озеру на колясках / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2015. – 15 сент. – С. 5.
15. Сохраним природу для будущих поколений / подгот. Н. Максименко // Голас Расоншчыны. – 2015. – 30 мая. – С. 7.
16. Становая, Ю. Л. Первые определения содержания хлорофилла «а» и продукционно-деструкционных характеристик планктона озер республиканского ландшафтного заказника «Синьша» / Ю. Л. Становая // Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта. – 2010. – № 6. – С. 39–43.
17. Федотов, В. Ландшафтный заказник «Синьша» / В. Федотов // Родная прырода. – 2003. – № 6. – С. 16.
18. Чатыры прычыны наведаць Расоншчыну / падрыхт. С. Любачка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 22 сент. – С. 11.
СПАСЫЛКІ
Республиканский ландшафтный заказник «Синьша»