Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Помнікі прыроды. Шаркаўшчынскі раён

 

У Шаркаўшчынскім раёне налічваецца 12 геалагічных помнікаў мясцовага значэння. Сярод іх наступныя помнікі прыроды:

arrow Быстрыцкая даліна

Знаходзіцца ў в. Мельніца і Абалонь, за 9,5 км на захад ад в. Станіславова і за 20 км на паўднёвы захад ад цэнтра Шаркаўшчыны. Плошча помніка 0,6 км2. Трапіць да аб'екта можна па шашы Шаркаўшчына – Казьяны да моста праз р. Быстрыца. Займае плошчу 60 га.

arrow Валун Дубаўкоўскі

Знаходзіцца за 4 км ад в. Лужкі і 29 км ад гарадскога пасёлка, літаральна ў ста метрах на ўсход ад в. Дубаўка на міжмежжы раллі. Даўжыня ледавіковага валуна, яго доўгай восі дасягае 3,3 м, кароткай – 1,65. Вышыня складае 2,3 м. У абводзе ён 7,8 м. Аб'ём валуна 6,7 м3. Вага – 17,6 т.

Валун складзены гранітам светла-шэрым дробназярністым, метамарфізаваным, які прасечаны ружовым палявым шпатам таўшчынёю ад аднаго да сямі сантыметраў. Парода моцна дэсквамавана і выглядае вельмі маляўніча. Прынесена прыкладна 20–15 тыс. гадоў таму ў часы паазёрскага зледзянення са Скандынавіі.

Валун мае прасападобную форму, сцягнуты з раллі і пастаўлены рогам. На ягонай паверхні захавалася да пяці відаў імхоў і лішайнікаў. Ляжыць на 148,8 м над узроўнем мора.

Валун Дубаўкоўскі належыць да аб'ектаў, якія маюць навуковае значэнне. Мае вельмі маляўнічы выгляд і павінен знаходзіцца пад аховай.

arrow Вялікі камень Дубаўкоўскі

Знаходзіцца за 4 км на ўсход – паўночны ўсход ад аг. Лужкі і за 29 км на ўсход ад Шаркаўшчыны ў в. Дубаўка. Камлыга складзена шэрым з блакітным адценнем гранітам дробназярністым. Камлыга добра адшліфавана, на ёй бачны ледавіковыя шрамы і драпіны. Яму прыкладна 20–15 тыс. гадоў. Прынесены ледавіком з Карэліі. Вага каля 18 тон.

arrow Вялікі камень Жукі-Лажноўскі

Знаходзіцца ў 1,1 км на паўднёвы захад ад аг. Германавічы, у 1 км на поўнач – паўночны захад ад в. Жукі Ложныя і 0,3 км на паўднёвы ўсход ад р. Дзісна. Займае плошчу 0,01 га.

arrow Вялікі камень Лапуноўскі

Знаходзіцца за 2,5 км на паўночны захад ад в. Лужкі і за 25 км ад г. п. Шаркаўшчына. Валун складзены гранітам шэрым дробназярністым з вялікай колькасцю ўключэнняў цёмнаколерных мінералаў. Паверхня камлыгі згладжаная, адшліфаваная, форма падобная на выцягнутую паўсферу. Прынесены ледавіком са Швецыі прыкладна 20–15 тыс. гадоў таму назад. Вага бачнай часткі каля 25 тон. Найбольшая ледавіковая камлыга Шаркаўшчыны.

arrow Вялікі камень Пашкоўскі

Знаходзіцца за 2 км на паўднёвы ўсход ад в. Більдзюгі і за 12 км ад Шаркаўшчыны каля в. Вішнявец.

Камлыга складзена гранітам шэрым дробназярністым, гарызантальна-слаяватым за кошт чаргавання жылкаў шэравата-ружовага палявога шпату. Камлыга прынесена ледавіком са Скандынавіі прыкладна 20–15 тыс. гадоў таму. Форма яго падобная на ледагранік. На паверхні яе растуць імхі і лішайнікі. Займае плошчу 0,01 га.

arrow Гара Фядотава

Размешчана за 0,5 км на паўночны захад ад в. Красная паміж вёскамі Красная і Пушчалаты і мяжой з Мёрскім раёнам. З поўдня і захаду тэрыторыя помніка абмежаваная мясцовымі дарогамі, якія злучаюць в. Фролаўшчына, Краснае, Пушчалаты, з поўначы і ўсходу – мяжою раёна. Плошча помніка прыроды 180 га.

Гара Фядотава з'яўляецца найвышэйшым пунктам Шаркаўшчынскага раёна – 172,1 м над узроўнем мора. У геамарфалагічных адносінах яна ўяўляе сабою невялікі вуглавы масіў – элементарную форму, якая ўтварылася на стыку двух суседніх языкоў ледавіка. У плане пагорак мае форму трохкутніка з вяршыняй, якая накіравана на поўнач. У рэльефе гэта даволі выразнае скляпеннае падняцце, выцягнутае ў шыротным напрамку на 1,7 км, а з поўначы на поўдзень – на 0,7. Пагорак уздымаецца над суседнімі ледавіковымі заглыбленнямі на 12 м. Ён мае дробнаўзгоркава-западзінную паверхню. У цэнтры Фядотавай Гары месціцца самы высокі ўзгорак, на якім стаяў трыангуляцыйны знак. Схілы гары спадзістыя са стромкасцю 12 градусаў. На паўночным схіле моцна перасечаны пагоркавы рэльеф з асобнымі эразійнымі лагчынамі. Пагоркі і схілы западзінаў складзены чырвона-бурымі марэннымі супескамі і суглінкамі. На вяршыні гары агаляюцца пяскі і пясчана-жвіровыя адклады з галькаю і валунамі. Наогул, на паверхні пагорка адзначана шмат валуноў, якія сцягнуты ў вялізныя крушні.

Гара Фядотава ўтварылася прыкладна 20–15 тыс. гадоў таму ў часы паазёрскага зледзянення паміж языкамі ледавіковага покрыва. Матэрыял гары быў выціснуты целам ледавіка з паніжэнняў у месца стыку суседніх языкоў.

Паверхня гары занята ў асноўным пашаю, на паўночна-заходнім схіле захаваліся асобныя ўчасткі хваёва-ліставога лесу і хмызняку. Тэрыторыя выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах.

Першасны ўзгорка-западзенны рэльеф гары парушаны меліярацыяй, у западзінах пракладзены дрэнажныя канавы. 3 вяршыні гары добра аглядаць навакольныя краявіды і ландшафты Дзісненскай нізіны.

arrow Града Зянкевіча

Размешчана ў в. Парэчча. Знаходзіцца за 7 км на поўдзень ад в. Лужкі і за 30 км на ўсход ад Шаркаўшчыны.

Помнік прыроды атачоны меліяратыўнымі каналамі і дарогамі, што пракладзены па лагчынах і падэшве грады, а на поўдні і паўднёвым усходзе – мяжою з Глыбоцкім раёнам і возерам Вярхі. Плошча помніка складае 0,8 км2. Трапіць да яго можна па шашы Шаркаўшчына – Лужкі – Пліса да в. Парэчча і далей 0,8 км на захад – паўднёвы захад да хутара Зянкевіча.

Града Зянкевіча – вузкая і выразна выяўленая ў рэльефе, града водна-ледавіковага паходжання. Яна прасочваецца ад невялічкага азярца ля в. Кавалёва ва ўсходнім – паўднёва-ўсходнім напрамку на 1,5 км, а потым ля в. Парэчча ўтварае каленападобны выгін і цягнецца ў паўднёвым накірунку, дзе ля в. Вярхі пераходзіць у дэльту. У плане града мае пакручастыя абрысы агульнай даўжынёй 3 км, шырынёй – 50–250 м, вышыня паверхні вагаецца ад 155 да 170 м над узроўнем мора, а над лагчынамі, што далучаюцца да яе, уздымаецца на 6–19 м. Такія формы рэльефу з'яўляюцца тыповымі для ўчасткаў і мёртвага лёду вобласці старажытных зледзяненняў і маюць назву озы, озавыя грады. Гэтая озавая града складзена пераважна пяском, на паверхні скрозь залягае марэнная накрыўка (чырвона-буры суглінак з галькай і валунамі). На паверхні адзначана вялікая колькасць крышталічных валуноў. Паверхня оза валападобная з вузкім грабянём, месцамі дзе-нідзе з замкнёнымі западзінамі да 50 м у дыяметры, слабапукатымі, доўгімі бугрыстымі схіламі.

Града Зянкевіча – тыповая для Беларусі форма водна-ледавіковага рэльефу.

arrow Камень Іванскі з надпісам

Знаходзіцца за 3,8 км на паўднёвы ўсход ад усходняга ўскрайку в. Болкалы, за 7 км на ўсход – паўночны ўсход ад в. Радзюкі за 12 км на паўднёвы захад ад аг. Германавічы і 8,8 км на ўсход – паўднёвы ўсход ад г. п. Шаркаўшчына.

За 2,1 км на паўднёвы ўсход ад в. Іванскія і за 0,75 км на паўночны ўсход ад в. Чэрэнка (Глыбоцкі раён) ва ўрочышчы «Пагарка» на раллі захаваўся невялікі, але адметны валун. Даўжыня яго доўгай восі дасягае 1,50 м, кароткай – 1,05, вышыня – 70, абвод – 4,20 м, аб'ём – 0,6 м3, вага – 1,6 т. Валун складзены гранітам ружавата-шэрым дробназярністым з утрыманнем вялікай колькасці крышталікаў палявога шпату памерам ад 0,5 да 5 см, а таксама крышталікаў цёмна-шэрага кварца ў выглядзе зерняў ад 2 да 5 мм. Парода прынесена ледавіком прыкладна 20–15 тыс. гадоў таму з паўднёва-заходняй Фінляндыі ў час паазёрскага зледзянення. Форма валуна амаль кубічная з акругленымі гранямі.

На верхняй частцы валуна захавалася некалькі літар і лічбаў: «АDRPВSS і 1731», а таксама тры вертыкальныя паласы над гэтым надпісам. Магчыма, што на ім адлюстравана дата і скарочаная назва падзей (так званая лацінская фармулёўка), якія звязаны з дзейнасцю каталіцкага ордэна. Менавіта ў гэты час у гэтых мясцінах актыўна працаваў вядомы грамадскі дзеяч Жаба, які быў фундатарам дамініканскага касцёла (манастыра).

Валун належыць да аб'ектаў, якія маюць навуковае значэнне (геалагічнае, гістарычнае і этнаграфічнае), на паверхні якога захаваліся старадаўнія знакі.

arrow Кушлеўская даліна прарыву

Размешчана ў паўднёва-ўсходняй частцы раёна на абодвух берагах р. Мнюта паміж вёскамі Кушлева і Рубашкі. На поўначы мяжа помніка праходзіць па паўночнай ускраіне в. Кушлева, на ўсходзе – па дарозе Дзіўнае – Шабаны, на захадзе – па шашы Шаркаўшчына – Пліса, на поўдні – па паўночнай ускраіне вёскі Рубашкі. Агульная плошча складае 0,5 км2. Абсалютныя адзнакі паверхні змяняюцца ад 140 м у рэчышчы ракі Мнюта да 162 м над узроўнем мора на прырэчных пагорках. Трапіць да помніка можна па шашы Шаркаўшчына – Пліса да паўднёвай ўскраіны в. Кушлева і далей на ўсход 0,6 км да брода праз раку.

У межах помніка даліны рака Мнюта праразае ў мерыдыяльным напрамку з поўдня на поўнач паласу пагоркаў, што выцягнута ў субшыротным накірунку. Уяўляе сабою тыповую даліну прарыву, якая ўзнікла прыкладна 13–12 тыс. гадоў таму назад у выніку прарыву ракі праз зону паазерскіх марэнных пагоркаў. У наваколлі в. Кушлева даліна звужаецца і набывае выгляд каньёна глыбінёй 22 м з вельмі стромкімі схіламі і шырынёй каля 150–200 м.

У даліне прарыву сустракаецца высокі поплаў, ягоная паверхня мае вышыню 1,5–1 м і слабы нахіл да рэчышча. Па абодвух баках даліны, дзе рака ўтварае выгіны і падмывае свае берагі, поплаў адсутнічае. Тут знаходзяцца ўнікальныя, амаль стромкія схілы, вышыня якіх дасягае 16–21 м, даўжыня – да 200 м. У абрывах даліны выступаюць найбольш шырокія і высокія ў беларускім Паазер'і натуральныя агаленні ледніковых адкладаў. Гэтыя ўтварэнні ўяўляюць сабою чырвона-бурыя марэнныя супескі магутнасцю больш 20 м. У агаленнях добра відаць тэкстуры адкладаў і гляцыятэктанічныя структуры.

Даліна ракі Мнюта ў наваколлях в. Кушлева з'яўляецца эталонным прыкладам даліны прарыву ў нашай краіне. Навукова-пазнавальнае значэнне гэтай тэрыторыі заключаецца ў тым, што яна найбольш дакладна адлюстроўвае працэсы нараджэння гідрасеткі пры дэградацыі (адступанні) паазёрскага ледавіка, працэсы праразання ракою пагоркавай мясцовасці і этап існавання яе ва ўмовах падпруджвання ракі Дзісненскім прыледавіковым палеавадаёмам, а таксама пасляледніковую гісторыю развіцця прыроды. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў прыцягваюць да сябе ўвагу геолагаў гэтыя стромкія схілы ракі. Спецыялісты вывучаюць будову, марфалогію і гісторыю развіцця даліны Мнюты і навакольных марэнных пагоркаў. Гэта выдатны палігон для вывучэння літалагічных асаблівасцяў і структуры ледніковых адкладаў. Акрамя навуковага значэння даліна ўтварае адзін з самых маляўнічых ландшафтаў Шаркаўшчынскага раёна. Упрыгожваюць гэты куток добрыя далягляды, вертыкальныя марэнныя схілы.

arrow Местачковая даліна

Размешчана ў аг. Лужкі. Знаходзіцца за 26 км на ўсход ад г. п. Шаркаўшчына. Плошча помніка складае 0,5 км2. Пад'ехаць да помніка прыроды можна па шашы Шаркаўшчына – Лужкі да паўночнай ваколіцы вёскі.

arrow Шалёны камень Грыдзюшкінскі

Знаходзіцца за 5 км на ўсход ад в. Лужкі і за 30 км ад Шаркаўшчыны ў в. Малыя Грыдзюшкі. Валун складзены ружовым гранітам. Прынесены ледавіком са Скандынавіі прыкладна 20–15 тыс. гадоў таму назад. Мае акругленую пляскатую форму паверхні, на якой расце шмат імхоў і лішайнікаў.

Даўжыня – 1,6 м, шырыня – 1,3, вышыня – 0,55, абвод – 4,2 м. Аб'ём – 0,6 м3, вага – 1,6 т. Інстытут геалагічных навук НАН Беларусі рэкамендуе забараніць вакол каменя работы, якія могуць пашкодзіць ці змяніць паверхню помніка. На гэта скіравана і адпаведнае рашэнне райвыканкама.

Здаўна былі вядомыя звесткі пра яго лекавыя якасці. Яшчэ Язэп Драздовіч на пачатку стагоддзя запісаў са слоў сваей пляменніцы Ядвісі: «Во гэты шалёны камень. Тут, кажуць, даўней прабягаў ашалелы чалавек, упаў на гэты камень, дый пачаў яго грызці... Грыз, грыз аж датуль, пакуль не заснуў. А прачнуўся – аздаравеў, і цяпер, калі дзе каго шалёны сабака абкусае, з гэтага каменя на лекі кавалкі адбіваюць». Мастак зазначае, што, «праходзячы міма гэтага каменя, заўважыў на ягоным горбе два шрамы ад стальнога зубіла, з дапамогаю якога параўнальна нядаўна быў зроблены невялікі – як на паўдалоня, адшчэп». Але гэта рабілася зрэдку, і валун добра захаваўся ў сваім першасным выглядзе.

На тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна знаходзіцца «Тарфяны заказнік "Лясное"», які з'яўляецца гідралагічным помнікам прыроды. Ён быў утвораны ў 1994 годзе. Займае плошчу 4088 га. Размешчаны ў межах кварталаў № 30–71 Ёдскага лясніцтва эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадаркі «Браслаў». Створаны для захавання і аднаўлення водна-балотнага аб'екта.

 

Вялікі камень, за 0,3 км. на захад ад в. Дубаўка, Шаркаўшчынскі раён. Здымак В. Ф. Вінакурава. Фотаздымак з сайта https://fgb.byШалёны камень, в. Грыдзюшкі, Шаркаўшчынскі раён. Фотаздымак з сайта https://fgb.by

ЛІТАРАТУРА

1. Валун Дубаўкоўскi // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2000. – 24 мая. – С. 2.

2. Гара Фядотава // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 1999. – 5 чэрв. – С. 2.

3. Града Зянкевiча // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 1999. – 25 верас. – С. 2.

4. Кушлеўская далiна прарыву // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 1999. –7 лiп. – С. 2.

5. Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – 56 с.

6. Помнiкi прыроды // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 1998. – 25 сак. – С. 1.

7. Урбановiч, П. Шалёны камень / П. Урбановіч // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 1998. – 9 снеж. – С. 3.

8. Шаркаўшчынскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 454–463.

9. Яблонская, А. Там, дзе тысячагоддзямі таялі леднікі / А. Яблонская // Кліч Радзімы (Шаркоўшчына). – 2003. – 9 ліп. – С. 3.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Шаркаўшчынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Мой родны кут