Двор-Нізгалаўскі, парк. Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 19.03.2019 11:59
Двор-Нізгалаўскі парк адносіцца да пейзажных паркаў пераходнага тыпу. Першапачаткова ён меў сіметрычна-восевую будову. У канцы XIX стагоддзя яго перапланавалі, а на пачатку XX парк прыняў рысы пейзажнага. Апошнім яго ўладаром быў адвакат Мядзведскі, які купіў маёнтак у 1905 годзе. У новым варыянце парк не мае выразнай кампазіцыйнай восі. Аднапавярховы дом на высокім цокальным паверсе, дзе раней размяшчалася школа, ляжыць у самай высокай частцы парку. Парадны двор сядзібы быў дэкарыраваны па перыметры вечназялёным самшытам і рэдкімі экзотамі. Сёння захаваліся экзэмпляр бярозы плакучай, група буйналістай ліпы і кусты венгерскага бэзу. З боку сядзібы знаходзіцца невялікі дом з чырвонай цэглы, які Мядзведскі будаваў для сына, і будынак канюшні. З супрацьлеглага боку ляжаць службовыя будынкі.
Парк мае тэрасную будову. Усяго тры тэрасы, перапады вышынь паміж імі складаюць ад 1,5 да 3 метраў. Па баках тэрас расце густая, ў адзін рад, ёлка. Часткова захавалася сетка ліпавых алей рознай шырыні. Бакавая, параўнальна шырокая алея старога парку, стала цэнтральнай. Шырыня яе складае 4 метры, дрэвы ў радзе стаяць на адлегласці 1 метр. На ўсход ад сядзібы ляжыць паляна, якую з паўднёвага ўсходу акаймляе вялікі масіў з ліпы, бярозы і дуба. Узлесак яе вельмі маляўнічы. Тут расце ўнікальная для Беларусі сасна кедравая еўрапейская з калонападобнай кронай, лепшы ў Беларусі клён серабрысты Віера (вышынёй каля 20 метраў) з магутным калонападобным стамбурам, вольха шэрая, клён татарскі, шызая ружа. Захаваліся таксама тры сасны Веймутава (кожнай больш за 100 год), дзве таполі Пятроўскага, дзве сасны кедравай сібірскай.
Працягам парку з паўночна-заходняга боку з'яўляецца сад, закладзены вузкай паласой па пакатым схіле пагорка. Уздоўж грэбня схілу, на адной восі з уяздной алеей, праходзіў маршрут для шпацыру. Ён быў падкрэслены аднарадовай разрэжанай пасадкаю ліпы, якая не перашкаджала аглядаць акружаючыя краявіды. А яны былі цудоўныя. Найбольш маляўнічай была панарама паўночнага накірунку. Пярэдні план яе ўтвараў сад, асабліва прыгожы ў час цвіцення. Далей – падковападобная пойма, акружаная амфітэатрам пакатых схілаў. У сваю чаргу, з боку поймы, і асабліва яе супрацьлеглага берага, выдзяляюцца маляўнічыя контуры сядзібы, падкрэсленыя востраверхімі елкамі, і сярод сада, на вяршыні збягаючых уніз тэрас – маёнтак. Невялікі парк (каля 6 га), які мае вельмі зручнае размяшчэнне, зліваецца ў адно з прыроднымі краявідамі, а далёкія перспектывы візуальна пашыраюць яго межы ў некалькі разоў. У мяккіх контурах поймы, у паркавых кампазіцыях выражаецца дасканаласць і гармонія прыродных і рукатворных пейзажаў. Парк з'яўляецца помнікам прыроды і мае дэндралагічнае значэнне.
ЛІТАРАТУРА
1. Дварнізгалаўскі парк // Ахоўныя прыродныя тэрыторыі і помнікі прыроды Беларусі / рэдкал.: В. К. Мазоўка [і інш.]. – Мінск : БелСЭ iмя П. Броўкi, 1985. – С. 52.
2. Дворнизголовская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1.– С. 352–353.
3. Двор Низголово // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. – Минск : Ураджай, 1989. – С. 98–100.
4. Крачкоўскі, А. Сумны лёс парка / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковiчы). – 2005. – 28 чэрв. – С. 3.
5. Сядзіба «Нізгалава» // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 127–128.