Бачэйкава, г. п., Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 19.04.2017 12:23
- Адноўлена 14.09.2020 09:19
Назва | Бачэйкава |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Бешанковіцкі |
Сельскі савет | Бачэйкаўскі |
Першае ўзгадванне | 1460 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | у аснове назвы тэрмін "бачэйкава", "бочыж" - катлавіна або плёс у рацэ |
Бачэйкава – вёска (пасёлак) ў Бешанковіцкім раёне, на р. Ула. Знаходзіцца за 21 км на паўночны захад ад Бешанковіч, 75 км ад Віцебска, 21 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі, на скрыжаванні аўтадарог Віцебск – Лепель і Чашнікі – Ула. 1164 жыхары (1992).
Вядома з часоў ВКЛ як маёнтак, пазней мястэчка ў Полацкім ваяводстве. У дакументах упершыню згадваецца ў 1460 як уласнасць князя Я. М. Ямантовіча, пазней належала яго нашчадку – князю С. Ямантовічу-Падбярэзскаму. У выніку працяглых судовых спрэчак паміж яго ўдавой і сястрой Бачэйкава і інш. маёнткі ў 1542 г. адсудзіла сястра князёўна Ульяна на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. На той час уладанне складалася з двара з пасадам (мястэчкам) і воласці, у якую ўваходзілі вёскі Плескунова, Стрыжава і інш. Пры падзеле Бачэйкава дасталося Рыгору (пачынальніку шляхецкага роду Падбярэзскіх), а Стрыжава з навакольнымі вёскамі – Івану. Частка маёнтка Бачэйкава належала і А. Н. Цеханавецкаму – верагодна, сыну Ульяны ад другога шлюбу. Пасля смерці Р. Я. Падбярэзскага (1585) Бачэйкавам валодаў А. Н. Цеханавецкі сумесна з яго сынам Станіславам. 3 гэтага года і да пач. 20 ст. Бачэйкава заставалася ўласнасцю Цеханавецкіх.
У час Лівонскай вайны ў 1563–80 гг. Бачэйкава неаднаразова было спустошана, пазней адноўлена. У 1626 г. складалася з умацаванага частаколам і ровам феадальнага маёнтка (двара), мястэчка (79 душ мужчынскага полу) і воласці з вёскамі Астраўляны, Высакагора (цяпер Высокая Гара), Жарнасекі (цяпер Жарнасекава), Забелле, Клешчыно. У 1626 Станіслаў Цеханавецкі здаў маёнтак у арэнду (заставу) князю Э. Кантакузену. У час руска-польскай вайны ў 1654 г. Бачэйкава спалена дашчэнту. К канцу 17 ст. зноў адрадзілася, у 1692 у ім было 45 мяшчанскіх сем'яў і 13 прымакоў, да воласці належалі вёскі Адамашкава, Дзятлы, Жарнасекі, Забелле-Баярскае, Клешчыно, Сенькаўшчына, Старынкі, Філіпенкі. У канцы 18 ст. у мястэчку дзейнічалі суконная фабрыка, збройная і карэтная майстэрні, чарапічны, ганчарны, вінакурны, піваварны заводы. У 1769 пабудаваны новы панскі дом. Мястэчка налічвала каля 50 сем'яў. У 1793 г. Бачэйкава далучана да Расійскай імперыі, цэнтр воласці ў Лепельскім павеце Полацкай, з 1802 г. Віцебскай губерні. У 1852 г. было 136 душ мужчынскага полу, да маёнтка належалі 14 вёсак: Багданава, Валькоўшчына, Грыцькаўка, Дзятлы, Дубровы, Жарнасекі, Забелле, Клешчыно, Навасёлкі, Промыслы, Прыгожае, Сенькаўшчына, Тарантова, Шыпулі і 4 засценкі: Займішча, Касмыры, Сушытна, Талвіншчына. На 1886 г. у Бачэйкава 250 жыхароў, 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны заводы, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год; паводле перапісу 1897 г. – 722 жыхары. У 1923–24 гг. цэнтр Бачэйкаўскага павета Віцебскай губерні. 3 1930-х г. – цэнтр калгаса «Бачэйкава». У 1970 г. 918 жыхароў, 238 двароў.
У 2005 г. – 1817 жыхароў, 853 двары, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, магазіны.
Помнік садова-паркавага мастацтва 18 ст. – Бачэйкаўскі парк.
ЛІТАРАТУРА
1. Арлова, А. Бачэйкаву – 550 год! / А. Арлова // Зара (Бешанковічы). – 2010. – 13 жн. – С. 4.
2. Бачэйкава // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 523.
3. Бочейково // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П., Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 91.
4. Жучкевич, В. А. Бочейково / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 34.
4. Петрачэнка, М. З гісторыі Бачэйкава / М. Петрачэнка // Зара (Бешанковічы). – 2009. – 6 лістап. – С. 4.
5. Петроченко, М. Имение Бочейково и его владельцы / М. Петроченко // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 19 кастр. – С. 6, 8.
6. Шпакоўская, Г. Невядомае Бачэйкава / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2014. – 31 мая. – С. 11.
7. Шпакоўская, Г. Бачэйкава / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2009. – 12 сак. – С. 10.
8. Януш, І. Адзін з роду Цеханавецкіх / І. Януш // Лепельскі край. – 2010. – 16 сак. – С. 2.