Глыбоцкі, сад дэндралагічны. Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 27.11.2017 09:23
- Адноўлена 11.12.2018 08:56
Кожная мясцовасць, як, дарэчы, і чалавек мае сваю адметнасць. Глыбоччына можа пахваліцца старэйшымі помнікамі архітэктуры, знакамітымі таленавітымі людзьмі, а таксама адзіным у сваім родзе музеем прыроды, створаным пры дапамозе майстэрства і фантазіі чалавечага розуму.
Трэба адзначыць, што дэндралагічны парк Глыбоцкага лясгаса ўваходзіць у лік помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння. Сюды прыязджаюць наведвальнікі з розных гарадоў Беларусі, з іншых рэспублік.
Ідэя стварэння дэндралагічнага парку («дэндра» з грэчаскай мовы перакладаецца як «дрэва») узнікла ў спецыялістаў лясгаса ў 50-х гадах XX ст. – дырэктара І. А. Лознікава, галоўнага ляснічага А. М. Чульбы, ляснічага С. І. Ціханчыка і, безумоўна ж, у інжынера лясных культур В. А. Ламакі. Віктар Антонавіч дзесяткі гадоў аддаваў сябе парку, лесу, саду. Ён па праву лічыцца бацькам і выхавальнікам дэндрарыя.
Вясной 1963 года пачаліся першыя планавыя пасадкі дрэў і кустоў. Менавіта гэты год і лічыцца пачаткам закладкі дэндралагічнага сада. У перыяд вясны–восені 1963 года было пасаджана 134 віды раслін, якія і па сённяшні дзень з’яўляюцца каштоўнейшым фондам дэндралагічнай калекцыі. З цягам часу тэрыторыя парка была павялічана яшчэ на 6 га, такім чынам агульная плошча складае 8,2 га. З гэтага часу прадугледжвалася новая агульная планіроўка тэрыторыі, разбіўка асноўных дарог (алей) і ўнутраных (маршрутных) дарожак, стварэнне другога вадаёма, калекцыйнага пітомніка, таксама размеркаванне раслінных сем’яў па секцыям. Згодна спісу, у дэндрапарку налічвалася 450 відаў раслін. Віктар Антонавіч Ламака сам займаўся пошукам саджанцаў, ім былі наладжаны адносіны з Мінскім батанічным садам, батанічным садам БДУ, Віцебскім пітомнікам зеленбуда. Цесныя сувязі былі наладжаны з Дуброўскай вопытнай гаспадаркай (Літва).
Разбіўкай тэрыторыі і яе добраўпарадкаваннем (пасадкай і доглядам) займаліся рабочыя Глыбоцкага лясгаса. Першапачатковая назва дэндрарыя – «Дэндралагічны парк Глыбоцкага лясгаса», а з красавіка 1985 года з мэтай поўнай адпаведнасці назве калекцыі дэндрарыя, яе характару і прызначэнню, імя зменена на «Дэндралагічны сад Глыбоцкага лясгаса» – Дэндрасад. На вызначанай тэрыторыі сабраны розныя элементы пейзажаў: раўніны, узгоркі, забалочаныя нізінкі, лужкі. Тут пасаджаны розныя віды раслін, якія былі прывезены з Паўночнай Амерыкі, краін Далёкага Усходу, паўднёвых раёнаў Еўропы. Уся тэрыторыя падзелена алеямі на 12 секцый, дрэвы і кусты высаджаны тут не хаатычна, а па сістэматычным прынцыпе, прынятым у батаніцы. Унутры секцый пракладзены маршрутныя дарожкі, у самых паніжаных месцах створаны тры штучныя вадаёмы, прыкладна пасярэдзіне сада знаходзіцца «альпійская горка».
Галоўны гонар дэндрасада, гэта, безумоўна ж, калекцыя драўляных раслін. На 1997 год іх налічвалася 530 відаў. Каля 15 % складаюць хвойныя пароды, астатнія лісцвяныя. У кожнай расліны ці групы раслін на жалезнай таблічцы пазначана назва, адкуль яна прывезена і дадзена асноўная характарыстыка.
Адразу ля ўвахода ў дэндрасад знаходзіцца гай арэхаў. Іх шэсць відаў. Так, арэх грэцкі (называюць яго яшчэ царскім) расце ў Малой Азіі, Кітаі, Японіі, Карэі ў дзікім выглядзе. Асабліва ўражваюць сваёй велічнасцю дрэвы маньчжурскага арэха – высокія, з тоўстымі галінамі, з якіх звісае прадаўгаватае лісце. Далей, на пагорку – размяшчаецца гай чаромхі. Вельмі прыгожая ўраджэнка далёкаўсходніх лясоў чаромха Маака. Лісце ў яе, як у чарэшні, а ствол, як у бярозы. Яе вельмі часта выкарыстоўваюць для азелянення тэрыторыі.
У дэндрарыі маецца і цэлая калекцыя рабін – сібірская, цюрынгская, скандынаўская, японская. У кожнай з іх – свае асаблівасці.
Паўночны склон халма аддадзены елкам. Побач з мясцовымі пародамі растуць канадская, калючая, карэйская і інш. Паўднёвы склон – уладанне сосен. Частка хвоі звычайнай ападае ўвосень, жыве 3 гады. Здзіўляе сваёй незвычайнасцю і сасна маларослая. Яна расце на Камчатцы.
Растуць і кедры, якія на радзіме, у тайзе, дасягаюць у вышыню пятнаццаціпавярховага дома. Поўнач нашай краіны прыйшлася ім па душы, бо ўжо на чацвёрты год прывітыя дрэвы сталі даваць плады.
У дэндрарыі расце і каля сямі відаў піхт. Сярод іх: сібірская, каўказская, бальзамічная, дугласія. Апошняя на сваёй радзіме, у ЗША, дасягае ў вышыню да 30 метраў.
У дэндрапарку, згодна навуковых праектаў, створаны дзве галоўныя цэнтральныя алеі – піхтавая і каштанавая.
Любімае месца для адпачынку гасцей дэндрарыя – гэта «альпійская горка». Пад яе прыстасаваны ў адной з секцый прыродны схіл паўднёва-ўсходняй экспазіцыі. На невялічкай тэрыторыі (60 м2) размяшчаюцца расліны, што прыстасаваны да розных кліматычных умоў, нізкарослыя, якія выдзяляюцца сярод перасыпаных каменьчыкаў і робяць уражанне сапраўдных Альп. На ёй пасаджаны 2 туі заходняй шаравіднай, 5 елак звычайных карлікавых. Вакол горкі растуць асобныя кусты сасны горнай.
Своеасаблівая «жамчужына» дэндрасада – вечназялёны, незвычайна прыгожы квітнеючы кустарнік паўночна-амерыканскага паходжання – родадэндрон кэцеўбінскі. Яго назва ў перакладзе азначае «ружы на дрэвах». У дзікім выглядзе родадэндрон расце ў гарах. Батанікі налічваюць ад 600 да 1500 відаў.
У кожнай секцыі размяшчаецца каля 5–10 дрэў аднаго віду. Так незвычайна прыгожа і арыгінальна выглядае дуб чырвоны, а таксама пірамідальная форма дуба чарэшчатага.
З 18 відаў клёну вылучаецца дэкаратыўнасцю клён белы (явар), асабліва баграністая форма, срэбраны і востралісты. Незвычайнай афарбоўкай кары ствала характарызуецца бяроза сэрцавідная і чаромха Маака. Дарэчы, багаты дэндрасад на калекцыю бяроз. Бяроза каменная расце часцей за ўсё на склонах гор і за гэту магчымасць расці на каменні атрымала сваю назву. Бяроза чорная – даўгавечная, вытрымлівае вялікія маразы. Кара чорна-карычневага колеру (адсюль і назва), адслойваецца маленькімі пласцінкамі, якія нагадваюць рыбную луску. Дрэва дасягае ў вышыню да 25 м, працягласць жыцця складае 200 год. Бяроза жалезная (ці Шмідта) мае даволі працяглы век – 400 год, мае цёмна-шэрую афарбоўку. Белая ж бяроза толькі з узростам становіцца чыста белай. Калі бяроза старэе, то цямнее і застаюцца толькі кавалкі белага ствала.
Па перыметры мяжы дэндрарыя пасаджана ліпа мелкалістая. У яе своеасаблівая крона, ліпа расце да 1000 гадоў.
Адно з самых старажытных дрэў на Зямлі, якая існавала яшчэ ў даледніковы перыяд – ціс еўрапейскі. Яго яшчэ называюць «чырвоным дрэвам». Ягады ціса – чырвоныя і надзвычай ядавітыя. Занесены ў Чырвоную кнігу.
Наўрад ці не зацікавіць наведвальнікаў сада бархат амурскі (пробкавае дрэва). Такая назва абумоўлена будовай: пад карой размяшчаецца пласт пробкі да 10 см таўшчынёй. Ствол мае шэры колер, шарападобную крону і чорныя плады.
У лоха вузкалістага лісце пакрыта бліскучымі белавата-шэрымі валаскамі, таму на сонцы яны зіхацяць быццам срэбраныя. У пачатку лета з’яўляюцца кветкі – унутры жоўтыя, а звонку – сярэбраныя.
Ёсць тут і дрэва з цікавай назвай – гінкго (у перакладзе з японскага – «сярэбраны плод»). Лісце ў яго веерападобнае, нагадвае папараць. Насенне жоўтае, як слівы. Гінкга лепш за ўсе дрэвы пераносіць загазаванасць і дым.
Прадстаўнік сямейства букавых у дэндрарыі – бук. Яго радзімай лічацца краіны Еўропы, Крым, Каўказ. Дасягае вышыні да 50 м, таўшчынёй – каля 2 м, працягласць жыцця бука – 500 год і болей. Бук добра спыняе крывацёкі. У прамысловасці яго выкарыстоўваюць для вырабу музычных інструментаў, паркета, шпал.
Кустовыя расліны ў дэндрасадзе размешчаны ў свабодных месцах паміж групамі дрэваў ці ля сцежачак для стварэння дэкаратыўнага фону і зручнасці іх прагляду. У адной секцыі размяшчаецца па 10–20 кустоў. Так, кусты шыпшыны атрымалі сваю назву невыпадкова. Галіны скрозь абсаджаны шыпамі. Кветкі вельмі пяшчотныя.
Назва баярышніка ўтварылася ад слова «моцны». Назву заслужыў за моцную, цвёрдую драўніну.
Для ліянападобных раслін устаноўлена шмат апор. Гэта дрэвагубец, актынідыя каламікта, лімоннік кітайскі, вінаград амурскі, жымаласць капрыфоль. Дрэвагубец у дэндрарыі з’яўляецца адным з першых паступленняў саджанцаў. Гэта гібрыд расліны і дрэва. Таўшчыня ствала каля 3–5 см, пакрыты карой, але гібрыд валодае якасцю расліны, бо здольны абвіваць дрэвы ва ўсю вышыню. У дрэвагубца кветкі бэзавага колеру, яго радзімай лічацца краіны Усходу.
Актынідыя – расце ў лясах Далёкага Усходу, у Гімалаях. Гэта ліяна здольная з дапамогай свайго сцябла, абапіраючыся на іншыя расліны, падымацца на вышыню да 15 м і больш. У кожную пару года афарбоўка лістоў розная: вясной – чырванавата-бурая, у маі – чэрвені – зялёная, ліпені – з белымі кропкамі, восенню – пурпуровая.
Лімоннік кітайскі – сваю назву атрымаў за пах, белыя кветкі, ярка-аранжавыя плады. Радзімай лічацца лясы, даліны Далёкага Усходу, расце вышынёй да 15 м.
Жымаласць – шматгадовая кустовая расліна. Назву атрымала ад прозвішча нямецкага матэматыка і батаніка, які жыў у сярэдзіне 16 ст.
Груша звычайная – распаўсюджана ў Еўразіі. У Расіі грушу вырошчвалі ў кляштарных садах Кіеўскай Русі. Самым жа папулярным пладовым дрэвам у Расіі з’яўляецца яблыня.
На тэрыторыі дэндрасада створаны і невялікі калекцыйны пітомнік, у якім вырошчваюць расліны для папаўнення і рамонта пасадак у садзе.
Безумоўна ж, нельга пералічыць усе расліны, што знайшлі свой прытулак у Глыбоцкім дэндрасадзе, бо як адзначалася вышэй, іх больш чым паўтысячы відаў.
Доглядам дэндрасада займаюцца супрацоўнікі Глыбоцкага лясгаса, з 1994 года загадчыцай гэтага «музея прыроды» стала Людміла Генадзеўна Сіўко. А, значыць, справа, пачатая В. А. Ламака, прадоўжана. Яго шматгадовая руплівая праца даказала, што дрэвы розных кліматычных зон здольны расці на Беларусі, прычым, не проста расці, а даваць прыплод. Хоць і не ўсе перасяленцы змаглі перанесці маразы і засуху, але тыя, што выжылі (можна дасканала сцвярджаць) атрымалі на Віцебшчыне трывалую прапіску. Дэндрарый мае несумненную навуковую каштоўнасць.
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. Планета в миниатюре / Д. Берникович // Витебские вести. – 2017. – 20 июня. – С. 5.
2. Бородин, В. Чудо по имени – дендрарий / В. Бородин // Белорусская нива. – 2000. – 29 янв. – С. 5.
3. Высоцкий, В. Приезжайте в Глубокое / В. Высоцкий // Белорусская лесная газета. – 2002. – 5 верас. – С. 3.
4. Глубокский дендрарий // Красота – рядом / Н. И. Деленковский. – Минск : Ураджай, 1984. – С. 67–70.
5. Глыбоцкі дэндрарый // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 433–434.
6. Жибуль, Е. Саду стало тесно / Е. Жибуль // Белорусская лесная газета. – 2006. – 1 чэрв. – С. 8.
7. Заказники, заповедники [Электронный ресурс] // Глубокский опытный лесхоз. – Режим доступа: http://leshoz-glubokoe.ru/index.php?url=zakaznik. – Дата доступа: 12.09.2017.
8. Ломако, В. А. Дендрологический сад Глубокского лесхоза / В. А. Ломако. – Минск, 1990. – 111 с.
9. Мартинкевич, Р. Этот удивительный уголок природы... / Р. Мартинкевич // Веснік Глыбоччыны. – 2009. – 20 чэрв. – С. 3.
10. Марчук, Р. Планета ў мініяцюры / Р. Марчук // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 19 кастр. – С. 23.
11. Михайлов, В. Рукотворный памятник природы : [Глубокский дендрологический сад] / В. Михайлов // Экологический вестник. – 2002. – 7 мар. – С. 4.
12. Отливанчик, А. Тут растет даже ...лох : [Глубокский дендрарий] / А. Отливанчик // Знамя юности. – 2001. – 15 сент. – С. 4.
13. Ростовская, А. Служить лесу – выбор настоящего лесовода / А. Ростовская // Веснік Глыбоччыны. – 2009. – 2 чэрв. – С. 7.
14. Саулич, В. Весь мир на одной тропе / В. Саулич // Народная газета. – 2009. – 13 мая. – С. 14.
15. Федотов, В. Глубокский дендросад / В. Федотов // Родная прырода. – 2007. – № 4. – С. 18–19.
16. Яцкевич, Т. Мода на рододендроны / Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2004. – 27 окт. – С. 4.