Балота Мох, заказнік гідралагічны. Мёрскі раён
- Подробности
- Створана 17.08.2020 09:48
- Адноўлена 16.01.2023 11:08
Катэгорыя | рэспубліканскі |
Тып | гідралагічны |
Раён | Мёрскі |
Год утварэння/пераўтварэння | 1981/2007 |
Нумар і дата пастановы аб утварэнні/пераўтварэнні
|
Пастанова Савета Міністраў БССР ад 01.04.1981 г. № 103
Пастанова Савета Міністраў РБ ад 27.12.2007 г. № 1833 |
Згодна з пастановамі Савета Міністраў БССР ад 01.04.1981 г. № 103 і РБ ад 27.12.2007 г. гідралагічны заказнік «Балота Мох» на Мёршчыне набыў статус рэспубліканскага. Тут захоўваюцца ў натуральным стане каштоўныя лесабалотныя экалагічныя сістэмы верхавога тыпу, расліны і жывёлы, уключаныя ў Чырвоную кнігу РБ.
У 2007 годзе пасля пераўтварэння плошча заказніка склала 4602 га. Частка тэрыторыі, якая адыгрывае значную ролю для птушак («Цікінскія астравы»), мае статус рэгіянальнага значэння.
Заказнік уключае тэрыторыю вялікага верхавога балота Мох з мінеральнымі астравамі, мачажынамі і азёрамі. Па ўсім балоце раскіданы шматлікія грывы – «Цікінскія астравы». Унікальнасць гэтым парослым лесам астравам прыдаюць групы старых дубоў, ясеняў і клёнаў.
З захаду да балота прымыкае мелкаводнае возера Набіста, якое зарастае летам воднай расліннасцю. Берагі месцамі ўтвараюць сплавіны, парослыя балотнымі відамі асакі.
Гідралагічная сетка заказніка прадстаўлена возерам Набіста і ракой Хараброўка з прытокамі. Для рэгуляцыі вады ў возеры на рацэ была пабудавана плаціна. Гэта прывяло да зарастання рэчышча воднай расліннасцю і месцамі да перакрыцця яго сплавінамі. Цячэнне практычна адсутнічае. На тэрыторыі заказніка ў рэкі Хараброўка і Гольчыца, якая перасякае ўвесь балотны масіў з поўначы на поўдзень, упадаюць меліярацыйныя каналы.
Адкрытыя балоты займаюць каля 60 % тэрыторыі заказніка, лясная расліннасць каля 40 % (пераважаюць хваёвыя насаджэнні – 66 % лесапакрытай тэрыторыі). Распаўсюджаны насаджэнні бярозы бародаўчатай, карэнныя пушыстабярозавыя лясы і ельнікі. Фрагментарна прадстаўлены асіннікі, чорнаалешнікі, шэраалешнікі, ясянёвыя лясы і дубровы. Дубовыя і ясянёвыя лясы захаваліся невялікімі ўчасткамі на мінеральных «астравах» сярод балота.
Флора заказніка налічвае 223 віды сасудзістых раслін. Асаблівую каштоўнасць для захавання рэдкіх відаў раслін прадстаўляюць градава-мачажынныя і мачажынна-азёрныя комплексы. Шматлікія адкрытыя мачажыны параслі расіцай круглаліснай, асакой балотнай і іншымі балотнымі відамі раслін.
У складзе флоры зарэгістравана 4 віды раслін, уключаных у Чырвоную кнігу РБ, сярод якіх рэліктавы від – марошка прысадзістая (вельмі рэдкая з'ява на тэрыторыі Беларусі) і тундрава-таёжны від – журавіны дробнаплодныя, баранец звычайны, асака малакветкавая.
На тэрыторыі заказніка адзначана 202 віды птушак, з якіх 188 гняздуюцца. У складзе фаўны прадстаўлена большасць млекакормячых, характэрных для поўначы Беларусі: ласі, кабаны, казулі. У сухіх лясах па краі балота сустракаецца заяц-русак, на пераходных балотах – заяц-бяляк.
На ахоўваемай тэрыторыі зарэгістравана 2 віды насякомых: аксамітніца юта, тарфяннікавая жаўтушка 5 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу РБ:чорны бусел, змеяед, шэры журавель , балотная сава, шызая чайка.
ЛІТАРАТУРА
1. Багалей, П. Чтобы здоровыми были «легкие» Европы / П. Багалей ; записала Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2006. – 25 июля. – С. 3.
2. Болото Мох // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 53.
3. Болото Мох // 50 уникальных заповедных территорий Беларуси [Изоматериал] = 50 unique reserved natural territories of Belarus / Н. А. Юргенсон [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2017. – С. 76–81.
4. Болото Мох // Заповедные территории Беларуси / сост. П. И. Лобанок. – Минск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 70–73.
5. Болото Мох // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 80.
6. Болото Мох // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [инф. сб.] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 7.
7. Болото Мох // Миорский край – родина моего счастья / отв. ред. О. В. Молодечкин. – Новополоцк : ИП Молодечкин О. В., 2018. – С. 2.
8. Куклов, В. Большой ренессанс / В. Куклов // Народная газета. – 2007. – 7 верас. – С. 5–6.
9. Матэленак, Л. Прачысцім лёгкія Еўропы / Л. Матэленак // Мiёрскiя навiны. – 2007. – 17 сак. – С. 1.
10. Сушко, Г. Г. Прикладные и методические аспекты экотуризма на верховых болотах Витебской области / Г. Г. Сушко // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2015. – №1. – С. 44–50.
11. Сушко, Г. Г. Насекомые в консорциях дикорастущих ягодников и других верескоцветных на верховых болотах в Белорусском Поозерье / Г. Г. Сушко, В. В. Шкатуло // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2013. – № 3. – С. 50–61.
СПАСЫЛКІ