Бешанковічы, г. п., Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 19.04.2017 12:23
- Адноўлена 14.09.2020 09:36
Назва | Бешанковічы |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Бешанковіцкі |
Першае ўзгадванне | 1447 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | у аснове назвы прозвішча Бешанковіч |
Гарадскі пасёлак Бешанковічы знаходзіцца за 51 км на захад ад Віцебска, 38 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша – Лепель. Прыстань на левым беразе Заходняй Дзвіны. Вузел аўтамабільных дарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. На 2004 г. у Бешанковічах было 8,2 тыс. жыхароў.
Паводле гісторыка А. Сапунова, у пісьмовых крыніцах Бешанковічы ўпершыню ўпамінаюцца пад 1447 г., паводле гісторыка А. Турчыновіча, першае ўпамінанне датуецца 1460 г. 3 пачатку 16 ст. Бешанковічы – вёска, якая ўваходзіла ў Полацкае ваяводства ВКЛ. Належала Друцкім-Саколінскім. У 1552 г. тут было 34 двары. У 1605 г. вёска прададзена шляхціцам Язерскім, з 1615 г. перайшла ва ўласнасць аршанскага маршалка М. Андравонжа. Імкліва развівацца Бешанковічы пачалі пры віленскім ваяводзе К. Л. Сапегу, які купіў вёску ў 1630 г. У 1634 г. Бешанковічам нададзена магдэбургскае права. Тут праводзіліся 2 кірмашы на год. На іх з'язджаліся да 4–5 тыс. чалавек не толькі з беларускіх зямель, але і з Расіі, заходнееўрапейскія купцы. 3 канца 17 ст. Бешанковічамі валодалі Агінскія. Вёска хутка расла, будаваліся мураваныя дамы. У Паўночную вайну (1700–1721) у 1708 г. у Бешанковічах стаялі рускія войскі, тройчы пабываў Пётр I. 3 сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы – горад, у ім было каля 1,5 тыс. двароў, насельніцтва складала 5–6 тыс. жыхароў. У 1770-я гады М. К. Агінскі пабудаваў палац, заклаў парк з шэрагам экзотаў, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі. У 1783 г. Агінскі падараваў Бешанковічы І. Л. Храптовічу.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. задзвінская частка горада з 500 дварамі адышла да Расійскай імперыі. Пасля 2-га падзелу ў 1793 г. да Расіі адышла астатняя частка горада (у 1785 г. тут было 1750 двароў). У канцы 18 ст. Бешанковічы – мястэчка ў складзе Лепельскага павета. Больш за чвэрць мяшчан займаліся толькі сельскай гаспадаркай.
11 ліпеня 1812 г. Бешанковічы акупіравалі французскія войскі. Некалькі дзён тут размяшчаўся штаб Напалеона. 20 кастрычніка 1812 г. мястэчка вызваліла руская армія. Паселішча моцна разбурана. У верасні 1821 г. сюды на агляд рускай гвардыі прыязджаў расійскі імператар Аляксандр I.
У 1868 г. у мястэчку налічвалася 392 дамы, 3205 жыхароў. Тут было народнае вучылішча, працавалі 2 гарбарныя заводы, піваварнае прадпрыемства, 115 крам. Да сярэдзіны 19 ст. галоўныя вуліцы былі забрукаваны. Па Заходняй Дзвіне з 1881 г. з Улы на Віцебск рэгулярна хадзіў параход, з 1892 г. – 4 параходы. Паводле перапісу 1897 г., у Бешанковічах налічваліся 4423 жыхары, 1099 будынкаў. У пачатку 20 ст. у мястэчку было 7 мураваных і 1243 драўляныя дамы, паштовае аддзяленне, тэлеграф, царкоўна-прыходская школа, 3 народныя вучылішчы, 127 крам, бальніца. Мястэчка стала цэнтрам воласці.
У 1-ю сусветную вайну ў час акупацыі Беларусі германскімі войскамі Бешанковічы апынуліся ў прыфрантавой паласе, сюды быў перанесены цэнтр Лепельскага павета. У красавіку – верасні 1918 г. Бешанковічы – цэнтр Бешанковіцкага павета. У 1919–24 гг. у складзе Віцебскай губерні ўваходзілі ў РСФСР, у 1919–23 гг. у Лепельскім, у 1923–24 гг. у Бачэйкаўскім паветах. 3 1924 г. і да 1930 г. мястэчка было цэнтрам раёна Віцебскай акругі. 27 верасня 1938 г. Бешанковічам нададзены статус гарадскога пасёлка ў складзе Віцебскай вобласці. У 1939 г. тут было 4,3 тыс. жыхароў.
У Вялікую Айчынную вайну 6 ліпеня 1941 г. Бешанковічы акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Гарадскі пасёлак быў разбураны і спалены. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чалавек. 25 чэрвеня 1944 г. пасёлак вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
У 1969 г. у Бешанковічах было 4,7 тыс. жыхароў, у 1977 г. – 5,5 тыс. У 1969 і 1979 гг. распрацаваны генеральныя планы развіцця гарадскога пасёлка. Бешанковічы развіваюцца пераважна ў паўднёва-заходнім напрамку. Цэнтр забудаваны 2–3-павярховымі жылымі дамамі. Вядзецца катэджавае будаўніцтва.
Прамысловая зона размешчана ў паўднёва-ўсходняй і паўночна-заходняй частках.
Працуюць адкрытае акцыянернае таварыства «Бешанковіцкі льнозавод», кааператыўнае унітарнае вытворчае прадпрыемства «Бешанковіцкая рымарская фабрыка», рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Бешанковіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў» і інш.
У Бешанковічах 2 агульнаадукацыйныя, дзіцяча-юнацкая спартыўная, музычная школы, Дом культуры, Дом рамёстваў, бібліятэка. Дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей.
Ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў, магілы ахвяр фашызму. На ўшанаванне памяці савецкіх воінаў, партызан і землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, насыпаны Курган Славы.
Захаваліся помнікі архітэктуры: палацава-паркавы ансамбль 18–19 ст., Ільінская царква 1870 г.
Са старажытнасці Бешанковічы вядомы як цэнтр традыцыйных ганчарных вырабаў – бешанковіцкай керамікі.
У Бешанковічах выдаецца раённая газета «Зара».
ЛІТАРАТУРА
1. Бешанковічы // Віцебшчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад. А. М. Ненадавец. – Мінск. : Беларусь, 2000. – С. 25–53.
2. Бешанковічы // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 110–112.
3. Бешенковичи // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 59–60.
4. Бешенковичи // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2: А–Герань. – С. 381–382.
5. Жучкевич, В. А. Бешенковичи / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 27.
6. Бешенковичи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 45.
7. Князева, В. Бешанковічы / В. Князева // Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 58–59.
8. Крачкоўскі, А. Казіміру Ягелончыку абавязаны... / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2007. – 10 жн. – С. 2.
9. Мишурный, А. Новая жизнь старого райцентра / А. Мишурный // Віцебскі рабочы. – 2006. – 9 снеж. – С. 3.
10. Петроченко, М. Бешенковичи : (из истории названия горпосёлка) / М. Петроченко // Зара (Бешанковічы). – 2010. – 16 ліп. – С. 4.
10. Татаринов, Ю. Бешенковичи / Ю. Татаринов // Города Беларуси. Витебщина / Ю. Татаринов. – Мінск : Энциклопедикс, 2006. – С. 84–92.