Езярышчанскі, заказнік арніталагічны. Гарадоцкі раён
- Подробности
- Створана 28.02.2018 08:54
- Адноўлена 11.12.2018 08:57
Возера Езярышча ляжыць на шляхах міграцыі вадаплаўных птушак: гусей, качак, лебедзяў, кулікоў. На працягу многіх гадоў каля цікавага ў многіх адносінах вадаёма вядуць даследванні навукоўцы з БДУ, ВДУ, НДІ рыбнай гаспадаркі. У 1979 г. выканаўчы камітэт Віцебскай вобласці абвясціў возера Езярышча, прыбярэжную паласу шырынёй у 100 метраў у межах Віцебскай вобласці, прылеглыя да возера балота, вусце ракі Дуброўка і выток ракі Обаль арніталагічным заказнікам з мэтай захавання месцаў пражывання і гнездавання рэдкіх птушак паўночнай частцы Беларусі. Арнітолагі падлічылі, што на выспах, прыбярэжнай паласе і прылеглых да берага балотах гняздуецца больш за 60 відаў птушак, агульная колькасць якіх дасягае 3000 і больш пар. Розныя віды чаек, дзікіх качак, кулікоў, вераб'іных гняздуюцца тут, ствараючы цікавыя і рэдкія паселішчы.
На самым буйным востраве Гарадзішча (на якім размешчана замчышча) гняздуюцца вялікія вераценнікі, кнігаўкі, бакасы, крыжанкі, азёрныя і малыя чайкі, вялікія паганкі і іншыя. Берагі возера служаць не толькі месцам гнездавання птушак. Штогод, падчас вясновага і восеньскага пералётаў, тут адпачываюць і кормяцца падчас доўгай дарогі тысячы птушак. Сюды ж збіраюцца яны на ліньку. У складзе арнітафаўны заказніка адзначаны віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, тут ёсць адна з нешматлікіх у Беларусі калоній малой і шызай чаек, калонія вялікіх вераценнікаў. Гняздуецца зімародак, вялікі бугай і іншыя рэдкія птушкі.
На тэрыторыі заказніка забаронена паляванне на ўсе віды жывёл і птушак, прамысловая і аматарская лоўля рыбы ў дваццаціметровай зоне вакол выспаў і наведванне іх з 1-га красавіка па 1-га жніўня, высечка дрэў і кустоў, збор яек і знішчэнне муроў птушак, выпас жывёл і касьба на востраве Гарадзішча да 15 ліпеня.
ЛІТАРАТУРА
1. Дарафееў, А. Возера Езярышча – арніталагічны заказнік / А. Дарафееў // Прамень камунізму (Гарадок). – 1980. – 27 мая.– С. 3.
2. Езерище // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 171.
3. Езярышчанскі арніталагічны заказнік // Ахоўныя прыродныя тэрыторыі і помнікі прыроды Беларусі / рэд.-склад. В. К. Мазоўка, Н. М. Сямашка. – Мінск : БелСавЭн імя П. Броўкі, 1985. – С. 56.
4. Захаров, А. Птичий рай озерного края / А. Захаров // Гарадоцкi веснiк. – 2008. – 12 лют. – С. 4.