Комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі, парк. ДУ «Цэнтр культуры “Віцебск”»
- Подробности
- Створана 06.05.2013 07:26
- Адноўлена 30.03.2021 16:00
Комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі ДУ «Цэнтр культуры "Віцебск"» размешчаны ў паўночнай частцы горада, у Кастрычніцкім раёне, на левым беразе р. Заходняя Дзвіна паміж вусцямі ручаёў Прудок і Паповік. Ён быў закладзены ў 1946 годзе як парк «Мазурына», а ў 1976 годзе перайменаваны ў Цэнтральны парк культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі. У 50-я гады на яго тэрыторыі размяшчаўся летні лагер 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі, ваеннаслужачым якой і належыць асноўная заслуга ў азеляненні паркавых алей.
Плошча парку складае 122 га. Ваеннаслужачымі было высаджана 10 тыс. дрэў і кустоў. На тэрыторыі парку растуць ясень, бяроза, клёны розных парод, дуб, елка, хвоя, бэз, акацыя белая і жоўтая, вярба. Парк раздзелены на дзве асноўныя алеі, якія пракладзены паралельна рацэ. Трэцяя, «лыжная», алея злучае паркавую зону з сасновым масівам (плошча 229 га), які быў высаджаны ў 1960-я гады. У парку пераважае пейзажная планіроўка, у цэнтральнай частцы – рэгулярная. У яго цэнтры размяшчаліся асноўныя культурна-масавыя відовішчныя аб'екты, атракцыёны, дзіцячы гарадок, спортпляцоўкі, танцавальная пляцоўка, павільёны, кафэ, кветнікі. На беразе ракі – прыстань, лодачная станцыя і гарадскі пляж. У раёне хваёвых пасадак размяшчалася зона адпачынку са сцежкамі здароўя, альтанкамі і прагулачнымі маршрутамі.
У 2007 годзе парк афіцыйна прызнаны структурным падраздзяленнем ДУ «Цэнтр культуры "Віцебск"». У 2010 годзе ён перайменаваны ў комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі.
Сёння ў парку арганізаваны пункт пракату спартыўнага інвентару для актыўнага адпачынку. У вясенне-летні перыяд – гэта ролікавыя канькі, скейтборды, ровары прагулачныя для розных узростаў і інш. Узімку можна здзейсніць прагулку па паркавых алеях на лыжах. Для інтэлектуальнага адпачынку тут прадастаўлены разнастайныя настольныя гульні: нарды, шахматы, шашкі, даміно, лато. Таксама ёсць дартс, настольны тэніс, бадмінтон.
У летні перыяд ад прыстані па Заходняй Дзвіне ходзіць невялікі прагулачны катар. Ёсць таксама невялікі пясчаны пляж для купання. На тэрыторыі комплексу дзейнічае вяровачны гарадок «Дзікі Захад», лазертаг-клуб «Кольт», працуюць атракцыёны. У святочныя дні для гасцей выступаюць творчыя калектывы ДУ «Цэнтр культуры "Віцебск"».
ЛІТАРАТУРА
1. Бегунов, Н. Не нужен мне берег турецкий / Н. Бегунов // Віцьбічы = Витьбичи. – 2005. – 2 авг. – С. 7.
2. Дощенко, М. Мазурино нашего детства / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2014. – 6 марта. – С. 4.
3. Морозова, С. Наконец-то лето ! / С.Морозова // Витебский курьер. – 2004. – 13 июля. – С. 3.
4. Парк центральный культуры иотдыха имени Советской Армии // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – С. 277.
5. Пастернак, Т. Парк открыл сезон и... обнажил проблемы / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2009. – 12 мая. – С. 8.
6. Центр культуры «Витебск» // Центр культуры Витебска : документальная хроника: посвящается 65-летию со дня основания и 60-летию творческой деятельности / сост.: А. Л. Шульман, Е. Л. Гринь, Н. Я. Дроздова. – Витебск : Витебская областная типография, 2015. – С. 160–165.
7. Шарендо, В. В нашем парке звучали такие оркестры / В. Шарендо // Віцьбічы = Витьбичи. – 2011. – 18 июня. – С. 5, 10.
СПАСЫЛКІ