Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Парк Цэнтральны. Лепельскі раён, г. Лепель

Сёння Цэнтральны парк Лепеля – гэта любімае месца адпачынку жыхароў горада і яго гасцей. У летнюю спякоту тут можна адпачыць у засені зялёных насаджэнняў. З цэнтральнага ўваходу адкрываецца пейзаж Лепельскага возера. Летні амфітэатр, дзеючыя фантаны, танцавальная пляцоўка збіраюць заўсёды людзей розных узростаў на святочныя мерапрыемствы.

У даваенныя гады на месцы цяперашняга парку быў жылы раён на беразе возера. Тут жа стаяла гарадская лазня, быў рынак. Цераз раку Ула стаяў вялікі драўляны развадны мост. У начны час па рацэ праходзілі невялікія рачныя параходы. На месцы Камсамольскага парку дзейнічала лодачная станцыя. Асноўны і адзіны ўезд у горад з боку Віцебска быў па мосту цераз раку Ула і далей на вуліцу Камсамольскую. За мостам на правым баку размяшчаўся рэстаран, а далей базарная плошча. На гэтай плошчы ў пачатку 30-х гадоў з жыхарамі горада сустракаліся знакамітыя военачальнікі Варашылаў і Будзённы. Яны прыязджалі ў Лепель для выбару месцаў дыслакацыі будучых ваенных гарадкоў. Цяпер гэта Броўка і Заслонава.

На тэрыторыі цяперашняга парку адбываліся трагічныя падзеі. У сакавіку 1918 года на былой базарнай плошчы нямецкія акупанты расстралялі 17 чырвонаармейцаў. Пры гэтым іх не дазвалялі пахаваць. I толькі праз некалькі дзён жыхары Лепеля ўначы пахавалі абаронцаў горада Лепеля на Пятроўскіх могілках. Цяпер на месцы брацкай магілы стаіць помнік.

У 1921 годзе ў Лепелі адбыўся вялікі пажар. Некалькі пабудоў згарэлі і на ўзбярэжжы возера.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі цяперашняга парку размяшчалася яўрэйскае гета. 28 лютага 1942 года каля тысячы яўрэяў фашысты вывезлі да вёскі Чарнаручча і расстралялі.

У пасляваенныя гады на месцы базарнай плошчы і жылых дамоў засталіся толькі разваліны.

У 1952 годзе было прынята рашэнне пабудаваць на ўзбярэжжы возера Дом культуры. Заклалі і падмурак. Аднак на далейшае будаўніцтва не хапіла грошай. Потым першым сакратаром райкама партыі быў прызначаны Уладзімір Лявонцьевіч Качан, удзельнік партызанскага руху, камісар брыгады імя Сталіна. Менавіта ён выказаў ідэю аб закладцы гарадскога парку, які ў далейшым атрымаў назву Цэнтральны. Дарэчы, цяперашні Дом культуры быў пабудаваны пры У. Л. Качане.

Планіроўкай парку кіраваў Уладзімір Францавіч Карпіцкі, былы актыўны змагар за ўстанаўленне Савецкай улады ў Віцебскай вобласці. У закладцы парку прымалі ўдзел грамадскасць горада, прадпрыемствы і навучальныя ўстановы.

У пачатку 60-х гадоў у парку быў пабудаваны летні кінатэатр.

У 2013 годзе ў парку на беразе Лепельскага возера быў усталяваны помнік Цмоку.

Цэнтральны парк у горадзе Лепель. Фотаздымак з сайта http://fotki.lepel.by Цэнтральны парк у горадзе Лепель. Фотаздымак з сайта http://fotki.lepel.by

ЛІТАРАТУРА

1. Крывец, М. Цэнтральны парк / М. Крывец // Лепельскі край. – 2008. – 2 ліп. – С. 7.

2. Рублеўскі, С. Горад маёй памяці / С. Рублеўскі // Звязда. – 2015. – 7 лют. – С. 5.