Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Астроўна, г. п., Бешанковіцкі раён

 

Назва Астроўна
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  гарадскі пасёлак 
Вобласць Віцебская 
Раён Бешанковіцкі
Сельскі савет Ульскі
Першае ўзгадванне 1546

 

Астроўна – пасёлак ў Бешанковіцкім раёне. Знаходзіцца за 33 км на ўсход ад Бешанковіч. 1,2 тыс. жыхароў, 535 двароў (1990).

Замак Астроўна заснаваны прыкладна ў 1520-я г. віцебскім ваяводам Іванам Багданавічам Сапегам на землях, што засталіся яму і брату яго Янушу ў спадчыну ад маці, князёўны Фядоры Фёдараўны Друцкай-Саколінскай. Гэтыя землі займалі ўсходнюю частку сучаснага Бешанковіцкага з прылеглай часткай Сенненскага раёнаў і належалі да маёнтка Палонна. У гістарычных крыніцах Астроўна ўпершыню згадваецца ў 1546 г. як спадчына дзяцей Сапегі. Тады ж яго ўдава атрымала каралеўскі дазвол залажыць мястэчка каля збудаванага Сапегам замка. Потым маёнткам валодалі сын Івана, Іван Іванавіч, і сын Януша, Міхайла Янушавіч. Апошні ў 1551 судзіўся з князем Сенненскім за яго наезд на Астроўна У 1591 пры падзеле маёнткаў I. I. Сапегі паміж яго сынамі аднаму з іх, Рыгору, дасталося Астроўна з вёскамі Берашова, Бествіна, Бікава, Дарожкі, Добрына, Задоры, Замашэнне, Засор'е, Застарынцы, Курпейкіна, Кукавячына, Машчонае, Мелехава, Тоўсцікава, Ходцы, Цеплакі, Чухары. 3 1600 па 1633 гэтым абшарам валодаў адзіны сын Рыгора, Аляксандр Дажбог (Багдан) Сапега, староста Аршанскі. Адначасова частка Астроўна належала ўнукам Януша Багданавіча, Мікалаю і Льву Міхайлавічу (абодва памерлі ў 1611), потым сыну Мікалая, Фёдару, ваяводу Мсціслаўскаму. А. Д. Сапега ў 1622 заснаваў у Астроўна манастыр дамініканцаў. Аляксандр Дажбог і Фёдар – апошнія ў сваіх галінах роду Сапегаў. Пасля смерці Аляксандра Дажбога яго ўдзел адышоў да дачкі Ганны і яе мужа Станіслава Нарушэвіча. Удзел Фёдара ў 1650 быў падзелены паміж Валовічамі, Трызнамі і Камароўскімі – сынамі яго сясцёр. У 1772 Астроўна далучана да Расійскай імперыі. Было цэнтрам воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. На канец 18 ст. у Астроўна 97 жыхароў, 19 двароў. У той час гэта – значны гандлёвы цэнтр, дзе штогод з 15 жніўня па 1 верасня праводзіўся кірмаш.

У пачатку Айчыннай вайны 1812 г. у ваколіцах Астроўна адбыўся бой паміж французскім авангардам Ж. Мюрата (напачатку 2 дывізіі 1-га кавалерыйскага корпуса Э. М. А. Нансуці і 2 батальёны лёгкай пяхоты; каля 9 тыс. чал.) і часткай сіл 1-й Заходняй арміі М. Б. Барклая дэ Толі, які, намагаючыся затрымаць наступленне праціўніка і забяспечыць свой намер злучыцца з арміяй П. I. Баграціёна, накіраваў ад Віцебска па дарозе на Бешанковічы ўзмоцнены 4-ы пяхотны корпус А. I. Остэрмана-Талстога (11-я і 23-я пяхотныя дывізіі, 4 кавалерыйскія палкі; каля 10 тыс. чал.). Раніцай 13 (25) ліпеня лейб-гвардыі Гусарскі і Нежынскі драгунскія палкі сустрэлі перадавыя часці французаў і праследавалі іх да Астроўна, дзе былі атакаваны 4-й лёгкай кавалерыйскай брыгадай I. М. Г. Пірэ. Страціўшы артылерыю, рускія войскі ў беспарадку адступілі. Галоўныя сілы Мюрата і Остэрмана-Талстога разгарнуліся на ўсход ад Астроўна абапал віцебскай дарогі. Рускія паслядоўна атакавалі правы фланг, цэнтр і абодва флангі французскай пазіцыі, але былі з вялікімі стратамі адбіты актыўнымі кавалерыйскімі контратакамі і агнём артылерыі. Вечарам да Мюрата падышла 13-я пяхотная дывізія А. Ж. Дэльзона, і Остэрман-Талстой, асцерагаючыся абыходу свайго правага фланга, адвёў войскі да вёскі Кукавячына, за 9 км ад Астроўна. Першую лінію новай рускай пазіцыі заняла прысланая на падмацаванне 3-я пях. дывізія П. П. Канаўніцына. 14 (26) ліпеня французы, якія забяспечылі колькасную перавагу (15 тыс. чал. супраць 11 тыс), няспыннымі атакамі (вылучылася 15-я лёгкая кавалерыйская брыгада Ю. Немаеўскага) прымусілі Канаўніцына адступіць. У 2-й палавіне дня да авангарда прыбыў Напалеон I і асабіста ўзначаліў праследаванне. Да ночы войскі Остэрмана-Талстога і Канаўніцына злучыліся з 1-й арміяй на пазіцыі пад Віцебскам, на р. Лучосе. За 13–14 (25–26) ліпеня рускія войскі страцілі каля 4 тыс. чалавек, у т. л. некалькі соцень палоннымі; французы – верагодна, больш як 3 тыс. чал. Падчас вайны мястэчка было разбурана, кірмашы прыйшлі ў заняпад.

На 1888 г. у Астроўна 469 жыхароў, 70 дамоў; у пач. 20 ст.– 300 жыхароў, 126 дамоў; у 1969 г. – 851 жыхар, 264 двары.

У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, бальніца, магазіны.

Помнікі: на месцы бою 1812 г., землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну; магілы: ахвяр фашызму, партызан і падпольшчыкаў, савецкіх воінаў, што загінулі пры вызваленні Астроўна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; мемарыяльная дошка ў гонар савецкіх воінаў.

 

Бешанковіцкі раён, г. п. Астроўна. Фатаграфія з сайта http://evitebsk.comБешанковіцкі раён, г. п. Астроўна. Фатаграфія з сайта http://www.beshenkovichi.vitebsk-region.gov.by/Бешанковіцкі раён, г. п. Астроўна. Фатаграфія з сайта http://www.beshenkovichi.vitebsk-region.gov.by/

 

ЛІТАРАТУРА

1. Астроўна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал. М. В. Біч [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – Т. 1 : А–Беліца. – С. 222–223.

2. Залесская, С. Хорошеет древнее Островно / С. Залесская // Віцебскі рабочы. – 2005. – 12 ліп. – С. 4.

3. Кавалеўскі, С. Даўняй гісторыі сведка / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2015. – 23 мая. – С. 9.