Бярэзіна, рака. Докшыцкі раён
- Подробности
- Створана 25.07.2019 08:40
- Адноўлена 01.09.2020 16:13
Бярэзіна – рака ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўжыня 613 км. Плошча вадазбору 24,5 тыс. км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м3/с. Агульнае падзенне 69 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,11 %. Пачынаецца рака на паўднёвым захадзе ад г. Докшыцы. Асноўнымі прытокі Бярэзіны з'яўляюцца Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).
Выток ракі Бярэзіны – гэта цікавая і своеасаблівая прыгожа аформленая славутасць горада Докшыцы. Возера, з якога выцякае рака Бярэзіна, перакрыта дамбай. У тым месцы, дзе прадугледжаны выхад вады ў раку, праз гэтую дамбу ўсталяваны стылізаваны намёт з адпаведнымі надпісамі. Трэба адзначыць, што сама рака Бярэзіна ў горадзе Докшыцы нагадвае хутчэй не магутную раку, якой яна стане ніжэй па плыні, а невялікі ручаёк. Тым не менш, набярэжная ракі Бярэзіны ў горадзе Докшыцы добраўпарадкавана. Праз раку перакінуты пешаходны масток.
Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны – высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні – некалькімі хвалямі. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал. снежня, крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 30–60 см (канец лютага – пачатак сакавіка). Сярэдняя тэмпература вады летам 18–20 С. Агульная даўжыня рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км, густата рачной сеткі 0,35 км/км2.
Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіна падзяляецца на 3 участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця 240 км).
У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, купістая, шырынёй 2–3 км, у асобных месцах звужаецца да 0,5 або пашыраецца да 6 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,3–1,8 м, часам да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі і невялікімі пясчанымі астравамі. Шырыня ракі 15–20 м, найбольшая 60 м. Берагі нізкія (да 0,5 м), на асобных участках стромкія (вышыня да 1,5 м), пясчаныя, забалочаныя.
У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шырыня яе 2–3 км, месцамі – да 1 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя (вышыня 10–35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых вод. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шырынёй 1,5–2 км, хмызнякова-лугавая. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шырыня ракі 60–80 м, найбольшая 100–300 м. Берагі стромкія, вышынёй 1–2 м.
У ніжнім цячэнні да вусця даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 2–8 км, месцамі звужаецца да 0,3–0,5 км. Схілы стромкія, вышынёй 6–15 м, месцамі 20–25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, купістая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая; шырыня яе 1,5–5 км. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, адмелін, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шырыня ракі 80–130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, вышынёй ад 1–2 м да 15 м.
Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра; каштоўныя — судак, мінога, галавень, падуст, сом, мянтуз.
ЛІТАРАТУРА
1. Березина // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 41–42.
2. Бярэзіна // Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 82–83.
3. Бярэзіна // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2007. – С. 91–92.
4. Бярэзіна // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 111–112.
5. Гурскі, Б. М. Бярэзіна / Б. М. Гурскі, В. В. Гетаў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: Г. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1984. – Т. 1 : Ааліты–Гасцінец – С. 380–381.