Музей дзіцячы. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 13.06.2019 12:23
- Адноўлена 13.06.2019 08:49
Сучасная назва | Дзіцячы музей |
Дата заснавання | 2004 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк |
Сайт | http://children.polotsk.museum.by/ |
Першы ў Беларусі Дзіцячы музей быў адкрыты ў Полацку 28 мая 2004 года. Над стварэннем экспазіцыі больш 10 гадоў працаваў аддзел дзіцячай музейнай педагогікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Музей прапануе сваім наведвальнікам акунуцца ў свет дзяцінства. Прастора Дзіцячага музея – гэта прастора фантазій, яркая і вобразная па форме, разнастайная па змесце. Дзеці ў музеі могуць пагуляць удосталь і даведацца пра цікавыя і карысныя рэчы, пра навакольны свет, а дарослыя – успомніць той час, калі яны былі зусім маленькімі.
Галоўная мэта музея – развіваць дзяцей, паказваць ім розныя бакі свету: праз прадметы тлумачыць, як працуюць базавыя законы прыроды, развіваць эмацыянальную сферу і здольнасці.
Уваход у музей адразу настройвае на пэўны лад. Каля варот гасцей сустракае ўсмешлівы шкаляр, а на парапеце сядзіць дзяўчынка з сонечным гадзіннікам. Сам музей складаецца з дзвюх зал, у якіх размяшчаюцца экспанаты. Лагічным працягам, дадаткам да гэтых зал, стала, адкрытая ў кастрычніку 2018 года, новая экспазіцыя – «Падарожжа з кніжнай закладкай». Увазе наведвальнікаў прапануюцца дзіцячыя кнігі, цацкі, «чарадзейныя» прадметы з казак. Аматараў марскіх падарожжаў прыцягне гульнявы комплекс «Яхта».
Музей інтэрактыўны, да экспанатаў можна дакрануцца. Гэта зроблена для таго, каб дзеці маглі зразумець, як працуюць звыклыя нам законы прыроды. Напрыклад, што такое раўнавага, або як ідзе ход часу.
Акрамя гэтага, у музеі працуюць і часовыя экспазіцыі. Увагу наведвальнікаў прыцягвае аддзел экспазіцыі, у якім прадстаўлены маркі і паштоўкі. Самыя маленькія любяць круціць стэнд з паштоўкамі і маркамі, а старэйшым дзецям супрацоўнікі музея распавядаюць пра філатэлію. Часта дзеці пачынаюць самі збіраць маркі пасля экскурсіі ў музей.
Важны напрамак работы музея – спецыяльныя заняткі. Гэта не проста разавыя наведванні. Дзеці 5–10 гадоў ходзяць на гэтыя ўрокі на працягу года. Тэмы заняткаў абсалютна розныя. Праграма для самых маленькіх называецца «Мы прыйшлі ў музей». Хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з паняццямі «рэстаўрацыя», «археалогія», яны даведваюцца, як і адкуль трапляюць прадметы ў музей, што такое экспазіцыя. Дзеці атрымліваюць уяўленні аб музейнай працы. Для трэцяга і чацвёртага класа падбіраюцца тэмы больш складаныя. На занятках па тэме «Мой старажытны горад» дзецям распавядаюць пра Еўфрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, друкаваную кнігу. Акрамя таго, у музеі праводзяцца Дні нараджэння.
У сярэднім, Дзіцячы музей штогод наведваюць каля 8–9 тысяч чалавек. Большасць з іх – жыхары Полацка, але таксама даволі вялікі працэнт гасцей з Мінска, Віцебска і турыстаў з Расіі. Гэтыя лічбы растуць з года ў год, і, хто ведае, можа гэты музей стане адной з візітных картак Полацка.
Месціцца Дзіцячы музей ў будынку, які з'яўляецца помнікам архітэктуры канца XIX стагоддзя.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вуліца Ніжне-Пакроўская, д 46.
ЛІТАРАТУРА
1. Дашкевич, В. Пойдемте в Детский музей / В. Дашкевич // Витебский проспект. – 2010. – 9 дек. – С. 4.
2. Дзіцячы музей = Детский музей = Children's Museum // Музеі Полацка = Музеи Полоцка = Polotsk Museums / аўт. тэксту і ўклад. Т. А. Джумантаева ; фота І. У. Супранёнак ; пер. на англ. мову Н. А. Далжонак. – Мінск : Беларусь, 2015. – С. 269–300.
3. Дроздова, Н. О чем вспоминают игрушки / Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 28 июля. – С. 7–8.
4. Ивченко, Л. Дед Мороз тоже немного почтальон / Л. Ивченко // Витебские вести. – 2014. – 13 нояб. – С. 22.
5. Малашеня, Л. Сюрпризы из волшебного сундучка / Л. Малашеня // Народнае слова. – 2006. – 1 ліп. – С. 8.
6. Полоцкий детский музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 330–331.
7. Савицкая, Ю. В Детском музее скучно не бывает / Ю. Савицкая // Информ Плюс (Полоцк). – 2010. – 29 июля. – С. 6.
8. Споведзь прывычных рэчаў // Настаўніцкая газета. – 2010. – 18 сак. – С. 9.
9. Телятко, Е. Где спрятана «машина времени»? / Е. Телятко // Народная газета. – 2006. – 25 лют. – С. 1–4.