Бешанковіцкі, парк. Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 19.03.2019 11:59
Першыя паркавыя кампазіцыі Бешанковіцкага маёнтка пачалі фарміравацца яшчэ ў XVIII стагоддзі. У 1770 годзе тут будуюць палац – мураваны, у выглядзе літары «П» будынак у духу ранняга класіцызму (будынак сучаснай музычнай школы), які раней знаходзіўся ў глыбіні парку і праглядваў праз негустыя пасадкі лістоўніцы і дуба. Дарога да палаца ішла з заходняга боку, уздоўж упрыгожанага вінаградам параднага фасада, каля круглай сажалкі з востравам, дзе знаходзілася хатка для лебядзей. Сажалка тая, як і дубы, што раслі на яе беразе, захаваліся. Сёння на ёй функцыянуе фантан. На газоне перад паркам рос вузкалісты лох, які не захаваўся. Зараз па гэтым газоне праходзіць шаша – адна з цэнтральных вуліц горада.
Цэнтральная алея перад палацам – ліпавая, за палацам – з чорнай італьянскай таполі, пераходзіла ва ўсходняй частцы парку (сёння тут вуліца Абазоўскага) у алею з бярозы. Паўночная частка парку займала тэрыторыю, якая злёгку паніжалася да ракі Заходняя Дзвіна. На ёй выразна выражаны дзве тэрасы. Сёння на першай знаходзяцца сярэдняя школа № 2, музей і гаспадарчыя пабудовы, на другой – помнік воінам Вялікай Айчыннай вайны. У сувязі з новай застройкай згубілася ранейшая паркавая планіроўка. Добра прасочваецца цэнтральная пешаходная сцяжына ўздоўж асноўнай восі парку, якая перасякае тэрасы. Асноўным дрэвам тут з'яўляецца дуб чарэшчаты. На другой тэрасе захаваліся яго экзэмпляры ва ўзросце больш 200 гадоў. Паводле падання, пад адным з іх пазіраваў мастаку Напалеон, які прыбыў сюды вечарам 12 ліпеня. Але ў гэтага дуба па рашэнні мясцовага аддзела культуры восенню 2010 года былі зрэзаны ўсе шкілетныя сукі. Дрэва загінула.
За дарогай, што акаймляе другую тэрасу, любілі спыняцца цыганы. На месцы сучаснай шорнай фабрыкі раней знаходзіўся вадзяны млын, а пазней, ужо пры савецкай уладзе – мясцовая электрастанцыя. Паўночнай натуральнай мяжой сядзібы была рака. Паўднёвая частка парку мела форму прамавугольніка, на дальнім плане яго знаходзілася яшчэ адна невялікая сажалка серпавіднай формы з бетонным дном. Ёсць меркаванне, што сажалка напаўнялася вадой са штучнага падземнага вадатока. Вакол сажалкі былі пасаджаны купкі лістоўніцы. У вадаёме раслі рэдкія расліны, напрыклад, ружовы гарлачык. З усходу ад сажалкі знаходзілася ліпавая алея, з захаду – алея з конскага каштана і далей – ліпавая, якая была ўзноўлена ў 1953 годзе. Яны з'яўляліся часткай маршруту для шпацыру – адзінага ў сваім родзе сярод паркаў Беларусі. Маршрут праходзіў таксама па карагачовай (від вяза) алеі, якая праходзіла ўздоўж заходняй мяжы парка (сёння вул. Валадарскага). На захад ад алеі знаходзіўся пладовы сад (сёння тут пасадкі ліпы і бярозы). Уздоўж сада да карагачовай алеі вядзе вузенькая сцяжынка, абсаджаная з аднаго боку ёлкай, а з другога – арэшнікам (добра захаваліся).
На паўднёвым баку сядзібы, на месцы сучаснага стадыёна, знаходзілася брукаваная цэглай алея з бэзу. Апошняй на паўднёвым баку была вузкая алея з клёна і ясеня, за якой (сёння тут вул. Садовая) размяшчаліся гадавальнікі, дзе вырошчваліся рэдкія пароды дрэў. Апошняй з усходу была алея з дуба чарэшчатага, за якой ляжаў сад з дробнаплоднымі яблынямі і пладова-ягаднымі кустамі. Параўнальна густая, разнастайная сетка алей вызначала адметнасць складанага і даволі працяглага маршруту для шпацыру, выконвала дэкаратыўную і гаспадарчую функцыі.
Да нашага часу парк зведаў мноства змяненняў, набыў новыя кампазіцыйныя цэнтры (помнік, курган Славы, будынкі музея і школ), але па-ранейшаму не страціла свайго значэння яго цэнтральная гістарычная частка з палацам – помнікам архітэктуры другой паловы XVIII стагоддзя.
ЛІТАРАТУРА
1. Бешенковичи // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. – Минск : Ураджай, 1989. – С. 105–109.
2. Бешенковичский дворцово-парковый ансамбль // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 62.
3. Бешенковичский дворцово-парковый ансамбль // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков и [др.].– Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 382.
4. Бешенковичский дворцово-парковый ансамбль // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под. общ. ред. И. И. Пирожника ; сост. Л. В. Ловчая. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 117–118.
5. Бешенковичский дворцово-парковый ансамбль // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под. общ. ред. И. И. Пирожника ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 45–46.
6. З архітэктурнай спадчыны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. – С. 31–33.
7. Михайлов, В. Старинные парки взывают о помощи / В. Михайлов // Экологический вестник. – 2001. – 11 янв. – С. 4.
8. Палаца-паркавы ансамбль // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 121–122.
СПАСЫЛКІ