Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Музей ваенна-гістарычны. Лёзненскі раён, г. п. Лёзна

 

Сучасная назва Лёзненскі ваенна-гістарычны музей
Дата заснавання 1993
Месца знаходжання  Віцебская вобласць, Лёзненскі раён, г. п. Лёзна
Сайт http://liozno.museum.by/

 

Рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ваенна-гістарычны музей у г. п. Лёзна пачаў сваю працу 1 верасня 1993 года. Узначаліла музей Ларыса Георгіеўна Бараноўская, якая на працягу некалькіх гадоў займалася камплектаваннем фондаў, улікам і захоўваннем музейных прадметаў, фарміраваннем тэарэтычнай асновы навукова-мастацкай канцэпцыі новага музея. У лістападзе 1999 года дырэктарам Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея была прызначана Вольга Мікалаеўна Самушчанка, якая ўзначальвае музей і сёння.

На працягу 10 гадоў, з 1993 па 2003 гг., у музеі ішла напружаная праца па камплектаванні фондаў, распрацоўцы і ўдасканаленні тэматыка-экспазіцыйнага плана, навукова-мастацкай канцэпцыі будучай пастаяннай экспазіцыі. Тым часам рабочыя месцы супрацоўнікаў музея размяшчаліся ў адным з памяшканняў Лёзненскай школы мастацтваў, дзе таксама захоўваліся і фондавыя калекцыі – каля 4000 музейных прадметаў. У былым жа будынку цэнтральнай раённай бібліятэкі, які згодна з рашэннем Лёзненскага раённага выканаўчага камітэта быў перададзены музею, ішлі рамонтныя работы. Актывізавалася дзейнасць па завяршэнні рэканструкцыі і рамонце будынка, а таксама па стварэнні экспазіцыі музея толькі ў сярэдзіне 2003 года.

Пасля правядзення рамонтных работ і рэканструкцыі Лёзненскі ваенна-гістарычны музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 10 кастрычніка 2003 года, у дзень святкавання 60-годдзя вызвалення Лёзна і Лёзненскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Фонды музея налічваюць звыш 15 тысяч адзінак захоўвання, больш за 9 тысяч з якіх – музейныя прадметы асноўнага фонду.

Экспазіцыя музея дзеліцца тэматычна на 4 залы. Найбольш буйныя з іх прысвечаны гісторыі Лёзненшчыны і падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Злучаныя залы носяць сімвалічныя назвы «Памяць» і «Славутыя землякі».

Залу, якая адлюстроўвае падзеі Вялікай Айчыннай вайны, адкрывае інтэр'ерная экспазіцыя перадваенных пакояў. Далей распавядаецца пра ўраджэнца в. Калышкі, гераічнага абаронцу Брэсцкай крэпасці, палкавога камісара Фаміна Я. М. Далей наведвальнікам дэманструецца ваенная зброя савецкіх войск і праціўніка. Значная частка экспазіцыі залы распавядае пра падпольны і партызанскі рух на Лёзненшчыне і гісторыю вызвалення Лёзненскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наведвальнікам прадстаўлены тры дыярамы: «Аперацыя на яловым пні», «Вызваленне Лёзна», «Тіхмянаўская вышыня».

Зала «Гісторыя Лёзненшчыны» ахоплівае вялікі перыяд, пачынаючы з першабытных стаянак чалавека, заканчваючы савецкім перыядам 70–80-х гг. У экспазіцыі размешчаны археалагічныя артэфакты, знойдзеныя пры раскопках стаянак старажытных людзей на беразе воз. Зяленскага, адлюстравана гісторыя сярэдніх стагоддзяў, падзеі Айчыннай вайны 1812 года. Акцэнтавана ўвага на вобразе генерала-фельдмаршала Язэпа Гуркі-Рамейкі, яго сваяках і развіцці прамысловай вытворчасці ў гэтай мясцовасці.

Экспазіцыйныя вітрыны дэманструюць гісторыю стварэння першай запалкавай фабрыкі ў в. Уна, адкрыццё станцыі Шыбекіна (Лёзна) на ветке Рыга-Арлоўскай чыгункі. Цэнтральную частку залы займае пано мастака Я. Важынскага «Кірмаш у Лёзна», якое каларытна дапаўняе пярэдні план з сапраўдных прадметаў побыту беларускага народа.

Далей ідуць раздзелы, якія распавядаюць пра сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні першай чвэрці XX стагоддзя, якія адбываліся як у цэлым па краіне, так, у прыватнасці, і на Лёзненшчыне: рэвалюцыйныя падзеі, стварэнне першых спажывецкіх таварыстваў, калектыўных і сацыялістычных гаспадарак.

Асобна вылучаецца гісторыя сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крынкі». Адзначаны ў экспазіцыі і Героі Сацыялістычнай Працы, заслужаныя работнікі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, галіны аховы здароўя і адукацыі, культуры савецкага перыяду.

Зала «Памяць» прысвечана ўшанаванню ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў, загінуўшых пры вызваленні Лёзненскага раёна. Вялікая колькасць фатаграфій адлюстроўвае ўсталяваныя на нашай зямлі помнікі і манументы, прысвечаныя падзеям тых вогненных гадоў.

У зале «Славутыя землякі» прадстаўлены ўраджэнцы Лёзненскага раёна, якія ўславілі яго па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Сярод іх: дыпламат Смірноў В. С., вядомыя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы Шабашоў С. М.  і Андрэйчанка У. П., акадэмік, селекцыянер-бульбавод Альсмік П. І., кінакрытык, прафесар, заслужаны дзеяч навук БССР Бондарава Е. Л., беларускі вучоны-матэматык прафесар Ізобаў М. А., галоўны канструктар галоўнага дэпартамента развіцця ААТ «АўтаВАЗ» Прусаў П. М., доктар медыцынскіх навук Буглоў Я. Д., народны пісьменнік БССР Лынькоў М. Ц., пісьменнік Пацыенка Г. Б., оперная спявачка, заслужаная артыстка БССР Ганестава Л. Р., графік Шакінка Л. І., беларускі паэт Уладзімір Лісіцын.

Акрамя аглядных і тэматычных экскурсій (штогод супрацоўнікі музея праводзяць каля 200 экскурсій) Лёзненскі ваенна-гістарычны музей прапануе наведвальнікам насычаную і разнастайную праграму лекцый, інфармацыйных гадзін, музейна-педагагічных заняткаў, культурна-забаўляльных мерапрыемстваў для дзяцей рознага ўзросту і дарослых. Тут рэгулярна адзначаюцца народныя святы, напрыклад, Масленіца, Каляды, Гуканне вясны, Яблычны Спас і інш. Акрамя зваротаў да народных традыцый, работнікі музея ладзяць забаўляльную праграму для дзяцей і дарослых на Новы год, Таццянін дзень, Дзень святога Валянціна.

Адрас: Віцебская вобласць, Лёзненскі раён, г. п. Лёзна, вуліца Леніна, д. 88.

 

Лёзненскі ваенна-гістарычны музей. Фотаздымак з сайта http://museums.byЗала, якая адлюстроўвае падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Лёзненскі ваенна-гістарычны музей. Фотаздымак з сайта http://museums.byЗала «Гісторыя Лёзненшчыны». Лёзненскі ваенна-гістарычны музей. Фотаздымак з сайта http://museums.byЗала «Памяць». Лёзненскі ваенна-гістарычны музей. Фотаздымак з сайта http://museums.by/Зала «Славутыя землякі». Лёзненскі ваенна-гістарычны музей. Фотаздымак з сайта http://museums.by

ЛІТАРАТУРА

1. Адбылося адкрыццё [Лёзненскага ваенна-гістарычнага] музея // Сцяг Перамогi (Лёзна). – 2003. – 14 кастр. – С. 1.

2. Багацеюць фонды музея // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1995. – 10 кастр. – С. 2.

3. Бирюлькова, Л. Узнай Лиозно в квесте / Л. Бирюлькова // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2018. – 13 ліп. – С. 3.

4. История горпосёлка в фотографиях старых и новых // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2017. – 6 кастр. – С. 2.

5. Лампицкая, А. Жизнь, как вспышка молнии / А. Лампицкая // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2008. – 17 мая. – С. 2.

6. Лампицкая, А. Нескучные каникулы в музее / А. Лампицкая // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2016. – 1 крас. – С. 8.

7. Лёзненскі ваенна-гістарычны музей // Ваенная энцыклапедыя Беларусі / рэдкал.: Л. У. Языковіч [і інш.] ; склад.: В. Ц. Осіпаў [і інш.] ; маст. В. А. Ляхар. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – С. 579.

8. Лиозненский военно-исторический музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 62–63.

9. Лиозненский военно-исторический музей // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 290.

10. Медяновская, В. Музей встречал гостей / В. Медяновская // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2016. – 24 мая. – С. 3.

11. Осипова, О. Воспитывает патриотов / О. Осипова // Вiцебскі рабочы. – 2004. – 13 ліп. – С. 2.

12. Подлипский, А. Музей готовится к открытию / А. Подлипский // Народнае слова. – 2003. – 2 верас. – С. 6.

13. Самущенко, О. Всегда рады посетителям / О. Самущенко // Сцяг Перамогi (Лёзна). – 2004. – 18 мая. – С. 2.

14. Самущенко, О. Испытать чувство гордости... / О. Самущенко // Вiцебскі рабочы. – 2003. – 18 лістап. – С. 2.

15. Самущенко, О. Н. Лиозненский военно-исторический музей / О. Н. Самущенко // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые. – С. 492.

16. Стэльмах, А. У. Лёзненскі ваенна-гістарычны музей / А. У. Стэльмах // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэдсав.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 347–349.

17. Фёдараў, В. Бруіць вадзіца з жывой крыніцы / В. Фёдараў // Рэспубліка. – 1996. – 9 кастр. – С. 12.

18. Шпаковская, Г. Как зуб мамонта попал в музей / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2009. – 19 лістап. – С. 16.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Лиозненский военно-исторический музей