Заслонава К. С. мемарыяльны музей. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 16.10.2018 14:20
Сучасная назва | Мемарыяльны музей К. С. Заслонава |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 1948 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша |
Сайт | http://orsha.museum.by/node/32912 |
Для ўшанавання імя Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава, славутага партызанскага камбрыга, па рашэнні Савета Міністраў БССР № 230 у г. Оршы 1 жніўня 1948 года быў адкрыты мемарыяльны музей Канстанціна Сяргеевіча Заслонава – філіял Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны.
Першапачаткова музей размяшчаўся ў левым крыле Дома культуры чыгуначнікаў імя С. М. Кірава. Невялікая экспазіцыя была аформлена ў двух маленькіх пакоях. На сценах у асобных рамках былі прымацаваныя фатаграфіі К. С. Заслонава, яго баявых таварышаў-партызан.
20 красавіка 1952 года пад экспазіцыю музея перадалі будынак былога Дома піянераў чыгуначнага вузла па вуліцы Молакава, д. 9. 4 лістапада, ў дзень 10-й гадавіны гібелі Заслонава, для наведвальнікаў была адкрыта новая экспазіцыя.
У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі, асабістыя рэчы, узнагароды, вытрымкі з дзённіка легендарнага камбрыга. Экспануюцца матэрыялы аб дзейнасці партызанскага падполля: зброя, макеты партызанскіх зямлянак, абсталяванне партызанскай друкарні, падпольныя газеты, баявыя лісткі, асабістыя рэчы, дзённікі і лісты народных мсціўцаў. Сярод твораў жывапісу і скульптуры – макет апошняга бою К. С. Заслонава (мастак А. Салаўёў), праекты помнікаў, бюст К. С. Заслонава (скульптар С. Вакар).
Для стварэння музейнай экспазіцыі дапамогу аказвалі Беларускі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і былыя партызаны-заслонаўцы.
З 1973 па 1983 гг. у музеі адбыліся буйныя змены. Стала больш якасным камплектаванне фондаў, быў праведзены капітальны рамонт будынка, да асноўнага будынку была зроблена прыбудова. У 1976 г. была перааформлена экспазіцыя музея.
У 1994 г. музей становіцца філіялам Установы Культуры «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны». З гэтага моманту ўдасканальваецца дзейнасць музея па асноўных напрамках, пашыраецца выставачная дзейнасць, прымяняюцца новыя формы музейнай работы.
3 канца 2004 г. вядзецца збор прадметаў музейнага значэння для стварэння экспазіцыі, прысвечанай воінам-землякам, якія загінулі на вайне ў Афганістане.
У 2016 г. экспанаты музея савецкага партызана-падпольшчыка К. С. Заслонава перавезены на вуліцу Міра, д 6 у стары корпус былой жаночай гімназіі. Сам будынак музея, якому ўжо 102 гады, разбураны.
Вялікую дапамогу музею працягваюць аказваць былыя партызаны-заслоновцы, ветэраны вайны і працы, кіраўнікі і калектывы чыгуначнага вузла і гарадскога аддзела адукацыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Багамазаў, У. С. Мемарыяльны музей К. С. Заслонава ў Оршы / У. С. Багамазаў // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 481–482.
2. Богомазов, В. С. Мемориальный музей К. С. Заслонова : путеводитель / В. С. Богомазов. – Минск : Полымя, 1989. – 76 с.
3. Борисова, А. У музея – день рождения / А. Борисова // Аршанская газета. – 2003. – 2 жн. – С. 2.
4. Іўковіч, М. Далёкая блізкая вайна / М. Іўковіч // Літаратура і мастацтва. – 2014. – 14 лют. – С. 14.
5. Канюта, В. Дзе будзе музей дзядзькі Косці?: мемарыялізацыя памяці аб легендарным партызанскім камандзіры патрабуе асаблівай увагі / В. Канюта // Звязда. – 2017. – 10 мая. – С. 1, 4.
6. Ліпінская, І. У. Заслонава К. С. мемарыяльны музей / І. У. Ліпінская // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў.– Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 263–265.
7. Музей К. С. Заслонова: вчера и сегодня / подгот. Л. А. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2013. – 1 авг. – С. 6.
8. Оршанский мемориальный музей К. С. Заслонова // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 168.
9. Сосновская, А. Встреча старых друзей / А. Сосновская // Телеком-экспресс (Орша). – 2013. – 24 янв. – С. 23.
10. У госці да дзядзькі Косці: ці з'явіцца ў музея імя Канстанціна Заслонава, які застаўся без пастаяннага месца прапіскі, асобны будынак? // Звязда. – 2017. – 8 крас. – С. 7.