Рэкі. Докшыцкі раён
- Подробности
- Створана 25.07.2019 07:26
- Адноўлена 01.09.2020 16:15
Рэкі раёна адносяцца да Вілейскага гідралагічнага раёна. На тэрыторыі часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў – Нёманам і Дняпром. У раёне пачынаюцца і цякуць рэкі Бярэзіна, Поня (басейн Дняпра), Вілія, Сэрвач, Галядза (басейн Нёмана).
Густата натуральнай рачной сеткі 0,43 км2. Агульная працягласць асушальнай сеткі 6,1 тыс. км, у т. л. адрэгуляваных водапрыёмнікаў 75 км, магістральных і падводных каналаў 545 км, рэгуляцыйных каналаў 1,4 тыс. км.
Вілія (літ. Нярыс) – рака на тэрыторыі Беларусі і Літвы, правы прыток Нёмана. Даўжыня 498 км, у Беларусі – 264 км. Плошча вадазбору 25,1 тыс. км2, на тэрыторыі Беларусі – 11 тыс. км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 %. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 186 м3/с.
Пачынаецца з невялікага балота за 1 км на паўночным усходзе ад в. Вялікае Поле Докшыцкага раёна, перасякае мяжу з Літвой за 2 км на паўночным захадзе ад в. Жарнэлі Астравецкага раёна, упадае ў Нёман на тэрыторыі Літвы каля г. Каўнас. Асноўныя прытокі на тэрыторыі Беларусі: Сэрвач, Нарач, Страча (справа), Дзвінаса, Ілія, Уша, Ашмянка (злева). На рацэ створана Вілейскае вадасховішча, частка вады якога па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў Свіслач. Даліна звілістая, добра распрацаваная, у верхнім цячэнні шырынёй 1–3 км, бліжэй да вусця звужаецца да 0,2–0,4 км.
Галядза – рака ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, левы прыток Сэрвачы. Даўжыня 24 км. Плошча вадазбору 110 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні 2,3 %.
Пачынаецца на паўночным усходзе ад в. Барсукі, упадае ў Сэрвач на поўнач ад в. Мураўшчына. У вярхоўі на працягу 6 км каналізаваная. У ніжнім цячэнні (ніжэй в. Заборцы) цячэ праз лес.
Маскавіца – рака ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, левы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра). Даўжыня 7,4 км.
Пачынаецца з возера Маскавіца, вусце за 3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Беразіно. Рэчышча каналізаванае на працягу 5 км (ад вытоку да аўтадарогі в. Беразіно – г. Лепель). Цячэ па забалочаным лесе на поўначы Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
Поня – рака ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, правы прыток Бярэзіны. Даўжыня 44,9 км. Плошча вадазбору 503 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 %.
Пачынаецца на паўднёвай ускраіне в. Крыпулі, вусце ў межах в. Бераспонне. Цячэ ў скразной даліне на поўнач Мінскага ўзвышша. Асноўны прыток – р. Варлынка (справа). Даліна ў вярхоўі трапецападобная, шырынёй 1,5–2,5 км, на астатнім працягу невыразная, пры ўпадзенні ў Бярэзіну зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма асушаная, парэзаная густой сеткай меліярацыйных каналаў. Рэчышча каналізаванае, шырынёй ад 6 м да 30 м. Прымае сцёк з сеткі меліярацыйных каналаў.
Сэрвач – рака ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, Мядзельскім і Вілейскім раёнах Мінскай вобласці, правы прыток Віліі.
Даўжыня 85 км. Плошча вадазбору 1105 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 7,6 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 %.
Выцякае на паўднёвым захадзе з возера Сэрвач Докшыцкага раёна, упадае ў Вілейскае вадасховішча на паўднёвым усходзе ад в. Людвінова Вілейскага раёна.
ЛІТАРАТУРА
1. Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – 415 с. : іл.
2. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 480 с. : іл.
3. Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – 383 с.
4. Лявіцкая, Р. І. Докшыцкі раён / Р. І. Лявіцкая, Г. П. Рудава, М. Ф. Янюк // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: Г. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1984. – Т. 2 : Гатня–Катынь – С. 202–203.
5. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.
6. Прыродна-геаграфічнае апісанне Докшыцкага раёна / Ф. Палачанін // Докшыцкі край / Ф. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 7–15.