Музей рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы лакаматыўнага дэпо Орша. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 15.11.2018 14:46
Сучасная назва | Музей рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы лакаматыўнага дэпо Орша |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 1986 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша |
Музей Аршанскага лакаматыўнага дэпо у горадзе Оршы створаны 30 жніўня 1986 года на грамадскіх пачатках.
Ля вытокаў стварэння музея стаяў Уладзімір Іванавіч Блюм, які быў кіраўніком аршанскага дэпо з 1986 па 2001 гг..
Так як музей не дзяржаўны, то і ўтрымліваюць яго сваімі намаганнямі самыя звычайныя людзі – супрацоўнікі лакаматыўнага дэпо. Па меры сіл і магчымасцяў дапамагаюць музею, робячы ўсё магчымае для пашырэння экспазіцыі. Многія экспанаты супрацоўнікі дэпо прынеслі з дому. Некаторыя дапамагаюць музею матэрыяльна, утрымліваюць будынак у чысціні, клапоцяцца аб яго рамонце.
У адзінаццаці экспазіцыях – больш за тры тысячы экспанатаў: дакументы, фатаграфіі, макеты чыгуначнай тэхнікі. З сямейных архіваў у музейныя фонды перавандравалі друкаваныя машынкі розных гадоў, грамафоны, фотапараты і інш.
У музеі аформлены экспазіцыі, якія распавядаюць пра гісторыю будаўніцтва Маскоўска-Брэсцкай і Рыга-Арлоўскай чыгунак, гісторыі дэпо ў паслярэвалюцыйны перыяд. Сабраны багаты матэрыял пра вядомых чыгуначнікаў К. Заслонава, Я. Андрэева, К. Грышчанкова, А. Барташэвіча, і інш.
Сцены музея ўпрыгожвае мноства фатаграфій работнікаў дэпо, удастоеных высокіх урадавых узнагарод, ганаровых чыгуначнікаў, ветэранаў прадпрыемства. Пад асобным шклом – зборнік успамінаў заслужанага работніка дэпо, ветэрана, – Сяргея Васільевіча Шніткова.
Макет-імітацыя будкі паравоза СУ у натуральную велічыню – адзін з самых прыкметных і папулярных у наведвальнікаў экспанатаў. Створаны эксперыментальнай брыгадай, якой кіраваў работнік дэпо, заслужаны рацыяналізатар СССР Анатоль Антонавіч Барташэвіч. Зараз гэты рарытэт можна па праве назваць візітнай карткай музея.
Цяперашні захавальнік музейных фондаў – Алег Аляксандравіч Аўтушэнка. Музей прызнаны лепшым грамадскім музеем на Беларускай чыгунцы.
Адрас: Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша, вуліца Карначэнкі, д. 24.
ЛІТАРАТУРА
1. Абашава, Т. Ёсць такі музей / Т. Абашава // Лепельскi край. – 2003. – 9 снеж. – С. 4.
2. Маршалович, Л. Ты помнишь, как все начиналось? / Л. Маршалович // Аршанская газета. – 2006. – 2 верас. – С. 3.
3. Музей рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы аршанскага лакаматыўнага дэпо ў Оршы // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 481.
4. Нікіціна, В. Народны музей / В. Нікіціна // Народнае слова. – 2000. – 14 снеж. – С. 2.
5. Шадрин, Л. Есть у хранителя мечта / Л. Шадрин // Аршанская газета. – 2007. – 17 лют. – С. 4.
6. Шурдукова, А. Музей локомотивного депо / А. Шурдукова // Аршанская газета. – 2012. – 17 лістап. – С. 3.