Музей «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва». Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 08.04.2019 12:23
- Адноўлена 22.05.2023 15:32
Сучасная назва | музей «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» |
Дата заснавання | 1998 |
Месца знаходжання | г. Віцебск |
Музей створаны як Цэнтр сучаснага мастацтва па ініцыятыве групы творчай інтэлігенцыі пры падтрымцы аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама з мэтай вывучэння, падтрымкі і папулярызацыі творчасці сучасных мастакоў у галіне візуальных мастацтваў, якія працягваюць наватарскія традыцыі Віцебскай мастацкай школы і творчага аб'яднання УНОВИС. У склад музея ўваходзяць: музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, выставачная зала, выставачная зала «Музычная гасцёўня», выставачная зала «Арт-прастора на Талстога, 7», музей фатаграфіі імя Сігізмунда Юркоўскага. Дырэктар – Духоўнікаў Андрэй Эрыхавіч.
Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча знаходзіцца ў будынку, пабудаваным у 1913 годзе для сям'і віцебскага банкіра І. В. Вішняка. З 1918 па 1923 гг. у будынку размяшчаліся народнае мастацкае вучылішча, майстэрні УНОВИСа, свабодныя мастацкія майстэрні, мастацка-практычны інстытут. Тут сфарміравалася так званая віцебская мастацкая школа, якая аказала вялікі ўплыў на сусветную мастацкую культуру. У калекцыях музея сабраны жывапіс, графіка, скульптура, фатаграфіі, кнігі, буклеты. На першым паверсе размешчана экспазіцыя, прысвечаная гісторыі захаванага будынка, дзейнасці выкладчыкаў і вучняў народнага мастацкага вучылішча, гісторыі стварэння «УНОВИС». Прадстаўлены таксама асноўныя этапы гісторыі вучылішча. Зала абсталявана мультымедыйнымі сродкамі, якія дазваляюць убачыць творы мастацтва сусветнага значэння, створаныя ў 1920-я гг. у Віцебску, але страчаныя горадам. На другім паверсе адноўлены інтэр'ер пакояў і майстэрняў мастакоў-педагогаў: Марка Шагала, Казіміра Малевіча, Эль Лісіцкага, Веры Ермалаевай.
Выставачная зала Цэнтра сучаснага мастацтва створана як выставачная зала Віцебскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі. Плошча – 368 м2, у склад уваходзяць 2 залы, у тым ліку вялікая зала, падзеленая на секцыі. Тут праходзяць выставы рознай тэматыкі, канцэрты, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Пры зале працуе салон, дзе можна набыць працы мастакоў.
Выставачная зала «Музычная гасцёўня» спецыялізуецца на правядзенні мастацкіх выставак сучасных аўтараў. Экспазіцыйная плошча – 80 м2. Тут таксама праходзяць музычныя і літаратурныя вечарыны, адукацыйныя семінары і лекцыі, навуковыя канферэнцыі, відэапаказы, творчыя сустрэчы з мастакамі, майстар-класы.
Выставачная зала «Арт-прастора на Талстога, 7» уяўляе сабой спалучэнне музея, галерэі, выставачнага цэнтра, дзе выстаўляюцца маладыя мастакі, фатографы, дызайнеры. Музей знаходзіцца ў гістарычным будынку, якому больш за 200 гадоў, пабудаваным як прыватны асабняк. Кожная зала – гэта арт-прастора, якую на свой густ фарміруе мастак пры стварэнні выставы. Музейная прастора ахоплівае і ўнутраны дворык ля будынка, дзе ўстаноўлены інсталяцыі.
Музей фатаграфіі імя Сігізмунда Юркоўскага. У 1882 годзе Сігізмунд Юркоўскі вынайшаў імгненны фатаграфічны затвор, а ў 1883 годзе – шторна-шчылінны затвор, які стаў прататыпам затвораў сучасных фотаапаратаў. У 1867 годзе ён адкрыў у Віцебску фотаатэлье на Замкавай вуліцы. Музей імя Сігізмунда Юркоўскага створаны, каб паказаць гісторыю развіцця сусветнай фатаграфіі, у тым ліку творчасці майстроў-фатографаў з Віцебска. У экспазіцыі прадстаўлена гісторыя фатаграфіі ад вынаходкі да нашых дзён. Музей цікавы ўсім, хто захоплены фатаграфіяй, а таксама гісторыяй Беларусі і горада Віцебска. Пры музеі дзейнічае фотаклуб.
Адрас (музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча): г. Віцебск, вуліца Шагала, 5а;
Адрас (выставачная зала): г. Віцебск, вуліца генерала Белабародава, 5;
Адрас (выставачная зала «Музычная гасцёўня»): г. Віцебск, вуліца Фрунзэ, 11;
Адрас (выставачная зала «Арт-прастора на Талстога, 7» і музей фатаграфіі імя Сігізмунда Юркоўскага): г. Віцебск, вуліца Талстога, 7.
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. .
ЛІТАРАТУРА
1. Бондарава, Т. Скрозь абрысы старога Віцебска... / Т. Бондарава // Настаўніцкая газета. – 2018. – 3 сак. – С. 16.
2. Васілеўскі, П. Авангард, які стаў класікай / П. Васілеўскі // Культура. – 2020. – 11 студз. – С. 4.
3. Витебский центр современного искусства // 50 музеев Витебска : путеводитель / Н. В. Пивовар ; худож. А. Гайтюкевич. – Витебск : Витебская областная типография, 2016. – С. 27–32.
4. Выставочные залы Витебска // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкой ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Витебск : Рифтур, 2003. – С. 70–72.
5. Дашкевіч, В. Дом з мастацкімі «прывідамі» / В. Дашкевіч // Звязда. – 2013. – 27 жн. – С. 6.
6. Духоўнікаў, А. Без пафасу пра нетыповага мастака / А. Духоўнікаў ; гутарыла Н. Кудрэйка // Культура. – 2021. – 10 крас. – С. 6–7.
7. Духоўнікаў, А. Супрэматыя новага. Маладыя и чыстыя / А. Духоўнікаў, Т. Катовіч // Мастацтва. – 2020. – № 2. – С. 4–13.
8. История Витебского Народного художественного училища. 1918–1923. – Витебск : Витебский центр современного искусства, 2013. – 16 с.
9. Мінкевіч, Л. Сэрца авангарда / Л. Мінкевіч // Народная газета. – 2018. – 16 лют. – С. 29.
10. Молакава, В. Дом як экспанат / В. Молакава // Культура. – 2017. – 28 кастр. – С. 7.
11. Музей «Центр современного искусства» // Витебск за один день : [путеводитель] / текст Л. Хмельницкой ; фото С. Плыткевич. – Витебск : Рифтур, 2013. – С. 80.
12. Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча // Мастацтва. – 2019. – № 7. – С. 3.
13. Пастернак, Т. «Арт-пространство» для начинающих / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2015. – 20 янв. – С. 8.
14. Пастернак, Т. Премия от Президента / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2020. – 11 янв. – С. 1, 16.
15. Півавар, М. В. Музеі Віцебска на пачатку XXI cт. / М. В. Півавар. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2012. – С. 66–67.
16. Пукшанскі, А. Крокі да Шагала / А. Пушканскі // Беларусь. – 2018. – № 7. – С. 44–45.
17. Пукшанскі, А. Пра Малевіча і Шагала – у доме Вішняка / А. Пукшанскі // Звязда. – 2021. – 28 жн. – С. 8.
18. Пукшанский, А. Почти как при Малевиче, или Зачем «Свежая рыба» музею? / А. Пукшанский // Звязда. – 2015. – 3 лістап. – С. 8. – (Прил.: «Союз Евразия»).
СПАСЫЛКІ
Центр современного искусства, группа ВКонтакте
Учреждение культуры «Музей „Витебский центр современного искусства"»