Музей краязнаўчы. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 15.02.2018 13:53
Сучасная назва | «Краязнаўчы музей» |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 1974 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша |
Сайт |
Краязнаўчы музей у горадзе Оршы быў адкрыты 27 чэрвеня 1974 года на грамадскіх пачатках прыказам дырэктара СШ № 17 у год 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Шматлікія экспанаты апавядаюць пра прыроду, эканоміку і мінулае горада. У музеі пяць асноўных раздзелаў.
У экспазіцыі раздзелу «Гістарычнае мінулае горада» прадстаўлены фотаматэрыялы з выглядам на Оршу пачатку ХХ ст., а таксама матэрыялы археалагічных раскопак. У экспазіцыю ўваходзіць выстава грашовых знакаў: Расійскай імперыі, СССР і замежных краін.
Асноўную частку экспанатаў музея раздзелу «Этнаграфія Аршаншчыны» складаюць прадметы побыту і адзенне.
«Прырода Аршаншчыны» – гэта раздзел, дзе прадстаўлены чучалы птушак і звяроў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.
Самая вялікая экспазіцыя прысвечана гісторыі вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут прадстаўлены матэрыялы аб дывізіях і палках, якія прымалі ўдзел у вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сабраны матэрыялы пра воінаў 192-й стралковай Аршанскай Чырванасцяжнай Хінганскай дывізіі, 621-га Аршанскага ордэна Суворава Чырванасцяжнага штурмавога авіяцыйнага палка, дзейнасць Аршанскага падполля. У раздзеле прадстаўлены асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны.
Асаблівае месца ў экспазіцыі музея займаюць шматлікія падарункі. Многія з іх зроблены рукамі ветэранаў.
«Крок у неўміручасць» – раздзел, прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам. Тут знаходзяцца фатаграфіі і спіс прозвішчаў воінаў, якія загінулі ў Афганістане. Сярод іх выпускнік школы Ігар Арлоў.
На базе музея праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць патрыятычнаму, маральнаму і эстэтычнаму выхаванню навучэнцаў. У музеі ёсць распрацоўкі аглядных і тэматычных экскурсій па ўсіх раздзелах. Праводзяць іх навучэнцы школы, якія ўваходзяць у склад музея.
Актывісты музея пастаянна ўдзельнічаюць у гарадскіх конкурсах, канферэнцыях, патрыятычных акцыях, вядуць перапіску з ветэранамі вайны, вызваліцелямі Оршы, якія пражываюць у Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Адрас: Віцебская вобл., Аршанскі р-н, г. Орша, вул. Шаўчэнкі, д. 46.
ЛІТАРАТУРА
1. Краязнаўчы музей у Оршы // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 481.
2. Слава мужеству и героизму / подгот. Г. Ярош // Аршанская газета. – 2010. – 30 студз. – С. 3.
3. Яршоў, І. Цэнтр духоўнасці і культуры / І. Яршоў // Народнае слова. – 1996. – 11 студз. – С. 4.