Рамёствы. Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 15.11.2018 11:39
- Адноўлена 04.03.2019 15:47
Традыцыі рамеснай вытворчасці склаліся ў эпоху сярэднявечча і ў значнай ступені дайшлі да нашых дзён. Для сялян гэта быў падсобны занятак, а для пэўнага саслоўя мястэчак рамёствы сталі промыслам. Сялянскія сем'і старадаўніх часоў у асноўным самі забяспечвалі сябе прыладамі працы, прадметамі дамашняга ўжытку, адзеннем, абуткам, жаночымі ўпрыгожваннямі, дзіцячымі цацкамі і г. д. Галоўная роля ў гэтым належала, безумоўна, апрацоўцы дрэва, скуры, ткацтву, бондарству і інш. Да сярэдзіны XIX ст. шырокае развіццё кавальскага рамяства звязвалася са здабычай жалеза з балотных руд. Амаль у кожнай вялікай вёсцы быў свой каваль, які вырабляў і рамантаваў металічныя часткі плугоў, сярпоў, кос, павозак, разніц (сячкарня на Варапаеўшчыне), прылады хатняга ўжытку (нажы, тапары, вілкі) і г. д. Вядомыя кавалі жывуць і цяпер у вёсках Вярэнькі, Казлоўшчына, Кураполле, Навадруцк, Хацілы, г. п. Лынтупы.
Мастацкай апрацоўкай металу, стварэннем вытанчаных чорных карункаў захапляецца пастаўчанін Ю. Фурс – удзельнік шматлікіх выставак і конкурсаў кавальства.
Дрэваапрацоўчыя промыслы на Беларусі, размешчанай у лясной паласе, здаўна займалі вядучае месца. Яны забяспечвалі выраб прылад працы, сродкаў руху, прадметаў побыту – боек (маслабойкі), дзежак, цэбраў, кроснаў, калаўротаў, куфараў, начовак, каромыслаў (карэміслі ў в. Чорнае, насілкі ў г. п. Лынтупы). Сяляне самі майстравалі прылады для апрацоўкі льну, рэзгіны – прыстасаванне для пераносу сена і інш. Азёрны край патрабаваў выкарыстання лодак. Складаліся цэлыя дынастыі рамеснікаў. Так, у в. Юнькі сталярнай справай доўгі час займаліся Дзеравянкі, у в. Грэйцава – Дубовікі.
Да сённяшняга часу ёсць на Пастаўшчыне майстры, якія выраблялі колы, драбіны, сані. Гэтай няпростай справай займаліся А. Балай з в. Манеўшчына, І. Мядзюха з в. Лапачонкі, рабілі тут і музычныя інструменты.
Разьбой па дрэве ў розных стылях у цяперашні час займаецца шмат аматараў. Сярод іх У. Мароз (г. п. Варапаева), А. Шэвелеў (г. Паставы), В. Жагула (г. п. Варапаева), В. Мелец (в. Цешалава).
З самых старажытных часоў было распаўсюджана ганчарства. Выраблялі міскі, гаршкі, латкі, гарнушкі. Каля возера Задзеўскае ў Паставах археолагі знайшлі рэшткі керамікі нарвенскай і паўночна-беларускай культур, культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, якая датуецца канцом III – пачаткам II-га тыс. да н. э. Паспяхова займаецца керамікай С. Шчэрба (в. Навасёлкі), акрамя традыцыйных птушак, конікаў, свісцёлак, ён паспрабаваў стварыць народны італьянскі музычны інструмент акарыну, які стаў бытаваць у заходнім рэгіёне Беларусі ў пач. XX ст.
Выдатным майстрам саломапляцення на Пастаўшчыне ў канцы XX ст. быў С. Высоцкі з в. Мягуны. Сёння пляценне і аплікацыя саломкай набываюць новае жыццё. Гэтымі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці займаюцца такія аматары, як А. Анкудовіч, А. Харко, А. Апухціна.
Адным з найбольш развітых рамёстваў на Пастаўшчыне з'яўлялася ткацтва. У якасці сыравіны выкарыстоўвалася воўна, кудзеля, каноплі. У 1925 г. ткацтвам у Пастаўскай гміне займаліся 100 ткачых, якія выраблялі палатно («грубае сукно»), посцілкі, настольнікі, хусты. Характэрным быў старажытны геаметрычны малюнак са спалучэннем 2 натуральных колераў – святлейшага і цямнейшага, разам з ім ужываліся матывы расліннага і жывёльнага свету. Большым попытам карысталіся на Пастаўшчыне паласавікі – дываны з яркімі кантрастнымі палосамі на цёмным, пераважна чорным, фоне. Арэал распаўсюджвання ткацтва ў раёне настолькі вялікі, што пералічваць паселішчы, дзе жылі і жывуць умелыя ткачыхі, не мае сэнсу, але хочацца адзначыць жанчын-руплівіц, якія імкнуцца захаваць традыцыі Пастаўшчыны, актыўна ўдзельнічаюць у выстаўках народнай творчасці: Б. Вяршылава, В. Масцяніца з г. п. Лынтупы, В. Ганчар з в. Чорнае, М. Грэлік з в. Камаі, М. Казаровец з в. Харкі, Я. Пяткевіч з в. Каралінава, Л. Пятраніс з в. Старчуны, В. Гарус, А. Жызнеўская, Ф. Мажэйка з в. Васілеўшчына, Г. Скабейка, былая жыхарка в. Пуцькава. Асобна ў гісторыі мастацкага ткацтва стаіць выраб ручнікоў. У нашай мясцовасці ручнікі ткалі з адбеленага і неадбеленага палатна, яны аздабляліся вышыўкай і пераважна зубчатымі карункамі.
Вышыванне таксама было распаўсюджана на Пастаўшчыне. Старажытная геаметрыя сімвалаў саступіла дэкаратыўнасці, рэалістычным матывам. Славілася сваімі вышыўкамі пастаўчанка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Е. Жаваранкава, вышыўкай займаюцца М. Ананьева, Д. Чарэнка, М. Пяткоўская, Я. Сівіцкая, зачароўваюць буйнымі колерамі вышываныя дываны Л. Зарэцкай з в. Навасёлкі.
На Пастаўшчыне таксама распаўсюджаны наступныя віды народнай творчасці: габелен, гарбарства, выцінанка, роспіс па шкле, лозапляценне, выраб пудзілаў, абрадавая выпечка.
У цяперашні час народныя рамёствы аднаўляюцца ў Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын».
Пры раённым Доме рамёстваў «Стары млын» працуе народны клуб «Майстры».
ЛІТАРАТУРА
1. Бынькоў, А. «Вікінг» з душой творцы адраджае на Пастаўшчыне старадаўнія рамёствы / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2016. – 1 окт. – С. 11.
2. Закржевский, Г. Лоза Августиновича / Г. Закржевский // Віцьбічы = Витьбичи. – 2005. – 14 июня. – С. 5.
3. Латыш, А. Кашыцкае сонейка / А. Латыш // Пастаўскi край. – 2005. – 3 верас. – С. 7.
4. Лекарэвіч, Л. Тры рамёствы – тры лёсы / Л. Лекарэвіч // Пастаўскі край. – 2008. – 6 чэрв. – С. 7.
5. Мірончык, М. Жанравая палітра народнай культуры / М. Мірончык // Лiтаратура i мастацтва. – 2006. – 1 верас. – С. 9.
6. Пастернак, Т. Юрий Фурс: «В первую очередь кузнецу нужны мозги» / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2007. – 6 лістап. – С. 5.
7. Сиз, В. Глиняные свистюльки народного мастера Сергея Щербы из д. Новоселки Поставского района / В. Сиз // Белорусская нива. – 2004. – 19 нояб. – С. 6.
8. Шапавалава, А. А найбольшае захапленне – лялькі / А. Шапавалава // Пастаўскі край. – 2017. – 7 сак. – С. 4.
9. Шпакоўская, Г. Лiлiя Зарэцкая: «Хачу бачыць толькi прыгажосць» / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2000. – 28 кастр. – С. 8.
10. Шчэрба, С. У. «Планаў – яшчэ на паўвека» / С. У. Шчэрба ; гутарыла І. Сняжкова // Пастаўскі край. – 2013. – 23 кастр. – С. 3.
11. Шышло, В. Талент, што будзіць успаміны / В. Шышло // Віцьбічы = Витьбичи. – 2006. – 10 окт. – С. 5.