Музей партызанскага быту. Расонскі раён, в. Роўнае Поле (2)
- Подробности
- Створана 06.04.2020 08:40
- Адноўлена 06.04.2020 15:33
Сучасная назва | Музей партызанскага быту |
Дата заснавання | 2005 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Расонскі раён, в. Роўнае Поле |
За 8 км на поўнач ад в. Роўнае Поле ў лесе на беразе возера Дзяражня ў 1978 годзе была адноўлена партызанская зямлянка брыгады імя К. К. Ракасоўскага пад камандаваннем П. М. Машэрава, якая базіравалася на гэтым месцы ў 1942–1943 гг.
У 2005 годзе лагер быў адноўлены – музей партызанскага быту. Сіламі супрацоўнікаў музея баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан зямлянкі афармляюцца прадметамі партызанскага быту.
Усяго тут размяшчалася 7 зямлянак.
На высокім беразе сярод сосен схаваліся чатыры адноўленыя зямлянкі, аздобленыя выразанымі з дрэва паказальнікамі: «Штабная», «Жылая», «Зброевая», «Лазня».
На месцы трох неадноўленых зямлянак – зарослыя мохам і травой ямы.
Пад навесам на драўляным памосце знаходзіцца стол і некалькі лавак – партызанская сталовая.
На гэтым месцы стаяў штаб брыгады. Астатнія атрады займалі пазіцыі на подступах да яго, каб пры неабходнасці трымаць абарону.
Партызаны не жылі тут пастаянна, звычайна размяшчаліся па хатах у вёсках. У зямлянках хаваліся часова ад паліцаяў і карнікаў па 12–13 чалавек. У халодны час распальвалі печ.
Дымаходы былі так сканструяваны, каб для маскіроўцы дым хутка рассейваўся.
Сцежка, якая праходзіць праз лагер, вядзе да берага невялікага возера. Партызаны, большасць з якіх былі мясцовымі, выбіралі месца для размяшчэння лагера з веданнем справы: высокі бераг – сухая зямлянка, возера – вада і рыба.
Перад наведвальнікамі ў лагеры партызанскага быту арганізоўваецца ваенна-гістарычная рэканструкцыя – баявыя дзеянні з раненнямі, конямі. Прапануецца партызанская юшка, якую варыць супрацоўнік музей Анатоль Грыгор'еў. Праводзяцца квэсты, турыстычныя злёты.
ЛІТАРАТУРА
1. Лазовская, Ж. Шумел сурово Россонский лес / Ж. Лазовская // Рэспубліка. – 2009. – 13 лют. – С. 7.
2. Лістапад, Ю. Быт партызанскі не забыты / Ю. Лістапад // Народная газета – 2004. – 16 чэрв. – С. 1.
3. Партизанская уха / подгот. Т. Пастернак // Витебские вести. – 2017. – 25 февр. – С. 8.
4. Умпирович, Д. Россоны: фронт за линией фронта / Д. Умпирович // СБ. Беларусь сегодня. – 2018. – 8 мая. – С. 6.
СПАСЫЛКІ
Экспедиция. Партизан из отряда Машерова – о быте народных мстителей и сожженных нацистами деревнях