Докшыцы, г. Докшыцкі раён
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 15.09.2020 09:20
Назва | Докшыцы |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Докшыцкі |
Першае ўзгадванне | 1407 |
Тапаграфічнае паходжанне назвы | найбольш верагодная сувязь назвы з прозвішчам Докаш балтыйскага паходжання. Першапачатковае значэнне асновы "doksne" - "лахманы" |
Горад Докшыцы знаходзіцца ў вярхоўі ракі Бярэзіна, за 190 км на захад ад Віцебска, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Параф'янава, што на лініі Маладзечна – Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Вілейкай, Глыбокім, Лепелем, Бягомлем. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 года складала 6900 жыхароў.
Докшыцы ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах з 1407 г. як сяло Харэцкай воласці ВКЛ. Належала віленскаму намесніку Войцеху Маівіду. Пазней Докшыцы належалі Гальшанскім, Радзівілам, Кішкам і інш. Паводле адміністрацыйнай рэформы ВКЛ 1565–1566 гг. Докшыцы ўвайшлі ў Мінскі павет. У 1608 г. С. С. Кішка заснаваў у Докшыцах драўляны касцёл і падараваў яму фальварак. У 1621 г. Докшыцы сталі мястэчкам. У 1622 г. Кішка асноўную частку мястэчка, якая займала правы бераг Бярэзіны, падараваў капітулужамойцкага біскупства. Левабярэжную частку Докшыц у XVIIIст. набыў мінскі кашталян Юдзіцкі. У Паўночную вайну 1700–1721 гг. мястэчка спалілі шведы. У 1745–1753 гг. адноўлены касцёл, пры ім у 1781 г. заснаваны невялікі кляштар. Часта Докшыцы цярпелі страты ад пажараў, у 1708 г. і 1812 г. згарэлі дашчэнту.
Паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Докшыцы як цэнтр павета адышлі да Расійскай імперыі. У 1795 г. нададзены статус горада. У 1796 г. горад ужо меў свой герб. У 1797 г. Докшыцы ўключаны ў Барысаўскі павет Мінскай губерні як заштатны горад. У 1800 г. тут былі 152 двары, насельніцтва складала 1118 чалавек. Дзейнічалі 2 уніяцкія царквы, школа. У 1861 г. Докшыцы сталі цэнтрам воласці. У 1863 г. пабудавана праваслаўная царква. У XIX ст. размяшчаліся на абодвух берагах Бярэзіны, мелі рэгулярную планіроўку. Паводле перапісу 1897 г. у Докшыцах 4103 чалавекі, 435 драўляных дамоў і 1 мураваны будынак. Тут дзейнічалі 2 сукнавальні, былі 2 гасцініцы, працавалі 2 пачатковыя школы. Большасць насельніцтва – яўрэі.
У пачатку XXст. у Докшыцах набыў вядомасць народны лялечны тэатр батлейка, канструкцыю якога зрабіў Патупчык. Ён жа з жонкай і сынамі арганізоўвалі паказы батлейкі на Каляды, у час іншых свят, на кірмашах і вяселлях.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Докшыцы адышлі да Польшчы як цэнтр гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У 1939 г., як і ўся Заходняя Беларусь, уз'яднаны з БССР.
15 студзеня1940 г. Докшыцам зноў нададзены статус горада, і яны сталі цэнтрам Докшыцкага раёна.
У Вялікую Айчынную вайну 9 ліпеня 1941 г. горад акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі ў Докшыцах і раёне яны загубілі больш за 20 тыс. чалавек. У горадзе стаяў вялікі гітлераўскі гарнізон. 2 ліпеня 1944 г. горад і раён былі вызвалены партызанамі і воінамі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
У 1962–1965 гг. Докшыцы ўваходзілі ў Глыбоцкі раён. У 1971 г. колькасць насельніцтва складала 3800 чалавек. Генеральны плангорада распрацаваны ў 1977 г. з улікам захавання гістарычнай планіроўкі. Асноўная тэрыторыя горада знаходзіцца на правым беразе Бярэзіны. Тут размешчаны адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Забудова пераважна 1-павярховая, ёсць групы 2-х і 3-х павярховых секцыйных дамоў.
Прамысловасць прадстаўлена пераважна харчовай галіной.
У горадзе працуюць 3 агульнаадукацыйныя школы, 4 дашкольныя ўстановы, дзіцячая школа мастацтваў, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Ёсць гарадскі Цэнтр культуры, Дом рамёстваў, 2 бібліятэкі, царква і касцёл.
У Докшыцах знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Пастаўлены помнік Вызвалення. 3 помнікаў архітэктуры захавалася царква XIX– пачатку XX ст. У горадзе выдаецца раённая газета «Родныя вытокі».
ЛІТАРАТУРА
1. Докшицам 600 : справочно-информационные материалы / подгот. отдел идеологической работы Докшицкого райисполкома ; фото С. А. Васько, Ю. А. Шульгат. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – 24 с. : ил.
2. Докшицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 377–379.
3. Докшицы// Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол. : Г. П. Пашков [и др.]. – Минск: БелЭн, 2006. – Т. 3: Герасименко–Картель. – С. 411–412.
4. Докшыцы // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. : Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава. – С. 178.
5. Докшыцы // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. М. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 69.
6. Докшыцы– раённы цэнтр // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 48–54.
7. Докшыцы// Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны: энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 129–131.
8. Жучкевич, В. А. Докшицы / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 164.
9. Зямля святая, родны край, дзе дзве ракі бяруць вытокі… / падрыхт. : Н. Сташэвіч [і інш.] // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2017. – 12 жн. – С. 4–5.
10. Мурашкіна, В. Дзе бяруць пачатак Бярэзіна і Вілія / В. Мурашкина // Народнае слова. – 2007. – 18 верас. – С. 4.
11. «Остановись, мгновенье! Это Докшицы!»/ подгот. Е. Алимова // Витебские вести. – 2015. – 19 февр. – С. 23.
12. Святасабрала сяброў / падрыхт. : Я. Малевіч [і інш.] // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2017. – 15 жн. – С. 1, 4–5.