Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Музей гісторыі i культуры горада Оршы. Аршанскі раён, г. Орша

 

Сучасная назва Музей гісторыі і культуры горада Оршы
Тып установа культуры
Дата заснавання 1989
Месца знаходжання  Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша
Сайт http://orsha.museum.by/node/32930

 

Музей гісторыі і культуры горада Оршы – філіял Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. Заснаваны 1 сакавіка 1989 года. Адкрыты для наведвальнікаў з 1992 г. Філіял комплексу – з 1994 г.

Сімвалічна, што гэты будынак з'яўляецца часткай гісторыі горада – помнікам грамадзянскага будаўніцтва канца XIX – пачатку XX стст. У першай палове XX ст. у будынку знаходзіўся жылы дом і невялікая галантарэя. У 1949 г. быў дабудаваны яшчэ адзін будынак, у якім размяшчаўся радыёвузел горада. У 1987 г. створана ініцыятыўная група. Узначаліў яе на той момант аршанскі краязнаўца, выкладчык гісторыі Ігар Яршоў.

У раздзеле археалогіі дэманструюцца знаходкі з аршанскіх стаянак каменнага веку, комплексу археалагічных помнікаў каля в. Чаркасава, гарадзішча жалезнага веку каля в. Вусце, аршанскага гарадзішча (XII–XVIII стст., шматлікія вырабы са шкла, керамікі, жалеза, каляровых металаў, костак), Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (XVII–XVIII стст., кафля, ювелірныя вырабы) і іншыя прадметы.

У раздзеле гісторыі, які адлюстроўвае жыццё Оршы ў складзе Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, экспануюцца дакументы і матэрыялы пра дзейнасць Куцеінскай друкарні (XVII ст.) і вайну 1812 г., нумізматычныя калекцыі (рускія манеты XVI – пачатку XX ст., літоўскія, польскія, шведскія манеты XVI–XX стст.), зброя XVI – пачатку XX ст., старадрукі і рукапісныя кнігі XVII–XIX стст., макеты паселішча XII ст., Аршанскага замка XVI ст., цэнтра Оршы пачатку XX ст.

У раздзелах, прысвечаных Оршы ў XX ст., адлюстравана сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё горада на працягу мінулага стагоддзя, падзеі рэвалюцыі 1905–1907 гг., 1-й сусветнай вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г., грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі, аднаўленне гаспадаркі і сацыялістычнае будаўніцтва ў 1920–1930 гг., палітычныя рэпрэсіі, аднаўленне народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд. Экспануюцца дакументы і матэрыялы пра вядучыя аршанскія прадпрыемствы, пра жыццё і дзейнасць выдатных людзей Аршаншчыны: дзеяча рэвалюцыйнага руху і педагога П. М. Лепяшынскага, Герояў Савецкага Саюза А. Д. Салянікава, М. Д. Сіяніна, Герояў Сацыялістычнай Працы Б .А. Бароўскага, У. П. Пакроўскага, Г. В. Сямёнава, дзяржаўных і гаспадарчых дзеячаў Л. Я. Гаранскай, А. К. Міласерднага, пісьменнікаў Я. Купалы, У. Караткевіча, Закі Нуры, мастака П. Раманоўскага, спартсмена І. Жалязоўскага і інш. Сярод экспанатаў матэрыялы пра сувязь Оршы з гарадамі-пабрацімамі ў Італіі і Францыі. Экспазіцыю дапаўняюць мастацкія творы скулытара Я. Лансерэ, мастакоў М. Басалыгі, С. Шарая і інш.

Музей таксама мае экспазіцыю пад адкрытым небам «Культавыя камяні Аршаншчыны».

Адрас: Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша, вуліца У. Леніна, д. 26.

 

Музей гісторыі i культуры горада Оршы, Аршанскі раён, г. Орша. Фотаздымак С. Сляпцова з сайта http://orsha.museum.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Гісторыя ў імя будучага // Аршанская газета. – 1997. – 11 снеж. – С. 2.

2. Ліпінская, І. У. Музей гісторыі і культуры горада Оршы / І. У. Ліпінская // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / ред.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 414–415.

3. Лютынский, В. П. Музей истории и культуры города Орши / В. П. Лютынский // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 253–254.

4. Музей гісторыі і культуры Оршы // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 480.

5. Музей истории и культуры города Орша // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн, 2008. – С. 164.

6. Шкрабо, Е. Музей истории и культуры: вчера, сегодня, завтра / Е. Шкрабо // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 19 марта. – С. 7.