Арэхаўск, г. п., Аршанскі раён
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 14.04.2017 07:07
Назва | Арэхаўск |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Аршанскі |
Сельскі Савет | Арэхаўскі |
Дата заснавання | 18 ст. |
Арэхаўск, гарадскі пасёлак у Аршанскім раёне, на беразе Арэхаўскага возера пры вытоку з яго р. Аршыца, цэнтр пасялковага савета. Размешчаны ў 27 км ад г. Оршы, 10 км ад чыгуначнай станцыі Хлюсціна на лініі Орша – Смаленск (Расія), 120 км ад г. Віцебска.
Вядомы з 18 ст. як вёска Арэхі, якая належала князям Сапегам, потым Пацёмкіным, а з канца 18 ст. Любамірскім. У 1647 г. пабудавана драўляная царква. У 1792 г. вёска ў складзе маёнтка Межаўскі Ключ, уладанне Любамірскіх, 6 двароў. Паводле падання ў час вайны 1812 г. тут спыняўся і маліўся ў мясцовай царкве М. І. Кутузаў. У 1830-х гадах 13 двароў, каля 120 жыхароў, пабудавана Троіцкая праваслаўная царква са званіцай з дрэва. На будаўніцтве царквы працавала каля 70 цесляроў. У пачатку 20 ст. 29 двароў, каля 110 жыхароў. Каля в. Арэхі працаваў завод сухой перагонкі драўніны (150 рабочых), вакол якога ў 1910 г. узнік пас. Выдрыца (19 двароў, 417 жыхароў). У 1917 г. пасля закрыцця завода пасёлак сельскага тыпу. 3 1924 г. у Аршанскім раёне. 3 пачаткам будаўніцтва ў 1927 г. БелДРЭС (1-я чарга пабудавана ў 1930) пасёлак вырас, зліўся з в. Арэхі і 25.07.1929 г. пераўтвораны ў рабочы пасёлак пад назвай Арэхі-Выдрыца. Электрастанцыя спачатку называлася Асінаўская ДРЭС.
У 1940 г. 193 двары, 5,5 тыс. жыхароў. 3 сярэдзіны ліпеня 1941 г. да 25 чэрвеня 1944 г. Арэхі-Выдрыца акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія вывезлі абсталяванне і ўзарвалі будынкі электрастанцыі. 3 11.07.1946 г. рабочы пасёлак Арэхі-Выдрыца пераўтвораны ў гарадскі пасёлак і перайменаваны ў Арэхаўск. У 1946–56 гг. цэнтр раёна Віцебскай вобласці. Пасля вайны да 1956 г. тут існаваў дзіцячы дом. У 1969 г. у Арэхаўску 5,3 тыс. жыхароў.
На 01.01.1998 г. – 3,6 тыс. жыхароў. Завод кандэнсатараў «Лантан», ільнозавод, цяплічны камбінат, участкі Лукомскага будаўнічага ўпраўлення і «Белэнергарамналадка», сярэдняя і дзіцячая музычная школы, 2 дзіцячыя яслі-сады, Дом культуры, 2 бібліятэкі, бальніца, Дом быту, аптэка, аддзяленне сувязі, 10 магазінаў. Брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941 і 1944 гг. (у 1965 г. пастаўлены помнік) і магіла Героя Савецкага Саюза Ю. В. Смірнова (у 1956 на магіле ўстаноўлены бюст). Помнік драўлянага дойлідства 1-й палавіны 19 ст. – Спаская царква. Паблізу пасёлка, на беразе Арэхаўскага возера, археалагічны помнік – курганны могільнік (26 насыпаў; выявіў у 1926 Д. Васілеўскі, абследаваў у 1981 М. І. Лашанкоў).
Фатаграфіі ўзяты з сайта http://orekhovsk.ucoz.ru/.
ЛІТАРАТУРА
1. Арэхаўск // Памяць : Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 489–490.
2. Князева, В. М. Арэхаўск / Князева, В. М. // Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі / В. М. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 56–57.
3. Ореховск // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн., 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 598–599.
4. Ореховск // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / гл. ред. Т. В. Белова. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 227–228.
5. Солтанова, С. Строки летописи о земле предков / С. Солтанова // Аршанская газета. – 2006. – 20 мая. – С. 7.
6. Шалуха, Б. Арэхаўск і яго наваколлі / Б. Шалуха // Ленінскі прызыў (Орша). – 1991. – 30 ліп. – С. 1–2.
7. Шпакоўская, Г. Арэхаўск / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2007. – 8 снеж. – С. 4.