Музей традыцыйнага ткацтва Паазер’я. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 13.06.2019 12:23
- Адноўлена 01.09.2020 16:04
Сучасная назва | Музей традыцыйнага ткацтва Паазер'я |
Дата заснавання | 1998 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк |
Сайт | http://tkach.polotsk.museum.by/ |
Пра асаблівасці ручнога ткацтва Паазер'я, гісторыю і традыцыі гэтага рамяства распавядае экспазіцыя музея, які адкрыў свае дзверы перад наведвальнікамі 28 снежня 1998 года. Ён уваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Музей размешчаны на тэрыторыі, дзе ў 1850-я гады быў пабудаваны драўляны будынак, у якім размяшчалася гарадская багадзельня. У 1902 годзе на гэтым месцы быў пабудаваны дом з мураваным цокалем і драўляным першым паверхам. Са слоў старажылаў, у доме калісьці была пякарня. У драўлянай частцы дома знаходзіліся жылыя памяшканні гаспадара. Свой цяперашні выгляд дом набыў пасля Вялікай Айчыннай вайны.
Экспазіцыя музея размешчана ў 3 залах і знаёміць з працэсам стварэння тканіны ад пасадкі лёну – самай традыцыйнай валакністай культуры на Беларусі – да нараджэння вырабаў з ільняных нітак; распявядае пра асаблівасці ручнога ткацтва Паазер'я ў XIX – пачатку XX стагоддзяў (Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Мёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Шаркаўшчынскі раёны). Працэс нараджэння палатна праілюстраваны міфалагічнай мадэллю дрэва сусвету. У музеі гэты сімвал выступае звяном паміж сусветам (макракосмасам) і чалавекам (мікракосмасам), з'яўляецца месцам іх скрыжавання. У першай зале глядач даведаецца пра таямніцы вырошчвання лёну і яго пачатковай апрацоўкі – гэта этапы трансфармацыі ад прыроды (расліны) да культуры (палатна).
У другой зале прадстаўлены віды і тэхналогіі ткацтва – гэта ствол дрэва, які адпавядае чалавечаму бытаванню, жыццю ва ўсіх радасных і трагічных праявах.
Трэцяя зала знаёміць наведвальніка з сімволікай народных арнаментаў, з семантыкай ткацтва, што ўяўляе крону дрэва, або дух чалавечага існавання. Вобраз такога роду дрэва гарантуе цэласны погляд на свет, вызначае месца ў ім кожнага чалавека.
У 2007 годзе навуковыя супрацоўнікі Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я распрацавалі для маладых пар вясельны абрад «Як зліліся дзве рэчанькі ...». Ён, вядома, не цалкам узнаўляе святочную традыцыю, якая існавала раней, але сумяшчае ў сабе яе важныя элементы. Для маладых пар абрад у музеі сімвалізуе благаславенне продкаў. Маладыя павінны прайсці шэраг традыцыйных беларускіх вясельных выпрабаванняў, падчас якіх яны высвятляць, хто ж будзе кіраваць у сям'і, колькі дзяцей ім прыгатаваў лёс і многае іншае.
На працягу многіх гадоў разам з рознымі фальклорнымі калектывамі супрацоўнікі музея праводзяць традыцыйныя беларускія святы: «Гуканне вясны», «Пакроўскі кірмаш», «Каляды». У сценах музея праходзяць розныя майстар-класы для жадаючых асвоіць разнастайныя тэхнікі і віды ткацтва.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вуліца Войкава, д. 1.
ЛІТАРАТУРА
1. Алдохіна, М. І. ...І палягчэе на душы / М. І. Алдохіна // Химик (Новополоцк). – 1999. – 18 мая. – С. 3.
2. Ганебная, І. Свет прыгажосці / І. Ганебная // Полацкі веснік. – 2009. – 10 лют. – С. 2.
3. Глякава, Я. Дрэва сусвету / Я. Глякава // Полацкі веснік. – 2003. – 18 сак. – С. 3.
4. Глякава, Я. Д. Музей традыцыйнага ткацтва Паазер'я / Я. Д. Глякава // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 867.
5. Замкоўскі, А. У традыцыях вяселля / А. Замкоўскі // Полацкі веснік. – 2009. – 3 лістап. – С. 7.
6. Каленік, В. Там, дзе стаілася душа / В. Каленік // Полацкі веснік. – 2003. – 12 жн. – С. 3.
7. Козел, А. У сусвеце мастацтва / А. Козел // Полацкі веснік. – 2019. – 4 студз. – С. 7.
8. Козік, А. Музей, дзе вучаць мове арнаменту / А. Козік // Культура. – 1999. – 23–29 студз. – С. 5.
9. Козік, А. Новы музей / А. Козік // Витебский курьер. – 1999. – 8 янв. – С. 2.
10. Лобач, У. Музей, дзе спасцігаюцца сімвалы вечнасці / У. Лобач // Народнае слова. – 2005. – 7 мая. – С. 13.
11. Марціновіч, Д. Лён – усяму душа / Д. Марціновіч // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 25 мая. – С. 24.
12. Мацвеева, Т. Пояс дабра / Т. Мацвеева // Народная газета. – 2013. – 17 верас. – С. 6.
13. Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я = Музей традиционного ручного ткачества Поозерья = Museum of Traditional Manual Weaving of Poozerye (Lake Land) // Музеі Полацка = Музеи Полоцка = Polotsk Museums / аўт. тэксту і ўклад. Т. А. Джумантаева ; фота І. У. Супранёнак ; пер. на англ. мову Н. А. Далжонак. – Мінск : Беларусь, 2015. – С. 187–212.
14. Спрадвечная мелодыя ўзораў // Алеся. – 2015. – №11. – С. 11–13.
СПАСЫЛКІ