
Прэзентацыя беларускага перакладу кнігі Тумаса Транстромера «Пад вольным небам»
- Details
- Створана 30.10.2017 05:32
25 кастрычніка ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі выбраных вершаў шведскага нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромера «Пад вольным небам». У гэты дзень бібліятэку наведалі саветнік Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Б'ёрн Сула, памочнік пасла Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Алеся Літвіноўская, намеснік старшыні ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Усевалад Сцебурака, перакладчык Лявон Баршчэўскі, музыка Андрэй Такінданг.
З прывітальным словам да гасцей звярнуўся галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак, які падкрэсліў значнасць культурных стасункаў паміж Швецыяй і Рэспублікай Беларусь. Саветнік пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Б'ёрн Сула расказаў удзельнікам імпрэзы пра Тумаса Транстромера і прачытаў па-шведску адзін з вершаў аўтара. Пра культурныя праекты Швецыі ў нашай краіне распавяла Алеся Літвіноўская. Некаторыя з праектаў узгадаў у сваім выступленні і Усевалад Сцебурака.
Пераклады вершаў да зборніка «Пад вольным небам» зрабілі Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Алеся Башарымава, Андрэй Хадановіч. Укладальнікам выступіў Лявон Баршчэўскі, які і распавёў удзельнікам сустрэчы пра асаблівасці паэзіі Тумаса Транстромера, прачытаў вершы нобелеўскага лаўрэата. Імпрэзу аздобіла выступленне музыкі Андруся Такінданга, разам з якім пачалі спяваць і ўсе, хто знаходзіўся ў зале.
На вечарыне прысутнічалі навучэнцы гімназіі № 2 г. Віцебска, якія вывучаюць швецкую мову, яны мелі цудоўную магчымасць паразмаўляць па-шведску з прадстаўнікамі пасольства.


































