Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Помнікі археалогіі. Докшыцкі раён

Як мяркуюць вучоныя, тэрыторыю Паўночнай Беларусі чалавек пачаў засяляць у IХ–V тысячагоддзях да н. э. – у эпоху сярэдняга каменнага веку (мезаліту). Людзі сяліліся ў невялікіх паселішчах паблізу рэк і азёр. У IV тысячагоддзі да н. э. пачаўся новы каменны век – неаліт.

У Бягомльскім музеі народнай славы і ў музеях многіх школ Докшыцкага раёна захоўваюцца каменныя сякеры. У 1893 г. захавальнік Віленскага музея старажытнасцей Ф. В. Пакроўскі ў выдадзенай ім «Археалагічнай карце Віленскай губерні» ўзгадаў пра знаходкі дзвюх каменных сякер каля в. Пліскі (Сітцаўскі сельсавет), дзвюх – каля в. Мацюшонкі і трох – каля былой в. Фіркоўшчына (Валкалацкі сельсавет). Ёсць звесткі, што рэчы каменнага веку з вёсак Ліпск, Бедзіна і шэрагу іншых захоўваюцца ў музеях Варшавы і Кракава, куды яны былі перададзены ў 1920–30-я гады, калі значная частка Докшыцкага раёна ўваходзіла ў склад Польшчы.

У эпоху позняга неаліту і ранняга бронзавага веку на мяжы III і II тысячагоддзяў да н. э. тэрыторыя раёна ўваходзіла ў межы распаўсюджвання паўночна-беларускай археалагічнай культуры. У гэтыя часы людзі навучыліся здабываць медзь і волава і сплаўляць з іх бронзу, з якой рабілі прылады працы і ўпрыгожанні. 3-за таго, што на тэрыторыі Докшыцкага раёна няма залежаў медзі і волава, бронзавыя рэчы траплялі з далёкіх мясцін у выніку абмену.

3 сярэдзіны I тысячагоддзя да н. э., пачатку жалезнага века, людзі з мясцовай балотнай руды пачалі выплаўляць жалеза. Жалезныя прылады значна павысілі прадукцыйнасць працы. У выніку ўзнікла маёмасная няроўнасць, пачаліся ўзброеныя сутыкненні. Паселішчы сталі ўмацоўвацца землянымі валамі і драўлянымі агароджамі. На тэрыторыі Докшыцкага раёна гарадзішчы (рэшткі ўмацаваных паселішчаў) ранняга жалезнага веку былі пабудаваныя плямёнамі днепра-дзвінскай культуры.

Паводле «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць» у раёне зафіксавана 8 гарадзішчаў часоў ранняга жалезнага веку. Найбольш старажытным лічыцца ўмацаванае паселішча каля в. Гарадзішча Бярозкаўскага сельсавета (III–II ст. да н. э.). У гэты перыяд існавала паселішча і на месцы гарадзішча пад назвай «Шведская Гара» каля в. Бірулі Тумілавіцкага сельсавета.

Астатнія 6 абследаваных археолагамі гарадзішчаў датуюцца III–IV ст. н. э. Два гарадзішчы каля в. Асецішча Бярэзінскага сельсаветаі выявіў у 1880-я гады Ф. Л. Вярэнька. Схематычныя планы гарадзішчаў у тыя гады былі зроблены В. Шукевічам. Планы захоўваюцца ў архіве Кракаўскага археалагічнага музея. У фондах музея знаходзяцца фрагменты ляпнога посуду з гарадзішчаў каля в. Асецішча.

Гарадзішча паміж вёскамі Асінавік і Навасёлкі Асінаўскія Бярозкаўскага сельсавета сярод мясцовага насельніцтва вядома пад назвай Гарадок або Замак. Паводле паданняў, тут закапаны 3 брычкі з грашыма.

Гарадзішча каля в. Беразіно (цэнтр сельсавета), ва ўрочышчы Гарадок, вядома пад назвай Талерка. Размешчана на ўзгорку, на першай падпойменнай тэрасе вышынёй 17–18 м, на правым беразе р. Бярэзіна.

Злева ад шашы Докшыцы – Глыбокае, каля в. Варганы Порплішчанскага сельсавета, на гары вышынёй каля 20 м са стромкімі схіламі, знаходзіцца гарадзішча Варганская Гара.

Яшчэ 2 гарадзішчы на тэрыторыі сучаснага Бягомльскага пасялковага Савета знаходзяцца паблізу в. Асавы, каля ўрочышча Старцава Лужа, і ў наваколлі в. Дамашкавічы, а на тэрыторыі Бярэзінскага сельсавета – гарадзішча побач з в. Вольберавічы, ва ўрочышчы Крапасны вал. Ф. В. Пакроўскі ў «Археалагічнай карце Віленскай губерні» называе гарадзішча чатырохвугольнай формы ва ўрочышчы Гарадок, каля в. Яблонцы Валкалацкага сельсавета.

«Апытальныя лісты 1924 г. па Мінскім і Барысаўскім паветах» акрамя ўжо згаданага гарадзішча каля в. Замасточча называюць яшчэ гарадзішчы каля в. Несцераўшчына, хутара Грабяні і інш. У кнізе Г. В. Штыхава «Археалагічная карта Беларусі. Вып. 2» са спасылкай на розныя гістарычныя крыніцы называюцца гарадзішчы каля вёсак Камайск, Тумілавічы, на поўнач ад Бягомля і інш. Л. Д. Побаль у кнізе «Археалагічныя помнікі Беларусі. Жалезны век», спасылаючыся на архіўныя звесткі, згадвае гарадзішча ва ўрочышчы Гарадзец каля в. Бераснёўка і ва ўрочышчы Губкі або Акопішча каля в. Ваўча.

3 канца I тысячагоддзя тэрыторыя сучаснага Докшыцкага раёна ўваходзіла ў склад Полацкага княства – аднаго з буйнейшых дзяржаўных аб'яднанняў Усходняй Еўропы. У раёне паселішчы гэтай эпохі не вывучаліся. Канцом I – пачаткам II тысячагоддзя датуюцца пахаванні – курганныя могільнікі. Іх даволі шмат, што сведчыць пра шчыльную заселенасць Докшыччыны. На тэрыторыі раёна ўлічана больш за 20 курганных могільнікаў і амаль столькі яшчэ вядома паводле літаратурных крыніц, але на мясцовасці вучонымі не правераныя.

Каля некаторых вёсак ёсць нават па дзве курганныя групы. У курганных могільніках налічваецца ад некалькіх насыпаў і да ста. Вышыня курганоў звычайна ад 0,5 да 1,5 м, дыяметр ад 5 да 15 м. Сярод мясцовага насельніцтва курганы, як правіла, вядомы пад назвамі «Капцы», «Валатоўкі», «Горкі», «Шведскія магілы», «Французскія магілы». У в. Шклянцы існуе паданне, што курганы насыпаны над магіламі воінаў, якія загінулі ў вайне з туркамі. У в. Гняздзілава (Крыпульскі сельсавет) курганы звязваюць са шведскімі войнамі.

Курганамі Докшыччыны навукоўцы зацікавіліся яшчэ ў XIX стагоддзі. У 1880-я гады Ф. Л. Вярэнька на складзенай ім «Археалагічнай карце ваколіц Пуцілкавічаў» адзначыў курганы каля вёсак Асецішча, Ліпска, Чарнічкі. У канцы XIX стагоддзі Ф. В. Пакроўскі ў «Археалагічнай карце Віленскай губерні» апісаў курганы каля в. Віржы (Валкалацкі сельсавет). Таксама паведамлялася, што паміж вёскамі Варганы і Грабучае (Порплішчанскі сельсавет) размешчаны 2 групы курганоў. Усяго налічвалася 50 насыпаў. Могільнікі раздзеленыя лагчынай Чорная Лужа.

Шмат курганных могільнікаў вядома дзякуючы «Апытальным лістам 1924 г. па Мінскім і Барысаўскім паветах». Там адзначаны курганы каля вёсак Беразіно, Ваўча, Несцераўшчына, Нябышына і ў іншых месцах. У 1938 г. уладальнік маёнтка Парэчча Пётр Юзафовіч паведаміў у Археалагічны музей Віленскага ўніверсітэта імя Стафана Баторыя пра вялікі курганны могільнік (больш за 100 насыпаў) у сваім парку і часткова ў лесе, побач з вёскамі Бірулі і Несцераўшчына (Тумілавіцкі сельсавет). Ён запрашаў правесці раскопкі.

У 1971–1972 гг. археалагічныя помнікі Докшыцкага раёна абследаваў А. Р. Мітрафанаў. Ён падрабязна апісаў помнікі, якія аглядаў, зняў іх планы, а таксама ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак курганныя могільнікі каля вёсак Казлы, Маргавіца і шэраг іншых. Вынікі гэтых прац увайшлі ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».

Паводле «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць» у в. Віржы захаваўся адзін курган, па 3 курганы захаваліся ў двух могільніках каля вёсак Варганы, Загацце, Валкалата. У в. Беразіно ва ўрочышчы Выскадніца называецца 18 каменных курганоў, у в. Ваўча – 22 курганы, каля вёсак Вускрам'е – 16, Казлы – 20, Ліпска – 25, Маргавіца – 4 і 13, Несцераўшчына – 32 і 36, Новая Вілейка – 65, Нябышына – 45, Парэчча – 36, Старое Запонне – 19, Шклянцы – 35 і 10, Шалашы – 20. Акрамя таго, вядома некалькі вялікіх курганоў пад назвай Валатоўкі на беразе Бярэзіны каля в. Беразіно. Паводле дадзеных краязнаўца В. І. Скарахода, 5 курганоў пад назвай Капцы ёсць каля в. Жамойск.

У 1989 г. краязнавец Д. І. Грабоўскі выявіў курганны могільнік з 75 насыпаў у лесе паміж вёскамі Бераснёўка і Улессе. У тым жа годзе археолагамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі (кіраўнік Л. У. Дучыц) былі раскапаны 2 курганы. У час гэтай экспедыцыі быў адкрыты жальнічны могільнік (могільнік з камянямі) каля в. Маргавіца, ва ўрочышчы Хрысцініны Лядцы. Тут на лясным паўвостраве сярод раллі захаваліся 4 жальнічныя магілы (дыяметрам 2,5 м, па перыметры валуны) і больш за 10 магіл са стэлападобнымі каменнымі надмагіллямі.

На тэрыторыі раёна захавалася яшчэ шмат могільнікаў позняга сярэдневякоўя. Большасць з іх фіксуецца па наяўнасці камянёў і каменных крыжоў. У в. Слабада, каля школы, ва ўрочышчы Галодны могільнік, захавалася шмат каменных крыжоў. Кажуць, што там пахаваны людзі, якія памерлі ў час вялікага голаду. Падобныя могільнікі ёсць каля вёсак Асецішча, Дамашкавічы, Ліпск. У краязнаўчай літаратуры называюцца старыя могілкі ва ўрочышчы Гарадок каля в. Беразіно. У літаратуры сустракаюцца звесткі і пра сляды могільнікаў без камянёў.

На тэрыторыі Докшыцкага раёна знаходзяцца звыш 40 помнікаў археалогіі. Сярод іх гарадзішчы каля вёсак Асецішча (2 гарадзішчы), Асінавік – Навасёлкі Асінаўскія, Беразіно, Бірулі, Варганы, Гарадзішча, Замасточча, Старое Запонне; могільнікі каля вёсак Асінавік – Сасновая, Бедзіна, Ліпск, Маргавіца; курганныя могільнікі каля вёсак Беразіно (2 могільнікі), Бераснёўка – Улессе, Бірулі, Бягомль, Варганы (3), Ваўча, Вітунічы, Вускрам'е, Жамойск, Загацце, Казлы, Кемешаўцы, Ліпск, Маргавіца (2), Несцераўшчына (2), Новая Вілейка, Парэчча, Старое Запонне, Трацэўшчына, Шалашы, Шклянцы (4); селішча каля вёскі Варганы.

Несумненна, на докшыцкай зямлі можна сустрэць і яшчэ шмат невывучаных старажытнасцей.

Спіс помнікаў археалогіі. Докшыцкі раён

 

Варганская гара. Фотаздымак з сайта http://www.dokshitsy.by

ЛІТАРАТУРА

1. Археалагічнае вывучэнне Докшыччыны // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 22–34.

2. Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.] ; склад. Ю. У. Каласоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : А–К.– 496 с. : іл.

3. Докшыцкі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 241–258.

4. Докшицкий район // Археологичекие памятники Белоруссии: железный век / Л. Д. Поболь. – Минск : Наука и техника, 1983. – С. 151–154.

5. Дучыц, Л. Археалагічныя помнікі нашага краю / Л. Дучыц // Ленінская трыбуна (Докшыцы). – 1991. – 19 ліп. – С. 2.

6. Лобатый, С. Привет из бронзового века: что раскопали археологи в деревушке Бирули Докшицкого района / С. Лобатый // Сельская газета. – 2014. – 26 июля. – С. 26.

7. Поболь, Л. Д. Древности Белоруссии в музеях Польши / Л. Д. Поболь. – Минск : Наука, 1979. – 208 с.

8. Собалева, К. Тут мае карані / К. Собалева // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2006. – 20 верас. – С. 2.

9. Целеш, С. Варганская гара / С. Целеш // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2012. – 24 кастр. – С. 5.

10. Чараўко, В. У. Археалагічныя даследаванні на курганна-жальнічным могільніку каля в. Бірулі Докшыцкага раёна ў 2011 г. / В. У. Чараўко // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковых канферэнцый, [20–21 кастрычніка 2011 г., 14–15 лістапада 2012 г., г. Віцебск] / [рэдкал.: Г. У. Савіцкі, В. А. Шышанаў, Н. Ю. Шаркоўская]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі. – С. 24–25.