Юр'ева гара, лесапарк. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 30.03.2021 07:26
- Адноўлена 16.12.2021 09:55
Юр'ева гара – лесапарк у паўночна-заходняй частцы горада, у Чыгуначным раёне. Уяўляе сабой выцягнуты пагорак адноснай вышынёй 15–20 м, пакрыты лясной расліннасцю. Плошча 22 га. Вышыня каля 175 м над узроўнем мора. Сваю назву Юр'ева гара атрымала ад Георгіеўскай (Юр'евай) праваслаўнай царквы, якая тут раней размяшчалася. Зараз з'яўляецца месцам адпачынку гараджан.
Лесапарк размешчаны на марэннай градзе, якая цягнецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Паўднёва-заходні працяг лесапарку называецца Залатой гарой. Акрамя багатай геамарфалогіі, Юр'ева гара мае на сваіх абшарах і самую разнастайную флору, намнога багацейшую, чым ва ўсіх парках горада: хвою, клёны вастралістыя і чырвоныя, таполю канадскую, бярозу пушыстую, ясень звычайны, бэз і іншыя кустовыя расліны. Растуць тут і надзвычай рэдкія для нашых мясцін дрэвы, такія як коркавы дуб, бук, белалістка і іншыя. У паўночнай частцы лесапарку размешчаны гарадскі радыётэлевізійны цэнтр з тэлевежай (вышыня – 245 м). На Юр'евай гары б'юць дзве крыніцы, адна з іх асвечана праваслаўнай царквой. Залатая гара часткова забудавана прыватнымі дамамі.
Юр'ева гара, акрамя выдатных прыродных багаццяў, мае і сваю гісторыю. Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. яна мела шэраг назваў асобных сваіх частак. У раёне Маркаўскай слабады, напрыклад, існавалі найменні – гара пад Іванам, Траецкая гара, Залатая горка. У розныя гады Юр'еву гару называлі Сасоннікам, Елагамі, Юр'еўкай. З канца XVII ст. на ёй знаходзілася драўляная Георгіеўская (Юр'еўская) царква. Вакол храма былі могілкі. Ніжэй царквы, ля крыніцы, была пабудавана капліца. Каля гары размяшчалася «слабодка Юр'ева».
З сярэдзіны XIX ст. Юр'ева гара стала месцам адпачынку гараджан. Людзі распальвалі тут вогнішчы, гатавалі ежу, пілі гарбату з самавараў, спявалі песні і танцавалі, назіралі за вучэннямі салдат на стрэльбішчы, якое знаходзілася ў амфітэатры сярод пагоркаў. Часам людзей на Юр'евай гары збіралася так многа, што сюды прыходзілі гандляры з прысмакамі. Вялікая колькасць наведвальнікаў лесапарку стала прычынай вытоптвання верхняга пласта глебы і травы, з'яўлення вялікай колькасці вогнішчаў, забруджвання крынічнага калодзежа. Усё гэта стала прычынай для абмежавання вольнага доступу на Юр'еву гару да вясны 1899 года. Да XX ст. лясны масіў гары прымыкаў да Маркава манастыра. А з 1890-х гадоў тут размяшчалася зона адпачынку працоўных льнопрадзільнай фабрыкі «Дзвіна».
У 1900 годзе на Юр'евай гары адбылася адна з першых стачак віцебскіх рэвалюцыянераў. З 1922 года ў гэтым раёне размяшчаўся Беларускі дзяржаўны ветэрынарна-бактэрыялагічны інстытут (сёння гэта мінскі «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С. М. Вышалескага»). У 1930 годзе інстытут быў пераўтвораны ў Беларускі навукова-дзяржаўны ветэрынарны інстытут, які ў 1937 годзе быў рэарганізаваны ў Беларускую навукова-даследчую ветэрынарную вопытную станцыю і Віцебскую біяфабрыку. Па Генеральным плане 1938 года лесапарк на Юр'евай гары быў запланаваны пад агульнагарадскі парк культуры і адпачынку. У перадваенныя гады тут дзейнічала парашутная вышка. У сярэдзіне XX ст. царква св. Георгія (Юрыя) была знішчана. З 1950-х па 1973 год на гэтым месцы праводзіліся спаборніцтвы па мотакросе. У 2011 годзе каля крынічкі была пабудавана купальня.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Юрьева горка / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2005. – 9 дек. – С. 2.
2. Горы города Витебска // Горные вершины Витебской области / В. Э. Пасанен, Е. А. Дикусар, С. Г. Стёпин. – Минск : Право и экономика, 2016. – С. 120–132.
3. Дощенко, М. 5 причин посетить Юрьеву горку [в Витебске] / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2013. – 3 окт. – С. 5.
4. Кавалеўскі, С. Крыніца на ўзвышшы / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2015. – 21 февр. – С. 8.
5. Никифоровский, Н. Я. Странички из недавней старины города Витебска: воспоминания старожила / Н. Я. Никифоровский ; предисл., текстологич. подгот. и комент. А. М. Подлипского. – Минск : Полымя, 1995. – 149 с. : ил. – (Литературные памятники Беларуси).
6. Плавінскі, М. Юр'ева Горка: нататкі краязнаўца / М. Плавінскі // Народнае слова. – 1992. – 7 лістап. – С. 5 ; 14 лістап. – С. 5 ; 21 лістап. – С. 5 ; 28 лістап. – С. 6.
7. Плысов, В. С верой на исцеление / В. Плысов // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 11 апр. – С. 12.
8. Пятрэнка, Н. А. Сем узгоркаў Віцебска / Н. А. Пятрэнка // Віцебскі край : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 385-годдзю выхаду ў свет «Буквара» Спірыдона Собаля, 24 лістапада 2016 г., Віцебск / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск, НББ, 2017. – Т. 2. – С. 98–102.
9. Плавінскі, М. Юр'ева горка з арліных вышынь / М. Плавінскі, рэд. Т. І. Рабіновіч. – Віцебск, 1994. – 12 с. – (Помнікі гісторыі і культуры Віцебшчыны).
10. Юрьева горка // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – С. 390.
СПАСЫЛКІ
По следам легенд Витебска: Свято-Георгиевский родник на Юрьевой горке